Вялася 25—28 чэрв., складалася з кароткачасовых жорсткіх баёў вакол Мінскага ўмацаванага раёна. Абарону на З ад горада трымалі войскі 44-га (камдыў В.А.Юшкевіч), на Пн — 2-га (ген.-м. А.М.Ермакоў) стралк. карпусоў 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў) Зах.фронту, а таксама 16-ы Дзяржынскі пагранатрад (маёр А.А.Аляксееў). Іх падмацоўвалі 151-ы карпусны і 301-ы гаўбічны артпалкі, 7-я брыгада ППА, 42-я далёкабамбардзіровачная дывізія і інш. 23—24 чэрв. варожы паветр. дэсант захапіў ст. Аляхновічы, атрады 3-й танк. групы (ген.-палк. Г.Гот) занялі Радашковічы, 25 чэрв. — Валожын і Ракаў. 23 чэрв.ням. самалёты бамбілі аэрадром у Лошыцы, чыг. вакзал, інш. аб’екты; раніцай 24 чэрв. пачаліся масіраваныя налёты. За 3 дні ням. самалёты, якія пастаянна віселі над горадам, знішчылі 21% (4 км²) гар. забудовы, загінулі сотні жыхароў. Пачаўся масавы адыход насельніцтва з Мінска. Раніцай 26 чэрв. пад Астрашыцкім Гарадком і Смалявічамі немцы скінулі буйны паветр. дэсант, ад Радашковіч у гэтым напрамку пачаліся атакі ням. танкаў і мотапяхоты. Ад Маладзечна войскі ням. 39-га (ген. Р.Шміт) танк. корпуса рушылі на У, злучыліся з дэсантам і захапілі Астрашыцкі Гарадок. Для ліквідацыі пагрозы сюды былі накіраваны 100-я (ген.м. І.М.Русіянаў) і 161-я (палк. А.В.Міхайлаў) стралк. дывізіі; амаль без гармат воіны бутэлькамі з бензінам здолелі адбіць некалькі атак варожых танкаў і ліквідаваць прарывы. Асобныя ням. атрады 7-й танк. дывізіі (ген. Х. фон Функ) абышлі правы фланг абароны і вечарам 26 чэрв. захапілі Смалявічы, перарэзалі Маскоўскую шашу і перапынілі паток бежанцаў. На ПнЗ ад горада абарону ўтрымлівала 64-я стралк. дывізія (палк. С.І.Іаўлеў), у т. л. 30-ы стралк. полк (палк. А.І.Яфрэмаў). Да 28 чэрв. не спыняліся баі ў Заслаўі, дзе контратакаваў 159-ы стралк. полк (падпалк. А.І.Бялоў), Раніцай 27 чэрв. рух на Магілёўскай шашы перапыніў ням.паветр. дэсант, на Баранавіцкім напрамку моцны ўдар ад Стоўбцаў нанесла 17-я танк. дывізія 17-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген.-палк. Г.В.Гудэрыяна. Вечарам 27 чэрв.ням. мотапяхота выбіла частку 108-й стралк. дывізіі (ген.-м. А.І.Маўрычаў, Н.І.Арлоў) з Фаніпаля. Баявыя дзеянні сав. войск на Пн ад Мінска спачатку разгортваліся паспяхова: былі стрыманы атакі на Ракаўскай шашы, вораг адкінуты на 10 км да в. Беларучы, заняты Астрашыцкі Гарадок. Але вечарам 27 чэрв. сустрэчнымі ўдарамі ням. войскі адрэзалі ад асн. сіл 5 сав. батальёнаў, з З нанеслі ўдар на Сёмкаў Гарадок, прарвалі пазіцыі 30-га стралк. палка, стварылі пагрозу для левага фланга 2-га стралк. корпуса. У выніку масіраваных удараў авіяцыі, дзеянняў варожых дэсантаў, нападу ворага на штабы 13-й арміі, 44-га стралк. корпуса і інш. было страчана кіраванне значнай часткай войск, што абаранялі Мінск, прарвана апошняя лінія абароны ўздоўж р. Пціч. Таму ў ноч на 28 чэрв. пачалося адступленне сав. войск за р. Волма і Ратамка. Раніцай 28 чэрв. з Пд у горад увайшлі атрады ням. 17-й, з Пн — 20-й (ген. Штумпф) танк. дывізій, якія злучыліся і стварылі знешняе кальцо акружэння вакол асн. масы войск Зах.фронту (гл. ў арт.Навагрудскі «кацёл»). На досвітку 2 ліп. абаронцы Мінскага ўмацаванага раёна трыма калонамі пад агульным камандаваннем ген.-лейт. В.І.Кузняцова і Іаўлева прарваліся на У ад Дзяржынска, на наступны дзень — рэшткі 603-га стралк. палка з Астрашыцкага Гарадка. М.а., як і ўсе абарончыя дзеянні войск Зах.фронту, стала катастрофай для Чырв. Арміі (паводле рашэння Ваен. калегіі Вярх. суда СССР Дз.Р.Паўлаў і інш. кіраўнікі фронту прыгавораны 22 ліп. да пакарання смерцю), а таксама для насельніцтва Беларусі, у т. л. жыхароў Мінска, значная частка якіх загінула або пакінула горад. Разам з тым герм. армія страціла пад Мінскам некалькі тысяч салдат, больш за 300 танкаў і 4 дні часу. Сав. войскі панеслі значна большыя страты ў жывой сіле, але захавалі асн. баяздольнасць. У вер. 1941 за ўдзел у абароне Мінска і пераможныя баі пад Ельняй найменні гвардзейскіх нададзены дывізіям 100-й (стала 1-й), 161-й (стала 4-й), 64-й (стала 7-й).
Літ.:
Акалович Н.М. Они защищали Минск. 2 изд. Мн., 1987;
Иванов С.П. Штаб армейский, штаб фронтовой. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДЭ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,
баі паміж германскімі і французскімі войскамі за ўмацаваны раён Вердэна 21 лют. — 21 снеж. ў час 1-й сусв. вайны.
Тэрм. вярх. камандаванне вырашыла ў 1916 нанесці гал. ўдар на Зах. фронце супраць Вердэнскага выступу, які быў апорай усяго франц.фронту. На 15-кіламетровым участку прарыву супраць 2 франц. дывізій было выстаўлена 6,5 дывізій 5-й герм. арміі. Атака 21—25 лют. на правым беразе р. Мёз (Маас) сустрэла ўпартае супраціўленне франц. войск і прарыў не быў зроблены. У сак.герм. войскі гал. ўдар перанеслі на левы бераг ракі, але прасунуліся толькі на 6—7 км. 24 кастр.франц. войскі перайшлі ў контрнаступленне і 21 снеж. выйшлі на рубеж, які займалі 25 лютага. Вердэнская аперацыя была для Германіі беспаспяховай: яна ўвяла 50 дывізій са 125 і страціла каля 600 тыс.чал. Францыя выставіла 65 дывізій са 125 і страціла 358 тыс.чал.
наступальная аперацыя рус. войскаў Зах.фронту (галоўнакамандуючы ген. А.Е.Эверт) 2—29.7.1916, у пазіцыйны перыяд 1-й сусв. вайны. Ажыццёўлена, каб падтрымаць наступленне рус. войскаў на Паўд.-Зах. фронце (Брусілаўскі прарыў 1916). Аперацыю праводзіла 4-я армія (камандуючы ген. А.Ф.Рагоза), дзе сканцэнтравана 340 тыс.Чал. У ходзе наступальных баёў рас. войскам не ўдалося пераадолець добра абсталяваную абарончую паласу праціўніка. 14 ліп. аўстра-герм. дывізіі ажыццявілі контрнаступленне каля в. Скробава і занялі пакінутыя раней пазіцыі. Спробы рус. войскаў аднавіць страчаныя пазіцыі ў ходзе атак 25—29 ліп. скончыліся няўдала. Страты рус. войскаў у час аперацыі забітымі, параненымі і ўзятымі ў палон склалі каля 80 тыс.чал., страты праціўніка — каля 25 тыс.чал. У ліку прычын няўдачы Баранавіцкай аперацыі — недахоп артылерыі, снарадаў, вінтовак, дрэннае кіраўніцтва войскамі ў час прарыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРУЖЭ́ННЕ (ваен.),
ізаляцыя групоўкі праціўніка ад астатніх яго войскаў з мэтай знішчэння ці ўзяцця ў палон. Паспяховае акружэнне часцей бывае, калі прарыў абароны праціўніка ажыццяўляецца на двух або некалькіх участках фронту з развіццём наступлення па напрамках, якія сыходзяцца; калі створана перавага над праціўнікам у сілах і сродках (пры спрыяльных умовах акружэнне магчыма і пры роўных сілах). Акружаная групоўка адначасова блакіруецца з паветра, а на прыморскіх напрамках і з боку мора.
Класічны прыклад акружэння — бітва пры Канах у 216 да н.э. паміж рым. і карфагенскай арміямі. Шырока практыкавалася ў час Вял.Айч. вайны, калі сав. войскі правялі шэраг значных аперацый па акружэнні войскаў праціўніка (гл.Сталінградская бітва 1942—43, Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыя 1944, Яса-Кішынёўская аперацыя 1944). На тэр. Беларусі ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, Мінскай аперацыі 1944 трапілі ў акружэнне вял. групоўкі ням. войскаў (гл.Віцебскі «кацёл», Бабруйскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) у Вял.Айч. вайну ў раёне г. Гарадок Віцебскай вобл. 13—31.12.1943. Мэта аперацыі — разграміць гарадоцкую групоўку праціўніка, ліквідаваць т.зв. Гарадоцкі выступ, авалодаць Гарадком і наступаць у напрамку Віцебска. Удзельнічалі 11-я гв. (ген.-лейт. К.М.Галіцкі), часці 4-й ударнай, 43-й, 3-й паветр. армій, 1-ы і 5-ы танк., 3-і гв.кав. карпусы. Ім процістаялі ням.-фаш. войскі 3-й танк. арміі, 5 пях. і 1 танк. дывізіі групы армій «Цэнтр» і паўд. крыла 16-й арміі групы армій «Поўнач», 2 пях. дывізіі, перакінутыя з-пад Ленінграда. У ходзе аперацыі да 20 снеж. вызвалена больш за 500 нас. пунктаў, 24 снеж. вызвалены Гарадок. У выніку Гарадоцкай аперацыі сав. войскі прасунуліся на 60 км, стварылі ўмовы для наступлення ў раёне Віцебска. 12 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Гарадоцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛО́НАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (партыз. мянушка Дзядзька Косця; 7.1.1910, г. Асташкаў Цвярской вобл., Расія — 14.11.1942),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў прафес.-тэхн. школу ў Вял. Луках (1930). З 1939 нач. паравознага дэпо ст. Орша. У вер. 1941 у Маскве сфарміраваў з чыгуначнікаў партыз. атрад, у кастр. перайшоў з ім лінію фронту, уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо. Стварыў і ўзначаліў некалькі дыверс. груп, якія разам з падп. групамі Аршанскага патрыятычнага падполля паралізавалі работу чыг. вузла. З лют. 1942 камандзір партыз. атрада, з ліп. 1942 — брыгады. Арганізоўваў дыверсіі на чыгунцы, узначальваў баявыя дзеянні супраць ворага на тэр. Аршанскага, Багушэўскага, Лёзненскага, Сенненскага і інш. раёнаў. Загінуў у час Купавацкага бою 1942. У Оршы створаны мемар. музей З., у Оршы, Сянно і на месцы гібелі З. пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́ЛЬСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
сумесныя баявыя дзеянні войск 2-га Далёкаўсх. фронту (камандуючы ген. арміі М.А.Пуркаеў) і сіл Ціхаакіянскага флоту (адм. І.С.Юмашаў) па авалоданні Курыльскімі астравамі 18 жн. — 1 вер. ў савецка-японскую вайну 1945. На Курыльскіх а-вах японцы мелі больш за 80 тыс. вайскоўцаў, да 600 самалётаў і іншую баявую тэхніку. 18 жн. пры падтрымцы авіяцыі, берагавой і карабельнай артылерыі пачалася высадка на в-аў Шумшу сав. дэсанта (каля 9 тыс.чал., 205 гармат і мінамётаў, 60 караблёў і суднаў), які пасля ўпартых баёў 23 жн. заняў востраў. Да канца жн. вызвалена паўн. частка Курыльскіх а-воў. 1 вер. сілы Ціхаакіянскага флоту авалодалі астатнімі астравамі на Пд ад Урупа. У час аперацыі вызначыліся афіцэры — ураджэнцы Беларусі В.А.Кот і Ц.Л.Пачтароў.
Літ.:
Славинский Б.Н. Советская оккупация Курильских островов (август—сентябрь 1945 г.): Док. исслед. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
аперацыя партыз. злучэнняў Віцебскай вобл. па разгроме буйных фаш. гарнізонаў у тыле ням. 3-й танк. арміі з мэтай дэзарганізацыі кіравання і абароны праціўніка, адцягвання часткі яго сіл з віцебскага ўчастка Калінінскага (з 20 кастр. 1-ы Прыбалтыйскі) фронту 19—22 кастр. ў Вял.Айч. вайну. У аперацыі ўдзельнічала больш за 20 партыз. брыгад і палкоў Віцебскай і Мінскай абл. пад агульным камандаваннем ген.-маёра Ф.Ф.Дуброўскага. Партызаны правялі цяжкія баі за г. Лепель (гл.Лепельскі бой 1943), Чашнікі (гл.Чашніцкія баі 1943), в. Бачэйкава (гл.Бачэйкаўскія баі 1943), поўнасцю разграмілі 9 гарнізонаў ворага ў вёсках. Ім дапамагалі мясц. жыхары, якія капалі процітанк. равы, разбуралі дарогі, рабілі на іх завалы. Выканаўшы задачу, партызаны адышлі з раёнаў баявога сутыкнення з праціўнікам і распачалі ўдары па яго камунікацыях. У выніку Л.а. таксама сарвана буйная карная аперацыя захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ КОНТРУДА́Р 1941,
контрудар на Лепельскім напрамку сав. войск 20-й арміі (ген.-лейт. П.А.Курачкін) Зах.фронту ў складзе 5-га і 7-га механіз. карпусоў 6—10 ліп. ў Вял.Айч. вайну з мэтай разгрому групоўкі ворага, які наступаў у напрамку Віцебска. Злучэнні 5-га і 7-га карпусоў выйшлі з раёна Багушэўска на Сянно, вызвалілі яго, прасунуліся на 30—40 км, разграмілі 2 ням. матарызаваныя палкі, на Лепельскім напрамку знішчылі матарызаваную дывізію, да 40 гармат, шмат трансп. сродкаў праціўніка. Найб. упартыя баі, у т. л. танкавыя (удзельнічала да 1,5 тыс. танкаў), ішлі на Пн ад Сянна. Падцягнутыя рэзервы ворага і падтрымка авіяцыі вымусілі сав. карпусы спыніць наступленне і адысці ў раён Оршы. Контрударам ворагу прычынены страты, значна паменшана яго ўдарная сіла і тэмп прасоўвання на У. У памяць аб Л.к. ў г.п. Багушэўск Сенненскага р-на пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́МАЎ (Ісідар Еўсцігнеевіч) (25.5. 1882, в. Старышчава, Калагрыўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 27.11.1937),
рэвалюцыянер, дзярж. і парт. дзеяч. З 1902 чл.РСДРП. З 1915 у к-це Усерас. земскага саюза на Зах. фронце, удзельнічаў у рабоце бальшавіцкай групы ў Мінску; стварыў і ўзначаліў бальшавіцкую арг-цыю ў г. Лунінец. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адзін з арганізатараў, нам. старшыні, у ліп.—жн. 1917 старшыня выканкома Мінскага Савета. Удзельнік падрыхтоўкі 1-га з’езда салдацкіх дэпутатаў Зах.фронту. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 старшыня выканкома Іванава-Вазнясенскага Савета. З 1919 на парт. рабоце ў Туркестане, на Украіне і ў Сярэдняй Азіі. З 1924 нам. старшыні Массавета, чл. прэзідыума ВСНГ, старшыня праўлення Цэнтрасаюза. З 1930 нам. наркома знешняга і ўнутр. гандлю СССР, гандлёвы прадстаўнік СССР у Германіі, з 1932 нарком лёгкай прам-сці СССР. Беспадстаўна рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Аўтар успамінаў пра Лют. рэвалюцыю 1917 у Беларусі.