Абмішу́ліць, абмішульваць ’ашукаць, падмануць’ (Бяльк.), абмішуліцца ’прыкра памыліцца’ (Юрч. Сін.). Рус. мишуля ’дурань’ звязваецца з уласным імем Міхаіл. Фасмер (2, 631) аспрэчвае версію Ільінскага (ИОРЯС, 20, 3, 76) аб сувязі мишуля з рус. обмихнуться, якое, аднак, у сваю чаргу не мае яснай этымалогіі. Калі бел. абмішуліць утворана як абдзяжуліць, тады яно ўзыходзіць да аб‑міх кантамінацыйнай формы ад бел. абмах ’памылка’ і бел. абвіхнуцца ’памыліцца’ (гл.). Іншая версія можа быць звязана з літ. mišulỹs ’блытаніна думак’ да mìsti ’заблытацца, аканфузіцца’, ’страціць розум’. Тады абмішуліць балтыйскага паходжання. Як аб гэтым сведчыць фанетыка, запазычанне магло адбыцца толькі пасля падзення рэдукаваных. Гэта версія таксама не надзейная, бо застаецца неўдакладненай непасрэдная крыніца запазычання. Трэцяе рашэнне: рускі дублет обмишулить/обмишурить гаворыць аб л/р дублетнасці ў гэтых формах. Тады абмішурыцца, магчыма, да рус. (зах.) мишурис, польск. miszures ’слуга на пастаялым двары’ (< ідыш meszores ’слуга’). Нарэшце, параўн. абмішуліцца ’памыліцца’ і абмішэніцца ’не папасці ў цэль’ (Бяльк., Дабр., Этн.). Апошняе магло кантамінавацца з абакуліць ’ашукаць’. Магчымасць усіх гэтых версій стварае вялікія цяжкасці на шляху вырашэння пытання. Хутчэй за ўсё ў дадзеным выпадку мелі месца надзвычай складаныя кантамінацыйныя працэсы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арэ́х1, орі́х, горі́х ’выпадкова не ўзараны ўчастак зямлі’ (Выг. дыс., 6) з огрэх ’тс’, у выніку выпадзення г.

Арэ́х2, гарэ́х. Рус. орех, укр. горіх, оріх, польск. orzech, чэш. ořech, славац. orech, с.-луж. worjech, палаб. vrex, славен. ôreh, серб.-харв. о̀рак, мак. орев, балг. орех (значэнне ў асноўным супадае з беларускім, апрача сербскахарвацкага, македонскага, балгарскага, дзе гэта слова абазначае толькі ’грэцкі арэх — Juglans’); ц.-слав. ст.-рус. орѣхъ (Сразн.). Параўн. літ. ríešas, ríešutas (з памянш. ‑ut‑), лат. riẽksts ’тс’, ст.-пруск. buccareisis ’Buchecker’; праводзяць паралелі таксама з грэч. ἄρυα, алб. ar̄e ’арэх’ (гл. Фасмер, 3, 151–152; Фрэнкель, 731, і літаратуру, якая там прыводзіцца), прычым часта імкнуцца тлумачыць яго як не і.-е. вандроўнае слова (Махэк₂, 418). Малаверагодна тлумачэнне Ільінскага ад дзеяслова rěšiti (ИОРЯС, 20, 4, 153), Голуб-Копечны (257) суадносяць слова арэх з балта-слав. *rēks‑ ’лупіць’ (?) — прасл. *o‑rěši‑ti (?). Ці не трэба звязаць арэх, літ. ríešas, з літ. ríešas сустаў (рукі, нагі)’, якое звязваецца з і.-е. *u̯reikʼǒ‑ тое, што верціцца’ (Фрэнкель, 731).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аса́ (БРС), асва (Гарэц., Нас., Др.-Падб., Яруш., Мядзв., Касп., Жд., Янк. БФ), асі́ны (БРС, Яруш.), асвінае (Жд.), асаед‑асвейнік (Інстр. II). Рус., укр., балг. оса, польск., славац., чэш. дыял., славен. osa, серб.-харв. о̀са, чэш. vosa, в.-луж. wosa, палаб. vȧsă. Ст.-рус., ст.-бел. оса, рус. дыял. осва ’тс’. Літ. vapsà, vapsvà, лат. wapsene, прус. wobse, ням. Wespe, лац. vespa (з метатэзай). Словы ўзыходзяць да і.-е. *u̯obhsā ’тс’, якое лічаць роднасным з коранем *u̯ebh‑ ’ткаць’. На агульнаславянскі характар беларускага слова ўказваў Булахаў, Курс суч., 144. Для этымалогіі гл. Фасмер, 3, 156; Траўтман, 342; Покарны, 117 а. Пачатковае v страчана ў сувязі з разуменнем яго як прыстаўнога ці па аналогіі з *ostr‑; выпадзенне ‑p‑ (Аткупшчыкоў, Из истории, 63) адносна ранняе, але так ці іначай звязана з тэндэнцыяй узыходзячай гучнасці. Беларускія, рускія і літоўскія формы з канчатковым ‑va старажытныя (Фрэнкель, 1196–1197), паводле Герца (Брян. гов., 1, 55), адлюстроўваюць стары суфікс; калі ўлічыць паралелі ўкр. мурашва, мушва, можна пагадзіцца з Атрэмбскім, 2, 89, у тым, што першапачаткова асва і пад. былі зборнымі назоўнікамі, параўн., аднак, вутва ’качка’ (КСТ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асё́л. Рус. осёл, укр. осел, польск. osioł, серб.-луж. wosoł, чэш. osel, славац. osol, балг. осел, серб.-харв. осао, славен. ȏsel. Палаб. asål з с.-н.-ням. esel (Лер-Сплавінскі–Палянскі, 20). Ст.-слав., ст.-рус. осьлъ, ст.-бел. оселъ. Праслав. запазычанне з герм. (гоцк.) asilus < лац. asinus, збліжанае з утварэннямі на ‑ьlъ тыпу *kozьlъ, *orьlъ. Кіпарскі, Gemeinslav., 208; Стэндар–Петарсан, Slav.-germ., 133, 369, 534; Брух, Зб. Крэчмеру, 12; Мартынаў, Лекс. взаим., 98–99, дзе гл. іншую літаратуру. Лац. asinus і грэч. ὄνος праз фракійска-ілірыйскае пасрэдніцтва з неўдакладненай малаазіяцкай мовы (Вальдэ-Гофман, 1, 73); Траўтман, 14, дапускаў балта-славянскі характар слова (параўн. літ. ãsilas), аднак балтыйскія словы маглі быць запазычаны самастойна (Фасмер, 3, 157) ці з усходнеславянскіх моў (Фрэнкель, KZ, 63, 204), Буга (Rinkt., 3, 763–764) указвае на беларускую мову як крыніцу літоўскага слова. Думка Мейе, Études, 186; Сабалеўскага, ЖМНП, 1911, 5, 163, пра лац. asellus як крыніцу славянскага слова не сустракае падтрымкі. Беларускі фразеалагізм асёл маляваны, паводле Янкоўскага, БФ, 57, пайшоў ад вандроўных цыркаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахо́та ’ахвота, жаданне’ (Цыхун, Бел. фраз., 101), ’ахвота’, ’паляванне’ (Бяльк., Юрч., Ян, КСТ), ахочы ’ахвочы’ (КТС), ст.-бел. охотный, ѡхочи, укр. охота ’ахвота, весялосць’, охочий ’ахвотны, згодны’, рус. охота ’ахвота; паляванне’, охотный, охочий ’ахвочы’, польск. ochota ’ахвота; радасць, весялосць’, ochoczy ’ахвотны, вясёлы’ (з усходнеславянскіх моў, Грабец, Elementy, 102), славац. ochota, чэш. ochota. Звычайна звязваюць з *xotěti ’хацець’, параўн. Бернекер, 399; Фасмер, 3, 176 (з літар.); нельга адрываць ад ахвота ’жаданне’, фармальныя разыходжанні з якім тлумачацца фанетычна (гл. Ільінскі, AfslPh, 29, 168 і наст., параўн. таксама паралельныя палескія формы хвотно//хотно ’весела’, хвойка//хойка ’хвошч’, хвіст//хіст ’тычка’ (КСТ); Якабсон, Word, 2, 615 (рус. охвота < охота), або ўплывам іншых слоў, параўн. Карскі, 1, 339 (хватаць). Значэнне ’паляванне’, відаць, пад уплывам рус. охота, табуістычнага ўтварэння ад хотеть, гл. Зяленін, Табу, 1, 125 і наст.; Трубачоў, Дополн., 3, 176; іншы прынцып намінацыі ў беларускіх (часткова рускіх) назвах: паляванне ад поле, палешня (Касп.) ад лес, арэал распаўсюджання якіх Непакупны (Baltistica, III (1), 1967, 79) акрэслівае як прымыкаючы да балтыйскай і фінскай тэрыторый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аце́ц ’бацька, татка’ (Бяльк., Шн., Хрэст. дыял., Яшкін, Бел. мова, 145), ’бацька; зварот дзяцей да бацькі’ (Ян.), оцец (ocieć) (Маш.), ацецкі: «людзі чэсныя, сыны ацецкія» (з песні, Рам. 8, 163), ст.-бел. отецъ (часам «отец рожоный» ’родны бацька’ ў адрозненне ад «отца духовного», параўн. Булахаў, З жыцця, 6), укр. отець, рус. отец, польск. ojciec, славац., чэш. otec, в.-луж. wótc, wóćec, н.-луж. wóść, славен. oče, серб.-харв. о̀тац, р. скл. о̀ца, макед. отец (уст.), балг. оте́ц (уст.), ст.-слав. отьць. Прасл. otьcь з otьkъ, вытворнага ад otъ ’бацька’, якое ўзнаўляецца на падставе ст.-рус., ц.-слав. отьнь ’бацькаў, бацькоўскі’ і рускіх дыялектных форм, параўн. отька, атёк, а́тка ’бацька’ (гл. Шарапава, УЗ МОГТИ, 193, 323 і наст.); грэч. ἄττα ’бацька’, лац. atta, гоц. atta, алб. at, ірл. aite ’апякун, выхавацель’, хец. attaš ’бацька’ і інш. Паходзіць з дзіцячай мовы, як і іншыя тэрміны роднасці, параўн. маці. Гл. Фасмер, 3, 170; Трубачоў, История терм., 25 і наст. Сучаснай беларускай літаратурнай мове слова невядома, аднак сустракаецца ў народных песнях; у дыялектнай мове — русізм або царкоўнаславянізм, параўн. Яшкін, Бел. мова, 145. Гл. айцец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́та ’расліна Secale, род з сям. злакавых’. Рус. жи́то ’мясцовая назва для жыта, ячмяню або наогул для збожжа’, укр. жи́то ’жыта’, польск. żyto ’тс’, в.-луж. žito ’жыта, збожжа’, н.-луж. žyto ’збожжа, жыта’, чэш. žito ’збожжа’, дыял. ’пшаніца’, славац. žito ’жыта’, дыял. ’пшаніца’, славен. žito ’збожжа, жыта’, дыял. ’проса’, серб.-харв. жи̏то ’збожжа; рытуальная ежа з пшаніцы’, дыял. ’проса’, балг. жѝто ’пшаніца’, дыял. ’жыта’, ’збожжа’, макед. жито ’збожжа’, ’пшаніца’, ’куцця’. Ст.-слав. жито ’збожжа’, ’плод’. Ст.-рус. жито ’збожжа’, ’ячмень’, ’багацце’. Ст.-прус. geits ’хлеб’. Шырокае першапачатковае значэнне прасл. *žito ’злакавая расліна’, ’збожжа’, ’ежа з зерня’ робіць бясспрэчнай сувязь жыта і жыць. *Žito ўтворана ад кораня *g​i, *g​ei‑ (Покарны, 1, 467–468) з суфіксацыяй *‑t‑: і.-е. *g​eito‑ (параўн. яшчэ кімер. bwyd ’ежа’). Пра суч. слав. значэнні слова гл. Клепікава, Усачова, ОЛА, 1965, 148–169. Праабражэнскі, 1, 239; Фасмер, 2, 57; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 294; Мейе, Études, 298; Ваян, RÉS, 41, 60; Махэк₂, 728; БЕР, 1, 548; Скок, 3, 681; Траўтман, 82; Тапароў, E–H, 194–197.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Загугу́ля ’бульбяная бабка’ (Мат. Гом.). Рус. загогу́ля ’выгін, крывізна’, дыял. ’патаўшчэнне’, перан. дыял. ’нешта незвычайнае, манернае (выраз, чалавек)’. Фасмер (2, 73) тлумачыць загогулина з гогуля, якое параўноўваецца з польск. gogólła ’зерне плода’ (у Слаўскага, 1, 310, gogołka ’завязь’). Для бел. значэння істотна ўлічыць рус. алан. гого́лька ’талакно на вадзе з маслам’, гого́лья ’камячкі мукі ў рэдкім растворы з аўса для бліноў’, балг. гага́лка ’від галубцоў’ (Гераў). Слаўскі лічыць, што ў gogołka рэдуплікацыя тыпу по‑пел. Сярод паралелей без рэдуплікацыі галушка (гл.). Першапачатковы корань, па Слаўскаму, *gol‑ ’нешта голае’. Семантычна гэта не бездакорна. Параўн. яшчэ рус. дан. гугу́ля ’груз’. Ці не трэба ў назвах ежы ўбачыць значэнне ’нешта патоўшчанае, як гуз’, якое можа быць зыходным і для назваў завязі ў польск. і чэш., мар. gagalka ’завязь’, балг. дыял. гага́лка ’авечы кал у выглядзе галачак’, гоголица ’друк з натуральнай булавешкай’? Параўн. таксама гуля, гула, гуз, гала. Тады рэдуплікацыя «ўзмацняе» першаснае значэнне ’патаўшчэнне, жаўлак, гуз’, як і прэфіксацыя: гу́ля ’гуз, шар, гала’ > гугу́ля > загугу́ля. Гуля, гула з прасл. gula. Трубачоў, Эт. сл., 7, 169–170; БЕР, 1, 222, 259; Махэк₂, 148.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зака́лец ’сыры, непрапечаны слой у хлебе’, зака́л ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зака́л, дыял. зака́ла, укр. зака́лець, зака́л, польск. zakałec, zakał, чэш. разм. zákalec, zakał, н.-луж. zakałka ’тс’. Ст.-рус. закала ’закалец’ (1662 г.). Паўн.-слав. абазначэнне непрапечанага слоя цеста над ніжняй скарынкай, які вынікае з-за таго, што цеста не падышло, звязана, відаць, з дзеясловам zakaliti ’падвергнуць уздзеянню цяпла (для гартавання і іншых мэт)’: была ўжыта надта гарачая вада для запаркі ці печ была надта гарачая. Zakałiti ад kaliti ’гартаваць’. Гэта слова звязваецца з калець (гл.), акалець, паводле тэрмічнага ўздзеяння (Даль, 2, 582; Мейе, MSL, 14, 373), ці з кал (гл.) паводле Махэка, LF, 65, 314–315 (пазней Махэк₂, 236, адмовіўся ад гэтай версіі, якую падтрымаў Слаўскі, 2, 29). Гл. Фасмер, 2, 168–169; Скок, 2, 21. Закалец утворана з суфіксам ‑ец (< ‑ьць) ад паўн.-слав. бязафікснага назоўніка, *zakala ад дзеяслова zakałiti. Побач са слоем непрапечанага хлеба лексема zakal(a) у рус., польск., чэш. азначае яшчэ ’недапрацаваны цвёрды фрагмент скуры (падэшвы), які скрыпіць’. Параўн. яшчэ закала.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зара́, зо́ры ’яркая афарбоўка гарызонта пры ўсходзе і заходзе сонца’, ’зорка’. Рус. заря, зори ’афарбоўка гарызонта’, дыял. пенз., кур. утренняя, вечерняя заря ’планета Венера’, укр. зоря ’зорка’, ’афарбоўка гарызонта’, польск. zorza, уст. zarza, н.-луж. zoŕa, в.-луж. zerja ’афарбоўка гарызонта’, палаб. zöri, ’тс’, чэш. zora ’зара’, záře, zář ’святло’, славац. zora ’афарбоўка гарызонта’, славен. zárja, zórja ’тс’, серб.-харв. зо̀ра ’тс’, балг. заря, зора̀, за̀ра ’тс’, макед. зора. Ст.-слав. зарꙗ ’святло, ззянне’. Ст.-рус. заря, зара ’святло, зара’ (XI ст.). Таго ж і.-е. кораня, што зрок, зрэнка (гл.): *gʼher‑ ’ззяць, блішчаць’. Прасла zora, zara (адкуль з суфіксам ‑j‑a: zarja > рус. заря і інш.) мае роднасныя: літ. žarijà ’гарачае вуголле’, ст.-прус. sari ’жар’, літ. žarà ’зара’, англ. gray ’шары’. Пра семантычнае адрозненне зоря, заря гл. Якабсон, Writings, 2, 628; Фасмер, 2, 81; Шанскі, 2, З, 61; Траўтман, 336; Покарны, 1, 441–442; БЕР, 1, 654–655; Скок, 3, 660; Махэк₂, 710. У зах.-рус. адбылася семантычная дыферэнцыяцыя ’зорка’ і ’афарбоўка неба’, прычым першае значэнне замацавалася за лексемай бел. зорка (гл.), укр. зірка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)