РУПА́САВА (Жанна Аляксандраўна) (н. 7.6.1944, г. Кустанай, Казахстан),

бел. вучоны ў галіне экалогіі і фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1991), праф. (1999). Скончыла Маскоўскі ун-т (1966). З 1972 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі (з 1982 заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях трансфармацыі лясных экасістэм і міграцыйных патокаў у іх хім. элементаў пад уздзеяннем тэхнагенных і рэкрэацыйных нагрузак, фізіёлага-біяхім. аспектах развіцця інтрадукаваных лек. раслін.

Тв.:

Техногенное загрязнение лесных экосистем Беларуси. Мн., 1995 (у сааўт.);

Клюква крупноплодная в Беларуси: Биохим. состав, хранение, переработка. Мн., 1999 (разам з Т.​І.​Васілеўскай).

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСАЛЕ́НКА (Аркадзь Іванавіч) (н. 9.5.1939, в. Атрубы Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне экалогіі. Д-р біял. н. (1991). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1962). З 1971 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі (з 1978 вучоны сакратар, з 1988 заг. лабараторыі), з 1994 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па класіфікацыі, структуры і экалогіі расл. згуртаванняў, іх змяненні пры антрапагенным уздзеянні.

Тв.:

Структура и продуктивность лесов при подтоплении и затоплении. Мн., 1983;

Годичный прирост деревьев и влагообеспеченность. Мн., 1986;

Гидротехнические сооружения с основами гидрологии и гидравлики. Мн., 1998.

т. 13, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́КЕТС ((Ricketts) Хаўвард Тэйлар) (9.2.1871, г. Фіндлі, штат Агайо, ЗША — 3.5.1910),

амерыканскі патолаг і мікрабіёлаг. Скончыў ун-т у г. Лінкальн (1894) і мед. каледж Паўн.-зах. ун-та ў г. Чыкага. З 1902 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па пытаннях інфекц. хвароб. Апісаў плямістую ліхаманку Скалістых гор, выявіў яе ўзбуджальніка, эксперыментальна даказаў, што хваробу перадаюць кляшчы пэўных відаў. Высветліў, што брушны тыф перадаецца праз адзежную вош (узбуджальнік жыве і ў крыві ахвяры, і ў целе вошы). Яго імем названа група ўнутрыклетачных мікраарганізмаў (гл. Рыкетсіі). Калі вывучаў сыпны Тыф у Мексіцы, заразіўся і памёр.

А.​Ю.​Маніна.

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ТАЎ (Міхаіл Васілевіч) (16.1.1846, г. Наваміргарад Кіраваградскай вобл., Украіна — 17.4.1920),

бел. вучоны-аграном, адзін з заснавальнікаў навук. агародніцтва і пладаводства на Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1878). З 1879 у Горы-Горацкай земляробчай школе, з 1919 праф. Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Навук. працы па біялогіі агароднінных і пладовых раслін. Паказаў магчымасць вегетатыўнай гібрыдызацыі і стварэння новых сартоў спосабам адбору іх пры вырошчванні ў адпаведных умовах, прапанаваў насеннае размнажэнне яблыні, вывучаў уплыў прышчэпы на прышчэпак. Арганізаваў першы пладовы гадавальнік, памалагічны сад і доследнае поле для вывучэння агароднінных культур.

Тв.:

Избр. труды. М., 1956;

Русские яблоки. М., 1960.

т. 13, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЦІК (Пётр Рыгоравіч) (н. 14.8.1931, в. Зарэчча Клінцоўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне эпідэміялогіі і вірусалогіі. Д-р мед. н. (1972), праф. (1991). Скончыў Ленінградскі сан.-гігіенічны мед. ін-т (1955). З 1958 у БелНДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (з 1971 нам. дырэктара, з 1986 дырэктар, з 1995 заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі дыфтэрыі, рэцыдыўных форм сыпнога тыфу, асабліва небяспечных вірусных гемарагічных ліхаманак, ВІЧ-інфекцыі.

Тв.:

Спорадический сыпной тиф. Мн., 1973 (у сааўт.). СПИД: синдром приобретенного иммунного дефицита. Мн., 1988 (разам з А.​Г.​Каламійцам, Н.​Дз.​Каламіец).

т. 13, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Оўэн Уіланс) (26.4.1879, г. Дзьюсберы, Вялікабрытанія — 15.2.1959),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1913). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1900). З 1900 у Кавендышскай лабараторыі, з 1906 у Прынстанскім, з 1914 у Лонданскім ун-тах. Навук. працы па тэрмаэлектроннай эмісіі, электроннай і квантавай тэорыях, магнетызме, спектраскапіі, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў і інш. Адкрыў тэрмаэлектронную эмісію (эфект Р.), устанавіў залежнасць шчыльнасці яе току ад т-ры паверхні металу (1901, формула Р.—Дэшмана). Эксперыментальна праверыў закон максвелаўскага размеркавання малекул па скарасцях (1908) і ўраўненне Эйнштэйна для фотаэфекту (1912). Нобелеўская прэмія 1928.

О.Рычардсан.

т. 13, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́УЦКІ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 27.8.1937, ст. Звеннявы Бікінскага р-на Хабараўскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1985).

Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1962). З 1969 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі (з 1990 заг. лабараторыі). Навук. працы па фізіялогіі воднага гамеастазу раслін, рухальных сілах і рэгуляцыі транспарту вады, асаблівасцях функцыянавання аквапарынаў, узаемасувязі воднага рэжыму і фотасінтэзу, водным стрэсе.

Тв.:

Эколого-физиологические основы мелиорации почв агрофитоценозов. Мн., 1974 (разам з Л.​П.​Смаляком);

Адаптациогенез процессов фотосинтеза в связи с водообеспеченностью растений (разам з Ж.​І.​Казловой) // Проблемы экспериментальной ботаники. Мн., 1997.

т. 14, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЕ́ЎСКІ (Юрый Аляксандравіч) (н. 29.9.1923, Мінск),

бел. вучоны ў галіне будаўніцтва. Д-р тэхн. н., праф. (1970). Засл. будаўнік Беларусі (1980). Бацька Дз.Ю.Сабалеўскага. Скончыў БПІ (1950), дзе і працаваў (у 1965—93 заг. кафедры). Навук. працы па механіцы грунтоў і фундаментабудаванні, праблемах устойлівасці фільтруючых адхонаў, апоўзняў і воданасычаных асноў, будаўніцтву падземных збудаванняў. Прапанаваў метады вызначэння канчатковых гарыз. зрушэнняў падмуркаў гідратэхн. збудаванняў, праектавання і канструявання бураін’екцыйных анкераў і паляў. Удзельнічаў у праектаванні Мінскага метрапалітэна. Прэмія СМ СССР 1989.

Тв.:

Криволинейные очертания однородных откосов. Мн., 1969;

Водонасыщенные откосы и основания. Мн., 1975;

Механика грунтов. Мн., 1986.

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЦЬЕ́ ((Sabatier) Поль) (5.11.1854, г. Каркасон, Францыя — 14.8.1941),

французскі хімік-арганік, адзін з заснавальнікаў арган. каталізу. Чл. Парыжскай АН (1913). Скончыў Вышэйшы пед. ін-т у Тулузе (1877). У 1882—1930 у Тулузскім ун-це (з 1884 праф.). Навук. працы пераважна па каталізе Прапанаваў выкарыстоўваць замест высакародных металаў у якасці каталізатараў нікель, медзь, кобальт, жалеза. Адкрыў метады каталітычнага гідрыравання арган. злучэнняў з выкарыстаннем у якасці каталізатараў дробнадысперсных металаў. Увёў у практыку каталізу носьбіты каталізатараў (дробнадысперсных металаў) для павышэння іх устойлівасці. Нобелеўская прэмія 1912.

Тв.:

Рус. пер. — Катализ в органической химии. Л., 1932.

П.Сабацье.

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВВА (Вадзім Аляксандравіч) (н. 13.7.1941, г. Самара, Расія),

бел. фізік.

Д-р фіз.-матэм. н. (1989). Скончыў БДУ (1963). З 1963 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (з 1996 заг. лабараторыі). Навук. працы па лазернай фізіцы і оптыцы. Развіў тэорыю дынамічных рэжымаў генерацыі светлавых імпульсаў у розных тыпах лазераў, распрацаваў метады селектыўнага ўзбуджэння малекулярных ваганняў магутнымі лазернымі імпульсамі, прапанаваў аналіт. метады даследавання дынамікі шматузроўневых малекулярных сістэм у магутных эл.магн. палях.

Тв.:

Аналитический метод в динамике квантовых многоуровневых систем — моделей многофотонного возбуждения молекул инфракрасным лазерным излучением (у сааўт.) // Современная оптика и лазерная физика. Мн., 1993.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)