МА́СЛАЎ ((Maslow) Абрахам Харалд) (1.4.1908, Нью-Йорк — 8.6.1970),
амерыканскі псіхолаг, філосаф; адзін з заснавальнікаў гуманістычнай псіхалогіі. Д-р псіхалогіі (1934). Скончыў Мадысанскі ун-т (1930). У 1934—61 працаваў у пед. каледжы, узначальваў ф-т псіхалогіі ў Брандэйскім ун-це. Быў рэдактарам-заснавальнікам «Journal of Humanistik Psychology» («Часопіса гуманістычнай псіхалогіі») і «Journal of Transpersonal Psychology» («Часопіса трансперсанальнай псіхалогіі»), Стварыў іерархічную мадэль чалавечай матывацыі, у адпаведнасці з якой вылучаў патрэбнасці: фізіялагічныя (ніжэйшы ўзровень); бяспека і абарона; любоў, прыхільнасць і прыналежнасць да пэўнай сац. групы; павага і прызнанне; самаактуалізацыя, г.зн. рэалізацыя здольнасцей і талентаў асобы. Лічыў, што ўсе патрэбнасці чалавека прыроджаныя, вышэйшыя з іх могуць накіроўваць паводзіны чалавека, калі забяспечаны больш нізкія. Паводле М., у кожным чалавеку закладзены патэнцыяльныя магчымасці для пазітыўнага ўнутр. росту і самаўдасканалення, рэалізацыя якіх у значнай ступені залежыць ад сац. і культ. норм і правіл паводзін у грамадстве. Асн. працы: «Матывацыя і асоба» (1954), «Рэлігія, каштоўнасці і пікавыя перажыванні» (1964), «Псіхалогія быцця» (1968).
Тв.:
Рус. пер. — Психология бытия. М.;
Киев, 1997.
Э.С.Дубянецкі.
т. 10, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)