ЦЭ́НТНЕР (ням. Zentner ад лац. centenarius які змяшчае 100 адзінак),
пазасістэмная адзінка масы. Абазначаецца ц, у краінах з лац. алфавітам q (ад quintal).
Адрозніваюць Ц.: метрычны, роўны 100 кг або 0,1 т; брытанскі доўгі, роўны 112 брыт. фунтам або 50,8023 кг; брытанскі кароткі, роўны 100 брыт. фунтам або 45,3592 кг; Ц., які выкарыстоўваецца ў Германіі, Бельгіі, Даніі, Венгрыі і інш. краінах, роўны 50 кг. На Беларусі, Украіне, у Расіі, Польшчы, у ВКЛ у 15—18 ст. адзінку масы, блізкую да 1 ц, наз. корац. У сістэме англ. мер кароткі Ц. меў назву цэнтал (ад лац. centum — сто).
т. 17, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)