КІ́РКАЎ (Васіл) (15.5.1870, г. Карлава, Балгарыя — 28.11.1931),

балгарскі акцёр, прадстаўнік рамантызму. У 1892—1926 у т-ры «Сляза і смех» у Сафіі (з 1904 Нар. т-р). Адзін з першых праф. акцёраў Балгарыі. Выконваў пераважна ролі рамант. герояў: Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Фердынанд («Каварства і любоў» І.​Ф.​Шылера), Няхлюдаў («Уваскрэсенне» паводле Л.​Талстога); а таксама ролі ў нац. спектаклях: Хрыстафораў («Ля падножжа Віташы» П.​Яварава), Іванка («Іванка» В.​Друмева), Барыслаў («Барыслаў» І.​Вазава).

т. 8, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБУ́КІ,

від японскага класічнага тэатра. Уключае музыку, танцы, драму. Узнік у 16 ст. на аснове нар. т-ра і нар. танца. Першапачаткова трупы складаліся пераважна з жанчын (она-К.), пасля іх забароны (1629) — з хлопчыкаў-падлеткаў (вакасю-К.), з 1651 — выключна з мужчын (яра-К.), якія выконвалі і жаночыя ролі (анагата). Гісторыя драматургіі К. звязана з развіццём гутарковай драмы (нёгэн), якой папярэднічаў нар. вулічны фарс 14—15 ст. Ігра акцёраў будавалася на аснове пераймання рэчаіснасці (манамантэ) і перадачы ўнутр. свету, стану чалавека. Гал. жанры К. — пачуццёвая меладрама і быт. драма. Росквіт К. пачынаецца з канца 17 ст.

Завершаную форму набыў у 2-й пал. 18 ст., калі ў рэпертуар увайшлі п’есы т-ра марыянетак, пантаміма, склаліся дакладна вызначаныя тэхніка ігры акцёраў (ката), амплуа (герой, нягоднік, дзяўчына, хлопец і інш.), сістэма дэкарацый і абсталявання сцэны, акцёрскія дынастыі. З 1870-х г. К. рэфармаваўся, часткова набыў еўрап. рысы. У 1980-я г. пачалося абнаўленне т-ра і яго новы ўздым. У сучасным К. захаваліся асаблівая ўмоўная манера выканання, кананічныя позы, грым, дэкарацыі і інш.

Сцэны тэатра кабукі. З дрэварытаў Кацукавы Шаунша і Утагавы Кунісады.

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРЭПРЭНЁР (ад франц. entrepreneur прадпрымальнік),

уладальнік, арандатар, гаспадар прыватнага відовішчнага прадпрыемства (т-ра, цырка і інш.) — антрэпрызы або арганізатар гастрольных турнэ труп і асобных акцёраў. У Зах. Еўропе вядомыя з сярэдзіны 16 ст., на Беларусі — з 1770-х г. Апрача камерцыйных існавалі антрэпрэнёры, звязаныя з т-рам творчымі адносінамі: антрэпрэнёр-акцёр (Р.​Бёрбедж, Англія), антрэпрэнёр-рэжысёр (М.​Райнгарт, Германія), антрэпрэнёр-драматург (Ж.​Б.​Мальер, Францыя) і інш. Першым бел. антрэпрэнёрам быў І.Буйніцкі. Функцыі антрэпрэнёра выконвалі Ф.Ждановіч і У.Галубок.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ІЧ ((Vujić) Іаакім) (9.9.1772 — 8.11.1847),

сербскі акцёр, драматург, перакладчык, тэатр. дзеяч. Кіраваў аматарскімі тэатр. калектывамі ў Ваяводзіне і Сербіі, у 1833—36 княжацкім т-рам у г. Крагуевац, у 1839 аматарскім т-рам у г. Нові-Сад (з 1840 у г. Заграб; паклаў пачатак стварэнню нац. т-ра). Вуіч стварыў тэатр. рэпертуар на роднай мове і выхаваў першых прафес. сербскіх акцёраў, за што быў названы «бацькам сербскага тэатра». Пакінуў аўтабіяграфію (1833), а таксама шматлікія дзённікі сваіх падарожжаў.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПО́ЛЬСКІ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК БССР.

Існаваў у 1939—41. Створаны ў Гродне з акцёраў польск. драм. т-раў. Маст. кіраўнік У.​Ярэма. Значную ролю ў станаўленні калектыву адыграла знаёмства з творчасцю Цэнтр. т-ра лялек пад кіраўніцтвам С.Абразцова, які ў 1939 гастраліраваў у Беластоку. У пастаноўках выкарыстоўваліся лялькі розных сістэм. У рэпертуары: «Дзед і Жораў» В.​Вольскага, «Патапыч» і «Чароўны галёш» Г.​Мацвеева, «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.​Гернет і інш. Спыніў дзейнасць у пач. Айч. вайны.

т. 6, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДРУ́РЫ-ЛЕЙН»

(Drury Lane),

англійскі драматычны тэатр. Створаны ў 17 ст. У 18—19 ст. меў манаполію на пастаноўку сур’ёзнай драмы. Гэта абумовіла высокі маст. ўзровень рэпертуару («Д.-Л.» называюць «Домам англ. драмы») і прывабіла шмат таленавітых англ. акцёраў. Тут выступалі: Д.Гарык, С.Сіданс, Дж.Кембл, Э.Кін, У.Макрэдзі. У рэпертуары разам з лепшымі творамі нац. драматургіі ставіліся таксама пантамімы і меладрамы.

Будынак узведзены ў 1663. Пацярпеў ад пажараў (1672, 1809) і ад бамбёжкі (1940). Адноўлены. Цяпер пастаяннай трупы не мае, выкарыстоўваецца для гастрольных спектакляў.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПРАЦАЎНІКО́Ў МАСТА́ЦТВА,

аб’яднанне тэатр. дзеячаў г. Мінска ў 1919—20. Пачало дзейнасць 14.8.1919 спектаклем «Паўлінка» Я.​Купалы ў памяшканні «Беларускай хаткі». Складалася з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра і інш. Арганізатар і кіраўнік У.​Фальскі. Ставіліся пераважна творы бел. драматургіі: «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» У.​Галубка, «Мікітаў лапаць» і «Жаніх без шлюбу» М.​Чарота. У спектаклях удзельнічаў хор У.​Тэраўскага. Сярод акцёраў Б.​Бусел, П.​Валасевіч, Галубок, М.​Зароская, М.​Кудзелька (М.​Чарот).

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пратагані́ст

(гр. protagonistes)

1) першы з трох акцёраў у старажытнагрэчаскім тэатры, выканаўца галоўных роляў (параўн. дэўтэраганіст, трытаганіст);

2) галоўная дзеючая асоба ў мастацкім творы, пераважна ў драме.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНДРЭ́ЕЎ-БУРЛА́К (сапр. Андрэеў) Васіль Мікалаевіч

(1.1.1843, г. Ульянаўск — 10.5.1888),

рускі акцёр. Вучыўся ў Казанскім ун-це. У т-ры з 1868. Ад камедыйнага акцёра, схільнага да імправізацыі і фарсавых прыёмаў ігры, эвалюцыяніраваў да рэалізму. У распрацоўцы тэмы «маленькага чалавека» спалучаў характарнасць з глыбокім псіхалагізмам. Сярод роляў: Шчасліўцаў («Лес» А.​Астроўскага), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна) і інш. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў першага прыватнага т-ра ў Маскве (т.зв. Пушкінскі т-р, 1880). Стварыў (разам з М.​Пісаравым) «Першае таварыства рускіх акцёраў» (1883). Майстар маст. чытання.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́НГЕЛЬШТЭТ ((Dingelstedt) Франц фон) (30.6.1814, Гальсдорф, каля г. Марбург, Германія — 15.5.1881),

нямецкі драматург, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Працаваў у прыдворных т-рах Штутгарта (з 1846), для якога напісаў шматлікія пралогі, п’есу «Дом Берневельт» (1850), Мюнхена (кіраўнік з 1851), дзе ставіў п’есы І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, Г.​Э.​Лесінга з удзелам буйнейшых тагачасных акцёраў, Веймара (кіраўнік з 1857), дзе паставіў шэраг п’ес У.​Шэкспіра. З 1867 дырэктар опернага т-ра, з 1870 — «Бургтэатра» ў Вене. Дзейнасць Дз. значна паўплывала на развіццё ням. і аўстр. т-ра.

т. 6, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)