ПАДУ́ШНЫ ПАДА́ТАК,

асноўны прамы падатак у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Уведзены ў 1724. Ім абкладалася ўсё мужчынскае насельніцтва падатковых саслоўяў паводле перыяд. перапісаў. На Беларусі П.п. уведзены замест падворнага абкладання (гл. Падымнае) у канцы 18 ст. ў памеры каля 1 руб. серабром. У снеж. 1772 жыхары ўсх. Беларусі вызвалены ад П.п. на паўгода, у крас. 1793 у цэнтр. Беларусі — на 2 гады. У 1797—1807 ва ўсіх бел. губернях дзярж. падаткі браліся ў меншым памеры, але да 1811 яны збіраліся тут не асігнацыямі, а серабром, рэальны курс якога быў намнога вышэйшы. У 1863 П.п. з цэхавых рамеснікаў і мяшчан заменены падаткам на нерухомую маёмасць і да сярэдзіны 1870-х г. быў чыста сельскім падаткам. Памеры яго павялічваліся. У 1867 па рэгіёнах Рас. імперыі П.п. вагаўся ад 1,15 да 2,61 руб. з рэвізскай душы, а па 5 зах. губернях (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) — ад 1,34 да 1,85 руб. ў залежнасці ад губерні. Да дзярж. падушных збораў належалі таксама земскі падушны збор з сялян на казённыя выдаткі і грамадскі збор з дзярж. сялян, уведзены на пач. 1840-х г. У сярэдзіне 1860-х г. у Еўрап. Расіі падушныя зборы складалі каля 70% агульнай сумы прамых падаткаў. У 1870-я г. ў 5 зах. губ. П.п. дасягаў у залежнасці ад губ. 1,52—2,44 руб. з рэвізскай душы. У 1867—85 аклад падушных збораў складаў тут у сярэднім 2,8 млн. руб., або больш за ​1/3 агульнай сумы сял. збораў. Феад. характар П.п., вял. нядоімка, адмовы насельніцтва плаціць, узмацненне сял. руху прымусілі ўрад з 1887 адмяніць падушныя зборы ў еўрап. ч. краіны.

Літ.:

Троицкий С.М. Финансовая политика русского абсолютизма в XVIII в. М., 1966;

Неупокоев В.И. Государственные повинности крестьян Европейской России в конце XVIII — начале XIX в. М., 1987.

В.​П.​Панюціч, У.​А.​Сосна.

т. 11, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРО́ЎСКІ Барыс Аляксандравіч (н. 23.1.1912, Масква),

расійскі оперны рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1961). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1937). Ў 1937—43 рэжысёр (з 1939 маст. кіраўнік) Горкаўскага т-ра оперы і балета. З 1943 рэж., у 1952—63 і 1967—82 гал. рэж. Вял. т-ра ў Маскве. З 1954 праф. Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. Заснавальнік (1972), маст. кіраўнік і рэжысёр Маскоўскага музычнага камернага тэатра. Яго пастаноўкам уласцівы высокая маст. культура, падкрэсленая тэатральнасць, смелы рэжысёрскі пошук. Сярод пастаўленых ім спектакляў: у Горкаўскім т-ры — «Ніжагародцы» Э.​Напраўніка (1942); у Ленінградскім малым т-ры оперы і балета — «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1946), «Ваявода» П.​Чайкоўскага (1949); у Вял. т-ры — «Варожая сіла» А.​Сярова (1947), «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны (1948), «Садко» М.​Рымскага-Корсакава і «Галька» С.​Манюшкі (абодва 1949), «Аіда» (1951), «Травіята» (1953), «Фальстаф» (1962), «Атэла» (1978) Дж.​Вердзі, «Снягурачка» Рымскага-Корсакава (1954), «Сямён Катко» (1970) і «Гулец» (1974) Пракоф’ева, «Руслан і Людміла» М Глінкі (1972), «Выкраданне месяца» А.​Тактакішвілі і «Мёртвыя душы» Р.​Шчадрына (1977), «Арлеанская дзева» Чайкоўскага (1990), «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1993), «Хаваншчына» М.​Мусаргскага (1995), «Франчэска да Рыміні» С.​Рахманінава (1998) і інш. Шэраг спектакляў паставіў за мяжой, у т. л. «Вогненны анёл» Пракоф’ева (1981, Прага). У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіў оперы «Алеся» Я.​Цікоцкага (1944, вызначалася нац. своеасаблівасцю) і «Кармэн» Ж.​Бізэ (1945). Аўтар кніг па пытаннях муз. т-ра. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948, 1949, 1950. Ленінская прэмія 1980. Дзярж. прэмія Расіі 1994.

Літ. тв.: Об оперной режиссуре. М., 1973; Размышления об опере. М., 1979; Беседы об опере М., 1981; Ступени профессии. М., 1984; Сотворение оперного спектакля. М., 1985; Введение в оперную режиссуру. М., 1985.

Літ.:

Чудновский М.А. Режиссер ставит оперу... М., 1967;

Б.​А.​Покровский ставит советскую оперу. М., 1989.

І.​В.​Глушакоў.

т. 11, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва канца 18—1-й пал. 19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Уключаў палац, капліцу-пахавальню, аранжарэю, уязную браму, млын, парк. Палац закладзены К.​Радзівілам. Пабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. ў стылі ампір на левым беразе р. Змейка, у 2-й пал. 19 ст. аднаўляўся А.​С.​Радзівілам. У 19 ст. ў палацы былі б-ка, архіў, калекцыі нумізматычная і твораў мастацтва. Значна пашкоджаны ў 1917 і асабліва ў 1943; адноўлены. Мураваны палац мае сім.-восевую 3-часткавую кампазіцыю. У цэнтры дамінуе 2-павярховы ў плане набліжаны да квадрата будынак, да якога з бакоў далучаны галерэямі квадратныя ў плане 1-павярховыя павільёны. Да паўд.-зах. боку ў 2-й пал. 19 ст. прыбудаваны корпус зімовага саду (аранжарэя) у рэтраспектыўных формах готыкі (не захаваўся). Будынкі накрыты ярусна ўзнятымі пакатымі шатровымі дахамі. Цэнтр. частка гал. фасада вылучана плоскімі пілястрамі, дэкарыравана гермамі (на 2-м паверсе) і была завершана трохвугольным франтонам (не захаваўся), на тымпане якога знаходзіўся герб уладальнікаў Радзівілаў (належаў ім да 1939). Плоскасныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі плоскімі ліштвамі з сандрыкамі на фігурных кранштэйнах і філёнгамі, размежаваны міжпаверхавымі паясамі. Парк пейзажна-рэгулярнай планіроўкі складаўся з 2 частак. Пейзажная частка (з сажалкай) размешчана перад палацам на 4 тэрасах, якія з невял. перападамі спускаліся да ракі. Верхняя прамавугольная тэраса, умацаваная падпорнымі сценкамі, па перыметры была абсаджана таполяй чорнай пірамідальнай. На газоне перад палацам — сонечны гадзіннік. Алея па падоўжнай восі ішла праз парк да капліцы-пахавальні заснавальніка сядзібы. За палацам быў разбіты рэгулярны «французскі парк» са шпалерамі і баскетамі.

А.​М.​Кулагін.

Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.
Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. Галоўны фасад палаца. Фота пач. 20 ст.

т. 11, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

1) тайная арг-цыя дваранскіх рэвалюцыянераў (пераважна афіцэраў) у 1821—26 на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, створаная з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772. Засн. ў маі 1821 каля Варшавы членамі арг-цыі «Нацыянальнае масонства» і велікапольскага Саюза касінераў. Дзейнасць т-ва (каля 150 чал. у 1822) вызначалася статутам. Кіруючы орган — ЦК з 7 чал. на чале з В.Лукасінскім. П.т. падзялялася на 6 тэр. правінцый (7-я прав. — армія), правінцыі — на акругі, акругі — на гміны. Правінцыя Літва (Віленская, Гродзенская, Мінская губ. і Беластоцкая вобл., кіраўнікі кн. К.​Радзівіл, І.​Вайніловіч, памешчык К.​Навамейскі, граф А.​Солтан) асн. ўвагу звяртала на прапаганду ў Літоўскім асобным корпусе і арсенал зброі ў Вільні. У маі 1822 арыштаваны кіраўнікі П.т. на чале з Лукасінскім, схільныя да правядзення ў будучым сац. рэформ; членамі ЦК сталі больш памяркоўныя (С.​Кжыжаноўскі, А.​Пліхта, В.​Гжымала). П.т. вяло перагаворы з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое пагаджалася на перадачу будучай польскай дзяржаве бел. зямель. У 1826 у сувязі са справай дзекабрыстаў т-ва выяўлена і разгромлена ўрадам. Арыштаваных ураджэнцаў Каралеўства Польскага судзіў Польскі Сенат, які вынес ім у 1828 мяккі прыгавор, астатніх, у т. л. ураджэнцаў бел. губерняў (Ю.​Гружэўскі, І.​Завіша, Я.​Ходзька і інш.), рас. Сенат асудзіў на розныя тэрміны катаргі і ссылкі.

2) Легальная аргцыя («Патрыятычны клуб») у Варшаве ў снеж. 1830 — жн. 1831 у час паўстання 1830—31. Аб’ядноўвала радыкальную інтэлігенцыю, карысталася падтрымкай сярэдніх слаёў і гар. нізоў. Старшыня — І.Лялевель. Забаронена дыктатарам паўстання Я.​Крукоўскім за прапаганду радыкальных сац. рэформ і крытыку паўстанцкіх улад.

Літ.:

Ольшанский П.Н. Декабристы и польское национально-освободительное движение. М., 1959;

Dylągowa H. Towarzystwo patriotyczne i Sąd Sejmowy (1821—1829). Warszawa, 1970.

В.​В.​Швед.

т. 12, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРА́РКА (Petrarca) Франчэска (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),

італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўны сан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян. літ. мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.​Баршчэўскі, Ю.​Гаўрук, М.​Дуброўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Санеты. Мн., 1996;

У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974;

Сонеты. Мн., 1982;

Эстетические фрагменты. М., 1982;

Лирика. М., 1989;

Африка: Поэма. М., 1992;

Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;

Сочинения философские и полемические. М., 1998.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;

Франческо Петрарка: Библиогр. указ. М., 1986.

Ф.Петрарка.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТАНІ́ЗМ,

у вузкім сэнсе — кірунак стараж.-грэч. філасофіі 1 ст. да н.э. — пач. 3 ст. н.э.; у шырокім сэнсе — усякі філас. кірунак, які абапіраецца на вучэнне Платона.

У антычнасці П. быў прадстаўлены філосафамі Акадэміі платонаўскай (Спеўсіп, Ксенакрат, Аркесілай, Карнеад і інш.). У духу стаіцызму трактаваў вучэнне Платона Пасідоній; створаны ім стаічны П. знайшоў апору ў багаслоўі Філона Александрыйскага, у гнастыцызме, у — герметызме і ва ўсёй данікейскай патрыстыцы, а ў 2—3 ст. н.э. ў Нуменія, настаўніка Плаціна і Арыгена, які выступаў за сінтэзаванне П. і арыстоцелізму. Гэта садзейнічала пераадоленню элементаў натуралізму, характэрнага для эпохі элінізму, і складванню ў 3 ст. н.э. асноў неаплатанізму. Інтарэс да П. адрадзіўся пасля аднаўлення ў Фларэнцыі філосафам М.​Фічына платонаўскай Акадэміі (1459), адкуль ён праз кембрыджскую школу распаўсюдзіўся ў Англіі. Пад уплывам англ. філасофіі і дзякуючы ням. ідэалізму П. і неаплатанізм адрадзіліся ў Германіі, аднак толькі з Г.​Лейбніца пачалося гіст. разуменне першапачатковага П.

Неабходны элемент П. — проціпастаўленне пачуццёвага свету свету ідэй. Паводле гэтай канцэпцыі, не ідэя ўтварае сабой адлюстраванне матэрыі, а матэрыя ёсць адлюстраванне і выцяканне ідэі. Платонаўскую ідэю ў П. разглядаюць як родавае, гранічна абагульненае і жыццёва важнае лагічнае паняцце, якое змяшчае ў сабе прынцып канструявання сутнасці рэчы і, значыць, самой рэчы, утварае субстанцыянальную рэчаіснасць і яе мэту. Дамінуючую ролю ў гісторыі П. адыгрывала разуменне дыялектыкі як метаду, заснаванага на ўстанаўленні адзінства процілегласцей. Пры дапамозе такога разумення былі распрацаваны 3 асн. іпастасі (Адзінага, Розуму і Сусв. душы), выяўленне якіх заўсёды складала асн. змест П. (разам з вытлумачэннем матэрыяльнага космасу). Адной з асн. канцэпцый П. з’яўляецца вучэнне аб бессмяротнасці душы і цела, або аб кругавароце душ, г. зн. аб іх пераўвасабленні і перасяленні (сам Платон лічыў, што пасля смерці цела душа пераходзіць у другое цела або функцыянуе ў космасе).

Літ.:

Богомолов А.С. Античная философия. М., 1985;

Лосев А.Ф. Словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 12, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ГАРАДНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя, якая з’яўляецца знешнім планіровачным поясам горада, знаходзіцца з ім у цеснай функцыян., эканам., экалагічнай і арх. узаемасувязі. Параметры П.з. і рэгламенты яе развіцця вызначаюцца пры распрацоўцы рэгіянальных і генеральных планаў гарадоў. Рацыянальнае выкарыстанне тэр. П.з. — неабходная ўмова ўстойлівага развіцця вял. гарадоў. Пры яе фарміраванні ўлічваюцца інтарэсы развіцця гар. гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання тэр. рэсурсаў. Арх. планіровачнае вырашэнне П.з. распрацоўваецца з улікам прыярытэтаў захавання зялёных насаджэнняў, водных прастораў і інш. тэрыторый, якія маюць прыродаахоўнае і сан.-гігіенічнае значэнне. У межах П.з. размяшчаюцца гарады-спадарожнікі і інш. паселішчы, катэджныя забудовы, асобныя прамысл. прадпрыемствы, аб’екты камунальнай гаспадаркі, элементы трансп. (аэрапорты, чыг. станцыі і інш.) і інш. (водазаборы, трубаправоды і інш.) інфраструктур, свабодныя эканамічныя зоны, лесапаркі, зоны адпачынку, курорты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. Значныя плошчы адводзяцца пад зоны масавага адпачынку, дачныя пасёлкі, санаторыі, пансіянаты, спарт.-аздараўленчыя лагеры. На Беларусі ўсе буйныя гарады маюць П.з. Прыкладам комплекснага развіцця горада і яго П.з. з’яўляецца Мінск. У межах П.з. Мінска вылучаюцца паясы: унутраны — лесапаркавы (радыус 15—20 км) і знешні (радыус каля 50 км). Лясы вакол Мінска ў радыусе 50—80 км фарміруюць зялёную зону горада. Планіровачны каркас тэр. Мінска і яго П.з. мае радыяльна-кальцавую структуру, сфарміраваную аўтамаб. і чыг. дарогамі, рэкамі і азялененымі прасторамі. Яго важнай планіровачнай і кампазіц. воссю з’яўляецца водна-зялёны дыяметр. Склад гар. функцый, вынесеных у П.з. Мінска, ахоплівае ўсе віды гасп. і сац. дзейнасці. У межах П.з. фарміруюцца спецыялізаваныя паселішчы, якія паводле свайго функцыян. прызначэння з’яўляюцца працягам Мінска (Мачулішчы, Гатава, Калодзішчы, Самахвалавічы, Навінкі і інш.). Да структурных элементаў П.з. адносяцца курорт Ждановічы, зоны адпачынку Мінскае мора, Астрашыцкі Гарадок, Пціч, Вясёлка і інш., заказнікі рэсп. значэння Падсады, Прылуцкі, Кайкаўскі, Пекалінскі і інш., свабодная эканам. зона «Мінск». Своеасаблівае арх.-планіровачнае вырашэнне маюць П.з. інш. гарадоў, напр., Гродна, Віцебска.

Н.​А.​Юргенсан.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ВАЕ́ННЫ АРХІ́Ў у Маскве.

Засн. ў 1920 як Архіў Чырв. Арміі пры Ваен.-гіст. камісіі Усерас. Гал. штаба ў якасці ведамаснага архіва. У 1921 перададзены ваен.-марской секцыі Адзінага дзярж. архіўнага фонду, з 1925 самастойны дзярж. архіў, з 1933 Цэнтр. архіў Чырв. Арміі, з 1941 Цэнтр. дзярж. архіў Чырв. Арміі, з 1958 Цэнтр. дзярж. архіў Сав. Арміі, з 1992 сучасная назва. 32 817 фондаў, З 393 110 адзінак захоўвання за 1917—91 (асобныя дакументы з 1877). Зберагае матэрыялы па гісторыі стварэння і дзейнасці сав. узбр. сіл за гады грамадз. вайны і да 1940, пагранічных і ўнутр. войск за 1918—91, асабістыя фонды вядомых ваен. дзеячаў. Захоўвае фонды Наркамата па ваен. справах (1917—18), Штаба Вышэйшага ваен. савета (1918), Усерас. гал. штаба (1918—21), РВС СССР (1918—30), Штаба РСЧА (1920—24), Палявога штаба Рэўваенсавета РСФСР (1917—21), Канцылярыі галоўнакамандуючага Ўзбр. сіламі (1918—24), Усерас. бюро ваен. камісараў (1917—20), Паліт. ўпраўлення пры Рэўваенсавеце (1918—30), упраўленняў Зах., Паўд.-Зах., Паўн., Туркестанскага, Усх. і Паўд. франтоў і падначаленых ім армій, стралк. і кав. карпусоў, дывізій, дакументы фарміраванняў белай арміі. Гісторыя войск спец. прызначэння прадстаўлена ў фондах Усерас. Надзвычайнай Камісіі, Наркамата ўнутр. спраў, Мін-ва ўнутр. спраў, Мін-ва дзярж. бяспекі за 1918—91 і пагранічных войск з 1918. Захоўвае фонды Гал. ўпраўлення ваен.-навуч. устаноў (1917—24), ваен. акадэмій, школ і курсаў, упраўленняў ваен. акруг, у т. л. Мінскай (1918), Зах. (1918—20, 1940), Бел. (1926—40), Наркамата па ваен. справах БССР (1920—24) і Бел. ваен. камісарыята (1924—25); вайск. аб’яднанняў, злучэнняў, камандаванняў арм. карпусоў, дывізій і часцей Чырв. Арміі за 1918—41 і інш.

Літ.:

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 176—179;

Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.

т. 13, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЦЭ́ПТАРЫ (ад лац. receptor той, хто прымае, атрымлівае),

у жывёл і чалавека адчувальныя ўтварэнні, якія ўспрымаюць і ператвараюць раздражненні з вонкавага і ўнутр. асяроддзя ў спецыфічную актыўнасць нерв. сістэмы. Забяспечваюць арганізм неабходнай для яго існавання інфармацыяй і прыстасаваны для ўспрымання істотных для дадзенага віду жывёлы сігналаў.

Адрозніваюць Р. ў выглядзе свабодных канцоў нерв. валокнаў, дыферэнцыраваных нерв канцоў, размешчаных у глыбіні тканак, і як ч. складаных сенсорных органаў. Большасць Р. — экстэрарэцэптары (органы слыху, зроку, нюху, смаку, дотыку), якія ўспрымаюць раздражненні з вонкавага асяроддзя. Інтэрарэцэптары сігналізуюць аб стане ўнутр. органаў (сэрца, лёгкія, лімфатычныя і крывяносныя сасуды і інш.) і апорна-рухальнага апарату (пропрыярэцэптары шкілетных мышцаў, звязак, сустаўных сумак). Адны Р. атрымліваюць інфармацыю на пэўнай адлегласці ад крыніцы раздражнення (дыстантныя), другія — толькі пры непасрэдным сутыкненні з ёй (кантактныя). У залежнасці ад віду ўспрымальнага раздражнення адрозніваюць: механарэцэптары (Р. органаў слыху і гравітацыі, тактыльныя, апорна-рухальнага апарату, барарэцэптары сардэчна-сасудзістай сістэмы і інш.); хемарэцэптары (Р. смаку і нюху, сасудзістыя і тканкавыя, адчувальныя да ўздзеяння хім. злучэнняў); фотарэцэптары (Р. органа зроку); тэрмарэцэптары (Р. скуры і ўнутр. органаў, што ўспрымаюць тэмпературныя ваганні, а таксама цэнтр. тэрмаадчувальныя нейроны); электрарэцэптары (электраадчувальныя Р. бакавой лініі). Усе Р. спецыялізаваны для рэцэпцыі адэкватных ім раздражняльнікаў. Іх функцыі ўзаемазвязаны праз ц. н. с. і з дапамогай кантактаў аднаго з адным. Дзейнасць Р. рэгулюецца ц. н. с.

У біяхіміі Р. наз. малекулы ці малекулярныя комплексы на паверхні клетак, здольныя распазнаваць спецыфічныя хім. групоўкі, малекулы ці інш. клеткі, звязваць іх і рэагаваць на ўзаемадзеянне канфармацыйнымі зменамі або перадачай сігналаў унутр. клеткі. Да рэцэптарных малекул належаць Р. гармонаў, вірусаў, таксінаў і інш.

Літ.:

Сергеев П.В., Шимановский Н.Л. Рецепторы физиологически активных веществ. М., 1987;

Внутриклеточная сигнализация. М., 1988;

Пальцев М.А., Иванов А.А. Межклеточные взаимодействия. М., 1995.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬМІЗА́ЦЫЯ (італьян. solmisazione ад назвы муз. гукаў соль і мі), сальфеджыо, сальфеджыраванне,

спевы мелодый з вымаўленнем назваў гукаў, адзін з прыёмаў муз. навучання. Існуюць 2 роды С. — адносная і абсалютная. Пры адноснай С. за кожнай ступенню гукарада замацоўваецца пэўная назва незалежна ад абсалютнай вышыні. Самыя стараж. сістэмы С.: кітайская (5-ступеневая), індыйская (7-ступеневая), грэчаская (4-ступеневая), сярэдневяковая зах.-еўрап. (уведзена Гвіда д’Арэца, 6-ступеневая са складовымі назвамі ut, re, mi, fa, sol, la). Усе яны былі адносныя. У сістэме гексахордаў для С. мелодый з вял. дыяпазонам ужывалася мутацыя; пры гэтым гукі атрымлівалі назвы адносна новага вышыннага стану (увесь гукарад «надбудоўваўся» пры перамяшчэнні гексахорда на кварту ці квінту ўверх ці ўніз, адсюль паняцце адноснай С.). Італьян. тэарэтык Дж.​Доні для зручнасці спеваў замяніў склад ut складам do (каля 1540). Увядзенне склада si пры дабаўленні да гукарада 7-й ступені (Х.​Вальрант, каля 1547) зрабіла залішняй мутацыю ў межах адной танальнасці. У 16—19 ст. ў Германіі і Францыі існавалі адносныя сістэмы С. з назвамі лічбаў. На Беларусі выкарыстоўваецца адносная С. са складовымі назвамі ё, лэ, ві, на, зо, ра, ці. Абсалютная С. — спевы мелодыі з назвай абсалютнай вышыні гукаў. У Францыі ў пач. 18 ст. выкарыстоўвалі склады ut, re, mi, fa, sol, la, si для абазначэння гукаў c, d, e, f, g, a, h. Гэты спосаб наз. натуральным сальфеджыраваннем, бо ў ім не браліся пад увагу знакі альтэрацыі. Абсалютная С. пашырылася пасля выдання «Сальфеджый для навучання ў кансерваторыі музыкі ў Парыжы», складзеныя Л.​Керубіні, Ф.​Гасекам, Э.​Мегюлем і інш. (1802). У 19—20 ст. распрацоўвалася мноства сістэм С. Пад С. часам разумеюць рытмізаванае чытанне нот без інтанавання, у адрозненне ад тэрміна «сальфеджыо» («Курс сальфеджый» К.​Альбрэхта, 1880). Такое тлумачэнне не адпавядае сучаснаму міжнар. выкарыстанню тэрміна «С.».

Н.​Г.​Мазурына.

т. 14, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)