АШАРЫ́Т (ад назвы месца знаходкі каля г. Ашэрслебен у Германіі),
сайбелііт, мінерал класа баратаў, Mg2(OH)[B2O4(OH)]. Мае прымесі жалеза, марганцу. Вядомы дзве манаклінныя і адна рамбічная мадыфікацыі. Крышталі рэдкія, часцей тонкавалакністыя агрэгаты, шчыльныя і зямлістыя масы, канкрэцыі. Колер белы, шараваты, жаўтаваты. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 2,69 г/см³. Пашыраны мінерал эндагенных радовішчаў борных рудаў і саляносных асадкавых тоўшчаў. Борная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАНЖЭРЫ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Ш.Буланжэ),
мінерал класа складаных сульфідаў, сульфід свінцу і сурмы, Pb5Sb4S11. Прымесі медзі, жалеза, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі ігольчастыя. Валакністыя агрэгаты, шчыльныя масы. Колер ад свінцова-шэрага да зямліста-чорнага. Бляск металічны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 6,2 г/см³. Трапляецца як другарадны мінерал у гідратэрмальных радовішчах разам са складанымі сульфідамі свінцу, карбанатамі і кварцам. Руда свінцу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСМУЦІ́Н,
вісмутавы бляск, мінерал класа сульфідаў, сульфід вісмуту, Bi2S3. Прымесі свінцу, медзі, сурмы, селену. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі ігольчастыя, пласцінкі, зярністыя і прамяністыя агрэгаты. Колер алавяна-белы да свінцова-шэрага. Бляск металічны. Цв. 3,5. Шчыльн. 6,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў высокатэмпературных гідратэрмальных жылах і ў гранітных пегматытах. Гал. мінерал вісмутавых руд. Радовішчы ў Балівіі, Казахстане, Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕЙКІ́Т (ад прозвішча бел. геолага І.І.Дамейкі),
мінерал, прыродны арсенід медзі, Cu3As. Крышталізуецца ў кубічнай і гексаганальнай сінганіях з т-рай пераходу 225 °C. Агрэгаты шчыльныя, пупышка- і гронкападобныя. Колер серабрыста-белы, шэры, з жаўтавата-бурай пабегласцю. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 7,5 г/см³. Крохкі. Гідратэрмальнага паходжання, асацыіруе з самароднымі меддзю, серабром, сульфідамі медзі і арсенідамі нікелю, кобальту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д ВЕНТЫЛЯЦЫ́ЙНЫХ ЗАГАТО́ВАК.
Пабудаваны ў 1976 у Магілёве. Складаецца з 2 асн. цэхаў: па вырабе сістэм вентыляцыі і цэха металаканструкцый вентылятараў і вентыляцыйных вырабаў. Мае таксама ўчасткі па вырабе тавараў нар. ўжытку і паслуг насельніцтву. Асн. прадукцыя (1999): паветраводы і фасонныя часткі да іх, цэнтрабежныя і восевыя вентылятары, паветраразмеркавальнікі, шумаглушыцелі, прыточныя камеры і агрэгаты, заслонкі, клапаны ўсіх тыпаў, коміны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАНТЫ́Т (ад грэч. akantha калючка, іголка),
мінерал класа сульфідаў, сульфід серабра з групы аргентыту. Мае 87% серабра з прымесямі медзі, жалеза, цынку і інш. Утварае плёнкі, зямлістыя агрэгаты («сярэбраная чэрнь»), суцэльныя масы, дробныя крышталі і г.д. Колер жалезіста-чорны. Бляск металічны. Цв. 2—2,5; коўкі. Шчыльн. 7,2—7,3 г/см³. Гідратэрмальны мінерал (у свінцова-цынкавых радовішчах з аргентытам). Радовішчы ў Чэхіі, Германіі, ЗША. Каштоўная сярэбраная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБЕРГІ́Т (ад назвы радовішча Анаберг у ФРГ),
мінерал класа арсенатаў Ni3[AsO4]2·8H2O. Поўны ізамарфізм з эрытрынам. Часта мае ў сабе кобальт, прымесі кальцыю, магнію, жалеза, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае скарынкі, налёты, зямлістыя агрэгаты. Колер светла-зялёны. Бляск шкляны, да зямлістага. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 3,1 г/см³. Утвараецца ў зонах акіслення арсенідаў кобальту і нікелю. Анабергіт («нікелевыя кветкі») — пошукавая прыкмета на нікелевыя руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛЕЗІ́Т (ад назвы в-ва Англсі ў Англіі),
мінерал класа сульфатаў, сульфат свінцу, Pb[SO4]. Мае 68,3% свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тонка і тоўстатаблітчастыя, прызматычныя; зярністыя і шчыльныя агрэгаты, жаўлакі. Бясколерны, белы, злёгку афарбаваны (шэры, жоўты, буры і інш.). Бляск шкляны да алмазнага, цьмяны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Пераважна гіпергенавы, утвараецца ў зоне акіслення свінцовых рудаў. Свінцовая руда.