Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
ГРАМА́ДСКАЯ ДУ́МКА,
стан масавай свядомасці, які адлюстроўвае адносіны грамадства або яго часткі да з’яў і працэсаў сац.-паліт. і сац.-культ. рэчаіснасці, да дзейнасці пэўных асоб, груповак, арг-цый і г.д. Можа выступаць у экспрэсіўнай, кансультатыўнай і рэгулятыўнай функцыях; у залежнасці ад зместу выказванняў у ацэначных, аналітычных і канструктыўных меркаваннях. Грамадская думка рэгулюе паводзіны індывідаў, сац. груп, суполак, сац. ін-таў у грамадстве, выпрацоўвае пэўныя нормы грамадскіх паводзін; выяўленні нар. характару. Носьбітам (суб’ектам) грамадскай думкі можа выступаць грамадства ў цэлым, а таксама розныя сац. і паліт. групоўкі. Найб. актыўнымі каналамі фарміравання і выяўлення грамадскай думкі ў дэмакр. грамадстве з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі, сходы, мітынгі, маніфестацыі грамадзян, а таксама рэферэндумы, выбары органаў улады, сацыялагічныя апытанні насельніцтва. Навук. распрацоўка праблем грамадскай думкі пачалася ў 2-й пал. 19 ст.франц. сацыёлагам Г.Тардам, у 20 ст. — амер. сацыёлагамі А.Хоўэлам, У.Ліпманам і інш. У Беларусі тэндэнцыя развіцця грамадскай думкі даследуецца Ін-там сацыялогіі АН Беларусі, недзярж. арг-цыяй «Грамадская думка», інш. сацыяльнымі групамі.
Літ.:
Тард Г. Общественное мнение и толпа: Пер. с фр.М., 1902;
Тернер Дж. Структура социологической теории: Пер. с англ.М., 1985;
Горшков М.К. Общественное мнение: История и современность. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,
асобасныя, рукатворныя і прыродныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца ў вытв. працэсе для вырабу матэрыяльных і духоўных даброт. Да асобасных рэсурсаў адносіцца талент вытворцаў (у вузкім сэнсе рабочая сіла), элементамі якога з’яўляюцца інфармацыя, веды, уменні і навыкі; да рукатворных — пабудовы, збудаванні, машыны, абсталяванне, інструменты і механізмы, сродкі транспарту, сувязі, рабочая жывёла і інш.; да прыродных — зямля, яе нетры, клімат і да т.п. Вытворчыя фонды разглядаюць з трох бакоў. З боку паводзін суб’ектаў гаспадарання вытворчыя фонды — гэта рэсурсы, якія выклікаюць пэўную рэакцыю адасобленага суб’екта гаспадарання ў адносінах да ізаляванага запасу спажывальных даброт. З боку функцыянавання эканам. сістэмы — гэта тыя рэсурсы, якія ўжо выступаюць у якасці фактараў вытв-сці — спажывальных даброт і падзяляюцца на ўмовы, сродкі і прадметы працы. Паводле характару перанясення вартасці на ствараемы прадукт вытворчыя фонды падзяляюцца на асноўныя і абаротныя. Паводле матэрыяльна-рэчавага складу яны падзяляюцца на асобасныя і рэчаўныя. Гэты падзел мае істотнае значэнне для выяўлення тэхнічнай, вартаснай і арганічнай пабудовы вытворчых фондаў, дынамікі развіцця вытв-сці і эканам. сістэмы. Вытворчыя фонды Беларусі без уліку вартасці зямлі, нетраў, лясоў і таленту вытворцаў склалі ў 1990 105,7 млрд.руб., у т. л. асноўныя вытворчыя фонды 72,3 млрд., абаротныя 33,4 млрд.руб.; у 1994 адпаведна — 320 655, 307 338 і 13 317 млрд.руб., у фактычных цэнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУАЛІ́ЗМ,
светапогляд і лад жыцця, у аснове якога ляжыць прызнанне самакаштоўнасці індывіда, яго правоў і свабод, вызначэнне асабістых інтарэсаў і актыўнай дзейнасці па іх рэалізацыі.
У стараж.-грэч. філасофіі сафісты (Пратагор) абвясцілі чалавека мерай усіх рэчаў, а Платон гэтую ролю адводзіў полісу, дзяржаве. У багаслоўскіх канцэпцыях дамінуючым пачаткам выступае бажаство, а чалавечы індывід — яго бледнай копіяй. У канцэпцыях Адраджэння і Новага часу І. становіцца сінонімам разняволення асобы ад феад. пут, сцвярджэння роўнасці, свабоды і годнасці людзей. Асновы навук.-тэарэт. аргументацыі І. закладзены асветнікамі (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Вальтэр, Ш.Л.Мантэск’ё, П.Гольбах, Д.Дзідро, К.Гельвецый, Ж.Ж.Русо і інш), якія даказвалі, што свабода прыватнай уласнасці, ініцыятывы, думкі і дзейнасці чалавека адпавядае яго прыродзе і неад’емным правам. З узнікненнем тэхнагеннай цывілізацыі, бюракратыі ў жыцці зах. грамадстваў узмацняліся антыіндывідуалістычныя тэндэнцыі, маніпуляцыя людзьмі з боку сац. ін-таў, дамінаванне арг-цый над асобай. сацыялізацыі над індывідуалізацыяй. Марксісцкае вучэнне надае прымат грамадству, калектыву над індывідам, І. з’яўляецца крыніцай фарміравання аўтаномнай, ініцыятыўнай асобы. Такая лінія развіцця і паводзін індывіда не процістаіць, а цесна ўзаемадзейнічае з разумнымі формамі калект. дзеянняў, элементамі грамадзянскай супольнасці.
Літ.:
Индивидуализм и солидарность в трактовке западногерманских социал-демократов. М., 1991;
Рэнд А Концепция эгоизма: Пер. с англ. СПб., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФЁНАЎ (Віктар Іванавіч) (н. 23.9.1934, в. Прудкі Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне батанікі і экалогіі; заснавальнік бел. фларыстычнай школы. Акад.Нац.АН Беларусі (1988, чл.-кар. 1980), д-рбіял.н. (1976), праф. (1988). Засл. дз. нав. Беларусі (2000). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1957). У 1959—64 і з 1968 у Ін-це эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі (да 1972 заг. лабараторыі, нам., в.а. дырэктара, з 1973 дырэктар), у 1965—68 вучоны сакратар Савета па каардынацыі навук. дзейнасці АН Беларусі. Навук. працы па сістэматыцы раслін, фларыстыцы, фітагеаграфіі, геабатаніцы, радые- і агульнай экалогіі. Устанавіў заканамернасці фарміравання і эвалюцыі флоры, асаблівасці экалогіі і біялогіі відаў і родаў, структуру і склад папуляцый у экстрэмальных умовах росту; правёў таксанамічнае вывучэнне асобных відаў і родаў вышэйшых раслін. Тэарэтычна вырашыў праблемы паводзін відаў на межах арэалаў, распрацаваў навук. асновы выкарыстання і аховы біял. разнастайнасці расліннага свету, даследаваў заканамернасці міграцыі радыенуклідаў у прыродна-раслінных комплексах. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Обусловленность распространения и адаптация видов растений на границах ареалов. Мн., 1980;
Флора Белорусского Полесья: (современное состояние и тенденции развития). Мн., 1983;
Радиоактивное загрязнение растительности Беларуси (в связи с аварией на Чернобыльской АЭС). Мн., 1995 (у сааўт.);
Определитель высших растений Беларуси. Мн., 1999 (у сааўт.).