тае́мнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць таемнага. Таемнасць становішча. □ Спярша яму было крыху смешна, але па меры таго, як сама апавядальніца ўсё больш і больш захоплівалася таемнасцю здарэння, Лабановіча зацікавіла іншае, а іменна — непасрэдная і цвёрдая вера людзей у існаванне ўсяго гэтага цёмнага спляцення нядобрай сілы. Колас.

2. Нешта загадкавае, невядомае, незразумелае. Нейкай таемнасцю веяла ад постацей святых, павыразаных з дрэва. Броўка. [Дзяўчаты] былі ўсе маладыя, маладосць любіць таемнасць, сакрэты і сюрпрызы. Чорны. Гарыце, сузор’і, гарыце У гэты таемнасці час! Грамыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фро́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Буржуазна-дваранскі рух супраць абсалютызму ў Францыі сярэдзіны 17 ст. // Наогул якая‑н. апазіцыя, што супрацьпастаўляе каму‑, чаму‑н. свае погляды, сваю палітыку і пад. Нездарма ў яго [Галоўнага] часта бывалі вострыя сутычкі з Адамам Стронгам і яго падапечнай літаратурнай фрондай. Паслядовіч.

2. перан. Кніжн. Незадаволенасць кім‑, чым‑н.; франдзёрства. Прычыны ж гэтай фронды і ўсяго Косцевага няправільнага жыцця аўтар бачыць у пласцінках джазавай музыкі, у залішнім ужыванні рому. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халту́ршчык, ‑а, м.

Разм. зневаж.

1. Той, хто займаецца халтурай (у 1 знач.). [Гаспадар:] — Мы вырашылі рабіць.. [рамонт кватэры] самі. Падлічылі, .. колькі на гэта пойдзе грошай. Аказалася, што ледзь не ў два разы дзешавей, чым здзіраюць халтуршчыкі. Паслядовіч.

2. Той, хто працуе або робіць што‑н. нядобрасумленна, неахайна. Халтуршчыкі здымаць не будуць фільмы, Бо іх саміх здымаць пачнуць у нас. Панчанка. Няможна, каб у чалавека аднолькава да ўсяго ляжала душа. Ён тады ці абыякавы рамеснік, ці безнадзейны халтуршчык. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЕДА́НТА (санскр., літар. канец ведаў),

рэлігійна-філасофская сістэма ў інд. філасофіі. Узнікла на аснове абагульнення каментарыяў да тэкстаў Ведаў (упанішад; гл. Веды) і часткова эпічных тэкстаў («Рамаяна», «Махабхарата», «Бхагавадгіта»). Уключае ўласна веданту, некаторыя вучэнні вішнуізму, шываізму, а таксама неаіндуізму. Асн. філас. катэгорыі веданты: брахман (касм. душа), атман (індывід. душа), пуруша (абстрактны духоўны пачатак), пракрыці (абстрактны матэрыяльны пачатак, прырода), артха (сэнс, значэнне), джняна (веды), авастха (псіхічны стан) і мая (ілюзія). Вышэйшая рэальнасць і прычына ўсяго існага — вечны Брахман. Мэтай быцця веданта лічыць «вызваленне», дасягненне адзінства з Богам шляхам поўнага адыходу ад рэальнасці і паглыблення ў чыстае мысленне.

Мяркуюць, што мудрэц Бадараян (каля 4—3 ст. да н.э.) сістэматызаваў вучэнні ў «Брахма-сутры» («Веданта-сутры»), што існавалі ў 7 ст. да н.э. Каментарыі да іх далі пачатак школам веданты — Шанкары, Рамануджы, Мадхвы, Валабхі, Німбаркі і інш., якія разыходзяцца ў поглядах на індывід. Я (джыву) і Брахман. Веданта значна паўплывала на індуізм. Прадстаўнікі неаведантызму 20 ст. Р.Тагор, С.​Радхакрышнан і інш.

Літ.:

Чаттерджи С., Датта Д. Введение в индийскую философию: Пер. с англ. М., 1955;

Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: Пер. с чеш. М., 1969;

Костюченко В.С. Классическая веданта и неоведантизм. М., 1983.

А.​В.​Гурко.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНАСЦЬ,

бясконцае (у часе) існаванне матэрыяльнага свету, абумоўленае нестваральнасцю і незнішчальнасцю матэрыі і яе атрыбутаў, матэрыяльным адзінствам свету. Вечнасць уласціва толькі матэрыі ў цэлым; кожная асобная матэрыяльная сістэма, у т. л. грамадскае жыццё і формы яго арганізацыі, абмежаваная ў прасторы і часе (мае пачатак і канец). Вечнасць не зводзіцца да неабмежаванага аднароднага існавання матэрыі ў адных і тых жа станах ці да бясконцай паслядоўнасці кругаваротаў. Яна ўключае ў сябе пастаянныя якасныя ператварэнні матэрыі і ўзнікненне новых станаў. Прызнанне вечнасці матэрыяльнага свету, яго здольнасці бясконца рухацца і самаразвівацца з’яўляецца асновай любога паслядоўнага матэрыяліст. погляду на працэсы, што адбываюцца ў Сусвеце. У тэалогіі і аб’ектыўным ідэалізме вечнасць трактуецца як атрыбут Бога або абсалютнага духа. Бог як бясконцая і абсалютна дасканалая існасць існуе не ў часе, а ў вечнасці. Усё, што ўласціва Богу, з’яўляецца абсалютна дасканалым і застаецца нязменным. Матэрыяліст. філасофія лічыць прынцыпова немагчымым які-небудзь канчатковы стан накшталт «цеплавой смерці Сусвету» або сціскання ўсяго рэчыва свету да бясконца вял. шчыльнасці і спынення (для патэнцыяльнага знешняга назіральніка) часу. У працэсе змянення матэрыі час можа змяняцца толькі ад мінулага да будучыні (гл. таксама Прастора і час, Касмалогія, Матэрыя).

В.​І.​Боўш.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІ́НЫ.

ліцвіны, назва жыхароў Вялікага княства Літоўскага, пераважна зах. беларусаў і ўсх. літоўцаў у 14—18 ст. Упершыню сустракаецца ў польск. гіст. крыніцах 14 ст. У бел.-літ. летапісах і інш. дакументах 14—16 ст. назва Л. звязвалася ў этнагенетычным аспекце з легендарнымі рымскімі перасяленцамі на чале з кн. Палемонам, а тэрытарыяльна — з землямі першапачатковай лакалізацыі тапоніма Літва — на З ад Мінска ў міжрэччы Нёмана і Віліі, дзе існавала змешанае балта-слав. насельніцтва (гл. ў арт. Літва летапісная). У канфесіянальным аспекце нярэдка звязвалася з каталіцтвам. У 16—18 ст. назва Л. набыла гучанне палітоніма — дзярж. паліт. вызначэння ўсяго насельніцтва ВКЛ, аднак адрознівалася ад саманазвы менавіта літоўцаў (аўкштайты і жэмайты), усх. беларусаў правасл. веры (русіны, руськія) і палешукоў. Жыхароў Белай Русі называлі Л.-беларусцамі (гл. Беларусцы). У 19 — пач. 20 ст. арэал існавання назвы Л. звузіўся. У наш час ужываецца як экзаэтнонім у палякаў для вызначэння літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невял. груп бел. насельніцтва (у раёне Бярозы, Івацэвіч, Косава, Пружан, Навагрудка, Воранава, Гродна, Паставаў, Браслава і інш.), некат. раёнаў бел.-ўкр. Палесся (раёны Століна, Ракітнага, Кастопаля, Сарнаў, Оўруча) і часткова беларускамоўнага насельніцтва паўн. Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, зах. Браншчыны і Смаленшчыны.

І.​У.​Чаквін.

т. 9, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАНЕ́ЗІЯ,

адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі (каля 1500 дробных астравоў), у зах. ч. Ціхага ак., гал. ч. на Пн ад экватара. Уключае Марыянскія астравы, Каралінскія астравы, Маршалавы астравы, Гілберта астравы, а-вы Ошэн, Банаба, Науру і інш. Пл. 2,6 тыс. км². Нас. каля 500 тыс. ж. (1998). Карэннае нас. — мікранезійцы. Жывуць таксама амерыканцы, англічане, філіпінцы, кітайцы. Большая ч. а-воў — атолы, астатнія вулканічнага паходжання; самы буйны в-аў Гуам. На Марыянскіх а-вах ёсць дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Сярэднія месячныя т-ры ад 26 °C да 28 °C. Ападкі ад 2000 да 6000 мм выпадаюць раўнамерна на працягу ўсяго года. Частыя трапічныя цыклоны (раён Каралінскіх а-воў). Прыроднае покрыва на вулканічных астравах складаюць вечназялёныя трапічныя лясы, радзей — саванны. Расліннасць на каралавых астравах бедная. Буйныя млекакормячыя жывёлы на М. адсутнічаюць. Найбольш пашыраны пацукі, лятучыя мышы, розныя віды яшчарак, птушкі. Трапічнае земляробства; рыбалоўства. Плантацыі цукр. трыснягу, рысу. Радовішчы баксітаў, фасфарытаў (Каралінскія а-вы), здабыча фасфатаў (на в-ве Науру). На а-вах М. размешчаны дзяржавы: Маршалавы Астравы, Мікранезія (Федэратыўныя Штаты Мікранезіі), Науру, Палау, Паўночныя Марыянскія Астравы, асн. частка дзяржавы Кірыбаці (а-вы Гілберта), уладанне ЗША Гуам.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭТАЗГО́ДНАСЦЬ,

адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.​Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.

А.​Л.​Галаўнёў.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКАЗА́ЛЬНІК,

пералік упарадкаваных паводле алфавітнай, храналагічнай, нумарацыйнай ці інш. прыкметы апісанняў твораў друку і пісьменства, назваў прадметаў, уласных імён, абазначэнняў і інш., які дазваляе хутка знаходзіць неабходныя звесткі ў адпаведным інфарм. масіве. Паводле зместу і прызначэння традыцыйна адрозніваюць П. бібліягр. і дапаможныя. Бібліягр. П. з’яўляецца разнавіднасцю бібліягр. дапаможнікаў; мае самаст. даведачнае значэнне (гл. Бібліяграфія). Дапаможны П. не мае самаст. даведачнага значэння; выступае ў якасці даведніка па тэксце, ён абавязковы для даведачных, навук. і навуч. выданняў. Складаецца са спасылак да тэксту (старонкі, нумары параграфаў і да т.п.), якія паказваюць на месца знаходжання інфармацыі. У залежнасці ад зместу рубрык П. бываюць імянныя, прадметныя, геагр. і інш.; паводле прынцыпу размяшчэння матэрыялу — алфавітныя, сістэматычныя, храналагічныя і інш.; паводле структуры рубрык — простыя і разгорнутыя П., а пры наяўнасці дадатковых звестак — анатаваныя. Па ступені раскрыцця зместу дакумента бываюць П. да ўсяго тэксту, часткі тэксту, па аднаму ці некалькіх аспектах. Выбар тыпу П. залежыць ад зместу выдання, яго чытацкага прызначэння, аб’ёму, традыцый у канкрэтных галінах ведаў. Чым больш складаны тэкст выдання, тым больш разнастайныя П. да яго.

Літ.:

Кунце Х. Составление вспомогательных указателей: Пер. с нем. М., 1977;

Призмент Э.Л., Динерштейн Е.А. Вспомогательные указатели к книжным изданиям. М., 1988.

А.​І.​Чарняева.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫ ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС, прыродны ландшафт, прыродная сістэма, геаграфічны комплекс,

заканамернае спалучэнне прыродных геагр. кампанентаў, якія ўтвараюць цэласную матэрыяльную геасістэму; адно з асн. паняццяў фізічнай геаграфіі. Тэрмін прапанаваны сав. географам М.​А.​Сонцавым у 1950-я г. Асобныя кампаненты і комплексы ніжэйшага рангу (участак зямной кары з уласцівымі яму рэльефам, глебамі, паверхневымі і падземнымі водамі, расліннасцю, жывёльным светам, прыземным слоем паветра), у межах П.т.к. развіваюцца як часткі цэлага. Іх узаемасувязі выяўляюцца ў абмене рэчывам і энергіяй. Змена аднаго кампанента часта выклікае перабудову ўсяго П.т.к. У той жа час П.т.к. валодаюць пэўнай устойлівасцю, маюць тэндэнцыю ўзнаўлення пасля іх парушэння знешнімі агентамі, у т. л. і ўздзеяннем чалавека. Адносяцца да розных узроўняў (рангаў); да планетарнага (геаграфічная абалонка), рэгіянальнага (ландшафтная правінцыя, зона, асобны ландшафт геаграфічны), тапалагічнага (мясцовасць, урочышча, фацыя). П.т.к. рэгіянальнага і тапалагічнага ўзроўняў — структурныя ч. геагр. абалонкі, вынік працэсу яе дыферэнцыяцыі; і наадварот, П.т.к. вышэйшых рангаў з’яўляюцца адлюстраваннем інтэграцыі комплексаў ніжэйшых рангаў. У агульнай грамадскай дзейнасці П.т.к. разглядаецца як сістэма, якая мае ўласцівасць узнаўлення прыроднага асяроддзя, прыродных рэсурсаў, і захоўвае генетычны фонд, з’яўляецца гал. аб’ектам рацыянальнага прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Ландшафтазнаўства, Ландшафтнае раянаванне, Ландшафтны аналіз.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)