БА́РДАХ ((Bardach) Юльюш) (н. 3.11.1914, г. Адэса),

польскі гісторык права. Чл. Польскай АН (1989). Скончыў Віленскі ун-т (1939). У 1950—85 ў Варшаўскім ун-це (з 1960 праф.), адначасова ў 1961—69 дырэктар Ін-та гісторыі права пры гэтым ун-це. Даследуе грамадска-паліт. лад і права Польшчы і ВКЛ 14—18 ст., звычаёвае права Беларусі і Літвы, Статуты ВКЛ, праблемы гістарыяграфіі, метадалогіі гісторыі і інш.

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТКЕ́ВІЧ (Леанід Леанідавіч) (н. 25.5.1949, Мінск),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1979). У 1970—80 саліст-вакаліст ансамбля «Песняры» (найб. адказныя сола ў работах «Гусляр» І.​Лучанка і «Песня пра долю» У.​Мулявіна). У 1983—89 саліст Бел. тэлебачання і радыё. Запісаў з ансамблем і сола шмат бел. нар. песень на магнітную стужку і грампласцінкі (некат. ў дуэце з Данчыкам). З 1989 у ЗША.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАС (Ісідар) (Ізраіль Самуілавіч; нарадзіўся 9.12.1913, Віцебск),

крытык, літаратуразнавец. Вучыўся ў Камуністычным ін-це журналістыкі (1933—36, Мінск). З 1947 выкладаў у ВНУ Беларусі. Даследаваў пытанні развіцця бел. дакастр. л-ры (у т. л. ананімнай), станаўлення рэалізму, сувязяў бел., рус., укр. і польск. літаратур, узнаўляў невядомыя старонкі творчых біяграфій П.​Багрыма, Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, Я.​Купалы, Я.​Коласа. З 1970-х г. за мяжой.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТРЫЯМІКО́З [ад грэч. botrys гронка + мікоз(ы)],

хранічная інфекц. хвароба коней, радзей буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней з групы мікозаў. Узбуджальнік — мікраскапічны грыбок Botryomyces assoformans (жыве на сене, саломе, у гнаі), пранікае ў арганізм праз пашкоджаную скуру або вывадныя пратокі тлушчавых і потавых залоз. Трапляецца амаль па ўсім зямным шары, у т. л. на Беларусі. Батрыямікоз выяўляецца запаленчым пухлінападобным разрастаннем фібрознай злучальнай тканкі скуры, мышцаў, лімфатычных вузлоў.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗЫМЕ́ННАЕ ВО́ЗЕРА, Палыкаўскае возера,

у Беларусі, на мяжы Шклоўскага і Круглянскага р-наў Магілёўскай вобл., у бас. р. Чарнаводка (выцякае з возера), за 17 км на З ад г. Шклоў і за 13 км на У ад г.п. Круглае. Пл. 0,3 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 2 м. Пл. вадазбору 9,6 км². Берагі забалочаныя, месцамі параслі хмызняком. Уздоўж берагоў зарастае.

т. 2, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКЮ́ (Аўгуст) (3.5.1771, г. Гродна — 26.7.1824),

бел. ўрач. Д-р філасофіі і медыцыны (1793), праф. (1806). Вучыўся ў Гродне і Кёнігсбергу. З 1797 у Вышэйшай школе Літвы (з 1803 Віленскі ун-т). Адзін з першых у Беларусі і Літве пачаў вакцынацыю супраць воспы. Навук. працы па шпітальнай справе і гігіене дзіцячага ўзросту.

Літ.:

Bieliński J. Uniwersytet Wileński, 1579—1831. T. l—2. Kraków, 1899—1900.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ВУЧНЁЎСКАЯ ГРАМАДА́ ў Калузе,

грамадская арг-цыя. Існавала ў 1918. Засн. вучнямі навуч. устаноў, эвакуіраваных з тэр. Беларусі ў час 1-й сусв. вайны. 18.6.1918 зарэгістравана Бел. нац. камісарыятам. Асн. мэта — аб’яднанне вучняў-беларусаў усіх навуч. устаноў на нац. культ.-асв. глебе. Арганізоўвала лекцыі і даклады, праводзіла культ. мерапрыемствы. Працавалі літ. і драм. секцыі, б-ка. Мела аддзелы пры некаторых навуч. установах.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛЯСНА́Я ГАЗЕ́ТА».

Выходзіць са студз. 1995 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра рэформы і сац. палітыку ў лясной галіне нар. гаспадаркі Беларусі, пра сучасны стан бел. лясоў, іх захоўванне і выкарыстанне. Знаёміць з распрацоўкамі вучоных, дасягненнямі перадавых лясгасаў, леспрамгасаў, прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці, іх лепшымі працаўнікамі. Друкуе матэрыялы на тэмы прыроды і экалогіі. Дае парады па будаўніцтве, агародніцтве, нар. медыцыне.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ЗЯЛЁНЫХ (БПЗ),

палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1992. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Зялёная рада. Асн. мэты — забеспячэнне грамадзянам Беларусі права пражывання ў здаровым асяроддзі, удзел у распрацоўцы заканад. актаў па ахове навакольнага асяроддзя і падрыхтоўцы праектаў рашэнняў, у т. л. альтэрнатыўных, якія маюць дачыненне да аховы і аздараўлення навакольнага асяроддзя. Найбольшыя арг-цыі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце, Салігорску, Светлагорску.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА»,

часопіс інспектарыята бел. школ пры генеральным камісары Беларусі. Выдаваўся ў студз.снеж. 1942 у Мінску (друкаваўся кірыліцай і лацінкай у Вільні) на бел. мове пад кантролем герм. улад. Выходзіў раз у 2 месяцы. Складаўся з 2 частак — для настаўнікаў і вучняў. Друкаваў пераважна метадычныя і вучэбныя матэрыялы. Выйшла 6 нумароў. З 1943 замест «Беларускай школы» выдаваўся час. «Школа і жыццё».

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)