Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМАТЫ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
цыклічныя арган. злучэнні, атамы якіх ствараюць адзіную спалучаную (араматычную) сістэму сувязяў. Назва ад прыемнага паху першых адкрытых такіх злучэнняў.
У вузкім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць толькі бензольныя злучэнні: араматычныя вуглевадароды (арэны), напр. бензол, талуол, стырол, бі-, тры- і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з бензольных ядраў, напр. нафталін, антрацэн, і іх вытворныя (галагензмяшчальныя, аміны, нітразлучэнні, фенолы і інш.). Фіз. і хім. асаблівасці араматычных злучэнняў звязаны з існаваннем у іх замкнёнай электроннай абалонкі з π-электронаў. У параўнанні з ненасычанымі злучэннямі яны больш устойлівыя, удзельнічаюць пераважна ў рэакцыях замяшчэння і захоўваюць араматычную сістэму сувязяў. У шырокім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць таксама гетэрацыклічныя электронныя аналагі бензолу (пірыдзін, пірол, фуран, тыяфен), небензоідныя злучэнні тыпу азуленаў, баразолу, ферацэну і інш.Асн. крыніца араматычных злучэнняў — прадукты каксавання каменнага вугалю, перапрацоўкі нафты (гл.Араматызацыя). Араматычныя злучэнні — прадукты прамысл.арган. сінтэзу (палімеры, фарбавальнікі, лекавыя сродкі, выбуховыя рэчывы).
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
НІТРАЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, у малекулах якіх адна ці некалькі нітрагруп -NO2 непасрэдна звязаны з атамамі вугляроду. Паводле колькасці нітрагруп Н. падзяляюць на мона-, ды- і полінітразлучэнні. Адрозніваюць аліфатычныя, араматычныя, тлушчаараматычныя (з нітрагрупай у бакавым аліфатычным ланцугу, напр., фенілнітраметан C6H5NO2) і інш.
Найпрасцейшыя нітралканы бясколерныя вадкасці (напр., нітраметан); араматычныя Н. — высокакіпячыя вадкасці (напр., нітрабензол) ці нізкаплаўкія крышт. рэчывы з характэрным пахам. Многія полінітразлучэнні, пераважна араматычныя — выбуховыя рэчывы. Аліфатычныя Н. атрымліваюць вадкафазным ці парафазным нітраваннем сумесі этану, прапану і бутану, вылучанай з прыроднага газу ці пры перапрацоўцы нафты; араматычныя — пераважна электрафільным нітраваннем. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, шэраг Н. у якасці біялагічна актыўных рэчываў (гербіцыды, фунгіцыды, антыбактэрыяльныя сродкі), аліфатычныя Н. як растваральнікі ў лакафарбавай прам-сці і вытв-сці палімераў, для дэпарафінізацыі нафты і інш., араматычныя — у вытв-сці выбуховых рэчываў, фарбавальнікаў, некаторыя як пахучыя рэчывы. Таксічныя: аліфатычныя раздражняюць слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, з’яўляюцца клетачнымі ядамі агульнага ўздзеяння; араматычныя — прыгнечваюць нервовую і асабліва крывятворную сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
арылава́ць
(ад лац. arilli = араматычныя радыкалы)
тое, што і алкілаваць.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЗАЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя арганічныя злучэнні, якія змяшчаюць азагрупу -N=N-, звязаную з двума радыкаламі. Радыкалы бываюць аліфатычныя, араматычныя ці гетэрацыклічныя з функцыян. групамі (OH, NH2, CN) або без іх. Найпрасцейшыя азазлучэнні — азаметан CH3N=NCH3, азабензол. Для азазлучэнняў характэрна цыс- і трансізамерыя, для оксізамяшчальных — таўтамерыя. Асн. метад атрымання — азаспалучэнне. Аліфатычныя азазлучэнні выкарыстоўваюць як ініцыятары палімерызацыі і сітавінаўтваральнікі, араматычныя з OH- і NH2-групамі як сінт.азафарбавальнікі і кіслотна-асноўныя індыкатары ў аналітычнай хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАЛІ́Н,
кандэнсаваны араматычны вуглевадарод, С10Н8. У малекуле Н. 2 кандэнсаваныя бензольныя кальцы (гл.Араматычныя злучэнні).
Бясколерныя крышталі з характэрным пахам, tпл 80,3 °C. Добра раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, ацэтоне, бензоле, мала — у вадзе. Лёгка ўзганяецца (пры 50 °C). Праяўляе араматычныя ўласцівасці; гідрагенізуецца часткова або поўнасцю (утвараюцца тэтралін і дэкалін), акісляецца з раскрыццём аднаго з цыклаў. Атрымліваюць з каменнавугальнай смалы і прадуктаў піролізу нафты. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. прам-сці (для атрымання фталевага ангідрыду, нафтолаў, тэтраліну, дэкаліну і інш.), а таксама ў вытв-сці азафарбавальнікаў, пластыфікатараў, паверхнева-актыўных рэчываў, лек. сродкаў, як інсектыцыд. ГДК 20 мг/м³.