МО́ЗЕР ((Moser) Лукас) (каля 1390, г. Вейль-дэр-Штат, Германія — пасля 1434),
нямецкі жывапісец. Працаваў у Швабіі. Аўтар алтарасв. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне каля г. Бадэн (жывапісныя кампазіцыі «Падарожжа па моры», «Сон святых, якія прыбылі ў Марсель», «Яўленне св. Магдаліны жонцы князя», «Апошняе прычашчэнне св. Магдаліны ў саборы Экса», «Св. Марта», «Св. Лазар», «Магдаліна выцірае ногі Хрысту ў час балю ў Сімона», «Хрыстос з дзевамі разумнымі і неразумнымі», усе 1432). Вял. дакладнасцю і назіральнасцю вызначаецца перадача тыпажу персанажаў, арх. і пейзажнага фону, светлавых эфектаў, што сведчыць пра блізкасць мастака да жывапісных прыёмаў ранняга нідэрл. Адраджэння.
Я.Ф.Шунейка.
Л.Мозер. Алтар св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне. 1432.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ХЕР ((Pacher) Міхаэль) (каля 1435, г. Бруніка, Італія — 1498),
аўстрыйскі жывапісец і скульптар; прадстаўнік пераходнага перыяду ад готыкі да Адраджэння. Зазнаў уплыў А.Мантэньі. Аўтар алтарных кампазіцый, якім уласцівы смелая перспектыўная пабудова прасторы і ракурсаў, скульпт. дакладнасць форм, жыццёвая выразнасць персанажаў, гучнасць каларыту: разны алтар царквы ў Бальцана (Італія, з 1471), скульпт. і жывапісны алтар царквы ў Санкт-Вольфгангу (1471—81), жывапісны алтар «Чатырох айцоў царквы» (1475—79) і інш, Скульпт. работы больш звязаны з традыцыямі готыкі, вызначаюцца драматызмам і вострай характарнасцю вобразаў, напружаным лінейным рытмам, узорыстасцю кампазіцыі («Каранаванне Марыі» ў алтары царквы ў Санкт-Вольфгангу і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БААЛЬБЕ́К (стараж.Геліопаль),
горад у Ліване, у даліне Бекаа. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. да нашай эры
Захаваліся руіны грандыёзнага храмавага ансамбля рым. часу (1—3 ст.). Велічныя прапілеі з 12-калонным порцікам і 2-павярховымі квадратнымі вежамі па баках вялі ў шасцівугольны двор, за якім размяшчаўся вял. прамавугольны двор (раскопкамі адкрыты рэшткі вял. будынка алтара). Манументальныя ўсходы вялі ў Вял. храм, ці т.зв. храм Юпітэра, каля яго добра захаваны Малы храм, ці т.зв. храм Вакха або Меркурыя; каля прапілеяў стаяў т.зв. храм Венеры. У 13 ст.тэр. ансамбля была ператворана ў крэпасць (рэшткі сцен, вежаў). На У ад прапілеяў — руіны Вял. мячэці і мінарэта.
Літ.:
Jidejian N. Baalbek: Heliopolis, city of the sun. Beirut, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎПАЎСКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік драўлянага дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1773 у в.Воўпа біскупам інфлянцкім Янам Непамукам Касакоўскім на месцы касцёла 16 ст. Рэстаўрыраваны ў 1889. Падоўжаны 1-нефавы аб’ём з трансептам у сярэдняй частцы. Гал. фасад 3-часткавы: цэнтр.ч. ў выглядзе неглыбокага рызаліту завершана атыкам і трохвугольным франтонам, бакавыя ўтвораны дзвюма 2-яруснымі вежамі з нізкімі шатровымі дахамі і фігурнымі шпілямі над імі. Прастору нефа замыкае драўляны разьбяны гал. алтар (1-я пал. 17 ст.; спалучае рысы маньерызму і ранняга барока; майстар невяд.), багата дэкарыраваны накладной і скразной разьбой у выглядзе арабескавых паясоў, ракавін, картушаў, галовак херувімаў. Фундатар алтара падканцлер Казімір Леон Сапега. У прыбудове размешчаны алтар Маці Божай Ружанцовай (1-я пал. 17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎБІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры несапраўднай готыкі каля спарт. комплексу «Раўбічы» (Мінскі р-н). Пабудаваны ў 1858—62 з цэглы на месцы драўлянага касцёла 18 ст. У 1866 ператвораны ў правасл. царкву. У 1880 перад храмам пастаўлены драўляныя званіца і капліца (не захаваліся). У 1975—78 будынак рэстаўрыраваны (арх. Л.Паўлава) і прыстасаваны пад Музей беларускага народнага мастацтва. Манум. 1-нефавы будынак на магутным бутавым цокалі з капліцамі каля алтара. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі 8-граннымі вежамі з шатровымі завяршэннямі. Высокі шмат’ярусны атыкавы франтон паміж імі падкрэслівае форму стральчатага ўваходнага партала з ганкам з абчасанага каменю. У дэкоры гал. фасада выкарыстаны накладныя 3-ярусныя пілоны з перакінутымі паміж імі стральчатымі броўкамі. Над парталам — гатычнае акно-ружа. Рытм бакавых фасадаў створаны чаргаваннем магутных контрфорсаў і стральчатых аконных праёмаў з фігурнымі дубовымі пераплётамі і вітражамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1801 з цэглы. У 1908 на ПдУ ад касцёла пастаўлена 2-ярусная мураваная званіца. Храм прамавугольны ў плане, з крыху выступаючым трансептам і паўцыркульнай апсідай. Гал. (паўд.) фасад завершаны трыгліфным фрызам з развітым карнізам, над якім атыкавы франтон з паўкруглым аконным праёмам у тымпане. Бакавыя фасады дэкарыраваны рустоўкай і завершаны прафіляваным карнізам. На сценах, скляпеннях асн. аб’ёму і алтарнай ч. жывапісныя кампазіцыі на біблейскія тэмы і дэкар.-арх. размалёўка, якая стварае ілюзорнае ўяўленне прасторы. Драўляны разны алтар 2-ярусны, расчлянёны калонамі карынфскага ордэра, дэкарыраваны накладной пазалочанай разьбой і скульптурай. Захаваўся абраз 17 ст. «Маці Божая з дзіцем» (перанесены з капліцы в. Мачульна ў 1945).
В.В.Церашчатава, Т.І.Чарняўская.
Роскі Троіцкі касцёл.Роскі Троіцкі касцёл. Фрагмент галоўнага алтара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭ́НЬ ((Montaigne) Мішэль дэ) (28.2. 1533, Сен-Мішэль-дэ-Мантэнь, каля г. Бардо, Францыя — 13.9.1592),
французскі філосаф і пісьменнік. У асн.літ.-філас. творы «Вопыты» (кн. 1—3, 1580—88) развіваў сістэму скептыцызму, накіраваную супраць сярэдневяковай схаластыкі. Дапускаў існаванне Бога, сцвярджаў бяссілле розуму ў тлумачэнні звышнатуральнага і выкарыстанне яго толькі ў чалавечых справах, адмаўляў бяссмерце душы і пасмяротнае ўшанаванне. Высмейваў веру ў цуды і патрабаваў прычыннага тлумачэння ўсіх з’яў, падкрэсліваў універсальнасць законаў аб’ектыўнага свету. адстойваў свабоду сумлення. Яму належыць шэраг прагрэс. ідэй у педагогіцы. Паўплываў на развіццё матэрыялізму і атэізму ў Францыі і па-за яе межамі. Яго ідэі прадаўжалі П.Гасендзі, Р.Дэкарт, П.Бейль, Вальтэр, Ж.Ж.Русо, франц. матэрыялісты 18 ст.
Тв.:
Рус.пер. — Опыты. Кн. 1—3. СПб., 1998.
Літ.:
Большаков В.П. Монтень — великий гуманист эпохи Возрождения. М., 1983;
Комарова В.П. Шекспир и Монтень. Л., 1983.
В.В.Краснова.
А.Мантэнья. Размалёўка алтара Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне. 1457—59.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕБАСЦЬЯ́НА ДЭЛЬ П’ЁМБА [Sebastiano del Piombo; сапр.Лучані (Luciani); каля 1485, г. Венецыя, Італія — 21.6.1547],
італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Дж.Беліні. Раннім творам, створаным пад уплывам Джарджоне і Тыцыяна, уласцівы прасветлена-лірычны лад (створкі аргана з выявамі 4 святых для царквы Сан-Барталамеа аль Рыяльта, карціна для гал.алтара царквы Сан-Джавані Крызастома ў Венецыі). З 1511 працаваў у Рыме, дзе зблізіўся з Рафаэлем; работы адметныя больш строгім і ўраўнаважаным характарам пры захаванні гучнасці каларыту, уласцівага венецыянскай школе жывапісу. фрэскі на віле Фарнезіна (1511), партрэт рымлянкі (т.зв. «Даратэя», каля 1515) і інш. З 2-й пал. 1510-х г. пад уплывам Мікеланджэла яго творы набылі падкрэслена драм. афарбоўку («Уваскрашэнне Лазара», 1519). Работы, створаныя ў перыяд контррэфармацыі, вызначаюцца змрочнай жорсткасцю вобразнага ладу, які выявіў крызіс маст. прынцыпаў Высокага Адраджэння («Нясенне крыжа», 1537). У 1540-я г. для сабора Санта-Марыя дэла Пачэ ў Рыме выканаў буйную манум. кампазіцыю «Сустрэча Марыі і Елізаветы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СКІЯ,
бел. мастакі (бацька і сын).
Ксаверы Дамінік (? — 4.12.1764), жывапісец і гравёр. У 1733 — 64 працаваў у Нясвіжскім замку ў кн. Радзівілаў. У 1753 напісаў для гал.алтара Нясвіжскага касцёла езуітаў карціну «Тайная вячэра», пісаў таксама ў ім фрэскі. Стварыў (з Г.Ляйбовічам) шэраг партрэтаў Радзівілаў для альбома (1757). Адзін з аўтараў дэкарацый для «камедыенгаўза» ў Нясвіжы, узораў (кардонаў) для габеленаў, якія ткаліся на мануфактурах у Карэлічах, Нясвіжы, Міры. Часта працаваў з сынам Юзафам Ксаверыем.
Юзаф Ксаверы, прыдворны жывапісец Радзівілаў у Нясвіжы ў 2-й пал. 18 ст. Сярод работ партрэты Міхала, Урсулы, Ганны (усе 1759), Гераніма (1785) Радзівілаў, польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1783). Афармляў інтэр’еры нясвіжскіх замка і дамініканскага касцёла (1763). Мяркуюць (У.Сыракомля і інш.), што ён з’яўляецца аўтарам шэрагу карцін для Стаўбцоўскага дамініканскага касцёла («Раздача міласціны св. Антоніем і епіскапам Юльянам» і інш.). Выязджаў для работ у Брэст і Жоўкву (цяпер г. Несцераў, Украіна). Навучаў прыгонных мастакоў Мікалая, Андрэя, Канстанціна і інш.
Да арт.Гескія. Ю.К.Гескі. Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 1783.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́МЛІНГ ((Memling) Ганс) (каля 1430—40, г. Зелігенштат, Германія — 11.9.1494),
нідэрландскі жывапісец Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у Рагіра ван дэр Вейдэна, зазнаў уплыў яго і Я. ван Эйка. З 1465 працаваў у Бруге. У творчасці спалучаў познагатычныя і рэнесансавыя рысы. Аўтар рэліг. кампазіцый са складанай разгорнутай пабудовай, якім уласцівы характарнасць вобразаў і драматычнасць перадачы пачуццяў: трыпціхі «Страшны суд» (каля 1473), «Трыпціх Джона Дона» (1468), «Трыпціх Іаана» (1479), «Алтар Адрыяна Рэйнса» (1480), «Трыпціх Якаба Фларэнса» (каля 1489—90), «Алтар Укрыжавання» (1491), карціны «Пакуты Хрыстовы» (1470), «Пакуты св. Себасцьяна» (каля 1470), «Сем радасцей Марыі» (1480), «Дабравешчанне» (1482), «Мадонна з дзіцем» (1487). Гуманіст. скіраванасць творчасці М. выявілася ў выявах данатараў у рэліг. творах і партрэтах: пажылога чалавека (каля 1470), Т.Партынары, М.Партынары (абодва каля 1472), маладога чалавека (каля 1475), Б.Улендэрберг (каля 1478), «Трыпціх Вілема Морэльса» (1484), «Алтар Марціна ван Ньювенхове» (1487). Звяртаўся да адлюстравання аголенай натуры («Вірсавія», «Пыхлівасць», абедзве каля 1485), пейзажа (размалёўкі рэлікварыя св. Урсулы, 1480), анімалістычных матываў («Коні і малпа», 1480-я г.).
В.Я.Буйвал.
Г.Мемлінг. Мадонна з дзіцем. Левая створка «Алтара Марціна ван Ньювенхове». 1487.