шматмэтавы спартыўны комплекс у Мінску. Пабудаваны ў 1989 (арх. Л.Левін, В.Звалінскі) у мікрараёне Зялёны Луг 5. Размешчаны на свабоднай тэрыторыі, каля ляснога масіву і вадаёма. Самы буйны спарт. аб’ект у горадзе. Складаецца з 3 функцыянальна самаст., кампазіцыйна і канструкцыйна звязаных паміж сабой аб’ёмаў, падпарадкаваных адзінай арх. задуме. Уключае крыты лёгкаатлетычны манеж (136 × 62 м) з 200-метровай кругавой бегавой дарожкай і з трыбунамі для гледачоў, 2 плавальныя басейны, вял. універсальную залу (42 × 30 м), спецыялізаваныя спарт. залы, дапаможныя тэхн. памяшканні. У канструкцыі перакрыцця выкарыстаны клеедраўляныя аркі манежа пралётам 50 м і універсальнай залы пралётам 42 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГУЛЯ́РНЫ ПАРК, французскі парк,
тып парку, для якога характэрны строгая геам. планіроўка, падпарадкаваная гал. кампазіцыйнай восі, радковыя пасадкі дрэў, баскеты, шырокія партэры з газонамі ці кветкавым арнаментам, басейны, каналы, фантаны. Цэнтр. месца ў Р.п. займаў палац (замак), ад якога разыходзіліся прамыя алеі. Перад ім звычайна знаходзіліся партэры, вадаёмы і каналы. Выразныя прасторавыя акцэнты ўносілі шматлікія скульптуры, абеліскі, малыя арх. формы. Р.п. з’явіліся ў 17 ст. ў Францыі (парк у Версалі, арх. К.Ленотр). У перыяд класіцызму (18 ст.) пашыраны ў Расіі (паркі гарадоў Петрадварэц, Ламаносаў Ленінградскай вобл., Летні сад у С.-Пецярбургу). На Беларусі вядомыя Р.п.: Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, парк у в.Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯНА́РЫУМ,
басейн з марской вадой для ўтрымання марскіх жывёл: беспазваночных, рыб, паўзуноў, млекакормячых. Звычайна мае некалькі басейнаў рознага аб’ёму, адна бакавая яго сценка празрыстая для назірання. У невял. акіянарыумах трымаюць дробных рыб і беспазваночных, у буйных — вял. рыб, чарапах, ластаногіх, сірэн, кітападобных. Разнавіднасць акіянарыума — дэльфінарыі, дзе трымаюць дэльфінаў для вывучэння, дрэсіроўкі і паказу. Найб. колькасць акіянарыумаў у ЗША і Японіі. У Стэйнхарцкім акіянарыуме (г. Сан-Францыска, ЗША) 178 дэманстрацыйных, 192 запасныя акварыумы і басейны аб’ёмам ад 0,07 да 300 м³; у акіянарыуме «Сі Уорлд» (г. Сан-Дыега, ЗША) выдатная калекцыя рыб. Акіянарыум ёсць паблізу Ганалулу на Гавайскіх а-вах, а таксама ў Батумі (Аджарыя) і Клайпедзе (Літва). Маюць вял. значэння як культ.-асв., турыстычныя і н.-д. цэнтры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАЛІ́Т [ад мез(а)... + грэч. lithos камень],
сярэдні каменны век, пераходны ад палеаліту да неаліту (каля 10—5-га тыс. да н.э.). Асн. заняткі плямён — паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства. Стаянкі былі невял., каротка- і доўгачасовыя, жытлы — наземныя і паўзямлянкі. У М. карысталіся лукам і стрэламі, мікралітычнымі прыладамі працы (разцы, скрабкі, скоблі, нажы і інш.), прыручаны сабака. На тэр. Беларусі вылучаюцца ранні М. (9—7-е тыс. да н.э.) і позні (6—5-е тыс. да н.э.). У познім М. былі заселены ўсе рачныя басейны Беларусі, на З працягвалася развіццё свідэрскай культуры, узнікла нёманская мезалітычная культура, на У — трэнская і сожская (днепра-дзяснінская) культуры. Вядомы помнікі культур кунда, яніславіцкай, каморніцкай, кудлаеўскай (пра кожную гл. адпаведны арт.). Часам М. наз. протанеалітам ці эпіпалеалітам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БРУЧАЎ (Сяргей Уладзіміравіч) (3.2.1891, г. Іркуцк, Расія — 29.8.1965),
расійскі геолаг. Чл.-кар.АНСССР (1953). Сын У.А.Обручава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). З 1917 у Геал. камітэце, з 1929 у Якуцкай камісіі АНСССР, з 1932 ва Усесаюзным арктычным ін-це, з 1941 у Ін-це геал. навук АНСССР, з 1950 у Лабараторыі геалогіі дакембрыю АНСССР (з 1963 дырэктар). Навук. працы па геалогіі і геамарфалогіі Усх. Сібіры і ПнУ Расіі. Яго даследаванні на Сярэднесібірскім пласкагор’і (1917—24) садзейнічалі адкрыццю Тунгускага вугальнага басейна. У 1926—35 вывучаў басейны рэк Індыгірка і Калыма і выявіў іх залатаноснасць. Прапанаваў аб’яднаць горы ў паўд.ч. міжрэчча Індыгіркі і Калымы пад назвай хр. Чэрскага, распрацаваў схему тэктонікі Паўн.-Усх. Азіі, адкрыў радовішчы волава на ПнУ Расіі. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
інжынерныя збудаванні, што выконваюць пэўныя функцыі ў вытворчым працэсе ці ўспрымаюць нагрузкі ад тэхнал. абсталявання, трансп. сродкаў і інш.
Да П.з. адносяцца збудаванні камунікацыйнага прызначэння: тунэлі і каналы, у якіх пракладваюць тэхнал. камунікацыі, кабельныя лініі электразабеспячэння і сувязі; трубаправоды для перамяшчэння сыравіны і інш. матэрыялаў; апоры ліній электраперадач, апоры кантактавай сеткі, апоры сістэм асвятлення і інш. П.з. з’яўляюцца таксама сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі, ёмістасці для сыпкіх, вадкіх і газападобных матэрыялаў: адстойнікі, ачышчальныя збудаванні, пырскальныя і спартыўныя басейны, бункеры, водазаборныя збудаванні, воданапорныя вежы, газгольдэры, градзірні, нафтасховішчы, сіласасховішчы і інш. Асобную групу складаюць трансп. збудаванні: пуцеправоды, апоры падвесных дарог, кранавыя эстакады, а таксама збудаванні, на якіх размяшчаюць тэхнал. абсталяванне ці ёмістасці — падмуркі, апорныя пляцоўкі, пастаменты і інш.Гл. таксама Прамысловыя будынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕКЛІ́ЗА (ад грэч. syn разам + enklisis нахіленне),
вялікі (да некалькіх сотняў метраў, часам больш за 1 тыс.км у папярочніку) няправільна-авальнай ці акруглай формы пакаты прагін у межах платформы. Нахіл слаёў на крылах — долі градуса, на флексурах да 1°. Запоўнена магутнай тоўшчай (ад 3 да 8 км, радзей да 20 км) асадкавых або вулканагенна-асадкавых парод. Ускладнена структурамі 2-га (скляпенні, упадзіны), 3-га (валы, дэпрэсіі) і больш дробных парадкаў. Развіваюцца на працягу аднаго або некалькіх тэктанічных цыклаў, нярэдка над аўлакагенамі. Адрозніваюць С. накладзеныя, унаследаваныя, краявыя (вузлавыя), трапавыя і інш. Да С. часта прымеркаваны артэзіянскія, вугляносныя, саляносныя, нафтаносныя і інш.басейны. Тэрмін прапанаваны сав. геолагам А.П.Паўлавым у 1903. На тэр. Беларусі заходзіць ч.Маскоўскай сінеклізы. Гл. таксама Антэкліза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУ́РА МАЛЫ́Х ФО́РМАЎ, малыя архітэктурныя формы,
розныя па характары і прызначэнні тыпы збудаванняў ці інш. аб’ектаў, якія дапаўняюць і дэталізуюць арх.-будаўнічую ці садова-паркавую кампазіцыю і з’яўляюцца элементам афармлення і добраўпарадкавання (мемарыяльныя стэлы, абеліскі, надмагіллі, фантаны, каскады, басейны, паркавыя павільёны, пандусы, балюстрады, агароджы, пергалы, вазы, дэкар. і прыдарожная скульптура і інш.). Ім належыць важная роля ў фарміраванні аблічча населеных пунктаў, трансп. магістраляў, зон адпачынку.
У адрозненне ад частак будынкаў і арх. дэталяў творы архітэктуры малых формаў адносна самастойныя. Ім належыць важнае месца ў кампазіцыі садова-паркавых ансамбляў, добраўпарадкаванні жылых груп, тэр. школьных і дашкольных устаноў, дзіцячых пляцовак і гарадкоў; яны — неад’емная частка сучасных населеных месцаў (электрасвяцільні, кіёскі, павільёны, гандл. аўтаматы, тэлефонныя будкі, стэнды для афіш і рэклама).
Да арт.Архітэктура малых формаў. Скульптура ў Алімпійскім парку Сеула. 1988.Да арт.Архітэктура малых формаў. Аркада галоўнага ўвахода стадыёна «Дынама» ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ КАНА́Л,
у Беларусі, у Пінскім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобл., злучае басейны рэк Нёман і Прыпяць праз рэкі Шчара і Ясельда; ч. былога Дняпроўска-Нёманскага воднага шляху. Даўж. (разам з Выганашчанскім воз.) 54 км. Складаецца з 2 ч., якія пачынаюцца з воз. Выганашчанскае: 1-я (даўж. 3,5 км) упадае ў Шчару за 3,5 км на Пн ад воз. Выганашчанскае, 2-я (даўж. 46 км) — у Ясельду за 1 км на ПнУ ад в. Мерчыцы Пінскага р-на. Прымае сцёк з густой сеткі асушальных каналаў, у т. л. з Краглевіцкага (справа) і Хварашчанскага (злева).
Будаваўся ў 1767—83 па ініцыятыве М.К.Агінскага для перавозу грузаў, пераважна лесу. У 1799—1804 вяліся работы па яго добраўпарадкаванні. У 1-ю сусв. вайну гідратэхн. збудаванні разбураны, потым адноўлены. Да 1941 выкарыстоўваўся для суднаходства і лесасплаву. У Айч. вайну шлюзы і плаціны разбураны; гасп. значэння не мае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗНЯ,
памяшканне, абсталяванае для мыцця цела, а таксама паляпшэння функцыянальнага стану арганізма пры некат. захворваннях (рэўматызм, падагра, хваробы нырак, неўрозы і інш.). Аздараўленчае ўздзеянне Л. шырока выкарыстоўвалася многімі народамі са старажытнасці. Першыя звесткі пра Л. ў Стараж. Русі адносяцца да 10 ст. (Кіеў). На Беларусі з ранняга сярэдневякоўя Л. былі пашыраны ў гарадах, мястэчках і вёсках (часцей у заможных сялян). Да пач. 20 ст. на вёсцы пераважалі курныя Л. з печкай-каменкай без дымаходу, з маленькім аконцам. Трапляліся і Л. паўзямлянкі. Да Л. звычайна прыбудоўвалі прылазнік (прымыльнік). Уздоўж сцяны рабілі палок, на якім парыліся з венікам. Падлогу масцілі плашкамі, радзей дошкамі. Часам будавалі Л. з дымаходамі, з умураванымі ў печ катламі.
У наш час найчасцей карыстаюцца Л. з парыльняй: рускага тыпу (з вільготным паветрам) ці фінскага — сауны (з сухім, гарачым паветрам), у некат. Л. ёсць плавальныя басейны, памяшканні для фізіятэрапеўтычных працэдур, дэзінфекцыйныя камеры.