Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФАРНІ́ЙСКІЯ НАФТАГАЗАНО́СНЫЯ БАСЕ́ЙНЫ У ЗША, у штаце Каліфорнія і на прылеглай акваторыі Ціхага ак. Агульная пл. 235 тыс.км², у т. л. на акваторыі 80 тыс.км². Нафтавыя радовішчы адкрыты ў 1861, у 1901—10 першае месца па здабычы нафты ў ЗША. Прымеркаваны да адкладаў міяцэну і пліяцэну. Больш за 350 нафтавых і 130 газавых радовішчаў з агульнымі пачатковымі запасамі нафты 3,4 млрд.т і 1000 млрд.м³ газу; гал. нафтавыя — Мідуэй-Сансет, Уілмінгтан, Элк-Хілс, Лонг-Біч, Керн-Рывер і інш., газавае — Кетлмен-Хілс. Асн. цэнтры здабычы нафты ў раёне гарадоў Лос-Анджэлес і Вентуры, газу — у раёне г. Сакрамента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН (ад Artesium — лац. назвы франц. правінцыі Артуа),
басейн напорных падземных водаў (гл.Артэзіянскія воды), прымеркаваны да адмоўных геал. структур. Адрозніваюць платформавыя артэзіянскія басейны (у сінеклізах, мульдах і інш.) і міжгорныя артэзіянскія басейны (у міжгорных прагінах). Утвараюцца пластавымі водамі платформавага чахла і трэшчынава-жыльнымі водамі крышт. фундамента. У артэзіянскім басейне вылучаюць вобласці жыўлення, напору і разгрузкі падземных водаў. Пл. ад дзесяткаў да мільёнаў квадратных кіламетраў. Самыя вял. артэзіянскія басейны: Заходне-Сібірскі, Маскоўскі (зах.ч. на тэр. Беларусі), Прыбалтыйскі, В. Аўстралійскі, Парыжскі і інш.
Схема будовы артэзіянскага басейна: 1 — ваданосны гарызонт; 2 — водатрывалыя слаі; 3 — узровень грунтавых водаў; 4 — свідравіны (а — без фантанавання, б — з фантанаваннем); аб і вг — вобласці жыўлення; бв — вобласць распаўсюджвання напорных водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́ЙН РАЧНЫ́,
частка зямной паверхні, з якой вада сцякае ў раку (рачную сістэму). Сцёк адбываецца па зямной паверхні, у тоўшчы глебаў і рыхлых покрыўных адкладаў, а таксама па шчылінах у крышт. горных пародах, праз разгрузку артэзіянскіх водаў. Адрозніваюць падземны і паверхневы рачныя басейны, межы якіх часта не супадаюць (асабліва ў карставых раёнах). Басейны асобных рэк падзяляюцца водападзеламі. Найб. рачны басейн у свеце ў Амазонкі (7,2 млн.км²), у Беларусі — Дняпра (63,7 тыс.км², без Прыпяці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАПАДЗЕ́Л,
лінія на мясцовасці, якая падзяляе сумежныя басейны рэк, мораў, акіянаў і падземных вод. Ад водападзелу сцёк накіраваны ў процілеглыя бакі.
Найб. выразны водападзел у гарах, дзе звычайна супадае з грабянямі хрыбтоў. На раўнінах нярэдка пераходзіць у водападзельную прастору. Водападзел можа мяняцца. Адрозніваюць водападзелы: галоўны — паміж сумежнымі рачнымі сістэмамі (на тэр. Беларусі частка гал. водападзелу паміж рачнымі сістэмамі Балтыйскага і Чорнага мораў); бакавы — падзяляе басейны прытокаў ракі; галоўны (сусветны) Зямлі — паміж рэкамі Ціхаакіянска-Індыйскай і Атлантыка-Ледавітай пакатасцей вобласці вонкавага сцёку кантынентаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАТО́РЫЯ [ад аква... + (тэры)торыя],
участак прасторы мора, возера, ракі ў натуральных, штучных або ўмоўных межах; звычайна водная частка марскога порта — гавань. Акваторыя порта ўключае водныя падыходы, рэйд, унутр. гавань або басейны з прычальнымі збудаваннямі, дзе адбываецца разгрузка і пагрузка суднаў. Бываюць акваторыі гідрааэрадромаў, марскіх палігонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОН-СЕНІ́ (франц. Mont Cenis, італьян. Monte Cenisio),
перавал паміж Коцкімі і Грайскімі Альпамі ў Францыі, недалёка ад мяжы з Італіяй. Выш. 2083 м. Злучае басейны рэк Ізер і Дора-Рыпарыя. Па М.-С. праходзіць шаша Грэнобль — Турын. На ПдЗ, пад перавалам Фрэжус, — чыг. тунэль М.-С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́ЙН (франц. bassin),
1) басейн паркавы — штучны вадаём, элемент садова-паркавага мастацтва і архітэктуры.
2) басейн спартыўны — натуральны або штучны вадаём для вучэбна-трэніровачных заняткаў і спаборніцтваў па плаванні, водным пола і скачках у ваду. Натуральныя басейны робяць на спакойных участках (з роўным дном, без віроў) рэк, азёраў і вадасховішчаў. Штучныя басейны бываюць адкрытыя, закрытыя ці камбінаваныя. У кампазіцыі будынкаў закрытых басейнаў гал. элемент — зала для плавання, трыбуны для гледачоў, дапаможныя памяшканні. Размяшчаюць у асобных будынках ці ў будынках інш. прызначэння (навуч. установах, дамах і палацах культуры, прамысл. прадпрыемствах і інш.). Найб.спарт. басейн на Беларусі — Воднаспартыўны камбінат рэспубліканскі ў Мінску.
Буйныя басейны ўключаюць ванну для плавання і воднага пола памерам 50 × 21 м, глыб. 1,8—2,3 м, ванну для скачкоў у ваду даўж. 18—20 і шыр. 14 × 21 м, глыб. 3,5—5,5 м, па баках 5-, 7,5- і 10-метровыя вышкі і 1- і 3-метровыя трампліны; дзіцячыя ванны звычайна меншых памераў і глыб. 0,6—1,2 м. Вада ў басейне павінна адпавядаць пэўным сан. нормам і падлягае перыядычнай змене і кантролю. Тэмпература вады ў агульнай ванне 22—23 °C, у дзіцячай і для скачкоў 26—27 °C.
Да арт. Басейн. Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СТРА (грэч. palaistra ад palaiō змагаюся),
прыватная гімнастычная школа ў Стараж. Грэцыі. Звычайна ў П. займаліся хлопчыкі ва ўзросце 12—16 гадоў (на в. Самос была П. для дарослых мужчын). Праграма навучання ў П. ўключала бег, барацьбу, скачкі, кіданне кап’я і дыска (т.зв. сістэма пяцібор’я), гімнаст. практыкаванні, плаванне. П. мелі адкрытыя пляцоўкі, гімнаст. залы, басейны. Часам П. існавалі пры гімнасіях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАТЭ́НК (ад аэра... + англ. tank рэзервуар, бак),
збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў. Уяўляе сабой праточныя басейны з бетону ці жалезабетону, у якіх забруджаная вада ачышчаецца актыўным глеем (бактэрыі-мінералізатары і ніжэйшыя арганізмы) пры бесперапыннай яе аэрацыі. Сумесь адстойнай сцёкавай вадкасці і актыўнага глею працякае па аэратэнку і прадзімаецца паветрам, кісларод якога падтрымлівае жыццядзейнасць бактэрый і акісленне арган. забруджвальнікаў, якія за 6—12 гадз мінералізуюцца. Ступень ачысткі 40—98%.