вы́весці, ‑веду, ‑ведзеш, ‑ведзе; пр. вывеў, ‑вела; заг. выведзі; зак., каго-што.

1. Ведучы, выдаліць адкуль‑н. Вывесці каня з канюшні. Вывесці за дзверы. □ Мажэйка забег дадому, каб трохі перакусіць, вывеў з.. хлеўчыка матацыкл і праз мінут якіх пятнаццаць быў ужо за Узлессем. Шахавец.

2. Выключыць, прымусіць выйсці са складу чаго‑н., адкуль‑н. Вывесці з гульні. Вывесці з камісіі.

3. Накіроўваючы рух, паказваючы дарогу, прывесці куды‑н. Вывесці на арбіту. Вывесці трактары ў поле. □ З лагчыны, парэзанай скрозь акопамі, палонных вывелі блытанымі дарогамі на гасцінец. Чорны. Неўзабаве бацька звярнуў на сцежку, якая вывела іх у густы асіннік. Гамолка. // перан. Выкіраваць, прывесці да пэўнай мэты. Кастрычніцкая рэвалюцыя вывела краіну на дарогу сацыялізма. Праграма КПСС. // Надбудоўваючы, надстаўляючы, высунуць куды‑н. Вывесці трубу ў акно.

4. Перавесці ў іншае становішча, змяніць стан, дзеянне, рух. Вывесці брыгаду ў перадавыя. Вывесці з цярпення. Вывесці з забыцця. □ Сонечны прамень трапіў на твар дзіцяці.. Гэта вывела жанчыну з задуменнасці. Лынькоў. // Надаць іншы напрамак. Вывесці самалёт са штопару.

5. Выседзець з яйца (пра птушак). Ластаўкі вывелі сваіх птушанят і разам з імі паляцелі ў вырай, пакінуўшы гнёзды да наступнай вясны. В. Вольскі.

6. Вырасціць, стварыць (сорт раслін, народу жывёл, птушак). Цяпер.. [Вера Васільеўна] працавала над тым, каб вывесці такі гатунак [буракоў], які б меў высокае ўтрыманне цукру і добра рос на тарфяных глебах. Дуброўскі.

7. Збудаваць, паставіць. Вывесці комін. □ — Глядзі-тка, — сказаў Мікода, — гэта ж ён хутка сцены-такі выведзе: яшчэ вянкі чатыры і ўсё. Галавач.

8. Зрабіць вывад, прыйсці да якой‑н. думкі. Вывесці формулу.

9. Старанна і акуратна аформіць лініі, абрысы чаго‑н. Вывесці літару. Вывесці вензель. // Выцягнуць голасам. Вывесці трэль. □ І ніхто так, як Лукаш Леўчанка, не мог вывесці «выган-я-я-яй», хоць многія стараліся пераняць яго. Колас.

10. Апісаць, паказаць у мастацкім творы. Вывесці вобраз нашага сучасніка.

11. Звесці, знішчыць. Вывесці плямы на паліто. Вывесці прусакоў.

•••

Вывесці бал (адзнаку) — вызначыць сярэднюю ацэнку.

Вывесці з сябе каго — давесці да страты самавалодання; узлаваць.

Вывесці на дарогу — дапамагчы каму‑н. знайсці сваё месца ў жыцці, правільную лінію паводзін.

Вывесці на чыстую ваду — выкрыць чые‑н. нядобрыя ўчынкі. [Ганна:] Не! Яшчэ не ўсё! Я вас выведу на чыстую ваду. Макаёнак.

Вывесці са строюзрабіць непрыгодным для выканання чаго‑н.

Вывесці ў людзі — прымаючы ўдзел у жыцці каго‑н., дапамагчы яму заняць трывалае або высокае становішча ў грамадстве. Сына свайго ў людзі Вывеў бы Ігнат. — Вось мой сын, паночкі! «Асадзі назад!». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́кінуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць вон, пазбавіцца ад чаго‑н. непатрэбнага, лішняга. Выкінуць недакуркі з попельніцы. □ [Крушынскі] непрыкметна для Івана Мацвеевіча выкінуў з каляскі мяккі пакунак. Бядуля. // перан. Выключыць, апусціць. Выкінуць раздзел з кнігі. // Разм. Звольніць з работы, пасады. Выкінуць прагульшчыка з завода.

2. Выдаліць сілаю, выштурхнуць; выгнаць. У маі захопнікаў выкінулі з Крыма. Мележ. І зноў, як і першы раз, выбух выкінуў на паверхню процьму рыбы. Асіпенка. / у безас. ужыв. [Дзед Тарас:] — Ну, Грышка, залазь у машыну. І, глядзі, трымайся добра, каб не выкінула на выбоінах! Паслядовіч. Відаць, хваля выкінула .. [рыбку] у час прыбою. Якімовіч.

3. Выставіць, высунуць рэзкім рухам. Выкінуць руку ўперад. // Узняўшы, вывесіць. Выкінуць сцяг.

4. Выпусціць, вылучыць што‑н., вывергнуць. З-за небасхілу сонца выкінула першыя праменні, разагнаўшы цьмянасць неба. Дуброўскі. Сухое ламачча, палітае бензінам, выкінула высока ў неба вогненныя языкі. Новікаў. // Пусціць парасткі, лісты і пад. Здаецца, кінь у раллю зярняты, і яны тут жа на вачах, выкінуць з сябе імклівыя стрэлы лістоў. Шахавец. Быў май. Дрэвы апрануліся ўжо ў маладую клейкую лістоту, і стогадовы каштан ля тэрасы выкінуў да неба тысячы белых конусаў-свечак. Караткевіч.

5. Выслаць наперад ці ў які‑н. бок. [Генерал-маёр:] — Цяпер прыйдзецца вам [начальніку штаба] самому ўзначаліць абарону. Выкіньце наперад каменданцкі ўзвод. Гурскі.

6. Разм. Пусціць у продаж. [Кукарэка:] — Мы ўжо на рынак спрабуем выкінуць гэту сыравіну. Грамовіч.

7. перан. Разм. Зрасходаваць, дарэмна патраціць. Трэба ж выкінуць столькі грошай!

8. Разм. Учыніць што‑н. нечаканае, незвычайнае. Выкінуць жарт. Выкінуць штуку.

•••

Выкінуць дурасць з галавы — абразуміцца, адумацца, паразумнець.

Выкінуць з галавы (сэрца, памяці) — забыць, перастаць думаць пра што‑н., спадзявацца на каго‑, што‑н. Так яно, мусіць, і было, але нельга ж выкінуць з памяці мінулае. Арабей.

Выкінуць за борт — адкінуць што‑н. або вырачыся каго‑н. як непатрэбнага.

Выкінуць каленца (калена) — а) зрабіць нечаканую фігуру ў танцы; б) учыніць што‑н. неспадзяванае, нечаканае. [Мароз:] — Чалавек — гэта, брат, пацёмкі: ты яму верыш, а ён табе такое каленца выкіне, што і галавы не дабярэш. Лобан.

Выкінуць коніка — сказаць або зрабіць што‑н. нечаканае, недарэчнае. — Натурай, натурай, дык яна [Вольга] выкіне табе коніка, схопішся пасля за галаву, — пакрыўдзілася на мужа Вольга Усцінаўна. Шамякін.

Выкінуць лозунг — заклікаць да чаго‑н., абвясціць што‑н.

Выкінуць (грошы) на вецер — марна зрасходаваць, патраціць што‑н.

Выкінуць на вока — напомніць, сказаць што‑н. непрыемнае. Ну, й надаедная ж кабета: Вось так і выкіне на вока. Колас.

Выкінуць на вуліцу каго — а) выселіць з жылога памяшкання; б) звольніць з работы, пазбавіць сродкаў існавання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́віцца, спраўлюся, справішся, справіцца; зак.

1. з чым і без дап. Змагчы зрабіць, выканаць што‑н. (якую‑н. работу, абавязак і пад.). Справіцца з заданнем. □ Зямля была мяккая, і Вова хутка справіўся з гэтай работай. Якімовіч. «Глядзі, якая яна [Усця], — думаў Васіль, — старшынёй калгаса пастаў — справіцца». Кулакоўскі. [Лясніцкі:] — А вось з санітарамі ў нас цяжка. Алена не можа справіцца адна. Шамякін.

2. з кім-чым. Перамагчы, узяць верх у баі, бойцы і пад. [Балук:] — Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна. Колас. Алесь ведаў, што з Федзем яму аднаму не справіцца, і моцна свіснуў у два пальцы. Ваданосаў. Нягледзячы на здвоеныя кантынгенты войска і жандармерыі на заходнебеларускіх землях, акупацыйная ўлада не магла справіцца з партызанскім рухам. Ліс. // Прымусіць слухацца, падпарадкавацца. Брыгада павінна справіцца з тым, хто ёй не падпарадкуецца, хто ідзе супраць яе. Шыцік. А што ж гэта за манера Паддавацца дужа: Не ўламаеш кавалера, Не справішся з мужам! Лойка. // Адолець, асіліць што‑н. Справіцца з агнём. Справіцца з цяжкасцямі. □ Але .. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова. Дуброўскі. // Сумець пакарыстацца чым‑н., гладзіць, саўладаць з чым‑н. Справіцца з машынай. □ Рука ніяк не магла справіцца з гузікамі. Паслядовіч. З клямкай старшыня, нарэшце, справіўся сам і, бразнуўшы дзвярыма, скочыў з высокага ганка. Навуменка. // перан. Перамагчы, перасіліць (якое‑н. пачуццё, стан і пад.). Справіцца з хваляваннем. □ Абое яны хацелі справіцца са сваёй няёмкасцю, і абаім гэта не ўдавалася. Асіпенка. Голас .. [маці] задрыжаў, але праз хвіліну яна справілася з сабою. Ус.

3. Атрымаць весткі, даведацца пра што‑н. [Гулік] зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка справіцца, ці дома Нічыпар. Колас. — Ты скора ад нас едзеш? — справілася Зося. Гартны.

4. Паспець своечасова зрабіць, завяршыць што‑н. Да свят бярозаўцы справіліся з пасяўной, з копкай бульбы. Васілевіч. Згледзеў [Андрэй], што .. [Валюта] справілася змяніць сукенку, была цяпер у зялёнай з гарошкам. Пташнікаў. Пасля работы Васіль прыйшоў у інтэрнат і ўжо справіўся памыцца і пераапрануцца, калі, нарэшце, вярнуўся з завода Саша. Шуцько. // Разм. З’есці, выпіць усё без астатку. Абое хутка справіліся з гарбатай, і Рыгор прынёс яшчэ па шклянцы. Гартны.

5. Разм. З’ездзіўшы, схадзіўшы куды‑н., вярнуцца назад. Заўтра субота, паслязаўтра нядзеля, два выхадныя, спраўлюся туды і назад. Арабей.

6. Разм. Зраўняцца з кім‑н. Праўда, .. [Алена] не апошняя работніца ў засценку. І то сказаць, хто можа з ёю справіцца. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. што і без дап. Скончыць гаварыць; давесці да канца сваю гаворку. — Наперад, хлопцы!.. Бі штыкамі!.. — Начдыў не даказаў, Ён паў над жоўтымі пяскамі, Як быццам задрамаў. Броўка. Пры гэтым Лабановіч зазірае ў вочы Вользе Віктараўне з хітраватаю ўсмешкаю, каб сказаць гэтым поглядам тое, чаго не даказаў словамі. Колас. Ганна не даказала — нервовасць скрала словы. Гартны.

2. што і з дадан. сказам. Пацвердзіць правільнасць чаго‑н. фактамі, пераканаўчымі довадамі. Даказаць тэарэму. Даказаць сваю вернасць радзіме. □ Не трэба баяцца З жыццём паспрачацца І праўду сваю даказаць. Чарнушэвіч. Дакажам працаю, што можам Мы гаспадарыць на зямлі, І ўраджаем упрыгожым Нашы калгасныя палі. Чарот. // Паказаць, выявіць. Сусветная сістэма сацыялізма менш чым за чвэрць стагоддзя свайго існавання даказала ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці сваю велізарную перавагу над аджываючай сістэмай капіталізму. «Звязда».

3. на каго. Разм. Данесці, нагаварыць. — Гэта ж я даказала на .. [дэзерціраў], калі і хто дома будзе. Крапіва.

4. (звычайна з адмоўем). Разм. Зраўняцца з кім‑н. у чым‑н., зрабіць так, як хто‑н. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

•••

Даказаць сваё — пераканаць каго‑н. у сваёй праваце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., што.

1. Адлажыць убок, палажыць побач. Пачуўшы стукат у дзверы, Карызна адклаў убок пяро і, паціраючы рукі, крыкнуў бадзёра і весела: — Уваходзь! Зарэцкі. [Рудзько] адклаў лічыльнікі ўбок, змёў далоняй махорку са стала ў падстаўленую лодачкай другую далонь і адарваў новы кавалачак газеты. Дуброўскі. // Палажыць асобна, аддзяліць. Адкласці сапсаваныя фрукты ў асобную скрынку. / у перан. ужыв. Ужо зіма свае ўборы На другі адклала год. Броўка. // Зберагчы якія‑н. сродкі, паклаўшы іх асобна; сэканоміць. Адкласці грошы.

2. Назбіраць, назапасіць; утварыць адклады. За доўгія гады возера адклала на дне многа ілу.

3. Палажыць яйкі для захавання патомства. Самка авадня здольна адкласці да 500 яечак.

4. Апусціць, адагнуць, адкінуць (аб прадметах, прымацаваных да чаго‑н. адным краем). Анісім ад звонкасці Алімпінага голасу прабудзіўся, адклаў каўнер кажуха і пачаў .. услухоўвацца ў Алімпіны словы. Сабаленка.

5. Перанесці на больш позні час; адтэрмінаваць. Прыйшлося адкласці падарожжа на заўтра. Маўр. Старыя раяць шлюб адкласці, А маладыя прагнуць шчасця, — Вось тут, як кажуць, і кукуй! Крапіва.

6. У геаметрыі — адмераўшы, адзначыць адрэзак на прамой. На прамой АВ адкласці адрэзак СД.

7. перан. Пакінуць след, адбітак, не знікнуць бясследна, зрабіць уплыў. Уражанні дзяцінства адклалі выразны адбітак на душы чалавека. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.

1. Накрыць, прыкрыць чым‑н. Закрыць твар рукамі. □ [Тварыцкі] зямлю зноў засыпаў, укапаў камень, усё, як і было. Закрыў зверху перацёртай саломай. Чорны.

2. Засланіць сабой, зрабіць нябачным. Хмары закрылі неба. Туман закрыў зямлю. □ Агеньчыка ззаду не было — патух ці закрыла мітуслівая заслона завірухі. Мележ.

3. Скласці што‑н. раскрытае, разгорнутае. Закрыць кнігу. // Самкнуць (пра вочы, рот). Закрыць вочы. Закрыць рот.

4. Загарадзіць, перагарадзіць (уваход, выхад і пад.). Закрыць сваім целам амбразуру дота. □ Мурашкі залазяць у схоў сутарэння І ходы ў мурашнік закрылі. Колас. // Спыніць доступ куды‑н. Закрыць дарогу ў горад. Закрыць граніцу.

5. Спыніць работу, дзейнасць, існаванне (установы, прадпрыемства і пад.). Закрыць школу. Закрыць выстаўку. Закрыць газету. Закрыць прадпрыемства. // Скончыць (сход, нараду і пад.). Закрыць сход. Закрыць нараду. Закрыць пасяджэнне.

•••

Закрыць ведамасць — тое, што і закрыць рахунак (у «в» знач.).

Закрыць рахунак — а) пра ўкладчыка: поўнасцю забраць свой уклад з банка; б) пра банк: спыніць выдачу грошай па рахунку; в) закончыць рахунак за які‑н. перыяд, падвесці канчатковы вынік.

Закрыць вочы на што — знарок не заўважыць, пакінуць без увагі.

Закрыць лавачку — спыніць якую‑н. справу, работу, не давёўшы да канца.

Закрыць рот каму — пазбавіць каго‑н. магчымасці выказаць сваю думку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Разм. Зрабіць удых і выдых. Баючыся дыхнуць, .. [Зося] палажыла руку пад падушку. Чорны. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін, і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Падыхаць. Раптам захацелася мне дыхнуць полем, выскачыць на вясенні прастор. Ракітны. // Выпусціць ротам струмень паветра пры гаворцы. — На страху глядзі, на страху, — дыхнуў .. [Юрку] у самае вуха Сяргей. Курто.

2. чым і без дап. Павеяць, падзьмуць. Яшчэ сняжком Зямлю не замяло, Ды халадком дыхнулі ўжо Абшары. Макаль. Прайшоўся, дыхнуў цёплы вецер па двары, патрывожыўшы лісце таполяў. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Акно адразу ж адчынілася, і ў твар дыхнула свежасцю. Сачанка. // перан. Узрушыць, выклікаўшы якое‑н. пачуццё, абудзіўшы ўспаміны. Кожнаму на момант дыхнула ў душу сваімі жахамі перажытая вайна. Пестрак. / у безас. ужыв. Кастусь піў бярозавік, настоены на скарынках хлеба, і на яго раптам дыхнула далёкім бесклапотным маленствам. С. Александровіч.

•••

Баяцца дыхнуць гл. баяцца.

Вольна дыхнуць — адчуць поўную свабоду, вызваліўшыся ад чаго‑н. непрыемнага, гнятлівага.

Дыхнуць на поўныя грудзі — тое, што і вольна дыхнуць.

(Не) даць дыхнуць каму гл. даць.

Некалі (няма калі) дыхнуць гл. некалі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

моц, ‑ы, ж.

1. Трываласць, мацунак. Моц тканіны. □ [Масладуда:] — Зрабіць якую рэч з жалеза — не хітрая штука. Жалеза само па сабе моц мае. Лынькоў.

2. Фізічная сіла. Моц мускулаў. □ Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. З кароткіх рукавоў .. шэрай світкі тырчалі доўгія мазольныя рукі, і ў іх адчувалася моц. Чарнышэвіч.

3. Праяўленне чаго‑н.; сіла, ступень гэтага праяўлення. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Колас. Сонца яшчэ не набралася моцы. Беразняк.

4. Магутнасць, аўтарытэт, сіла. Моц савецкай дзяржавы. □ Зачараваныя глядзім На сілу, моц сваёй радзімы, Што ззяе полымем жывым. Танк. // Здольнасць уздзейнічаць; сіла ўздзеяння. [У працы над роллю Благса] я пазнаў моц ўяўлення і фантазіі — іх месца ў творчасці акцёра. Сяргейчык. Шчыра веру я ў моц пажадання. Дзяргай. // перан. Духоўная стойкасць. Моц душы.

5. Насычанасць, канцэнтрацыя. — Вось летась быў у мяне тытунь, той, праўда, меў моц. Зацягнешся — дух займае. Пальчэўскі.

6. У спалучэнні з асабовай формай дзеяслова, прыметніка або займенніка (часцей з прыназоўнікам) выражае найвышэйшую ступень праяўлення дзеяння. Крычаць на ўсю моц. □ Лілося святло з вокнаў вакзала, на поўную моц гарэлі ліхтары. Васілёнак. Міхась з усяе моцы бразнуў дзвярыма. Савіцкі.

•••

Як (колькі) моцы стае гл. ставаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налі́ць, ‑лью́, ‑лье́ш, ‑лье́; ‑льём, ‑льяце́ і ‑лію́, ‑ліе́ш, ‑ліе́; ‑ліём, ‑ліяце́; пр. налі́ў, ‑ліла́, ‑ліло́; заг. налі́; зак.

1. што і чаго. Уліваючы якую‑н. вадкасць, напоўніць што‑н. Закіпеў чайнік. Святлана наліла шклянку і падала мужу. Шахавец. — Матуля, дайце нам папіць чаго-небудзь, — папрасіў адзін з.. [чырвонаармейцаў].. Хрысціна наліла кубак малака, працягнула старэйшаму. Жычка. / у безас. ужыв. Наліло поўную бочку дажджавой вады. // Уліць у што‑н. у якой‑н. колькасці. Наліць вады ва ўмывальнік. Наліць талерку супу. □ Аляксей Іванавіч змоўк, наліў у шклянку вады і выпіў. Скрыпка.

2. без дап. (пераважна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Разм. Тое, што і наліцца (у 4 знач.). Каласы ўжо налілі. □ Вінаград, наліты поўна сокамі, Хіліць долу гнуткія сукі. Калачынскі.

3. перан.; што. Напоўніць якой‑н. якасцю, якім‑н. пачуццём, адчуваннем. Ідзі, хай агорне душу, Налье вастрынёю зрок Трываласць твайго народа На першай з людскіх дарог. Лужанін. Распраналася .. [Маша] марудна — ад утомы, якая роўным цёплым цяжарам наліла цела. Мележ.

4. чаго і без дап. Разліць па паверхні чаго‑н. Наліць на стол вады. Наліць на абрус чарніла.

5. чаго. Зрабіць, вырабіць ліццём нейкую колькасць чаго‑н. Наліць дэталей.

•••

Цераз верх наліць (насыпаць) — наліць, насыпаць чаго‑н. звыш меры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ні́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Тонка ссуканая пража, якая выкарыстоўваецца для шыцця, вязання і пад. [Варвара:] — Збегай, Косцік, вазьмі ў шуфлядзе чорны гузік і іголку з чорнай ніткай. Васілевіч. За прасніцай некалі маці тужыць, Суровая нітка праз пальцы бяжыць. Вялюгін.

2. Нізка (пацерак, караляў і пад.). Да .. шыі [мадонны на карціне] была падвешана (прыбіта цвічкамі) нітка сапраўдных караляў. Чорны.

3. Прадмет, які па сваёй форме падобны на нітку. У іржэўнік парванымі, патузанымі ніткамі паўпляталася павуцінне. Скрыган. // перан. Аб чым‑н. такім, што нагадвае нітку. [Самалёты] пакідалі за сабой танюткія серабрыстыя ніткі следу. Лынькоў.

4. перан. Аб чым‑н. пабудаваным, што выцягнулася ў выглядзе простай лініі. Нітка чыгункі. Нітка трубаправода. □ Чырванаватая нітка брукаванага тракту паблісквае вільгаццю. Лужанін.

5. перан. Тое, што злучае, служыць для сувязі. Газеты з’яўляюцца для Міхалкі вышэйшай школай — універсітэтам. Яны злучаюць яго нябачнымі ніткамі з усім светам. Бядуля. // Рад, чарада чаго‑н. Нітка ўспамінаў. □ Думкі паўзуць шэрай, блытанай ніткай. Лынькоў.

•••

Да (апошняй) ніткі — усё, поўнасцю, да канца (аграбіць, абабраць, праліць і пад.).

На жывую нітку — нетрывала (зрабіць што‑н.). Двор зарос травой, паркан пастаўлен на жывую нітку, на хляве — прагніўшая страха. Навуменка.

Прамокнуць да ніткі гл. прамокнуць.

Праходзіць чырвонай ніткай гл. праходзіць.

Шыта белымі ніткамі гл. шыты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)