ГА́ЛЫ (ад лац. galla чарнільны арэшак), цэцыдыі,

мясцовыя паталагічныя разрастанні (новаўтварэнні) тканак раслін. Маюць выгляд бародавак, нарасцей, шарыкаў (напр., т.зв. «чарнільныя арэшкі» на лістах дуба), складак і інш. Выклікаюцца вірусамі, бактэрыямі, грыбамі, нематодамі, кляшчамі, насякомымі (арэхатворкамі, галіцамі, гесенскай мухай, лістаблошкамі, пільшчыкамі, тлямі і інш.). Вядома больш за 15 тыс. разнавіднасцей галаў. Узнікаюць у выніку мех. раздражнення клетак або ўздзеяння хім. рэчываў (таксінаў). У галах назапашваецца вял. колькасць вады і пажыўных рэчываў, за кошт якіх жывяцца паразіты. Аслабляюць расліну, парушаюць абмен рэчываў, затрымліваюць рост і могуць прывесці да гібелі. Галы на дубе, сумаху, фісташцы багатыя дубільнымі рэчывамі, выкарыстоўваюцца для іх прамысл. атрымання.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАБЕНЗО́Л, мірбанавы алей,

найпрасцейшае араматычнае нітразлучэнне, C6H5NO2. Зеленаватая алеепадобная вадкасць з пахам горкага міндалю, шчыльн. 1203,7 кг/м³, tпл 5,85 °C, tкіп 211,03 °C. Змешваецца з арган. растваральнікамі, маларастваральны ў вадзе. Атрымліваюць нітраваннем бензолу сумессю канцэнтраваных азотнай і сернай кіслот. Выкарыстоўваюць у вытв-сці аніліну, араматычных азотзмяшчальных рэчываў (напр., азабензолу, бензідыну, хіналіну), як растваральнік і кампанент паліравальнай сумесі для металаў. Атрутны, усмоктваецца скурай, уздзейнічае на ц. н. с., печань, парушае абмен рэчываў, акісляе гемаглабін да метгемаглабіну, ГДК 3 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКТАТЭРМІ́Я (ад лац. inductio навядзенне + грэч. thermē цяпло),

метад электралячэння, пры якім пэўныя ўчасткі цела хворага награваюцца пад уздзеяннем віхравых токаў, індуцыраваных высокачастотным эл.-магнітным полем. Пад уплывам токаў утвараецца цяпло ў месцах іх уздзеяння, паляпшаюцца кровазварот, умовы для рассысання запаленчых ачагоў, нармалізацыі нерв. і мышачных працэсаў, павышаецца абмен рэчываў, зніжаецца боль.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІША́НІН Юрый Фёдаравіч (н. 27.6. 1942, с. Лябяжае Кемераўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р біял. н. (1992). Скончыў Омскі вет. ін-т (1968). У 1977—93 у Гродзенскім с.-г. ін-це. Навук. працы па абмене рэчываў і павышэнні прадуктыўнасці жывёл, уплыве мікраэлементаў на вугляводна-ліпідны абмен, прафілактыцы хвароб жывёл.

т. 10, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УЯ́ЎНАЯ СМЕРЦЬ»,

з’ява здранцвення птушанят некат. палярных птушак пры адсутнасці корму ці ахаладжэнні; прыстасавальная рэакцыя арганізма. Калі дарослыя птушкі, напр., кайры, адлятаюць за кормам, птушаняты часова дранцвеюць. Але як толькі бацькі накормяць іх, яны ажываюць (аднаўляецца нармальны абмен рэчываў і т-ра цела). Такое прыстасаванне дазваляе птушанятам палярных птушак пераносіць голад і холад.

т. 16, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТАЭНЦЭФАЛІ́ЧНЫ БАР’Е́Р,

фізіялагічны механізм, які рэгулюе абмен рэчываў паміж крывёй, спіннамазгавой вадкасцю і мозгам, ахоўвае нейроны ад антыгенаў; адзін з відаў гістагематычных бар’ераў. Паняцце ўвялі сав. фізіёлаг Л.​С.​Штэрн і швейц. вучоны Р.​Гацье (1921). Гематаэнцэфалічны бар’ер ажыццяўляе таксама ахоўныя функцыі, перашкаджае пранікненню ў ц. н. с. некат. уведзеных у кроў чужародных рэчываў або прадуктаў парушанага абмену рэчываў. Ад пранікальнасці гематаэнцыфалічнага бар’ера залежыць стан нерв. клетак галаўнога і спіннога мозга. Праз розныя ўчасткі гематаэнцыфалічнага бар’ера з крыві ў ц. н. с. пранікаюць розныя рэчывы, неабходныя для жыўлення і дзейнасці нерв. утварэнняў. Гематаэнцыфалічны бар’ер можа перашкаджаць пранікненню ў ц. н. с. ўведзеных у кроў лекаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫРЭАТАКСІКО́З (ад новалац. thyreoidea шчытападобная залоза + таксікоз), базедава хвароба, валляк дыфузны таксічны,

захворванне, абумоўленае павышанай функцыяй шчытападобнай залозы. якая выдзяляе ў кроў залішнюю колькасць гармонаў. Часцей бывае ў жанчын. Пры Т. ў хворых парушаецца абмен рэчываў, з’яўляецца боль у вобласці сэрца, задышка пры фіз. нагрузцы, вірлавокасць. Пры прагрэсіраванні Т. развіваюцца цяжкія пашкоджанні сэрца, печані, палавых залоз. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

т. 16, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАПЛА́ЗМА (ад цыта... + плазма),

абавязковая частка клеткі, якая знаходзіцца паміж плазматычнай мембранай і ядром; высокаўпарадкаваная мнагафазная калоідная сістэма — гіялаплазма з размешчанымі ў ёй арганоідамі. Пранізана мікратрубачкамі, філаментамі і мікрафіламентамі.

У эўкарыётаў сукупнасць філаментаў і мікратрубачак утварае цыташкілет, які складае апорна-рухальную сістэму клеткі; з ім звязаны змена формы клеткі і перамяшчэнне ўнутрыклетачных структур. У Ц. адбываюцца ўсе працэсы клетачнага метабалізму, акрамя сінтэзу нуклеінавых кіслот, які здзяйсняецца ў клетачным ядры. Праз плазматычную мембрану ідзе абмен рэчываў паміж Ц. і навакольным асяроддзем, праз ядзерную — ядзерна-цытаплазматычны абмен. Пад кантролем ядра Ц. здольная да росту і ўзнаўлення, пры частковым выдаленні — поўнасцю рэгенерыруе, у бяз’ядзерных клетках — не здольная існаваць аўтаномна. Гл. таксама Пратаплазма.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ферме́нты

(лац. fermentum = закваска)

арганічныя бялковыя рэчывы, якія выпрацоўваюцца ў жывых клетках і рэгулююць абмен рэчываў у арганізме.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ДАРСАНВАЛІЗА́ЦЫЯ,

метад лек. выкарыстання пераменнага імпульснага току высокай частаты (110—140 кГц), напружання (дзесяткі тысяч вольт) і малой сілы (100—200 мА); адзін з метадаў электралячэння. Прапанаваны франц. вучоным Ж.​А.​Д’Арсанвалем у 1891.

Адрозніваюць Д. мясцовую і агульную. Пры мясц. Д. ўздзейнічаюць на асобныя ўчасткі цела хворага пры неўралгіі, галаўных болях, вагінізме, гемароі, варыкозным расшырэнні вен галёнкі, незагойванні ран і язваў, абмаражэнні, скурным свербе, пачатку аблітэруючых захворванняў сасудаў і ў касметычных мэтах. Агульная Д. — уздзеянне на ўвесь арганізм хворага пры гіпертанічнай хваробе, неўрастэніі, парушэннях сну, некат. хваробах абмену рэчываў. Д. мае заспакаяльнае дзеянне, стымулюе абмен рэчываў, паніжае высокі артэрыяльны крывяны ціск.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)