ЛЯБЕ́ДНІК (Atriplex),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя Л.: раскідзісты (A. patula), татарскі (A. tatarica), кап’ялісты (A. prostrata).

Адна- і шматгадовыя травы, паўкусты і кусты. Лісце чаргаванае, часта, як і сцёблы, з мучністым налётам. Кветкі у клубочках, сабраных у коласападобныя ці мяцёлчатыя суквецці, песцікавыя пераважна без калякветніка. Плод — аднанасенны арэшак. Харч., тэхн., кармавыя, лек., дэкар. расліны; ёсць ядавітыя і пустазелле.

Лябеднік татарскі.

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАСМО́К (Sanguisorba),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. лекавы (S. officinalis) і 2 інтрадукаваныя: К. альпійскі (S. alpina) і К. танкалісты (S. tenuifolia). Трапляецца на лугах, высечках, у хмызняку.

Шматгадовыя травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі дробныя ў шчыльных галоўчатых ці коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Як лек. сродак (вяжучы, кроваспыняльны. супрацьзапаленчы) вядомы з глыбокай старажытнасці. Карм. і лек., некат. віды — дэкаратыўныя расліны.

Крывасмок.

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЛЕМА́НЦЫЯ (Lallemantia),

род кветкавых раслін сям. губакветных. 6 відаў. Пашырана ў Азіі. Вырошчваецца як алейная расліна Л. іберыйская (L. iberica) у Турцыі, Іране, Крыме, на Каўказе. Стараж. культура Арменіі.

Л. іберыйская — аднагадовая травяністая расліна. Сцябло моцнагалінастае, чатырохграннае, прамастойнае, выш. да 70 см. Лісце падоўжанае, супраціўнае. Кветкі двухполыя, белыя, бэзавыя, ружовыя. Плод — дробны арэшак. Насенне мае ў сабе 35—38% алею, прыдатнага ў ежу і на тэхн. мэты; макуха ідзе на корм жывёле. Харч. і тэхн. расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

Лялеманцыя.

т. 9, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗНІЦА (Sideritis),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца Ж. горная (S. montana), рэдкі заносны від, расце на чыг. насыпах.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Сцябло прамастойнае або каля асновы ўзыходнае, чатырохграннае, лямцава-касматае. Лісце лапацістае або эліпсоіднае, з падоўжанымі жылкамі, якія пераходзяць у зубчыкі з шыпікамі, на кароткіх чаранках. Кветкі двухгубыя, светла-жоўтыя, з чырвона-карычневым адгінам, у шматлікіх кальчаках. сабраных у несапраўдныя каласы. Плод — арэшак. Атрутная для коней.

Жалезніца горная.

т. 6, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТАЛО́М (Cynoglossum),

род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах, у гарах Паўн. паўшар’я. На Беларусі К. лекавы (C. officinale). Нар. назвы сабачы язык, шалянец. Трапляецца на засмечаных мясцінах, ярах, па берагах рэк.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 35—100 см з цёмным тоўстым верацёнападобным коранем, 2—3 баразнаватымі густааблісцелымі сцёбламі, непрыемным пахам. Лісце суцэльнакрайняе, апушанае. Кветкі паніклыя, бура-чырв., у мяцёлчатым суквецці. Плод — 4-арэшак з кручкаватымі шыпамі. Ядавітыя, лек., меданосныя і дэкар. расліны.

Касталом лекавы.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕБЯДА́ (Chenopodium),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў (па інш. звестках — да 400). Пашырана ва ўмераным і субтрапічным паясах. На Беларусі 16 дзікарослых [найб. вядомыя Л. белая (Ch. album), шызая (Ch. glaucum), чырв. (Ch. rubrum), гарадская (Ch. urbicum)] і 2 інтрадукаваныя віды.

Адна-, радзей шматгадовыя травяністыя расліны і кусцікі. Лісце чаргаванае, пераважна надрэзана-зубчастае, часта пакрытае, як і сцёблы, мучністым налётам. Кветкі двухполыя з зялёным калякветнікам, сабраныя клубочкамі ў коласападобныя або мяцёлчатыя суквецці. Плод — арэшак. Харч., кармавыя, лек., тэхн., інсектыцыдныя і дэкар. расліны; некат. ядавітыя.

Лебяда белая.

т. 9, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯРА́Н (Majorana),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ва Усх. Міжземнамор’і. Стараж. культура М. садовы (M. hortensis) вырошчваецца ў Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

М. садовы ў культуры аднагадовая расліна выш. 20—50 см. Сцёблы прамыя, галінастыя. Лісце дробнае, шараватае, падоўжана-авальнае са шматлікімі залозкамі. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, у кароткіх коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Лісце і кветкі маюць 0,3—0,4% эфірнага алею, іх ужываюць як прыправу, у кансервавай і лікёра-гарэлачнай прам-сці. Лек., харч., меданосная расліна.

Маяран.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛІ́СА (Melissa),

род кветкавых раслін сям. губакветных. 3—4 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі інтрадукавана і культывуецца М. лекавая, або мята лімонная (M. officinalis).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 45—125 см. Сцёблы прамастойныя, 4-гранныя, галінастыя. Лісце чаранковае, яйцападобнае. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружовыя ў кальчаковых суквеццях у пазухах лісця. Плод — арэшак. Лісце і верхавінкі парасткаў М. лекавай маюць эфірны алей з пахам лімона. Выкарыстоўваецца ў вінаробнай, парфумернай і фармацэўтычнай прам-сці. Лек., харч. (прыпраўная), эфіраалейная і меданосная расліна.

Меліса лекавая.

т. 10, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРЫВЕ́Ц, анхуза (Anchusa),

род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Паўд. і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — П. лекавы (A. officinalis), нар. назвы валовы язык, заечая салата, мядоўка. Трапляецца каля дарог, на ўскрайках палёў. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны П. італьянскі (A. italica).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 30—100 см. Сцёблы тоўстыя, прамастойныя, галінастыя. Лісце ланцэтнае, сядзячае. Сіне-фіялетавыя кветкі ў густых завітках. Плод — арэшак. Лек., дэкар., меданосныя, фарбавальныя расліны.

Пакрывец лекавы.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

га́лавы

(ад лац. galla = чарнільны арэшак)

г-ая кіслата — арганічнае злучэнне, бясколернае крышталічнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца для сінтэзу фарбавальнікаў;

г-ыя фарбавальнікі — сінтэтычныя фарбавальнікі, вытворныя галавай кіслаты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)