масці́шча Месца, дзе быў мост і грэбля (Слаўг.). Тое ж мосцішча, машчы́шча, мастоўе, маставі́шча (Слаўг.).

ур. Масці́шча (балотца) каля в. Клетнае Глуск. (Янк. II), ур. Масцішча на левым беразе р. Рудні́цы каля в. Рудня Слаўг., пас. Масцішча ў в. Рэкта Слаўг., ур. Машчы́шчы Стол.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

радо́к, ‑дка, м.

1. Памянш. да рад (у 1 знач.). Роўнымі радкамі маладых груш і яблынь нельга было не залюбавацца. Шахавец. Унізе цягнецца балотца з радкамі скошанае атавы. Скрыган.

2. Частка тэксту або асобныя словы, літары ці іншыя знакі, напісаныя або надрукаваныя ў адну лінію. Радок верша. □ Чытаў .. [Лабановіч] зусім механічна, нічога не разумеючы з таго, што чытае. Ён проста пераводзіў вочы з радка на радок.., а думаў пра Ядвісю. Колас. Думы і вобразы, розум і радасць заключаны ў алавяныя радкі набора. Брыль. [Верыны] вочы тужліва бегалі па радках лічбаў і раптам спыніліся. Асіпенка. // толькі мн. (радкі́, ‑оў). Напісаныя, надрукаваныя словы, фразы. [Саша] прачытала радкі, якія пераканалі, што горад, дзе служыць Пятро, не здадзены, стаіць, змагаецца. Шамякін.

3. Разм. Прабор у валасах, рад (у 6 знач.). Сівыя валасы расчэсаны на просты радок. Пестрак. Цёмна-русыя валасы акуратненька разабраны на радок і гладка прычасаны. Дуброўскі.

•••

Ламаны (ломаны) радок — вершаваны радок, у якім словы стаяць не на адной лініі.

Радок у оадок — літаральна, даслоўна (пераказаць, спісаць і пад.).

Чытаць паміж радкоў гл. чытаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́ва

1. Шырокая паласа (Стаўбц. Прышч.); зямельны ўчастак 2 га; зямельная мера (Стаўбц.); вялікае поле (Слаўг.).

2. Месца, дзе рэжуць торф на паліва (Ветк.).

3. Кладка; вузкі часовы мост на балоце (Шчыткавічы Слуцк., каля р. Пціч Серб. 1915).

4. Канец вуліцы (Слуцк., каля р. Пціч Серб. 1915).

ур. Ла́вы (балотца сярод лесу) каля в. Пруды Стаўбц., ур. Ла́вы (поле) Стаўбц. (Прышч.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

апа́сці, ападзе; зак.

1. Асыпацца, адваліцца (пра лісце, кветкі і пад.). Асенні дзень. Шумяць бары, — Пара лістам апасці. Глебка. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. // перан. Знікнуць, прапасці. Няхай мой смутак ападзе, як лісце восеньскага бору. А. Вольскі.

2. Паменшыцца ў аб’ёме, спасці. Назаўтра Ціхану стала лепш. Пухліна апала. Дуброўскі. // Стаць худым, упалым. Стафанковічаў твар стаў зямлісты, вызначылася худзізна на скронях, нейк у адзін момант вытырклі скулы, апалі шчокі. Чорны. // Аслабець, страціць сілу. Сонца даўно пераваліла за паўдня, гарачыня апала. Чарнышэвіч. Гул матораў на самай высокай ноце раптам апаў. Алешка. // Паменшыцца, панізіцца ўзроўнем. Цяпер мы кожны дзень бегалі да балотца глядзець, наколькі апала вада. Якімовіч.

3. Апусціцца; упасці. Жэрдачка апала ўніз адным канцом, і пакуль хлопец паспеў перарэзаць другі матузок, па жэрдцы шуганулі ўніз сухія.. кумпякі. Брыль. Кропля дажджу мне апала на твар З хмары паўночнай. Танк. // Упасці, звіснуць (пра валасы, тканіны і пад.). «Мой далёкі мілы сябра!» — павольна прачытала Ніна Пятроўна і адкінула рукою кудзеркі валасоў, што апалі ёй на лоб. Краўчанка.

4. Асесці, накрыць сабою ўсю паверхню. [Заранік] любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Яны [бяссмертнікі] ад першых дзён вясенніх Да позняй восені цвітуць, Пакуль на вымаклую зелень Снягі ізноў не ападуць. Прыходзька. // Апусціцца, распаўсюдзіцца панізе, выпасці (аб расе, тумане і пад.). Апасці не паспелі росы У той перадсвітальны міг А ён [Брэст], нібы юнак Матросаў, Краіну засланіў грудзьмі. Вітка.

5. перан. Апусціцца, легчы на што‑н. Цёплы вечар апаў На калгасныя нівы і хаты. Танк. А цішыня такая нечуваная Апала на балоты і палі. Панчанка. Мрок лёг на самую зямлю, апаў надоўга, — асенняя ноч бясконцая. Пташнікаў.

6. перан. Пагоршыцца (пра настрой, пачуцці і пад.). Вядома, што тут прабіцца не было ніякай магчымасці, і ў Шуста адразу апаў настрой. Шчарбатаў. Нешта радаснае, гордае ўзнялося ў Юркавых грудзях, але тут жа апала. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што і без дап.

1. Кінуць уніз адкуль‑н., з чаго‑н.; вымусіць упасці з чаго‑н. Скінуць вазон з акна. □ Уначы атраду Яўгена Харошкі партызанскія самалёты скінулі, як ніколі да гэтага, вялікі груз. Кавалёў. Конь скінуў цівуна ў глыбокую канаву. Бядуля. [Дзед:] — Дзеткі, Юрась зараз агуркі палье, а вы схадзіце скіньце з вышак карове сена... Караткевіч. Алеся скінула чамадан з пляча, даволі моцна грукнуўшы ім аб зямлю. Шамякін. // Высадзіць каго‑н. з самалёта ў час палёту. Скінуць дэсант. / Пра поезд, эшалон і пад. [Кардаш:] — Я выбух чуў, грымнула, аж шыбы задрыжалі. Так і падумаў — зноў цягнік скінулі. Навуменка.

2. З боем адцясніць, выбіць з занятай пазіцыі. І пайшлі палкі на горад .. — Скінуць ворагаў у мора. Зарыцкі.

3. Звергнуць, пазбавіць улады; вызваліцца ад чыйго‑н. панавання. Аднойчы лютаўскай раніцай жыхароў нашага горада ўскалыхнула навіна: скінулі цара. Хомчанка. / у перан. ужыв. Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ. А. Александровіч. // Разм. Зняць з пасады, звольніць. Скінуць з загадчыка. □ [Оля:] — Як не пабудуеш клуба, скінем цябе са старшыні! Пестрак.

4. Зняць з сябе (вопратку, абутак і пад.). Дзімін ахвотна скінуў з сябе кашулю, саколку і, фыркаючы, пачаў умывацца. Карпаў. Падышлі да балотца, паклалі насілкі на зямлю, таму што Зіне і Святлане трэба было скінуць абутак. Кулакоўскі. [Кабета] скінула хустку, падышла к вядру і стала ліць на рукі ваду. Чорны. Скрыпнуў ложак. Аляксандра Пятроўна скінула з сябе коўдру, паднялася. Каршукоў. // Зняць рыўком што‑н. з чаго‑н. [Крушынскі] скінуў з кніжак упаковачную жоўтую паперу. Бядуля. [Грасыльда] выцягнула з прабоя сук, патрымала ў руках, пасля сунула яго недзе пад страху. Тады скінула клямку — тая глуха бразнула аб дошкі — і адхінула дзверы. Пташнікаў. // Страціць, пазбавіцца чаго‑н. у час лінькі, лістападу (пра жывёл, расліны). Скінуў лось рогі... Густыя кручаныя рогі мякка ўпалі ў траву. Блатун. Асыплюцца жалуды, скінуць дубы сваё лісце, а на галінках дзічкі вісяць невялікія жоўтыя яблычкі. Бяспалы. // перан. Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Па ўсмешцы ягонай бачу, што адказаў бы, ахвотна скінуў бы сваю службовую сур’ёзнасць. Брыль. Апошнія чары салодкага сну скінуў з сябе Петрык. Шынклер. Калі кончыўся лес, пайшлі кусты і наперадзе зачарнелася хата, Надзя нібы ачнулася, скінула з сябе стому. Бураўкін.

5. Разм. Збавіць, зменшыць на якую‑н. колькасць, велічыню. [Аляксей:] — Асудзілі на дваццаць гадоў. Апеляцыя два гады скінула. Машара. [Алесь:] — А вы, пан Яраш, дзейнічаеце зусім не па-суседску .. Таргуецеся, нібы мы чужыя людзі. Не скінуць нейкай там сотні! Караткевіч. Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас.

6. Разм. Скласці, сабраць у адно месца. Скінуць галлё ў кучы.

7. Разм. Пры падліку на лічыльніках — зняць нейкую суму, адсунуўшы костачкі назад.

8. Абл. Зваліць, зняць (пра дрэва, будыніну). Сасну Завішнюк выбраў сам. Андрэй з Юркам Далінай скінулі яе з пня. Пташнікаў. [Антон Крамарэвіч:] — Калі пяройдзем у новы дом, то старую хату тады я скіну з месца. Чорны. // Зваліць (пра хваробу). Рукалеева скінуў тыф... Тыф быў у атрадзе ў лагеры і ў вёсцы. Пташнікаў.

9. Разм. Дачасна пазбавіцца ад цяжарнасці па якой‑н. прычыне. Марыя раптам захварэла, злягла ў пасцель. Грушка запрасіў гінеколага, і жанчына-ўрач пасля агледзін сказала Грушку на адзіноце, што Марыя — скінула... Пестрак.

10. У гідратэхніцы — адвесці ваду з якога‑н. вадаёма. Скінуць ваду з Салігорскага вадасховішча ў Случ.

11. Зрабіць скідку (у 4 знач.). [Руфка:] — Скінуць след убок і зайцу не ўсякаму ўдаецца. Машара.

12. Сабраць грошы на якую‑н. агульную справу; скласціся. Скінуць па рублю.

13. У картачнай гульні — пакласці меншую карту ў адказ на карту партнёра.

•••

Скінуць газ — тое, што і збавіць газ (гл. збавіць ​1).

Скінуць з рахунку — перастаць прымаць да ўвагі.

Скінуць маску — тое, што і зняць маску (гл. зняць).

Скінуць цяжар — вызваліцца ад чаго‑н. цяжкага, што выклікае шмат клопатаў.

Як вокам скінуць — тое, што і як вокам ахапіць (гл. ахапіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)