ГА́НДАК,
рака ў Непале і Індыі, правы прыток Ганга. Даўж. 650 км, пл. бас. 44,3 тыс. км². Пачынаецца ў Гімалаях, цячэ пераважна па Інда-Гангскай раўніне. Сярэдні расход вады каля 800 м³/с. Летам частыя навадненні. Выкарыстоўваецца на арашэнне. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. У вусці — г. Хаджыпур (Індыя).
т. 5, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭЙХА́Н (Ceyhan),
рака на Пд Турцыі. Даўж. 474 км, пл. бас. 21,2 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Армянскага Таўра, ніжняе цячэнне — на нізіне Чукурава, упадае ў заліў Іскендэрон Міжземнага м., утварае дэльту. Сярэдні расход вады каля 230 м³/с. Зімняя паводка. Выкарыстоўваецца на арашэнне. У даліне — г. Джэйхан.
т. 6, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАШУ́Й, Эдзін-Гол (у вярхоўі — Хэйхэ),
рака на Пн Кітая. Даўж. каля 900 км. Вытокі ў ледавіках хрыбтоў Ціляньшань і Таалайшань (горы Наньшань), цячэ праз пустыні Алашань і Гобі, упадае некалькімі рукавамі (гал. — Марын-Гол, Іх-Гол) у азёры Гашун-Нур і Саго-Нур. Летняя паводка. Выкарыстоўваецца на арашэнне.
т. 6, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРА́ЦЫЯ КЛІ́МАТУ, паляпшэнне клімату,
комплекс мерапрыемстваў з мэтай змены клімату ў патрэбным чалавеку кірунку (паляпшэння ўмоў жыцця насельніцтва, развіцця асобных галін сельскай гаспадаркі і інш.). Пры сучасным узроўні развіцця навукі і тэхнікі М.к. можа праводзіцца на невял. тэрыторыях і пераважна ў каляземным слоі паветра. Непасрэдна М.к. робяць рэдка, амаль заўсёды яна з’яўляецца ўскосным вынікам меліярацыі. Магчыма ўздзеянне на скорасць ветру, т-ру і вільготнасць паветра і глебы, аэрацыю глебы, вышыню і шчыльнасць снегавога покрыва і інш. Для барацьбы з замаразкамі і павелічэння вегетац. перыяду ўжываецца дымленне, арашэнне, штучны абагрэў, зачарненне снегавога покрыва. Асушэнне і арашэнне паляпшае водна-паветраны і цеплавы рэжым глебы і каляземнага слоя паветра. Лясныя палосы і насаджэнні садзейнічаюць памяншэнню скорасці ветру, больш раўнамернаму размеркаванню снегу, павелічэнню вільготнасці і т-ры паветра. У буйных гарадах шкодны ўплыў клімату горада памяншаецца стварэннем рацыянальнай сістэмы забудовы і правядзеннем азелянення і інш.
т. 10, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРДА́Р (Vardar),
рака ў Македоніі і Грэцыі. Даўж. 388 км, пл. бас. 25,4 тыс. км². Пачынаецца і цячэ пераважна ў гарах Македоніі, нізоўі — на Саланікскай нізіне, упадае ў заліў Тэрмаікос Эгейскага м. Паводкі ў асенне-зімовы перыяд і вясною. Сярэдні расход вады 151 м³/с. Суднаходная. Выкарыстоўваецца пераважна на арашэнне. На Вардары — г. Скоп’е (Македонія).
т. 4, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬМЕ́НД,
рака ў Афганістане і Іране (нізоўі). Даўж. 1150 км, пл. бас, каля 500 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Гіндукуш, цячэ па Іранскім нагор’і паміж пустынямі Дашты-Марго і Рэгістан, заканчваецца ў бяссцёкавай упадзіне Сістан, жывіць воз. Хамун. Гал. прыток — Аргандаб. Вясенне-летняя паводка. Сярэдні расход вады 400—500 м³/с. Выкарыстоўваецца на арашэнне.
т. 5, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ МЕНДЭРЭ́С, Бююк-Мендэрэс (Büyük Menderes),
рака на З Турцыі. Даўж. 380 км, пл. бас. 23,9 тыс. км². Пачынаецца на Анаталійскім пласкагор’і, упадае ў Эгейскае м., утварае дэльту. Сярэдні расход вады 90 м³/с. Мнагаводная зімой. Выкарыстоўваецца на арашэнне. У ніжнім цячэнні рэчышча надзвычай звілістае, таму стараж.-грэч. назва ракі Меандр стала ўжывацца для абазначэння рачных лукавін — меандраў.
т. 4, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́КАС (Pecos),
рака на ПдЗ ЗША левы прыток р. Рыо-Грандэ. Даўж. 1215 км, пл. басейна 101 тыс. км² Вытокі ў Скалістых гарах, перасякае ў глыбокай даліне плато Лана-Эстакада. У нізоўі сярэдні гадавы расход вады, у выніку выкарыстання вады на арашэнне, складае 8 м³/с, максімальны зрэдку перавышае 3000 м³/с. На П. — г. Карлсбад.
т. 12, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЗАС, Брасас (Brazos),
рака на Пд ЗША (штат Тэхас). Даўж. 1530 км, пл. басейна 114 тыс. км². Пачынаецца на плато Льяна-Эстакада, перасякае Прымексіканскую нізіну, упадае ў Мексіканскі заліў. Сярэдні расход у вусці 214 м³/с. Суднаходная ў нізоўях за 65 км ад вусця (у перыяд дажджоў — за 400—500 км). Выкарыстоўваецца на арашэнне. ГЭС. На Бразасе — г. Уэйка, у вусці — порт Фрыпарт.
т. 3, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДА́ВАРЫ, Годзі,
рака ў Індыі. Даўж. 1450 км, пл. бас. 290 тыс. км². Пачынаецца ў Зах. Гатах, перасякае пласкагор’е Дэкан, упадае ў Бенгальскі заліў, утварае дэльту. Мнагаводная летам. Сярэдні расход вады 3500 м³/с. Суднаходства ў сярэднім і ніжнім цячэнні і ў дэльце, дзе злучана каналам з дэльтай р. Крышна. ГЭС. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гадавары — гарады Нашык, Нандэр, Раджамандры.
т. 4, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)