МАТЭ́Т (франц. motet памяншальнае ад mot слова),

род вакальнай ці вак.інстр. музыкі. Вядомы з канца 12 ст. ў Францыі. Першапачаткова — 2-галосы муз. твор, у якім да голасу, заснаванага на напевах каталіцкай службы, далучаўся новы голас — матэт (адсюль назва). З 13 ст. ў М. пранікаюць свецкія мелодыі (песенныя і танц.) і тэксты. У 15 ст. выпрацавалася яго муз. і тэкставае адзінства (Г.Дзюфаі, Дж.Данстэйбл), усталяваўся 4-галосы склад (І.Окегем, Я.Обрэхт), паявілася вызначэнне М. як своеасаблівага муз. роду паміж месай і песняй. У 16 ст. развіваўся ў рэчышчах венецыянскай (А.Віларт, А. і Дж. Габрыэлі) і рымскай (Дж.Палестрына) школ. У 17 ст. М. страціў тыпалагічную ўстойлівасць, часам яго вызначалі як асаблівы «стыль», блізкі да «старадаўняга», ці як асаблівую тэхніку пісьма. Узніклі шматлікія разнавіднасці: мнагахорны М.-канцэрт, «манадычны», «сольны», або М.-канцэрт для невял. складу з basso continuo; М.-арыя, М.сцэна, М.-дыялог, блізкія да араторыі, кантаты і муз.-сцэн. жанраў. Да жанру М. звярталіся Г.Шутц, К.Мантэвердзі, Ж.Ф.Рамо, Г.Пёрсел, Г.Ф.Гендэль, І.С.Бах, В.А.Моцарт, А.Брукнер, К.Сен-Санс і інш. У 20 ст. М. стаў прататыпам тэхнікі кампазіцыі ў творах А.Веберна, І.Стравінскага, Дз.Лігеці і інш.

Літ.:

Симакова Н. Вокальные жанры эпохи Возрождения. М., 1985.

т. 10, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАМАТУРГІ́Я МУЗЫ́ЧНАЯ,

сістэма выразных сродкаў і прыёмаў увасаблення ў музыцы драм. дзеяння на аснове агульных заканамернасцей драмы. У найб. дзейснай форме Д.м. выяўляецца ў муз.-сцэнічных жанрах (опера, балет), больш апасродкавана — у сферы інстр. музыкі. У жанрах муз. тэатра законы драмы набываюць своеасаблівую трактоўку ў сувязі з сінт. характарам гэтых жанраў і вызначальнай роляй музыкі. Гістарычна склаліся 2 асн. тыпы Д.м. — нумарны і скразны. У нумарным тыпе драматург. функцыі завершаных нумароў звязаны з пэўным прыпыненнем дзеяння (у оперы — перш-наперш арыя, у балеце — адажыо, варыяцыі), або непасрэдным яго развіццём (у оперы — рэчытатыў, у балеце — па д’аксьён). Аднак і ў межах гэтага тыпу ўсё большае значэнне набывалі нумары, якія маглі выконваць абедзве драматург. функцыі (у оперы — ансамблі і хары, у балеце — па-дэ-дэ, па-дэ-труа). У выніку збліжэння завершаных і свабодных эпізодаў сфарміраваўся скразны тып драматургіі, калі дзеянне ахоплена безупынным муз. развіццём. Скразны тып драматургіі складваўся пад уплывам сімф. музыкі (адзін з асн. сродкаў сімфанізацыі муз.-драм. жанраў — лейтматыў). Найб. пашырана Д.м., дзе спалучана скразное муз. развіццё з часовымі прыпынкамі дзеяння. У оперным мастацтве 20 ст. вылучаюць і мантажны тып Д.м. (структурная адзінка — эпізод), якому ўласцівы расчлянёнасць, хуткая змена сцэн, раптоўныя павароты сцэн. дзеяння, налажэнні кантрастных планаў. Першыя бел. оперы «Тарас на Парнасе» М.Аладава і «Кветка шчасця» А.Туранкова заснаваны на прынцыпах нумарной драматургіі. У операх «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага і «У пушчах Палесся» А.Багатырова спалучаюцца прынцыпы нумарной і скразной драматургіі, якая пазней стала асновай развіцця нац. оперы і балета. Рысы мантажнага тыпу драматургіі ўласцівы муз.сцэн. творам сярэдзіны 1960-х г. (тэлеопера «Ранак» Г.Вагнера, «Джардана Бруна» С.Картэса). Існуюць мяшаныя формы Д.м., якія аб’ядноўваюць элементы оперы і ўласна драмы (аперэта, муз. камедыя, мюзікл) да сферы Д.м. іх адносяць, калі ў музыцы вырашаны найважн. вузлавыя моманты драм. дзеяння (аперэты «Несцерка» Р.Суруса, «Мільянерка» Я.Глебава, мюзіклы «Джулія» і «Залёты» У.Кандрусевіча і інш.).

Паняцце Д.м. выкарыстоўваюць і ў дачыненні да твораў інстр. музыкі, не звязаных са сцэн. дзеяннем або пэўнай літ. праграмай. У інстр. музыцы паводле якасных адзнак вылучаюць Д.м. бескантрастную, кантрастную і канфліктную, паводле колькасных — 1-, 2-, 3- і шматэлементную. У працэсе гіст. развіцця муз. мастацтва ў некат. тыпавых формах склаліся пэўныя драматург. стэрэатыпы (прынцыпы санатнасці, цыклічнасці і інш.). Спецыфічныя заканамернасці, якім падпарадкоўваецца развіццё муз. вобразаў у інстр. музыцы, толькі часткова супадаюць з законамі сцэн. драмы.

Літ.:

Друскин М.С. Вопросы музыкальной драматургии оперы. Л., 1952;

Ярустовский Б. Драматургия русской оперной классики. М., 1953;

Яго ж. Очерки по драматургии оперы XX в. Кн. 1—2. М., 1971—78;

Конен В.Д. Театр и симфония. 2 изд. М., 1975;

Кулешова Г.Г. Водросы драматургии оперы. Мн., 1979;

Чернова Т.Ю. Драматургия в инструментальной музыке. М., 1984.

А.А.Друкт.

т. 6, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРЭ́ТА (італьян. operetta літар. маленькая опера),

адзін з відаў муз. тэатра, у якім спалучаюцца вакальная і інструментальная музыка, танец, балет, элементы эстраднага мастацтва; твор для гэтага тэатра.

У 17 — 1-й пал. 19 ст. — невял., звычайна камічная опера з размоўнымі дыялогамі. На Беларусі гэта былі «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага на лібр. М.Цяцерскага (паст. 1789) і «Агатка, або Прыезд пана» Я.Д.Голанда на лібр. М.Радзівіла (паст. 1784), якія вызначаліся дэмакр. характарам, адлюстроўвалі перадавыя ідэі свайго часу. У сярэдзіне 19 ст. тэрмінам «аперэта» часта вызначаў свае п’есы В.І.Дунін-Марцінкевіч, задумваючы іх як лібрэта невял. опер. У супрацоўніцтве з ім С.Манюшка стварыў свае аперэты «Рэкруцкі набор» (1841), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» (1852). У 1861 паст. аперэта «Канкурэнты» Ф.Міладоўскага (лібр. М.Лапіцкага і У.Сыракомлі).

Сучасная аперэта — від тэатра, які займае прамежкавае становішча паміж операй і драмай. Аснову муз. драматургіі складаюць звычайна куплетная песня і танец, а таксама традыц. оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, уверцюра), якія часцей маюць песенна-танц. характар і больш простыя, чым у оперы. У адрозненне ад вадэвіля і інш. відаў муз. камедыі з развітым драм. тэкстам, музыка ў аперэце нясе асн. сэнсавую нагрузку.

Як самаст. від муз. тэатра аперэта сфарміравалася ў 1850-я г. ў Францыі. Яе вытокі — камічная опера, франц. вадэвіль, аўстрыйскія і ням. зінгшпілі і інш. Вылучаюць некалькі нац.-гіст. разнавіднасцяў аперэты з устойлівымі жанрава-стылявымі прыкметамі: парыжская (1850—70-я г., заснавальнік — Ж.Афенбах; Ф.Эрвэ, Ш.Лекок, Р.Планкет), венская (Ф.Зупэ, К.Мілёкер, І.Штраус-сын, К.Цэлер), неавенская (1900—1920-я г., Ф.Легар, І.Кальман). У пач. 1920-х г. у ЗША зацвердзіўся новы від муз. т-ра — мюзікл, які ў некат. сваіх разнавіднасцях набліжаецца да аперэты (творы Ф.Лоу, Дж.Гершвіна, Р.Роджэрса, Л.Бернстайна і інш.). У Расіі пачатак аперэты пакладзены ў 1920-я г. І.Дунаеўскім і М.Стрэльнікавым, сярод майстроў Ю.Мілюцін, Б.Аляксандраў, К.Лістоў, В.Салаўёў-Сядой, А.Фельцман, В.Баснер і інш.

На Беларусі з 1-й пал. 20 ст. развіваліся блізкія да аперэты формы муз.-камедыйнага тэатра («Каваль-ваявода» Е.Міровіча з муз. У.Тэраўскага і Л.Маркевіча, 1925; «Простыя сэрцы» С.Заяіцкага, С.Розанава і М.Міцкевіча з муз. В.Сакалова-Фядотава, 1929; «Кок-сагыз» М.Чуркіна, 1939; «Цудоўная дудка» В.Вольскага з муз. М.Шчаглова, 1939), а таксама «Кухня святасці» («Мільён Антоніяў») Я.Цікоцкага (1931) і «Зарэчны барок» С-.Палонскага і М.Іванова (1940), якія вызначаліся сучаснікамі як «першыя сав. аперэты». У 1970-я г. з’явіліся творы, найб. адпаведныя жанру аперэты: «Паўлінка» Ю.Семянякі са шматпланавай муз. драматургіяй, скразнымі муз. тэмамі, разгорнутымі сольнымі нумарамі, ансамблямі, харамі і «Несцерка» Р.Суруса, якія дзякуючы зместу, народнасці муз. мовы і ўдалым масавым сцэнам сталі сапраўднымі аперэтамі буйной формы. Шэраг бел. твораў, блізкіх да жанру аперэты, класіфікуюць як «гераічная муз. камедыя» («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, 1985), «муз. камедыя» («Мільянерка» Я.Глебава, 1987), мюзікл («Джулія», 1991, і «Шклянка вады», 1994, У.Кандрусевіча).

Сярод артыстаў аперэты: Г.Шнайдэр (Францыя), А.Жырардзі (Аўстрыя), Г.Марышка і Х.Хонці (Венгрыя), Р.Ярон, Т.Шмыга (Расія), М.Вадзяной (Украіна); у бел. т-ры Н.Гайда, В.Мазур, Р.Харык, А.Ранцанц, З.Вяржбіцкая, Г.Казлоў і інш.

Літ.:

Владимирская А. Звездные часы оперетты. 2 изд. Л., 1991;

Трауберг Л. Жак Оффенбах и другие. М., 1987;

Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993.

Б.С.Смольскі, Н.А.Юўчанка.

Да арт. Аперэта. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Ю.Семянякі Дзярж. тэатра муз. камедыі Беларусі. 1973.

т. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЕРА (італьян. opera літар. твор ад лац. opera праца, выраб, твор),

род музычна-драм. твора, прызначанага для сцэн. выканання. Тэкст О. поўнасцю або часткова спяваецца звычайна ў суправаджэнні аркестра. Спалучае ў адзіным тэатр. дзеянні вак. (сола, ансамбль, хор) і інстр. (сімф. музыку, драматургію, выяўл. мастацтва (дэкарацыі, касцюмы, сцэнаграфія), нярэдка харэаграфію і інш. У адпаведнасці з ідэяй твора, характарам сюжэта і лібрэта ў О. ўвасабляюцца розныя формы музыкі — нумары сольных спеваў (арыя, арыёза, песня, маналог), рэчытатывы, ансамблі (дуэты, тэрцэты, квартэты) з вял. фіналамі, часта з хорам, хар. сцэны, танцы, аркестравыя нумары (уверцюра, антракты, інтэрмедыі і інш.). У некат. О., пераважна камедыйных, замест рэчытатыву выкарыстоўваюць размоўны дыялог, часам меладраму. Важнейшы элемент О. — спевы, якія перадаюць багатую гаму чалавечых пачуццяў і перажыванняў у найтанчэйшых адценнях. Выразную сэнсавую і важную кампазіцыйную функцыю выконвае лейтматыў. Строй вак. інтанацый раскрывае індывід. псіхал. стан кожнай дзейнай асобы, перадае асаблівасці яе характару і тэмпераменту. З сутыкнення розных інтанац. комплексаў, адносіны паміж якімі адпавядаюць расстаноўцы сіл драм. дзеяння, нараджаецца «інтанацыйная драматургія» О. як муз.-драм. цэлага (гл. Драматургія музычная). Для абмалёўкі фону дзеяння, стварэння нац. і мясц. каларыту, характарыстыкі дзейных асоб у О. служаць розныя жанры бытавой музыкі — песня, танец, марш. Шырока выкарыстоўваюць у О. прыём «абагульнення праз жанр», калі песня і танец становяцца сродкам рэаліст. тыпізацыі вобраза, выяўлення агульнага ў асобным і індывідуальным. Аркестр сумяшчае розныя планы: падтрымлівае вак. партыі і акцэнтуе найб. важныя моманты дзеяння, стварае кантрапункты да таго, што адбываецца на сцэне. Самаст. арк. нумары ўводзяць слухачоў у эмац. атмасферу твора, раскрываюць у агульным выглядзе асн. драматургічны канфлікт, падсумоўваюць папярэдняе развіццё або адыгрываюць карцінна-выяўл. ролю. Хор стварае бытавы фон дзеяння, выступае своеасаблівым каментатарам падзей ці ўвасабляе калект. вобраз народа. Суадносіны розных элементаў О. як адзінага маст. цэлага вар’іруюцца ў залежнасці ад агульных эстэт. тэндэнцый эпохі, маст. кірунку, канкрэтных творчых задач кампазітара. Існуюць О. з перавагай вакалу, дзе аркестру адведзена ўскосная, падпарадкаваная роля. Ён жа можа выступаць гал. носьбітам драм. дзеяння і дамінаваць над вак. партыямі. Бываюць О., пабудаваныя на чаргаванні закончаных або адносна закончаных вак. форм (арыя, арыёза, каваціна, ансамблі, хары), і пераважна рэчытатыўнага складу, дзеянне якіх развіваецца бесперапынна, без расчлянення на асобныя нумары, О. з перавагай сольнага пачатку і О. з развітымі ансамблямі і харамі. Пры ўсёй сваёй складанасці О. — найб. масавы, дэмакр. жанр па вял. сіле эмац. ўздзеяння, апоры на бытавыя жанры, адлюстраванні ў больш ці менш непасрэднай форме надзённых сац. праблем.

Жанр О. паявіўся ў канцы 16 ст. ў Італіі. Яго вытокі ў нар. абрадах і ігрышчах (напр., у бел. вясельным, купальскім, калядным абрадах). У працэсе гіст. развіцця склаліся шматлікія нац., жанравыя, стыліст. разнавіднасці: італьян. О.-seria і О.-buffa, франц. лірычная трагедыя, камічная О., опера «выратавання», вял. О., лірычная О. і інш. Найб. значныя зах.-еўрап. і амер. оперныя кампазітары К.Мантэвердзі, А.Скарлаці, Дж.Б.Пергалезі, Дж.Расіні, В.Беліні, Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні (Італія), Ж.Б.Люлі, Ж.Ф.Рамо, А.Грэтры, Л.Керубіні, Дж.Меербер, Ш.Гуно, Ж.Бізэ (Францыя), К.М.Вебер, Р.Вагнер, Р.Штраус (Германія), К.В.Глюк, В.А.Моцарт (Аўстрыя), С.Манюшка (Польшча), Б.Сметана, А.Дворжак, Л.Яначак (Чэхаславакія), Г.Пёрсел, Б.Брытэн (Англія), Дж.Гершвін, А.Копленд, Дж.К.Меноці, Д.Мур (ЗША). Значны этап у развіцці сусв. опернай культуры — рус. класічная О., якая садзейнічала стварэнню новых тыпаў опернай драматургіі, новых герояў, найперш вобраз народа. Характар рус. опернай класікі абумовілі творы яе заснавальніка М.Глінкі (героіка-патрыят О. «Іван Сусанін» і казачна-эпічная «Руслан і Людміла»), а таксама А.Барадзіна, А.Даргамыжскага, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага і інш. Шматнац. опернае мастацтва СССР прадстаўлена операмі Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, І.Дзяржынскага, Дз.Кабалеўскага, Ц.Хрэннікава, Ю.Шапорына, С.Сланімскага, А.Холмінава, А.Пятрова, В.Шабаліна, Э.Дзянісава, А.Шнітке, М.Лысенкі, Б.Ляташынскага, Ю.Мейтуса, В.Губарэнкі, Г.Майбарады, З.Паліяшвілі, А.М.М.Магамаева. М.Баланчывадзе, А.Тактакішвілі, А.Спецдыярава, У.Гаджыбекава, Ф.Амірава, Я.Брусілоўскага, Н.Жыганава, С.Бабаева, С.Юдакова, Ш.Сайфіддзінава, Ш.Чалаева і інш.

На Беларусі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках, буйных сядзібах існавалі оперныя трупы (гл. Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча), дзе працавалі таленавітыя бел. прыгонныя спевакі, якія пазней атрымалі вядомасць на прафес. сцэнах (у т. л. М.Сітанская і інш.). Пачатак бел. О. звязаны з творчасцю Я.Д.Голанда («Агатка, або Прыезд пана», паст. ў 1784 у Нясвіжы, на Бел. радыё ў 1994) і Р.Вардоцкага («Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», 1789, паст. Беларускай капэлай у 1990 у арк. рэд. Дз.Смольскага) і асабліва з дзейнасцю С.Манюшкі [найб. вядомыя «Сялянка» («Ідылія»), паст. ў Мінску ў 1852; «Галька», паст. ў Мінску ў 1856, у Дзярж. т-ры оперы і балета ў 1975; «Страшны двор», паст. 1865, у Дзярж. т-ры оперы і балета ўпершыню ў СССР — у 1952], У 1920-я г. створаны О. «Вызваленне працы» М.Чуркіна і «Тарас на Парнасе» М.Аладава. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) і яе пастаноўкі сталі асновай для стварэння Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь). О. «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940) мелі важнае значэнне ў станаўленні опернага жанру ў бел. музыцы. У гады Вял. Айч. вайны створаны О. «Лясное возера» і «Усяслаў Чарадзей» М.Шчаглова (1943), «Алеся» Цікоцкага (паст. 1944, перапрацаваны варыянт «Дзяўчына з Палесся» паст. ў 1953). У 1940—50-я г. напісаны О. «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (паст. 1947), «Надзея Дурава» Багатырова (паст. 1956), «Андрэй Касценя» Аладава (паст. 1970), дзіцячая О. «Марынка» Р.Пукста (паст. 1955), «Яснае світанне» Туранкова (паст. 1958). 1960—80-я г. — перыяд жанравага ўзбагачэння бел. опернага мастацтва. Створаны О. «Калючая ружа» (паст. 1960), «Калі ападае лісце» (паст. 1968) і «Зорка Венера» (паст. 1970) Ю.Семянякі, «Джардана Бруна» С.Картэса (паст. 1977), «Сівая легенда» Смольскага (паст. 1978, Дзярж. прэмія Беларусі 1980), «Сцежкаю жыцця» (паст. 1980) і тэлеопера «Ранак» (паст. 1967) Г.Вагнера, радыёопера «Барвовы золак» К.Цесакова (паст. 1979). У 1980—90-я г. створаны нац. О. «Новая зямля» Семянякі (паст. 1982), «Матухна Кураж» (1980) і «Візіт дамы» (паст. 1995) Картэса, «Францыск Скарына» Смольскага (1982), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (паст. 1980, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (паст. 1992), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), дзіцячая «Вясновая песня» В.Войціка (паст. 1993). У 2000 у выкананні Бел. капэлы і Дзярж. акад. харавой капэлы імя Р.Шырмы на сцэне Нац. акад. тэатра оперы ўпершыню на Беларусі ў канцэртна-сцэн. варыянце пастаўлена опера А.Г.Радзівіла «Фауст» (лібр. І.В.Гётэ, прэм’ера 1835, Берлін).

Літ.:

Асафьев Б.В. Симфонические этюды. Л., 1970;

Друскин М.С. Вопросы музыкальной драматургии оперы. Л., 1952;

Хохловкина А.А. Западноевропейская опера. Конец XVIII — первая половина XIX в. М., 1962;

Ярустовский Б.М. Драматургия русской оперной классики. М., 1953;

Яго ж. Очерки по драматургии оперы XX в. Кн. 1—2. М., 1971—78;

Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;

Яе ж. Вопросы драматургии оперы. Мн., 1979;

Яе ж. Композиция оперы. Мн., 1983;

Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;

Глущенко Г.С. Белорусская опера 1960—1985 г.: Состояние и основные тенденции развития // Вопр. культуры и искусства Белоруссии. 1990. Вып. 9.

Г.Р.Куляшова.

Сцэна з оперы «Аіда» Дж.Вердзі Рымскі амфітэатр у Вероне (Італія).
Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі ў пастаноўцы Вялікага тэатра ў Маскве.
Сцэна з оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. 1978.

т. 11, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

з 1, нескл., н.

1. Дзевятая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «зэ». Вялікае З. Друкаванае з.

2. Звонкі, свісцячы, пярэднеязычны, шчылінны зычны гук.

з 2 і са, прыназ. з Р, В і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «з» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, адкуль пачынаецца рух, дзеянне. Выйсці з хаты. □ Прыходзілі сяляне з навакольных вёсак са сваімі неадкладнымі справамі. Лынькоў. З таго боку Прыпяці шыбуе човен. Колас. / З геаграфічнымі назвамі. Прыслаць тэлеграму з Каўказа. Вярнуцца з Гомеля. / З назоўнікамі, якія абазначаюць месца, сферу дзейнасці. Прыехаць з камандзіроўкі. Вярнуцца з экспедыцыі. Прыйсці з лекцый. // У спалучэнні з прыназоўнікамі «на», «у» (з — на; з — у) ужываецца пры абазначэнні шматразовага дзеяння. Пераносіць з месца на месца. Пераязджаць з горада ў горад. Пераскокваць з купіны на купіну. / У некаторых устойлівых выразах. Пераліваць з пустога ў парожняе. □ Ля дзвярэй пераміналіся з нагі на нагу чырвонаармейцы. Лынькоў. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (з — да) ужываецца пры абазначэнні пачатковага і канцавога пунктаў распаўсюджвання дзеяння, стану, якасці або ўласцівасці. Прачытаць кнігу з пачатку да канца. □ Стары салдат сурова акінуў поглядам Лабановіча, змераў з ног да галавы. Колас. // Ужываецца пры абазначэнні месца, дзе знаходзіцца дзеючая асоба або прадмет. Гаварыць з трыбуны. Выглядаць з акна. □ — Зайдзі ў хату! — крыкнуў з ложка Патапавіч. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні месца або напрамку (адносна каго‑, чаго‑н.), дзе хто‑, што‑н. знаходзіцца або дзейнічае. Ля.. [Міколы], з правай рукі, як і заўсёды, уселася Зося. Гартны. З боку вёскі цягнулася вузкая паласа нізкарослых, каржакаватых хвой. Шамякін. // Ужываецца пры абазначэнні боку або напрамку, з якога дзеянне накіроўваецца на прадмет. Удар з тылу. □ Бруй зайшоў з другога боку печы. Колас. // (са словамі «бок», «пазіцыя», «пункт погляду» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці чыіх‑н. поглядаў, адносін да каго‑, чаго‑н. З майго пункту погляду. З пазіцый марксізма. □ Свой прысуд над існуючым грамадскія, ладам і падтрымку светлых пачаткаў жыцця пісьменнік ажыццяўляў з пазіцыі народнасці. Каваленка. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета або месца, з паверхні якога або ад якога што‑н. аддзяляецца, знімаецца. Зняць шапку з галавы. Устаць з ложка. Сарваць яблык з дрэва. Звярнуць з дарогі. □ Сарока з куста, а дзесяць на куст. Прыказка. / З назоўнікамі, якія абазначаюць сферу дзейнасці, заняткаў. Звольніць з пасады. Зняць з уліку. / У некаторых устойлівых выразах. Збіцца з ног. Зваліцца з неба. Спусціць з вока. Сарвацца з прывязі. Збіць з толку. Збіцца з тону. Сысці з рук.

2. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца праяўлення якой‑н. прыметы, якасці. З твару .. [Ліда Міхайлаўна] была даволі прыгожая жанчына. Колас. Ганна і з натуры, і з усяго аблічча была вельмі непадобная да сваёй маладзейшай сястры. Чорны.

3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сумежнасці, блізкасці чаго‑н. з чым‑н. у прасторы (звычайна са словамі «поруч», «побач», «поплеч»). Сесці поплеч з бацькам. □ Параўнялася Палікарпаўна з дваром сваёй напарніцы Маланні і не ўтрымалася, заглянула ў акно. Кулакоўскі. Клім пайшоў поруч з возам. Галавач.

Часавыя адносіны

4. з Р. Ужываецца пры абазначэнні часу, які з’яўляецца пачатковым момантам у развіцці якога‑н. дзеяння, стану або ва ўзнікненні якой‑н. якасці, уласцівасці. З дзевятага класа Віктар усё ж такі сеў на трактар. Кулакоўскі. Свежае з начы паветра напаўнялася цеплынёй. Самуйлёнак. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «з таго часу», «з той пары». // У спалучэнні з прыназоўнікамі «да» і «па» (з — да; з — па) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога працякае дзеянне або стан. Працаваць з цямна да цямна. Прыём з 9 да 11 гадзін. □ Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Купала. І з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Наднямонне. Колас. // У спалучэнні з прыназоўнікам «на» (з — на) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу паміж двума днямі, датамі, у межах якога працякае дзеянне або што‑н. адбываецца. З суботы на нядзелю выпаў снег. Ноччу з пятага на шостае прыехаў брат. // У спалучэнні з прыназоўнікам «на» (з — на) у складзе некаторых устойлівых выразаў ужываецца пры абазначэнні нявызначанага, але блізкага часу здзяйснення чаго‑н. Чакаць з дня на дзень. □ Мы ляжым у лазняках і чакаем з хвіліны на хвіліну, калі скажуць нам: — Па два ў рад, на пантоны. Лынькоў. // Разам з прыназоўнікам «у» (з — у) у некаторых устойлівых выразах ужываецца пры абазначэнні бесперапыннасці або перыядычнасці дзеяння. З веку ў век. □ З году ў год у доўгія зімовыя вечары збіраюцца ў .. [Ладыніных] суседзі. Шамякін.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні часу або падзеі, з надыходам якіх адбываецца якое‑н. дзеянне, узнікае які‑н. стан. З надыходам вясны прырода ажывае. □ Да працы ўстаць з зарою. Танк. // Ужываецца пры азначэнні рада паслядоўных момантаў, па меры надыходу якіх разгортваецца якое‑н. дзеянне. Замілаванасць [Марціна] да дзяцей з гадамі яшчэ больш вырастала. Чорны. Рэчка мялела з кожным годам, на вачах у людзей. Шамякін. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «з часам», «з цягам часу» і пад.

Прычынныя адносіны

6. з Р. Ужываецца пры абазначэнні прычыны якога‑н. дзеяння або стану. Запець з радасці. Заплакаць з гора. □ З крыку .. [Сымон] зусім ахрып. Колас. Машкара, што збожжа ела, З маразоў падохла. Крапіва. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «ні з таго ні з сяго» і пад.

7. з Р і Т. Ужываецца пры абазначэнні падставы для якога‑н. дзеяння або стану. З дазволу бацькі. З пашанай да заслуг. □ Каля крамы Максіма спынілі мужчыны, што стаялі там, павіншавалі з прыездам. Шамякін.

Акалічнасныя адносіны

8. з Р. Ужываецца пры характарыстыцы спосабу дзеяння. Пісаць з вялікай літары. Страляць з калена. □ [Васіль і Санька] пераскочылі цераз зялёную канаву і з ходу палеглі на траву. Брыль. / У некаторых устойлівых выразах. Ударыць з усёй сілы. Кінуцца з усіх ног. // З колькасным словам пры кіруемым назоўніку ужываецца пры абазначэнні абставін, неабходных або дастатковых для ажыццяўлення чаго‑н. Папасці ў мішэнь з першага стрэлу. Пазнаць чалавека з першага погляду.

9. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння або стану, якія адбываюцца адначасова з асноўным дзеяннем і характарызуюць яго. Чакаць з нецярпеннем. Слухаць з усмешкай. □ Угары над хвойнікам зялёным Снуюцца пчолкі з ціхім звонам. Колас. Хлапчук выскачыў праз акно ў двор і пабег з крыта на вуліцу. Галавач. Маці стаяла пасярод хаты і з замілаваннем глядзела на сына. Шамякін. // Ужываецца пры характарыстыцы спосабу дзеяння. Працаваць з натхненнем. Званіць з перапынкамі. □ Стары з натугі разагнуў паясніцу і падышоў да печы. Кулакоўскі. Вайсковыя часці адыходзілі па дарогах з боем. Лынькоў.

10. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сродку, з дапамогай якога ажыццяўляецца дзеянне. Адправіць пакет з пасыльным. Змагацца са зброяй у руках. □ — Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскім. Лынькоў.

11. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца паказчыкам паўнаты ахопу дзеяннем каго‑, чаго‑н. Вырваць з коранем. □ Укрыўшыся з галавою ад камароў, .. [Васіль] толькі прыкідваўся, што спіць. Мележ.

Мэтавыя адносіны

12. з Т. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. Звярнуцца з просьбай. Адправіць з даручэннем. □ Дарвідошка пайшоў у бок стайні з рапартам. Колас.

Азначальныя адносіны

13. з Р. Ужываецца пры характарыстыкі каго‑, чаго‑н. з боку паходжання, узнікнення і пад. Дакладчык з горада. Рыбакі з Нарачы. / У некаторых устойлівых выразах. З чужога пляча. Бандыт з вялікай дарогі. // Ужываецца пры абазначэнні цэлага, састаўной часткай якога з’яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Колас з машыны. Шнурок з чаравіка.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або асобы, якіх нагадвае па велічыні другі прадмет або асоба. Воз з гару. □ Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста. З вядро галоўкі вырастаюць. Колас.

15. з Т. Ужываецца пры характарыстыкі пастаяннай ці часовай знешняй прыметы або ўнутранай якасці каго‑, чаго‑н. Хата з чарапічным дахам. Дзяўчына з кнігай у руках. Чалавек з розумам. Дзіця з музыкальнымі здольнасцямі. □ Гэта была натура з нахілам да задумёнай разважлівасці. Чорны. Паміж фурманак блукаюць, спяшаючыся, людзі з кошыкамі. Галавач.

16. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які знаходзіцца ў другім прадмеце і гэтым характарызуе яго. Кошык з ягадамі. Вядро з вадой. Мяшок з мукой.

17. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, які знаходзіцца ў якім‑н. становішчы або стане. Аварыя з самалётам. Гісторыя з пісьмом. □ Пажар з цыстэрнамі нарабіў багата клопатаў Вейсу. Лынькоў.

Колькасныя адносіны

18. з Р. Ужываецца пры абазначэнні колькасці асоб або прадметаў, якія складаюць якую‑н. сукупнасць, аб’яднанне і пад. Сям’я і трох чалавек. Група з пяці студэнтаў. □ У ясны веснавы дзянёк Анцыпік і Лабановіч ехалі ў сялянскай каламажцы на хутар з трох ці чатырох двароў. Колас. Зайграў самадзейны аркестр з гармоніка, трох балалаек, мандаліны, дзвюх гітар. Дуброўскі.

19. з В. Ужываецца для абазначэння прыблізнай меры часу, прасторы, вагі і пад. Пабыць з тыдзень. Прайсці з кіламетр. Адпачыць з паўгадзіны. Рыбіна важыла з кілаграм.

20. з Р (са словамі «досыць», «хопіць», «мала» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы, якая з’яўляецца крытэрыем меры, дастатковасці чаго‑н. З мяне даволі. З яго ўсё мала. □ Няхай выгрызе рагуля ўсю траву, што тут ёсць, хопіць з яе. Кулакоўскі.

21. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дадатковай колькасці чаго‑н. Двое сутак з палавінай. Аддаць доўг з працэнтамі. / У некаторых устойлівых выразах. З гакам. □ Было .. [Талашу] тады гадоў семдзесят з хвосцікам. Колас.

Аб’ектныя адносіны

22. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, на якія накіравана дзеянне. Справіцца з цяжкасцямі. Скончыць з вайной. Сабрацца з сіламі. □ Чалавек чуў запытанне і мару дзіў з адказам. Лынькоў.

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, да якіх устанаўліваюцца якія‑н. адносіны іншай асобы або прадмета (падабенства, адрозненне, далучэнне, аддаленне і пад.). Зверыць копію з арыгіналам. Пазнаёміць з прыяцелем. Спыніць перапіску з кім‑н. Разлучыцца з блізкімі. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія ўзаемадзейнічаюць з іншай асобай або прадметам. Бачыцца з бацькамі. Сустракацца з людзьмі. □ Тут верх асіны круглалісты Сплятаўся з хвоямі, з дубамі. Колас.

24. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія маюцца ў каго‑н. у момант дзеяння. Ісці з партфелем. Сядзець з дзіцем на руках. □ Стары пакут усіх не знёс, Уцёк у лес з сякерай вострай. Чарот. Усе праз гадзіну-другую выходзілі з поўнымі кошыкамі чырвоных рыжыкаў. Шамякін. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «разам з тым», «ні з чым». // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, наяўнасць, прысутнасць якіх з’яўляецца прычынай якога‑н. стану, з’явы. З такім таварышам не прападзеш. □ Я ж быў рад новаму чалавеку, бо мне іншы раз было сумнавата з Нямком. Кулакоўскі.

25. з Р. Ужываецца пры абазначэнні матэрыялу, з якога зроблена што‑н. Хата з бярвення. Вянок з жывых кветак. Нож са сталі. □ Няма на свеце лепшых падушак, як з гусінага пуху і пер’я. Чорны.

26. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якога‑н. прадмета, месца, сховішча, з якога бярэцца, выпадае, выдаляецца што‑н. Нож выпаў з рук. Узяць яблык з кошыка. □ Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. Галавач. Панасу памог выбрацца з няволі польскі салдат, што стаяў там на варце. Колас.

27. з Р. Ужываецца пры абазначэнні крыніцы, адкуль што‑н. бярэцца, паходзіць. Цытата з кнігі. Арыя з оперы.

28. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асяроддзя, групы, адкуль хто‑н. паходзіць. Ён з рабочай сям’і. □ Васіль быў не з бедных. Якімовіч. Выйшлі ўсе мы з народа, Дзеці заводаў і сёл. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на прыналежнасць асобы або прадмета да якой‑н. групы, катэгорыі па ўласцівасці або прымеце. Задача была не з лёгкіх.

29. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якой‑н. сукупнасці, адкуль бярэцца, вылучаецца якая‑н. частка. Адзін з многіх. □ — Нехта з блізкіх сяброў, — падумаў Лабановіч, — але хто? Колас. Адна з жанчын разгарнула невялікі пакунак, паказвае другім. Галавач.

30. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія змяняюцца, робяцца якасна іншымі. З іскры разгарыцца полымя. □ І ноч тады — з цёмнай карэльскай ночы — робіцца казачнай ноччу. Лынькоў.

31. з Р. Ужываецца пры абазначэнні стану, які парушаецца, перапыняецца (звычайна пры дзеясловах «выводзіць», «выходзіць», «выбіваць» і пад.). Выбіцца з сіл. Выходзіць з сябе. □ Кожная новая змена ў абставінах, ці яна добрая, ці благая, выводзіць чалавека з.. раўнавагі. Колас.

32. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з’явы, прадмета або часткі прадмета, з якіх пачынае развівацца дзеянне, стан (звычайна пры дзеясловах «пачынаць», «пачынацца», «пачаць», «пачацца»). Пачну з цябе. Дзень пачаўся з абходу палат.

33. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з якой што‑н. спаганяецца, утрымліваецца і пад. З яго ўзялі тры рублі. □ Ладымер Стальмаховіч, стоячы ў дзвярах, зняў як бы сяброўскі допыт з Сымона Мікуця. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць адзінкай разліку пры атрыманні, зборы чаго‑н. Класці ў касу ўзаемадапамогі па пяць рублёў з кожнай зарплаты. Сабраць па трыццаць цэнтнераў пшаніцы з гектара.

34. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць узорам для пераймання, капіравання і пад. Зняць копію з дыплома. Зрабіць рэпрадукцыю з карціны. Рысаваць з натуры. Перакласці з рускай мовы. Браць прыклад са старэйшых.

35. з Р (пры дзеясловах «смяяцца», «жартаваць», «кпіць», «здзекавацца», «дзівіцца» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх праяўляецца якое‑н. пачуццё. З каго кпіла, смяялася, таму сама дасталася. З нар. Пасмяяўся чыгун з катла, а абодва чорныя. Прыказка. Хто не бачыў вялікага, той з малога дзівіцца. Прыказка.

Абмежавальныя адносіны

36. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх выяўляецца падабенства або агульнасць у чым‑н. Старшыня сельсавета адных год з Полазам, але нізкі ростам і рухавы. Шамякін.

Адносіны сумеснасці

37. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія сумесна з другой асобай або прадметам удзельнічаюць у якім‑н. дзеянні або суправаджаюць іншую асобу, прадмет. Сцяжынкаю хлопец з дзяўчынай ідзе. Танк. Ганна заспявала разам з усімі, заспявала звыкла. Мележ. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія разам з іншымі асобамі або прадметамі ўваходзяць у склад чаго‑н. Нас з вамі дзесяць чалавек.

Адносіны ўласцівасці

38. з Т (з дзеясловамі «быць», «адбывацца», «здарацца» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія знаходзяцца ў пэўным стане, з якімі што‑н. адбываецца. Такое не з кожным здараецца. □ Нешта муліла бок, няёмка было з рукой. Лынькоў. Ганна па .. насцярожанасці [Васіля], па голасе здагадалася, што было з ім. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)