Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
А́РЫЯ (італьянскае aria),
сольная вакальная кампазіцыя з інструментальным суправаджэннем у оперы, араторыі, кантаце, з сярэдзіны 19 стагоддзя і ў аперэце; радзей самастойны твор. Часам арыяй называюць інструментальную п’есу пявучага характару. Тэрмін вядомы з 15 стагоддзя. Да сярэдзіны 17 стагоддзя акрэсліліся характэрныя для італьянскай опернай Арыі тыпы мелодыкі (бельканта, каларатура), форма, віды, вызначылася драматургічная функцыя арыі як лірычнага цэнтра. Найбольшай жанравай разнастайнасці дасягнула ў сярэдзіне 19 стагоддзя. У сувязі з імкненнем да драматургічнай цэласнасці оперы з канца 19 стагоддзя арыя траціць вядучае значэнне, часам ператвараецца ў сцэну ці маналог. Разнавіднасці арыі — арыета, арыёза, каваціна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЦІ́НА (італьян. cavatina памяншальнае ад cavata здабываць, атрымліваць),
невялікая лірычная арыя. Узнікла з каваты (заключны раздзел рэчытатыву). З канца 18 ст. часта выхадная арыя прымадонны або прэм’ера (К.Фігара з оперы «Вяселлс Фігара» В.А.Моцарта). У 19—20 ст. побач з віртуознай (К.Разіны з оперы «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні) пашырана К. сузіральнага характару ва ўмерана павольным тэмпе, з песеннай мелодыкай (К.Антаніды з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі). Некат. К. — разгорнутыя арыі (К.Людмілы з оперы «Руслан і Людміла» Глінкі, Канчакоўны і Уладзіміра Ігаравіча з оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна). Часам К. наз. пявучыя інстр. п’есы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЁЗА (італьянскае arioso),
1) невялікая напеўная арыя, часта лірычнага характару, у оперы або кантаце. Займае прамежкавае становішча паміж арыяй і рэчытатывам. Ад арыі адрозніваецца меншымі памерамі, адсутнасцю пэўнай структуры, ад рэчытатыву — прастатой і напеўнасцю мелодыі. Сустракаюцца арыёзы ў стылі меладызаванага рэчытатыву.
2) У інструментальнай музыцы тэрмін «арыёза» выкарыстоўваецца для абазначэння жанру і пявучага характару выканання.
латышскі акцёр. Нар.арт.СССР (1956). Вучыўся ў Петраградскім ун-це. З 1916 удзельнічаў у спектаклях лат. петраградскага Новага т-ра, драм. калектыву латыш. стралковага палка. У 1919—71 у Рабочым т-ры Сав. Латвіі ў Рызе (цяпер Латв.т-р драмы імя А.Упіта). Творчасці ўласцівы глыбокае раскрыццё псіхалогіі персанажаў, сац. тыпізацыя: Левій, Мінтаўт («Іосіф і яго браты», «Індуліс і Арыя» Я.Райніса), Гароза («Сын рыбака» В.Лаціса), Ванаг («Зямля зялёная» А.Упіта), Цэпліс («Цэпліс» П.Розіціса), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага). Здымаўся ў кіно: «Вяртанне з перамогай» (1948), «Райніс» (1949), «Да новага берага» (1955), «Сын рыбака» (1957). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́З [польск. polonez ад франц. (danse) polonaise польскі танец],
старадаўні польскі танец-шэсце ўрачыстага характару. Жанрава вызначальныя рысы — 3-дольны тактавы памер, тыповая рытмаформула , каданс . Папярэднік П. —4-дольны павольны «пешы» танец, які вылучыўся з вясельных абрадавых танцаў, у 17 ст. адкрываў вясковыя святы або выконваўся ў час вяртання з палявых работ. У 18 ст. пад назвай «польскі танец» пашырыўся ў шляхецкім асяроддзі, дзе набыў ваяўнічы характар. У канцы 18 ст. атрымаў назву «П.» Адыграў прыкметную ролю ў фарміраванні нац. аблічча польскай прафес. музыкі. З 1790-х г., калі паявіліся «Паланэзы не для танца» М.К.Агінскага, і ў 19 ст., у перыяд рамантызму, П. узбагаціўся рысамі паэмнасці, значна пашырыўся яго эмац. дыяпазон. Вяршыні развіцця дасягнуў у творчасці Ф.Шапэна. Да П. звярталіся І.С.Бах, В.А.Моцарт, К.М.Вебер, М.Глінка, П.Чайкоўскі, А.Скрабін, А.Лядаў і інш.
Найб. раннія звесткі пра П. на Беларусі адносяцца да 1780-х г. і звязаны з творчасцю Я.Д.Голанда (арыя Паляка з оперы «Чужое багацце нікому не на карысць», паст. 1780, Нясвіж) і Р.Вардоцкага (арыя з оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», паст. ў школьным т-ры Забельскага дамініканскага калегіума, Верхнядзвінскі р-н). У 19 ст. вядомы П. для канцэртнага выканання І.Дабравольскага (для скрыпкі), Міхала Казіміра Агінскага (для скрыпкі і фп.), Міхала Клеафаса Агінскага і В.Казлоўскага (для арк.), Н.Орды, А.Абрамовіча, С.Манюшкі, К.Ельскага, Ф.Міладоўскага (для фп.) і інш. Асаблівую папулярнасць набыў П. «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага. З сучасных бел. кампазітараў П. пісалі Дз.Лукас (з музыкі да кінафільма «Несцерка»), Ю.Бяльзацкі (з сюіты на тэмы польск. нар. танцаў), Г.Вагнер (з балета «Падстаўная нявеста») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІРТУО́ЗЫ МАСКВЫ́»,
камерны аркестр. Створаны ў 1982 як дзяржаўны камерны аркестр Мін-ва культуры Расіі «Віртуозы Масквы». Канцэртуе з 1979. Арганізатар, саліст і маст. кіраўнік У.Співакоў. Мае вял. і разнастайны класічны і сучасны рэпертуар: сімфоніі і канцэрты для аркестра, для фп. і для скрыпкі з аркестрам, для скрыпкі і альта з аркестрам В.А.Моцарта, Т.Альбіноні, А.Вівальдзі, Л.Бакерыні, творы І.С.Баха (у т. л. «Арыя», выканана ў г. Дахаў, Германія), Л.Бетховена, Ф.Шуберта, І.Штрауса, І.Брамса, П.Чайкоўскага, А.Рубінштэйна, Л.Бернстайна, Дз.Шастаковіча (у т. л. 14-я камерная сімфонія ў памяць аб ахвярах фашызму, выканана ў Дахаў) і інш. З 1989 пастаянны ўдзельнік Міжнар.муз. фестывалю ў г.Кармар Кальмар (Францыя); з ім выступаюць лепшыя выканаўцы сучаснасці. З 1990 на кантрактнай аснове працуе ў Іспаніі. Гастраліруе ва ўсім свеце, неаднаразова выступаў на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕЛІЁВІЧ (Леў Майсеевіч) (6.1.1912, Вільня — 3.12.1985),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1935—39), скончыў Бел. кансерваторыю (1941). Асн. дасягненні Абеліёвіча ў галіне лірыка-філас. сімфанізму. Муз. драматургія яго сімфоній вылучаецца канфліктнасцю, шматпланавасцю вобразнага развіцця. Значны ўклад Абеліёвіча ў вак. музыку. У творах 1970-х г. выявіліся рысы неакласіцызму.
Тв.:
4 сімфоніі (1962—1970), уверцюра (1955), «Гераічная паэма» (1957) і Сімф. карціны (1958) для сімф.арк.;
канцэрт для фп. (1979) і вакаліз памяці Дз.Шастаковіча (1976) з сімф.арк.;
арыя для скрыпкі і камернага арк.;
санаты;
фп. цыкл «Фрэскі»;
паэма для голасу з фп.;
зб. рамансаў і вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, Я.Коласа, Ф.Цютчава, Р.Бёрнса, А.Пушкіна;
«Партызанскія балады» на вершы А.Астрэйкі, М.Танка, У.Дубоўкі, «Ваенныя балады» на вершы розных паэтаў;
хары, песні, музыка да радыёспектакляў.
Літ.:
Калеснікава Н. Леў Абеліёвіч. Мн., 1970;
Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974. С. 162—186.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭВЕ́РДЗІ ((Monteverdi) Клаўдзіо Джавані Антоніо) (хрышчаны 15.5.1567, г. Крэмона, Італія — 29.11.1643),
італьянскі кампазітар, дырыжор; адзін з першых класікаў оперы. З 1590 чл. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. З 1590 служыў пры двары герцага Мантуанскага. З 1613 капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. Адзін з арганізатараў першага публічнага опернага т-ра (Венецыя). Апіраючыся на прынцыпы фларэнтыйскай камераты, заклаў традыцыі опернай венецыянскай школы. Ператварыў оперу ў муз. драму, развіў оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, арк. інтэрмедыя), увёў у оперу уверцюру, стварыў розныя тыпы рэчытатыву, узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі. Як музыкант-віртуоз выкарыстаў новыя выканальніцкія прыёмы. Стваральнік т.зв. ўсхваляванага стылю, дасягнуў гранічнай драматызацыі мадрыгала, ператварыўшы яго ў драм. сцэну. Аўтар 8 опер, з якіх цалкам захаваліся «Арфей» (паст. 1607), «Вяртанне Уліса на радзіму» (паст. 1640), «Каранацыя Папеі» (паст. 1642) — узоры эмацыянальна-псіхал. напружанай канфліктнай драматургіі. Сярод інш. твораў балет, хар. канцэрты, месы, матэты, каля 150 свецкіх і духоўных мадрыгалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́Т (франц. motet памяншальнае ад mot слова),
род вакальнай ці вак.інстр. музыкі. Вядомы з канца 12 ст. ў Францыі. Першапачаткова — 2-галосы муз. твор, у якім да голасу, заснаванага на напевах каталіцкай службы, далучаўся новы голас — матэт (адсюль назва). З 13 ст. ў М. пранікаюць свецкія мелодыі (песенныя і танц.) і тэксты. У 15 ст. выпрацавалася яго муз. і тэкставае адзінства (Г.Дзюфаі, Дж.Данстэйбл), усталяваўся 4-галосы склад (І.Окегем, Я.Обрэхт), паявілася вызначэнне М. як своеасаблівага муз. роду паміж месай і песняй. У 16 ст. развіваўся ў рэчышчах венецыянскай (А.Віларт, А. і Дж. Габрыэлі) і рымскай (Дж.Палестрына) школ. У 17 ст. М. страціў тыпалагічную ўстойлівасць, часам яго вызначалі як асаблівы «стыль», блізкі да «старадаўняга», ці як асаблівую тэхніку пісьма. Узніклі шматлікія разнавіднасці: мнагахорны М.-канцэрт, «манадычны», «сольны», або М.-канцэрт для невял. складу з basso continuo; М.-арыя, М.сцэна, М.-дыялог, блізкія да араторыі, кантаты і муз.-сцэн. жанраў. Да жанру М. звярталіся Г.Шутц, К.Мантэвердзі, Ж.Ф.Рамо, Г.Пёрсел, Г.Ф.Гендэль, І.С.Бах, В.А.Моцарт, А.Брукнер, К.Сен-Санс і інш. У 20 ст. М. стаў прататыпам тэхнікі кампазіцыі ў творах А.Веберна, І.Стравінскага, Дз.Лігеці і інш.
Літ.:
Симакова Н. Вокальные жанры эпохи Возрождения. М., 1985.