ардына́цыя

(польск. ordynacja, ад лац. ordinatio = упарадкаванне)

1) збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арганізацыі, суды ў сярэдневяковай Польшчы;

2) збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчынныя правы на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама родавы маёнтак, што пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіў як непадзельны і неадчужальны да аднаго нашчадка, звычайна старэйшага сына (напр. Нясвіжская а.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНТЫЛО́ПЫ,

групы жывёл атр. парнакапытных сям. пустарогіх за выключэннем быкоў, буйвалаў, казлоў і бараноў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі, Паўн. Амерыцы. 30 родаў, каля 80 відаў. Да роду антылоп (Antilope) належыць толькі індыйская антылопа гарна. У стэпах і саваннах Афрыкі жывуць буйныя каровіны антылопы — гну і бубалы, горная антылопа (Hippotragus niger). Паўпустыні і пустыні Афрыкі насяляюць конскія антылопы (Hippotragus), орыксы, адакс (Addax nasomaculatus). У пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі жывуць газелі, да якіх належаць джэйран і дзерэн. Спосаб жыцця стадны. Многія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Выш. ў карку ад 25 см (карлікавыя антылопы — Neotraginae) да 180 см (антылопа Кана — Taurotragus oryx), маса ад 8 кг да 1000 кг. Рогі прамыя і кароткія (ад 1,5 см) або доўгія (да 150 см) і выгнутыя ў выглядзе дугі або штопара. Афарбоўка ад светлай жоўта-пясчанай да шэра-блакітнай або амаль чорнай. Нараджаюць 1—3 цялят. Кормяцца травяністай расліннасцю, радзей лісцем дрэў. Аб’екты палявання; выкарыстоўваюцца мяса, скура, рогі.

Антылопы: 1 — шаблярогі орыкс; 2 — адакс; 3 — орыкс; 4 — чорная; 5 — конская.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́СТА,

заразная хвароба скуры чалавека і жывёлы, узбуджальнікі якой — кароставыя кляшчы. Крыніца інфекцыі — хворы на К. чалавек, яго адзенне, рэчы. Пашырэнню К. садзейнічаюць антыгігіенічныя бытавыя ўмовы, скучанасць, голад. З моманту заражэння да праяўлення хваробы праходзіць 7—10 дзён. Прыкметы: моцны сверб, асабліва вечарам і ноччу, кароставыя хады ў скуры, дробныя пухірковыя высыпкі на скуры паміж пальцамі, на локцевых суставах, тулаве, ягадзіцах і інш. Бываюць сцёртыя формы К. (адзінкавыя пухіркі не на тыповых месцах, слабы сверб). Лячэнне: серная мазь, суспензіі і інш.

На К. хварэюць свойскія жывёлы. Узбуджальнікі — кароставыя кляшчы 3 родаў: свербуны (жывуць на галаве, шыі, грудзях), наскурнікі (у месцах з доўгімі валасамі), скураеды (пашкоджваюць канечнасці жывёлы). Хворыя жывёлы трацяць спакой, адчуваюць моцны сверб, знясільваюцца, выпадае поўсць, у цяжкіх выпадках жывёла гіне. Найчасцей К. распаўсюджваецца ў асенне-зімовы і вясновы перыяды. На Беларусі К. с.-г. жывёлы як эпізаотыя ліквідавана.

М.​З.​Ягоўдзік.

С.Г.Кароль.
У.А.Кароль.
Кароставыя кляшчы: 1 — акарус; 2 — самка кляшча саркоптэс у прасвеце хода, прагрызенага ў рагавым слоі скуры, і адкладзенае ёю яйцо.

т. 8, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАЦІ́СТЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chrysophyta),

аддзел ніжэйшых раслін; прадстаўнікі фітапланктону. Каля 120 родаў. Больш за 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных водах; характэрны для кіслых вод сфагнавых балот; жывуць у морах і салёных азёрах, зрэдку ў глебе. Планктонныя, эпіфітныя, бентасныя арганізмы. З’яўляюцца важным звяном трафічнага цыкла вадаёмаў (першасныя прадуцэнты арган. рэчываў). На Беларусі 21 род, каля 50 відаў, напр., гіялобрыян, дынобрыян, кефірыян, маламонас, сінура, стэнакалікс, ураглена, урагленопсіс, хрызідаліс, тылахрызіс і інш.

Аднаклетачныя, каланіяльныя, радзей шматклетачныя арганізмы рознай формы. Рухомыя, плаваюць свабодна або прымацоўваюцца. Колер залаціста-жоўты, часам буравата-зялёны, радзей зеленавата-жоўты з-за хларафілу, жоўтых пігментаў (караціноідаў, фукаксанціну). Кветкі рознай формы, аднаядравыя, без цвёрдай абалонкі, некат. ў крэменязёмным лускавінкавым панцыры з іголкамі, шыпамі або ў «хатцы» (своеасаблівы панцыр). Маюць 1—2 (3—4) жгуцікі, скарачальныя вакуолі і вочка. Хларапластаў 1—2, пасценныя, карытападобныя. Запасныя рэчывы — хрызаламінарын і апей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі), палавое (іза-, гола-, аўтагамія). Большасць відаў аўтатрофы, ёсць гетэратрофы. Пры неспрыяльных умовах утвараюць крамяністыя цысты.

Залацістыя водарасці: 1 — гідрурус; 2 — сінура.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРВЕ́ЖСКАЯ МО́ВА,

адна з германскіх моў (скандынаўская падгрупа); мова нарвежцаў. Пашырана ў Нарвегіі, ЗША. Канадзе. Афіц. мова Нарвегіі.

Мае зах. і ўсх. групы дыялектаў. Гісторыю Н.м. падзяляюць на 2 перыяды: стараж.-нарвежскі (з 9 ст.) і нованарвежскі (з 1525). З 1380 (пасля далучэння Нарвегіі да Даніі) пачала распаўсюджвацца дацкая пісьмовая мова, якая ў 16 ст. атрымала статус афіц. мовы. У выніку значнага ўплыву нарвежскага субстрату адбылося адасабленне дацка-нарвежскай літ. мовы, якая ў 19 ст. атрымала назву рыксмал. Другі варыянт літ. Н.м. — лансмал, створаны ў 19 ст. І.​Осенам на аснове сінтэзу мясц. дыялектаў. У 1929 рыксмал і лансмал афіцыйна перайменаваны ў букмал і нюнорск. Найб. пашыраны букмал, блізкі па структуры да дацкай мовы. Асн. адрозненні букмала ад сучаснай дацкай мовы: муз. націск, частае выкарыстанне дыфтонгаў на месцы дацкіх манафтонгаў, глухія змычныя зычныя пасля галосных, сістэма трох родаў. Пісьменства на аснове лац. алфавіта. Найб. стараж. помнікі — рунічныя надпісы «эпохі вікінгаў» (гл. Руны і рунічныя алфавіты) і рукапісныя помнікі 2-й пал. 12 ст. (законы, легенды і інш.).

Літ.:

Якуб В.Л. Практический курс норвежского языка. М., 1966.

т. 11, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПУГА́І, папугаепадобныя (Psittaci, Psittaciformes),

атрад птушак. Вядомы з міяцэну (каля 17 млн. г. назад). 1 сям., 7 падсям., 69 родаў, 324 віды. Пашыраны пераважна ў трапічнай і субтрапічнай зонах. Жывуць на дрэвах; гнёзды ў дуплах, расколінах скал, норах. Трымаюцца статкамі. Многія віды здольныя пераймаць чалавечую гаворку (ара, жако, какаду і інш.). Добра пераносяць няволю, многія віды аматары трымаюць як дэкар. птушак (на Беларусі — да 30 відаў: неразлучнікі, амазоны, какаду, жако, хвалістыя папугайчыкі і інш.). 27 відаў у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. ад 9,5 см (дзятлавыя П.) да 1 м (ара гіяцынтавы), маса адпаведна ад 10 г да 1 кг. Апярэнне пераважна яркае, стракатае. Галава вялікая, шыя кароткая. У многіх відаў на галаве чубок. Дзюба высокая, выгнутая, моцная; наддзюб’е рухома сучленена з лобнымі касцямі. Крылы закругленыя, дужыя. 1-ы і 4-ы пальцы на нагах павернуты назад. Пераважна расліннаедныя, часам спажываюць жывёльны корм. Манагамы. Нясуць 2—5 яец (зрэдку да 12). Гл. таксама Лоры, Нестары.

Э.​Р.​Самусенка.

Папугаі: 1 — разела; 2 — карлікавы; 3 — німфавы; 4 — сінялобы; 5 — каралевы.

т. 12, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТУШКІ́, пастушковыя (Ralli, Rallidae),

сямейства птушак атр. жураўлепадобных. Вядомы з пачатку эацэну (каля 45 млн. г. назад). Па розных класіфікацыях — ад 18 да 62 родаў, ад 129 да 165 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. — у тропіках і субтропіках Азіі і Афрыкі. Жывуць у зарасніках каля вады, на вільготных лугах. Многія актыўныя на змярканні і ўначы. На Беларусі 7 пералётных відаў: драч, лысуха, пагонічы (3 віды), чаротніца, пастушок вадзяны; трапляюцца пераважна на Палессі. 8 відаў і 8 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, пагоніч малы — у Чырв. кнізе Беларусі.

Даўж. да 65 см, маса да 1 кг і больш. Апярэнне шэра- або чырванавата-бурае, стракатае, у трапічных відаў яркае з метал. бляскам. Цела і дзюба сціснуты з бакоў. Крылы кароткія, круглявыя. Ногі дужыя, пальцы доўгія. Хутка бегаюць, добра плаваюць, ныраюць. Кормяцца раслінамі і дробнымі жывёламі. Манагамы, паўвывадкавыя птушкі. Нясуць да 18 яец, многія віды — двойчы за год. Аб’екты палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Пастушкі: 1 — вадзяны; 2 — пагоніч-крошка; 3 — султанка (а — маладая; б — дарослая); 4 — лысуха чубатая.

т. 12, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУШЭ́РСТВА (ад франц. accoucher дапамагаць пры родах),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае фізіял. і паталаг. працэсы ў арганізме жанчыны ў час цяжарнасці, родаў і ў пасляродавым перыядзе, распрацоўвае і ўкараняе ў практыку метады родадапамогі, прафілактыкі і лячэння ўскладненняў цяжарнасці і родаў, хвароб плода і нованароджанага. Разам з гінекалогіяй складае адзіную мед. дысцыпліну.

Элементы навук. акушэрства вядомы са стараж. часоў (працы Гіпакрата, 460—370 да н.э., Авіцэны, 980—1037, і інш.). У 16 ст. адкрыта першая школа павітух пры Парыжскім шпіталі, у 17—18 ст. распрацаваны аперацыі накладання акушэрскіх шчыпцоў (англ. вучоны П.​Чэмберлен), павароту плода (вучоныя франц. А.​Парэ, англ. У.​Смелі). Заснавальніку акушэрства ў Расіі Н.​М.​Амбодзік-Максімовічу належыць першы арыгінальны дапаможнік па акушэрству (1784—86). У канцы 19—пач. 20 ст. рус. акушэр В.​В.​Строганаў распрацаваў метад лячэння эклампсіі, які атрымаў сусветнае прызнанне. Значны ўклад у акушэрскую навуку і практыку зрабілі А.​Я.​Красоўскі, У.​Ф.​Снегіроў, І.​П.​Лазарэвіч, М.​М.​Фенаменаў, Д.​А.​Абуладзе.

На Беларусі навук. акушэрства пачало развівацца пасля арганізацыі Гродзенскай мед. акадэміі (1775—81). Станаўленню сучаснага акушэрства садзейнічалі працы І.​М.​Старавойтава, М.​Л.​Выдрына (аперацыйнае акушэрства, ахова плода і нованароджанага), Л.​С.​Персіянінава (таксікозы цяжарных, гіпаксія плода і нованароджанага), Н.​Ф.​Лызікава, В.​С.​Ракуця, В.​Ц.​Камінскай (перынатальная ахова плода і нованароджанага), І.​С.​Лягенчанкі, В.​Р.​Лінкевіч (гіпаксія нованароджанага, акушэрская эмбрыялогія), Г.​І.​Герасімовіча (кесарава сячэнне), І.​У.​Дуды (фізіялогія і паталогія скарачальнай дзейнасці маткі), Л.​Я.​Супрун (праблемы імуналогіі), Г.​А.​Лукашэвіча (пасляродавая інфекцыя). Навук. праца вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, на кафедрах акушэрства і гінекалогіі мед. ін-таў. Асн. кірункі даследаванняў: невыношванне цяжарнасці (заўчасныя роды), анамаліі родавай дзейнасці, родавы траўматызм маці і плода, пасляродавыя захворванні, перынатальная ахова плода і нованароджанага, асаблівасці генерацыйнай функцыі жанчын ва ўмовах павышанай радыяцыі ў сувязі з вынікамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Акушэрска-гінекалагічная дапамога парадзіхам аказваецца ў радзільных дамах, жаночых кансультацыях, аддзяленнях гар., абл., раённых і інш. бальніц.

Акушэрства ветэрынарнае — галіна ветэрынарыі, якая вывучае фізіялогію і паталогію палавых працэсаў і асемянення с.-г. жывёл, цяжарнасць, роды і пасляродавы перыяд, а таксама хваробы нованароджаных, распрацоўвае метады дыягностыкі, тэрапіі і прафілактыкі бясплоднасці ў с.-г. жывёл. Праблемы акушэрства вет. даследуюць у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, бел. н.-д. ін-тах эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, ВНУ.

Літ.:

Акушерство. М., 1987;

Ветеринарное акушерство и гинекология. 5 изд. М., 1980.

І.​У.​Дуда.

т. 1, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дра́ма

(гр. drama = дзеянне)

1) адзін з трох родаў мастацкай літаратуры (побач з лірыкай і эпасам);

2) творы, напісаныя ў дыялагічнай форме без аўтарскай мовы і прызначаныя для выканання акцёрамі на сцэне (напр. беларуская д. XX ст.);

3) літаратурны твор гэтага роду з сур’ёзным, але не гераічным зместам (у адрозненне ад камедыі і трагедыі);

4) перан. цяжкая падзея, перажыванне, якое прыносіць маральныя пакуты (напр. душэўная д.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Пле́мя, пле́ме, пле́мʼе, плеймё, сюды ж пле́менства, племеўство, плямя́, племе́ньне, племянё ’аб’яднанне некалькіх родаў у дакласавым грамадстве’, ’сваякі, радня; дзеці, родзічы; пакаленне; патомства; парода’ (ТСБМ; Яруш.; Нас.; Нік. Очерки; Мат. Гом.; ТС; Карскі 2–3, 183; Кольб.; Сцяшк. Сл.; Жд. 2), на пле́мя ’для атрымання патомства’ (Нар. Гом.), пле́мень ’род’ (ТС), пле́меннік, пле́меністы ’здольны да размнажэння’, пле́менніца ’пладавітая жанчына’ (Нас.). Укр. пле́мʼя, рус. пле́мя, племя́, смал. племьё ’племя’; пле́мень ’сям’я, род, радня’, племе́нь ’плямёны’, пле́ме́нье ’сям’я, род, радня’; польск. plemię, чэш. plemeno, ст.-чэш. plémě, славацк. plemeno, арх. plemä; славен. pléme, серб.-харв. пле̏ме, макед., балг. пле́ме. Прасл. зыходнае *pled‑men > *plemę ’род, пакаленне, нашчадкі’ (без і.-е. адпаведнікаў), роднаснае аснове *plod‑ ’нашчадкі’ (параўн. рус. плод, плода ’нашчадкі’ — так яшчэ Шымкевіч), — да і.-е. *(s)pel‑ ’калоць, расшчапляць’ (Фасмер, 3, 278; Бязлай, 3, 53; Скок, 2, 681; Махэк₂, 454; Шустар-Шэўц, Этимология–1984, 225–226). Банькоўскі (2, 605), прыводзячы ў якасці адпаведніка ст.-грэч. πλῆθος ’мноства (людзей, прадметаў), лік’, лац. plebs < plēbēs ’народ, натоўп’, магчыма, і літ. pledė́kšnė — пра струк гароху, выводзіць праформу *pledh‑men. Сюды ж пляме́ннік, пле́мениік плімянні́к ’непакладаны кабан’ (віц., ДАБМ, камент., 884), г. зн. пакінуты “на племя” ’на расплод’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)