1) рытмічна біцца, мець пульс (пра сэрца, артэрыі);
2) перан. рытмічна рухацца, актыўна праяўляцца.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Жы́ўчык ’прыкметнае біццё артэрыі, торганне павека’, ’сперматазоід’. Рус.жи́вчик ’торганне павека, жылкі’, ’рэзвы, шустры чалавек’, ’сперматазоід’, укр.жи́вчик ’жылачка, што торгаецца’, ’вяртлявы чалавек’, ’сперматазоід’, польск.żywczyk памянш. ад żywiec ’насадка’, дыял. ’жывы хлопец’. Параўн. балг.живе́ц ’пульс’, серб.-харв.жи́вац ’нерв’, славен.žívec ’жывая істота; нерв’. Памянш. ад бел.жывец2 ’частка жывога цела’ > ’частка пазногця’ (адкуль ’артэрыя, біццё яе’) і жывец1 ’жывая рыбка’ < ’жывая істота’ (адкуль ’сперматазоід’) утворана з дапамогай суфікса *‑ikъ ад асновы *živьk‑ (> *živьcь па бадуэнаўскай палаталізацыі), відаць, яшчэ ў прасл. мове.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КРЫВЯНЫ́ ЦІСК,
ціск крыві ў сасудзістай сістэме; інтэгральны паказчык стану кровазвароту, абумоўлены нагнятальнай здольнасцю сэрца, супраціўленнем сасудаў, гідрастатычнымі сіламі.
К.ц. бывае артэрыяльны, вянозны, капілярны. Артэрыяльны ціск павялічваецца пры скарачэнні (сістале) сэрца (макс., сісталічны ціск 115—125 мм рт. сл.), зніжаецца пры расслабленні (дыястале) сэрца (мін., дыясталічны ціск (70—80 мм рт. сл.). Розніца паміж імі — пульсавы ціск. Вянозны ціск у перыферычных венах 60—100 мм вадзянога слупка. З узростам К.ц. павышаецца. Існуюць прамыя (крывавыя) і непрамыя (бяскроўныя) метады вымярэння К.ц. Артэрыяльны ціск вымяраюць непрамым метадам на плечавой артэрыі сфігмаманометрамі, вянозны — прамым метадам, з увядзеннем у вену іголкі, якая злучана з манометрам. Пра парушэнні К.ц. гл.Гіпатанія, Гіпертанія, Гіпертанічная хвароба.
Літ.:
Аринчин Н.И. Комплексное изучение сердечно-сосудистой системы. Мн., 1961;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
cardiac
[ˈkɑ:rdiæk]1.
adj.
1) сардэ́чны
cardiac artheries — сардэ́чныя артэ́рыі
cardiac muscle — сардэ́чны му́скул
2) ве́рхнястра́ўнікавы
2.
n.
1) сардэ́чнік -а m. (хво́ры на сэрца)
2) лек на сэ́рца
3) стра́ўнікавы лек
Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)
артэ́рыя
(гр. arteria)
1) крывяносны сасуд, які нясе кроў ад сэрца ва ўсе часткі цела (параўн.вена);
2) перан. важны шлях зносін (напр. водныя артэрыі).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ствол, ствала́, мн. ствалы́, ствало́ў, м.
1. Асноўная частка дрэва ад каранёў да верхавіны, якая трымае на сабе галіны і лісты.
2. Частка агнястрэльнай зброі ў выглядзе трубы, праз якую праходзіць, атрымаўшы напрамак палёту, куля або снарад.
3. Частка шахты ад паверхні да дна.
Праходка ствала.
4. У тэхніцы, анатоміі: назва розных прадметаў або органаў, якія маюць форму прамой трубы.
С. пажарнага рукава.
С. соннай артэрыі.
|| прым.ствалавы́, -а́я, -о́е, ствало́вы, -ая, -ае (да 1, 3 і 4 знач.) іство́льны, -ая, -ае (да 1, 2 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ішэмі́я
(ад гр. ischo = затрымліваю + haima = кроў)
мед. малакроўе органа ці асобнага яго ўчастка з-за абмежаванага прытоку крыві пры закупорцы або спазмах артэрыі, якая яго жывіць.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ГАРТА́НЬ,
пачатковы аддзел дыхальнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, што знаходзіцца паміж глоткай і трахеяй. Праз гартань паветра праходзіць у трахею, якая засцерагае дыхальныя шляхі ад пападання ў іх ежы (корму), удзельнічае ва ўтварэнні гукавых сігналаў і голасу.
Шкілет гартані складаецца са шчыта-, пярсцёнка- і чарпакападобных гіялінавых храсткоў, а таксама з эластычнага храстка надгартанніка з прымацаванымі да яго мышцамі і звязкамі У некат. відаў рукакрылых, сумчатых, кратоў і зубастых кітоў чарпакападобныя храсткі і надгартаннік утвараюць трубку, якая ўдаецца ў насаглотку і забяспечвае дыханне пры заглынанні корму. У дзяцей і жанчын дзве пласціны шчытападобных храсткоў зыходзяцца пад тупым, у мужчын пад вострым (утвараюць адамаў яблык) вуглом. Поласць гартані дзеліцца на ўваход, жалудачак і ніжнюю частку, выслана слізістай абалонкай, парныя складкі якой утвараюць паміж жалудачкам і ніжнім аддзелам гартані сапраўдныя галасавыя звязкі і абмяжоўваюць галасавую шчыліну (гл.Галасавы апарат). У млекакормячых пад імі знаходзяцца несапраўдныя галасавыя звязкі, у птушак галасавы апарат лакалізуецца ў ніжняй частцы трахеі і верхніх участках бронхаў. Зрушэнні храсткоў гартані з утварэннем гукаў забяспечваюцца папярочна-паласатымі мышцамі шкілетнага тыпу (укрываюць пярэднюю і бакавыя паверхні гартані), яе інервацыя — адгалінаваннямі блукаючага нерва, кровазабеспячэнне — праз гартанныя артэрыі, адток крыві — праз сістэму ярэмных і падключычных вен. Найб. пашыраныя запаленчыя хваробы гартані — ларынгіт, гартанная ангіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСУ́ЛЬТ (ад лац. insulto ускакваю),
апаплексія, «мазгавы ўдар», хуткае мясцовае, зрэдку дыфузнае парушэнне функцый мозга, абумоўленае прычынамі сасудзістага характару. Узнікае раптоўна як цяжкае ўскладненне атэрасклерозу, гіпертанічнай хваробы, хвароб сэрца, артэрый, крыві і інш. Выяўляецца агульнамазгавымі (страта прытомнасці, галаўны боль, ірвота і інш.), ачаговымі (парэзы, парушэнне мовы і інш.), менінгіяльнымі сімптомамі.
Адрозніваюць І.: ішэмічны (інфаркт мозга), гемарагічны (кровазліццё ўнутрымазгавое), субарахнаідальны (частата выяўлення 4:1:0,1). Ішэмічны І., або інфаркт мозга — найб. частая форма І. Развіваецца востра (секунды—мінуты), падвостра (гадзіны—дні), вельмі рэдка хранічна. Прычына — закупорка склератызаваных артэрый у выніку трамбозу ці эмбаліі, або гемадынамічныя парушэнні, што памяншаюць крываток і размякчаюць мозг. Найчасцей лакалізуецца ў сярэдняй мазгавой артэрыі. Сімптомы: слабасць канечнасцей на процілеглым баку цела (лева-правабаковы гемапарэз), афазія (пры левай лакалізацыі інфаркту), пры вострым цячэнні — страта прытомнасці і інш. Пры І. настае смерць ад ацёку лёгкіх, лёгачных і сардэчна-сасудзістых ускладненняў. Гемарагічны І., або кровазліццё ўнутрымазгавое — найб. цяжкая форма І. Найчасцей бывае пры гіпертаніі; прычына — разрыў сасуда ці анеўрызмы, іншы раз — прасочванне крыві праз непашкоджаныя сасуды. Пры падвострым цячэнні — галаўны боль; іншыя сімптомы не выяўляюцца або ўзнікаюць пазней, ачаговыя закранаюць функцыі руху і мовы. Лячэнне медыкаментознае, зрэдку хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭРАСКЛЕРО́З (ад грэч. athēra кашка + склероз),
хранічная хвароба крывяносных сасудаў, пры якой на ўнутраных сценках артэрый утвараюцца атэрасклератычныя бляшкі — ачаговыя назапашванні ліпідаў (тлушчападобных рэчываў), складаных вугляводаў, фібрознай тканкі, кампанентаў крыві і кальцыю. У выніку артэрыі трацяць эластычнасць і дэфармуюцца, іх прасвет звужаецца, ламінарны цёк крыві ператвараецца ў турбулентны; пашкоджанне крывяных пласцінак, актывацыя згусальнай і прыгнечанне антызгусальнай сістэм крыві садзейнічаюць узнікненню ў сасудах трамбатычных мас; парушаюцца кровазабеспячэнне, функцыі розных органаў і тканак. Напрыклад, моцны атэрасклероз сасудаў сэрца праяўляецца каранарнай недастатковасцю або інфарктам міякарда, мозга — парушэннямі разумовай дзейнасці, інсультам і паралічам, нырак — стойкай гіпертаніяй, ног — эндартэрыітам аблітэральным і інш. Найчасцей хварэюць на атэрасклероз у сталым і старэчым узросце (мужчыны часцей за жанчын), развіццё атэрасклератычных змен магчыма і з дзяцінства, асабліва пры спадчыннай да яго схільнасці.
Да фактараў рызыкі, што ўплываюць на ўзнікненне атэрасклерозу, адносяць незбалансаванае харчаванне, захворванне на цукр. дыябет, жоўцекамянёвую хваробу, хранічную нырачную недастатковасць, атлусценне арганізма, малую фіз. актыўнасць (гіпакінезія), гіпертэнзію, ужыванне алкаголю, курэнне, змяненні гарманальнага фону ў выніку пастаяннага псіхаэмацыянальнага перанапружання, уплыў некаторых спецыфічных умоў працы і інш. Паводле халестэрынавай гіпотэзы патагенезу атэрасклерозу, якая існуе каля 80 гадоў, цэнтр. месца ў развіцці хваробы адводзіцца парушэнням абмену халестэрыну. У прафілактыцы атэрасклерозу гал. роля належыць здароваму спосабу жыцця, абмежаванню ў ежы прадуктаў з вял. колькасцю халестэрыну і спажыванню большай колькасці прадуктаў, у якіх шмат алею і клятчаткі, выключэнню фактараў рызыкі.