арганічныя злучэнні, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у адкрытыя лінейныя ці разгалінаваныя ланцугі. Ацыклічныя злучэнні з простымі сувязямі паміж атамамі вугляроду адносяцца да насычаных злучэнняў, з адной ці некалькімі двайнымі або трайнымі вуглярод-вугляроднымі сувязямі — да ненасычаных злучэнняў. Пад уздзеяннем каталізатараў і высокіх т-р адбываюцца хім. ператварэнні паміж насычанымі і ненасычанымі ацыклічнымі злучэннямі, а таксама паміж ацыклічнымі злучэннямі і аліцыклічнымі злучэннямі. Практычнае значэнне мае ператварэнне ацыклічных злучэнняў у араматычныя (гл.Араматызацыя). Да ацыклічных злучэнняў належаць вуглевадароды і іх вытворныя (спірты, кіслоты, эфіры, аміны і інш.), тлушчы і вугляроды (цукры, крухмал, клятчатка і інш). Асн. крыніца ацыклічных злучэнняў — нафта, прыродны газ, прадукты расліннага паходжання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
вуглевадародныя злучэнні і іх вытворныя. Падзяляюцца на ацыклічныя злучэнні, карбацыклічныя (гл.Ацыклічныя злучэнні, Араматычныя злучэнні) і гетэрацыклічныя злучэнні. Уласцівасці арганічных злучэнняў вызначаюцца прыродай замяшчальнікаў у вугляродным ланцугу ці цыкле, функцыянальных груп і наяўнасцю кратных сувязяў.
Арганічныя злучэнні, якія адрозніваюцца колькасцю CH2-груп, утвараюць гамалагічныя шэрагі, напр. метан (CH4), этан (C2H4), прапан (C3H8) і інш.; злучэнні з аднолькавым лікам атамаў вугляроду, але з рознымі функцыян. групамі — генетычныя шэрагі, напр. этан (C2H6), этылхларыд (C2H5Cl), этанол (C2H5OH), ацэтальдэгід (CH3CHO), воцатная к-та (CH3COOH) і інш. Паводле характару элементаў, якія ўтвараюць сувязь з атамам вугляроду, адрозніваюць галаген-, кісларод-, сера- і азотзмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў, шэраг элементаарганічных злучэнняў, у т. л.металаарганічных злучэнняў. Арганічныя злучэнні даследуюцца арганічнай хіміяй.
Існуюць 3 ізамеры: 1,2-дыметылбензол (орта-К.; tкіп 144,4 °C); 1,3-дыметылбензол (мета-К.; tкіп 139,1 °C); 1,4-дыметылбензол (пара-К.; tкіп 138,3 °C). Бясколерныя вадкасці з араматычным пахам. Не раствараюцца ў вадзе, змешваюцца з этанолам, эфірам, ацэтонам. Утвараюць выбухованебяспечныя парапаветраныя сумесі. Тэхн. К. (сумесь ізамераў) атрымліваюць піролізам ці каталітычным рыформінгам бензіну. Выкарыстоўваюць як растваральнікі лакаў, фарбаў, масцік, як высокаактанавую дабаўку да маторнага паліва; індывідуальныя ізамеры — у сінтэзе фталевых і талуілавых кіслот. Аказваюць наркатычнае ўздзеянне, пры ўдыханні выклікаюць захворванні крывятворных органаў і нырак, ГДК 50 мг/м³.
На Беларусі вырабляюць асобныя ізамеры К. на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮМІНАФО́РЫ (ад лац. lumen святло + грэч. phoros які нясе),
рэчывы, здольныя свяціцца (люмінесцыраваць) пры паглынанні энергіі ўзбуджэння. Выкарыстоўваюць для пераўтварэння розных відаў энергіі ў светлавую (гл.Люмінесцэнцыя).
Паводле хім. прыроды падзяляюць на Л. неарган. (фасфоры) і арган. (арганафасфоры, люміноры). Большасць неарган. Л. мае крышт. структуру і адносіцца да крышталефасфораў. Свячэнне арган. Л. абумоўлена хім. будовай іх малекул. Л. з’яўляюцца поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды (напр., антрацэн), многія гетэрацыклічныя злучэнні і іх вытворныя, а таксама комплексы металаў з арган. лігандамі. Арган. Л. выкарыстоўваюць у якасці актыўнага асяроддзя вадкасных лазераў, для аптычнага адбельвання і атрымання флуарэсцэнтных фарбаў, у люмінесцэнтнай дэфектаскапіі і аналіт. хіміі (гл.Люмінесцэнтны аналіз), а таксама ў малекулярнай біялогіі і медыцыне ў якасці метак ці зондаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
цыклі́чны
(ад цыкл)
1) які складае цыкл, адбываецца па цыклах;
2) які мае кальцавую будову, структуру;
ц-ыя злучэнні — арганічныя злучэнні (аліцыклічныя, араматычныя, гетэрацыклічныя), у якіх атамы звязаны ў цыкл (проціл.ацыклічны).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БАРКУ́Н, буркун (Melilotus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы; інтрадукаваны ў Паўн. Амерыку, Аўстралію. На Беларусі 3 дзікарослыя віды — баркун белы (Melilotus albus), жоўты, або лекавы (Melilotus officinalis), і волжскі (Melilotus wolgicus) — рэдкая занесеная расліна. Растуць на парушаных месцах уздоўж дарог, каля жылля, на сметніках, па далінах рэк.
Двух-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1,5—2 м. Лісце трайчастае, з дробных пілаватазубчастых лісточкаў. Кветкі дробныя, паніклыя, розных колераў (часцей белыя, бэзавыя, жоўтыя), у пазушных гронках. Плод — невялікі яйцападобны сціснуты струк. Кармавыя, лек., меданосныя, сідэратныя і араматычныя (маюць духмянае рэчыва кумарын) расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай і харч. прам-сці, у медыцыне і сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЕ́НАВЫ СІ́НТЭЗ, Дзільса—Альдэра рэакцыя,
рэакцыя 1,4-далучэння да злучэнняў са спалучанымі кратнымі сувязямі (дыенаў) рэчываў з актываванай кратнай сувяззю (дыенафілаў). Як агульная рэакцыя арган. хіміі Д.с. адкрыты О.Дзільсам і К.Альдэрам (1928).
У выніку Д.с. ўтвараюцца 6-членныя цыклы, напр., з бутадыену-1,3 (I) і малеінавага ангідрыту (II) атрымліваюць ангідрыд тэтрагідрафталевай к-ты (III). Звычайна дыенафіламі з’яўляюцца вытворныя алкенаў і алкінаў, кратная сувязь якіх актывавана суседняй электронаакцэптарнай групай (напр., =CO, −COOH, −NO2 і інш.), а таксама рэчывы, малекулы якіх маюць групы −C≡N, −N=N— =C=N−, =S=O і інш., дыенамі — ацыклічныя і цыклічныя 1,3-дыены (гл.Дыенавыя вуглевадароды), араматычныя злучэнні, гетэрацыклічныя злучэнні. Выкарыстоўваецца для сінтэзу поліцыклічных рэчываў, у т. л. стэроідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІКАРБАНА́ТЫ,
сінтэтычныя палімеры, складаныя поліэфіры вугальнай к-ты і дыгідроксізлучэнняў. Маюць агульную ф-лу [—ORO—C(O)—]n, дзе R — араматычны ці аліфатычны радыкал.
Найб. пашыраны араматычныя П. на аснове дыфенілолпрапану (бісфенолу А), найважн. з іх П., які атрымліваюць полікандэнсацыяй бісфенолу А з фасгенам [—OC6H4C(CH3)2C6H4OC(O)—]n. Цвёрдае аморфнае бясколернае рэчыва, мал. м. (2—12)∙104, шчыльн. 1200 кг/м³, tпл 220—230 °C, раскладаецца пры t > 320 oC. Тэрмапласт. Раствараецца ў метыленхларыдзе, хлараформе і інш.арган. растваральніках. Характарызуецца высокімі трываласцю і цвёрдасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Аптычна празрысты, атмасфера- і марозаўстойлівы (т-ра эксплуатацыі ад -100 да 135 °C), цяжкагаручы матэрыял. Выкарыстоўваюць П. як канстр. матэрыялы ў аўтамабілебудаванні, электроннай і электратэхн. прам-сці, як высокачастотныя дыэлектрыкі ў радыёэлектроніцы, у вытв-сці фільтраў для крыві, касцявых пратэзаў, абалонак для лек. сродкаў пралангаванага дзеяння, вочных лінзаў, лінзаў для оптыкі, асвятляльнай арматуры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТВАРА́ЛЬНІКІ,
хімічныя злучэнні ці іх сумесі, здольныя раствараць (гл.Растваральнасць) розныя рэчывы. У сістэмах вадкасць — газ і вадкасць — цвёрдае цела Р. лічаць вадкасць, у двух і шматкампанентных растворах — кампанент, колькасць якога значна перавышае колькасць інш. кампанентаў. Паводле асн.хім. класіфікацыі Р. падзяляюць на неарган. і арганічныя.
Найважн. неарган. Р. — вада. Да неарган. Р. адносяцца вадкія аміяк NH3 і дыаксід серы SO2, фторыставадародная к-та HF і інш.Арган. Р. — злучэнні розных класаў: аліфатычныя і араматычныявуглевадароды, іх галагена- і нітравытворныя (хлараформ, нітрабензол), спірты (метанол, этанол), кетоны (ацэтон), простыя і складаныя эфіры (дыэтылавы эфір) і інш. Класіфікуюць Р. таксама паводле палярнасці малекул і велічыні дыэл. пранікальнасці (палярныя і непалярныя), т-ры кіпення (нізка- і высокакіпячыя), вязкасці, пажара- і выбухованебяспечнасці, таксічнасці і інш. уласцівасцей. Асн. патрабаванні да Р. пры яго практычным выкарыстанні мінім. таксічнасць і пажаранебяспечнасць, даступнасць і таннасць. Выкарыстоўваюць для тэхнал. мэт у лакафарбавай, тэкст., фармацэўтычнай, мед. прам-сці, пры вытв-сці выбуховых рэчываў, а таксама ў якасці асяроддзя для ажыццяўлення хім. рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫХЛАПНЫ́Я ГА́ЗЫ,
газападобныя і цвёрдыя прадукты, што выкідваюцца ў атмасферу рухавікамі ўнутр. згарання; адна з асн. крыніц забруджвання атмасфернага. Пераважныя інгрэдыенты выхлапных газаў: вокіс вугляроду (CO), вокіслы азоту (NOx), сярністы ангідрыд (SO2), вуглевадароды (CnHm), серавадарод (H2S) і інш. Асобную групу складаюць канцэрагенныя поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды і найб. актыўны з іх — бенз(а)пірэн (індыкатар наяўнасці канцэрагенаў у выхлапных газах). Пры выкарыстанні этыліраванага бензіну ў саставе выхлапных газаў высокатаксічныя злучэнні свінцу. Пад уздзеяннем сонечнай радыяцыі ў выніку фотахім. рэакцый выхлапныя газы ператвараюцца ў таксічныя рэчывы і адмоўна ўплываюць на чалавека, жывёл (павялічваюць успрымальнасць да розных хвароб, пераважна анкалагічных) і расліны (парушаюць працэс фотасінтэзу). Выкіды аўтатранспарту — асн. прычына фотахім. смогу ў гарадах. Узровень выкідаў CO, CnHm, NOx і дымнасці выхлапных газаў рэгулюецца спец. нарматывамі (дапушчальныя выкіды на 1 км пройдзенага шляху) і кантралюецца газааналізатарамі і дымамерамі. На Беларусі выкіды ад аўтатранспарту склалі 1,7 млн.т (77% ад агульных выкідаў у атмасферу; 1995). Таксічнасць выхлапных газаў зніжаецца пры выкарыстанні неэтыліраванага бензіну і экалагічна чыстых відаў паліва — прыроднага і звадкаванага газу.