Кало́шы 1 ’капялюхі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з шырокай светла-бураватай шапкай і на высокай ножцы з венчыкам’ (карэліц., Нар. словатв.). Відавочна, маецца на ўвазе грыб Lepiota procera, які, паводле даных Клімчука (Жыв. сл., 187), на Брэсцка-Пінскім Палессі і ў шэрагу гаворак Беларусі носіць назвы ворона, дрона, каня, ковпак, курка (адзначаны і шэраг варыянтаў). Звяртае на сябе ўвагу спецыфіка беларускіх назваў (суаднясенне з тэрмінамі для птушак), параўн., напрыклад, укр. у Макавецкага, 10: бабка, білянка, іванец, колпак, пражівка і інш. Відавочна, што семантыка капялюх або палес. ковпак, укр. колпак, рус. зонтик не дапамагае зразумець унутраную форму разглядаемай назвы, якая з’яўляецца як быццам спецыфічна беларускай. Фармальная сувязь з калоша ’калашына’ вымушае прааналізаваць магчымую сувязь названых лексем. Найбольш імаверна, як здаецца, лічыць істотнай асаблівасцю грыба полую высокую ножку, якая сама па сабе можа быць успрынята як калашына. Цікава прывесці зафіксаваную для шампіньёна назву калошкі (Сл. паўн.-зах.), паколькі гэта і роднасны (у плане сістэматыкі) да капялюха грыб і таксама мае і манжэтку, і полую ножку. Цікава, што назву можна было б разгледзець і ў плане спецыфічнай мадэлі «птушыных» назваў, разумець тэрмін для грыба як субстытут «птушынай» назвы, дзе калоша ’птушка з аброслымі пер’ем нагамі’, параўн. тураў. пеўні. Можна спаслацца на адзначаную Клімчуком, там жа, 198, палес. назву для пласцінчатых грыбоў грыбы с пірʼем. Што датычыць назвы грыбоў, спашлёмся на зафіксаваную намі ў Мінску чулочки ’нейкі грыб’ і ўкр. панчошка ’грыб Rozites caperata’, укр. тэрмін для якога ковпак і рус. колпак знаходзяць паралель у бел. колпак для Lepiota прыведзенай вышэй. Не вельмі ясна назіраецца тут субстытуцыя тэрмінаў або мясцовая назва грыба Lepiota — характарыстыка яго доўгай і стракатай ножкі. Той факт, што адзначана ўжыванне калошкі ’шампіньёны’, сведчыць, відаць, пра наяўнасць пераносу назвы, аднак няясна, які грыб мог першапачаткова быць так названы.

Кало́шы 2 ’абутак з гумы, галёшы’ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сцяшк.), калош (Сцяц. Нар., Сцяшк.). Паводле Сцяцко (Нар., 149), слова ведаюць у шэрагу раёнаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Тое ж і ў Сл. паўн.-зах. (калошы і калошкі). Фіксацыя ў Бялькевіча адлюстроўвае іншую крыніцу: формы калош, як і літар. галёш разам з формай у мн. ліку відавочныя запазычанні з польск. kalosz, kalosze (з XIX ст.), форма galosz засведчана ў Ліндэ. У слав. мовах прадстаўлены формы і з пачатковым k‑ і g‑. Лічыцца, што крыніцай польск. і іншых лексем з’яўляецца ням. Galosche, вядомае і ў больш архаічным напісанні Kalosche, што, магчыма, тлумачыць і розныя варыянты слова ў іншых мовах. Слаўскі (2, 31) звяртае ўвагу на тое, што форма galosz можа непасрэдна паходзіць з франц. galoche ’(скураны) галёш’. Ням. лексема запазычана з франц., паходжанне якой не вельмі яснае; былі прапанаваны розныя гіпотэзы. У прыватнасці, меркавалі аб пераробцы лац. calopus ’капыты’, calopodia ’драўляныя сандалі’. Была спроба суаднесці франц. слова з лац. gallica, gallicula ’гальскі абутак (абутак, які насілі галы)’, паколькі з пункту гледжання рэалій спецыяльны від абутку хутчэй мог быць запазычаны. Параўн. вышэй калодкі як відавочна незалежную реалію; не выключана, аднак, што яе неабходна разумець у больш шырокім кантэксце еўрапейскага драўлянага абутку. Аднак і ў такім выпадку ў плане генезісу больш імавернай з’яўляецца першая версія. Не выключана, што ў франц. назве адлюстраваны вандроўны тэрмін, з якім суадносіцца лац. calcea і інш., гл. падрабязней пад калоша.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казадро́ст ’расліна Anemone nemorosa (казадрост белы)’, казарост ’расліна Anemone ranunculoides’ і ’Anemone nemorosa’, ’расліна Veronica beccabunga’ (Кіс., фіксацыі Аненкава, Верас і Кісялеўскага з захаду і поўначы Беларусі’). Укр. раст, раст білий, расць, раст зазулин ’Anemone nemorosa’ (Верхратскі, Жэляхоўскі–Нядзільскі і інш.). Можна меркаваць, што тэрыторыя, дзе сустракаецца назва, зах.-укр. раст, растик, расть, раст ’Scilla autumnalis’, раст, расть ’Primula officinalis’, ласт, раст, рост, росторопша ’Aristolochia clematis’, раст, рапа білий, бычий, расть, ряст ’Corydalis cava’, ряс жовтий ’Corydalis marschalliana’, ряс, ряска, раст, ряст ’Corydalis solida’, рус. дыял. раст ’Primula veris; Primula officinalis; Aristolochia rotunda’, рост ’Tulipa Gessnericma, ростика ’Scilla cernua’, магчыма, арханг. дрозд ’Ranunculus anricomus’, чэш. kozi dříst ’расліна Anemone nemorosa’ (сілез., паводле Котта). Даль прыводзіць таксама козий‑ростъ, козья‑ростъ, козья‑морда ’расліна Veronica beccabunga’, паводле даных СРНГ, 14, 64, яны зафіксаваны акадэмічным слоўнікам 1847 г. Сувязі з каза 1 бясспрэчныя. На ўсходзе толькі адна форма (рус. дыял. козий рост), якую можна ўпэўнена суаднесці з бел. словамі. На жаль, тэрыторыя рус. слова не адзначана і цяжка меркаваць аб характары сувязей бел. і рус. лексем. Рус. форма тэарэтычна можа з’яўляцца поўнай і першапачатковай, а можа ўяўляць сабой спробу «праэтымалагізаваць» незразумелае казадрост. Калі прыняць версію, што казарост складанае слова (каза + рост), цяжка вытлумачыць, як магло ўтварыцца такое слова: па беларускіх крыніцах слова рост, раст у назвах раслін не адзначаецца. Можна меркаваць, што гэтыя словы маглі трапіць у гаворкі з перасяленцамі. У такім выпадку верагодна, што слова не вытрымала канкурэнцыі з мясцовымі казелец, кураслеп, курыная слепата і іншымі назвамі гэтых раслін, аднак па мадэлі кураслеп у гэты час было ўтворана і казарост. Казадрост, такім чынам, неабходна разглядаць або як з нерэгулярным устаўным ‑д‑, або як уплыў іншага слова (гл. вышэй). Той факт, што назва казарост і рост адносіцца да розных раслін, можа тлумачыцца іх роднаснасцю паводле народнай наменклатуры (знешняе падабенства, функцыянальная адэкватнасць) або пераносам (розныя адзнакі: вясеннія расліны, аднолькавы колер кветак і інш.). Іншая назва расліны казялец (гл.) вядомая на поўначы славянскага свету і ў сувязі з казёл сумнявацца не прыходзіцца. Лексемы рост, раст, ряст і інш. па геаграфіі гэта ўсх.-слав. (укр. і, відавочна, рус., пра бел. матэрыял нельга пакуль што нічога сказаць) утварэнне, магчыма, да рости (гл. рост). Вяртаючыся да этымалогіі слова казадрост, можна адзначыць, што на магчымасць яшчэ адной версіі ўказвае зафіксаванае ў цэнтральным Палессі конодрок ’Anemone nemorosa’. Статус слова няясны; не выключныя, што яно ўтварае самастойны арэал (працяг або рэшткі зах.-бел. арэала, дзе ведалі слова). Аднак сама фіксацыя вельмі каштоўная, паколькі пацвярджае законнасць злучэння ‑др‑ у іншых формах і вымушае шукаць сувязі з раслінамі, якія носяць назву дрок, дрост, хоць, магчыма, і не з’яўляюцца блізкімі да Anemone, як вышэй разгледжаныя расліны. Лексему дрост можна суаднесці з в.-луж. drěst ’расліна Potamogeton’, dróst ’Bigens tripartitus’, drósinika ’Potamogeton’, н.-луж. drest, drost, што пацвярджае як архаічнасць гэтай формы, так і значэнне ’расліна Polygonum і падобныя да яе’. Этымалогія гэтых слоў няпэўная: Мяркулава (Очерки, 42) прапануе: *derstъ, *dersьnъ, *drestъ, *dresьnъ, якія да прасл. dristati, параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 3, 168–169; Махэк, Jména rostl., 86–87, 262. Трубачоў (Эт. сл., 5, 110) пад прасл. *drestъ прыводзіць побач з чэш., славац., в.-луж., н.-луж., польск. рус. і інш. адпаведнікі бел. дрост ’расліна Poligonum nodosum’. Там жа звяртаецца ўвага на тое, што, нягледзячы на шматлікія пераўтварэнні формы, найбольш верагодным неабходна лічыць тлумачэнне Мяркулавай. Такім чынам, можна вытлумачыць форму бел. казадрост, рус. козий рост, чэш. kozídříst, аднак цяжка высветліць паралельную назву казарост. Не выключана, што трэба разумець гэту форму як другасную ў выніку зацямнення ўнутранай формы, аднак, магчыма, што менавіта разуменне ўнутранай формы прыводзіла да «эўфемістычнай» карэкцыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Калды́ба, колдыба ’крывы, кульгавы, які павольна ідзе’ (Нас.), калдыбаць ’кульгаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), калдыбыць і кылдыбаць (Юрч. З жыцця), колдыбаць (Нас.), кылдыбаць (Бяльк.), колдыбайло ’кульгавы’, ’павольны ў рабоце’ (Нас.), сюды ж калдыб ’пра цяжкую хадзьбу пры хворых нагах’ (мсцісл., Нар. лекс.: Нас.). Рус. зах. бран. калдыбать ’ісці павольна, кульгаць’, смал. колдыба ’кульгавы’, колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, колдыб ’дзеянне па дзеяслову колдыбать’, колдыбай ’кульгавы’, колдыбать ’кульгаць’, кур. колдыбать ’тс’, ’павольна ехаць, ледзь цягнуцца’, разан. ’не мець сталага месца’, колдыбащий ’няўстойлівы, непастаянны, які часта мяняецца’: «Моя жизнь колдыбащая…» (СРНГ, 14, 119). Паводле геаграфіі — інавацыя ў сумежных бел. і рус. гаворках. Што датычыць этымалогіі, рус. колдыбай, колдыбать Фасмер (2, 288) лічыў роднасным колдыка ’кульгавы, які ідзе перавальваючыся’, колдыкать, бел. колдыга (гл.), колдыгаць. Апошнюю групу слоў шматлікія этымолагі разглядаюць у сувязі з гоц. halts ’кульгавы’, грэч. κόλος ’абрублены, надламаны’, арм. kał ’кульгавы’, літ-pa ў Фасмера, там жа. Як відаць, і.-е. семантыцы адпавядае смал. колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, аднак гэта суфіксальнае ўтварэнне і няма ніякіх падстаў лічыць яго першасным у параўнанні з іншымі лексемамі гэтай групы. Славянскіх паралелей, якія б дазволілі рэканструяваць праславянскую форму, няма. Як здаецца, бел. і рус. словы ўтвораны не па мадэлі ’абрублены, абрэзаны’ → ’куксаты’ → ’кульгавы’. Параўн. рус. валаг. колдыбашить ’балбатаць, пустасловіць’ (< ’боўтаць’), цвяр. колдыбашиться ’калыхацца, вагацца’, разн. колдыбащий ’няўстойлівы’, колдыбацца ’качаваць, матацца’. Аналагічная версія была прапанавана Бернекерам (1, 660), які рус. колдыкать, колдыбашить і пад. уключыў у артыкул kъltajǫ, kъltati, дзе аб’яднаны лексемы са значэннямі ’кульгаць’, ’рухаць’, ’калыхаць; гайдаць’ і да т. п. Структура дазваляе меркаваць аб архетыпе *kl̥t‑ і яго звонкім адпаведніку *kl̥d‑. Статус гэтых форм не зусім ясны: шэраг рус. дыял. фактаў (пск., цвяр., асташк. колтовня ’чалавек, які таргуецца за кожную капейку’, колтыг ’жмінда’, ’шум, сварка’ і колтыга ў абодвух значэннях) сведчыць аб празрыстай сувязі з адпаведнымі вытворнымі ад колот‑ (развіццё семантыкі: ’хістаць’ → ’хістацца’, ’трэсціся’ або непасрэдна ’трэсці’ → ’трэсціся’ → ’дрыжаць’ → ’скупіцца’ і ў прынцыпе можна дапусціць, што разглядаемая лексіка паходзіць іменна ад гэтай асновы. Параўн. яшчэ колты ’плёткі’ (у Даля без геаграфіі). Што датычыць фанетыкі, можна прывесці як прыблізны адпаведнік бел. кальбель < калыбель. Аднак тое ж развіццё семантыкі магло быць цалкам самастойным; значэнне ’кульгаць’ не зафіксавана ў вытворных ад колотить. Такім чынам, прыведзеныя архетыпы цалкам магчымыя, хоць іх усх.-слав. характар відавочны. Параўн. яшчэ калдыга (гл.).

Калдыба́ 2 ’цвёрды выступ каля паглыблення на разбітай або мёрзлай дарозе’, ’няроўнае ворыва з ямкамі і выступамі’, ’скіба дзярновай зямлі на раллі’ (слаўг., Яшк.). Рус. разан. колдырь ’вялікі кавалак чаго-н.’, ’нарасць на дрэве’, колтырь ’вялікі кавалак (хлеба і да т. п.)’, да семантыкі параўн. скіба (хлеба) і скіба (зямлі). Аб архетыпе гл. пад калдыба 1, семантыка намінацыі не вельмі зразумелая. Магчыма, неабходна суаднесці відавочна ўтвораныя ад асновы колот рус. дыял. колоть ’няроўная, узгорыстая, абледзянелая паверхня дарогі, якая замерзла пасля моцнай адлігі’, ’узгоркі замёрзлай восенню гразі, ледзь пакрытыя снегам’, ’няроўная, ухабістая паверхня дарогі, якая высахла ад летняга спёку’ і да т. п. Параўн. да гэтага пск., асташк., цвяр. колоть ’сумятня, сварка’, празрыстае вытворнае ад колотить ’сварыцца’. Што датычыць словаўтварэння рус. паралелі і семантыкі намінацыі, параўн. яшчэ пск., асташк., цвяр. колотьба ’няроўная, абледзянелая паверхня дарогі’, дыял. колоткой ’ухабісты, гразкі (аб дарозе)’, колотливый ’тс’, ’(пра сэрца), якое моцна калоціцца’. Параўн. яшчэ арханг., халмаг. колотовка ’глыба мёрзлай зямлі’ і назвы розных прылад, утвораных ад колот‑; ленінгр. колотушка ’палка, якой разбіваюць сухія камкі зямлі на ворыве’. У шэрагу рус. дыял., вытворных ад колб‑, адзначаны колдыбнуть ’моцна стукнуць’, колдыбахнуть ’кінуць што-небудзь з шумам у ваду; баўтнуць’, якія, магчыма, сведчаць на карысць апошняга варыянта тлумачэння. Разам з тым праблема з’яўляецца вельмі складанай, паколькі нельга не параўнаць разглядаемае слова і вялікую групу лексікі, якую рэпрэзентуюць такія рус. дыял. лексемы, як колдыбашина ’выбоіна, ухаба’ (параўн. колдыбашный ’ухабісты’), колдыбина, бел. калдыбіна і да т. п. Аднак відавочная розніца ў семантыцы дазваляе меркаваць, што бел. слова — рэгіянальны наватвор ад калдыбаць (?), наконт семантыкі параўн. нашы меркаванні вышэй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́даўб ’драўляная пасудзіна, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка драўніны’ (БРС, ТСБМ; чэрв., З нар. сл.; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат., Янк. 2), ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (глус., Янк. 2; Яшкін, вусн. паведамл.), ’калдобіна на дарозе’ (глус., Янк. 2), ’чыстая вада, азярцо на балоце’ (ельск., Яшк.), ’нізінка, лагчынка са стаячай вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл.), кадаўп ’комін’ (стаўбц., З нар. сл.); кадаўб ’жывот, страўнік’ (гродз., З нар. сл.); кадаўба ’бочка, выдзеўбаная з дрэва’ (Гарэц., З нар. сл., Касп., Мат. Гом.), ’ступка’ (ветк., Мат. Гом.) ’сажалка’, ’выбоіна’, ’кар’ер’ (Мат. Гом.); кадаўбец ’пасудзінка, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам.), ’пасудзіна, куды зліваюць мёд’ (слуц., КЭС); кадалбец ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл. — спасылка на палес. запісы Талстога); кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ (глус., Яшк. 2). Укр. палес. кадавба, кадовб ’вялікая бочка’, укр. кадуб, кадівб, кадіб ’вялікая бочка, якая ўжывалася для захоўвання збожжа або мукі, капусты і да т. п.’; рус. смал. кадолба ’калода для сцякання вады, асабліва крынічнай; выдзеўбаная з дрэва бочка; ліпавая кадка без дна, устаўленая ў крыніцу; пра лянівую жанчыну, якая любіць паспаць’, зах.-бран. кадаўба, кадаўбіна, кадоўбіна ’невялікая ямка, запоўненая дажджавой вадой; выбоіна на дарозе’, польск. kadłub ’выдзеўбаная, пустая ў сярэдзіне калода’, ’пасудзіна з суцэльнага кавалка дрэва’, ’кашэль з кары’, ’тулава’, дыял. ’выдзеўбаная калода, якая ўстаўляецца замест калодзежнага зруба; выдзеўбаная калода, якая ўжываецца ў якасці станка жорнаў’; дыял. kadłubek ’крыніца’. Ст.-польск. kadłub ’выдзеўбаны пень дрэва’ фіксуецца з XV ст., славін. kadłu̇b ’тулава’, н.-луж. (арх.) kałub ’выдзеўбаны пень’, в.-луж. kadołb ’камінок над лучынай’, чэш. kadlub ’вялікая пасудзіна, звычайна выдзеўбаная з пустога пня; форма для адліўкі’, ’калодка’, kadluba ’калодзежны зруб’, валаш. kadłb ’выдзеўбаная калода для збожжа’, ’гусіная тушка без крылаў і шыі’, ’грудная клетка’, славац. kadlụb ’рэзервуар для вады, выдзеўбаная калода’, Міклашыч (108), Бернекер (1, 467), а за імі іншыя аўтары (Слаўскі, 2, 16–17; Трубачоў, Эт. сл., 9, 113–114) далучаюць да разглядаемай групы слоў яшчэ і рус. дыял. калдоба, колдоба, колдобина, бел. калдобіна і да т. п, якія, як лічыцца, з’яўляюцца метатэзнымі формамі ад кадолба і пад. Што датычыць паходжання разглядаемых слоў, то можна выказаць наступныя меркаванні. Праславянскай гэту групу слоў лічыць нельга, паколькі адсутнічаюць паўд.-слав. паралелі; рус. гаворкі, па сутнасці, іх таксама не ведаюць. Слаўскі (2, 17) узнаўляе форму *kadḷbʼъ, у якой другая частка — да прасл. *dḷbʼti ’дзяўбці’. Структурную і семантычную паралель для такой этымалогіі можна знайсці ў бел. маг. кадыр ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’, якое выглядае як вытворнае ад ка‑ і ‑derь < dьrati або ад прэфіксальнага дзеяслова. Этымалогія слова кадоўб, прапанаваная яшчэ Міклашычам, 108, не прымалася аднагалосна; Траўтман (Göttingische gelehrte Anzeigen, 1911, 258) і Фасмер (RS, 4, 164) меркавалі пра кампозіт kadь + dьlb; Брандт (РФВ, 22, 139) і Сабалеўскі (Slavia, 5, 444) прапанавалі kolodьlba; укр. зах. колодовбина ’выбоіна, ухаба’ зафіксавана ў слоўніку Жэляхоўскага; па сутнасці, той жа аргумент можна прывесці і ў другім выпадку (значэнне ’калдобіна, каляіна’ неабходна было б лічыць першапачатковым, што неверагодна). Фасмер (2, 287) адмовіўся ад ранейшай этымалогіі, Трубачоў (Эт. сл., 9, 113–114) аднаўляе форму ж. р. *kadьlba і м. р. *kadьlbъ, пры гэтым дыскусійным застаецца пытанне, як разумець першую частку кампозіта (ka‑). Ён раздзяляе погляды Фасмера на гэту праблему і лічыць, што ka‑ суадносіцца з пытальным займеннікам *kъto. Слаўскі (2, 17) супраць такога параўнання і мяркуе аб сувязі пейаратыўнага ka‑/ko‑ з прыназоўнікам і ўзмацняльнай часціцай ‑ka (‑ko, ‑kъ). Калі меркаваць аб магчымым дзеяслоўным словаўтварэнні (параўн. прыклады пад кавярзень), можна прапанаваць гіпатэтычную форму ko‑dьlbati, з якой ka‑ утвараецца па вядомай мадэлі. Відавочная сувязь з *dьlbati можа пацвярджацца ўскосна яшчэ і такімі прыкладамі, як укр. кадовбина ’невялікая палонка’, бел. глус. кадаўб (калдобіну на дарозе паўбівалі), кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажу́х 1 ’доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; іван., капыл., КЭС; Маш., Нас., Радч., Сакал., Серб., Сержп. Грам., Сцяц., Сцяшк., Шат., Шэйн.). Укр. кожух ’футра, кажух’, рус. дыял. кожух ’аўчына, вопратка з аўчын’, паводле Даля паўдн. і зах., ’скура’, ’верхняя вопратка, якая не прамакае ад дажджу’ і інш., польск. kożuch ’футра, аўчына, вопратка з аўчыны і інш.’, н.-луж. kožuch, в.-луж. kožuch, чэш. дыял. kožuch, славац. kožuch ’футра (воўна і скура)’, серб.-харв. ко̀жух ’футра, кажух, аўчына’, славен. kožuh ’футра, кажух’, мак. кожув, балг. кожух ’кажух’. Праслав. kožuxъ ’скура жывёлы з футрам; вопратка з падобнай скуры’, утворана ад koža суф. ‑uxъ. У прасл. гэта унікальны суфікс у гэтай функцыі, у той час як у слав. мовах ён шырока прадстаўлены, гл. Слаўскі, 3, 39. Меркаванне Ягіча (AfslPh, XVII, 1894, 292) аб тым, што такая словаўтваральная мадэль нехарактэрная для назваў вопраткі, не пераконвае, паколькі першапачатковым значэннем слова было ’скура жывёліны’, як аб гэтым сведчаць і шматлікія іншыя ўтварэнні ад koža.

Кажу́х 2 ’гарызантальная частка дымавой трубы ў хаце’ (Гарэц.), ’прастора паміж печкай і сцяной, калі печ стаіць блізка пры сцяне’ (Бяльк.). Рус. кожух ’комін печы’, ’выцяжная драўляная труба над дымавой адтулінай курной хаты’, параўн. шуйск., уладз. ’гарызантальная частка дымахода, якая злучае печ з комінам’; наогул рус. слова называе розныя часткі як печы, так і навакольнай прасторы. Гэта зніжае каштоўнасць супастаўлення бел. кажух ’прастора паміж печчу і сцяной’ і маск. кожух ’сцяна каля рускай печы’. Утворана (першае) ад кожух ’пакрыццё, чахол’, значэнне, некаторыя этапы развіцця якога ад kožuxъ ’скура’ можна прасачыць па такіх прыкладах, як рус. кожух ’скура змяі (якая скідаецца)’, ’шкарлупіна’, кожура ’драўняная кара’, балг. кожулец ’кокан’, макед. кожурец ’тс’. Значэнне ’прастора паміж печчу і комінам’ можа разумецца як ’паветраная ахова, своеасаблівы кажух’ або, што больш верагодна, ад *кажух ’частка печы’, ’частка прасторы каля печы’ — падобныя значэнні засведчаны рускімі гаворкамі. Аб часе ўтварэння слова і магчымых культурных сувязях на ўзроўні рэалій можна толькі здагадвацца, аднак вялікая колькасць значэнняў тэрміна кожух у рус. дыял. і ўсходняя геаграфія бел. слова сведчаць, што тут назіраецца руская інавацыя.

Кажу́х 3 ’пенка на малацэ’, кажушок ’тс’ (пух., Жыв. сл.), ’брудны налёт, паласа пены на вадзе і інш.’, параўн. у кантэксце: «…бывае, кажух такі зробіцца зверху на вадзе стаячай, смуга такая зверху зялёная, як доўга стаіць» (пух., Жыв. сл.). Польск. kożuch ’плеўка, якой зацягваецца паверхня вадкасці, напрыклад малака’, kożuch rzęsy, славен. kożuch ’пенка на малацэ’; з іншай суфіксацыяй: укр. кожушок (у Жэляхоўскага) ’плеўка на паверхні малака, кісялю’, макед. кожурек, кожурка ’пенка на малацэ’, балг. кожер ’смятана, пенка на малацэ’, кожарец ’тс’. Адсутнасць дакладных адпаведнікаў з больш надзейнай серб.-харв. тэрыторыі не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб праславянскім значэнні ’плеўка на вадкасці, пенка на малацэ’. Аднак наяўнасць балг. і макед. паралеляў сведчыць у карысць старога, незалежнага ад уздзеяння ням. мовы (параўн. у Слаўскага, 3, 39) пераносу; гл. яшчэ кажух 2 і кажух 4. Этымалагічна кажух 3 ад kožuxъ ’субстанцыя, якая пакрывае што-небудзь, якое з kožuxъ ’скура і да т. п.’, гл. кажух 1.

*Кажу́х 4, кожух ’расліннае покрыва на балоце, якое ўспухае, узнімаецца’, параўн. у кантэксце: «Такый кожух е на тэму болоты: вуда зрывае кожух од шчырцу. На тэму кожуховы гуйдатыся можна» (малар., Нар. лекс.), кожух ’твань, дрыгва’ (малар., Талстой, Геагр.), кокожух ’зыбкае месца’ (тураў., ДАБМ). Паводле Талстога, Геагр., 185–186, утворана семантычна падобна (па прынцыпу метафары), як і інш. назвы для значэння ’дрыгва, топкае месца на балоце’ (здмух і пад.). Тур. кокожух, паводле Талстога, там жа, дээтымалагізаваная форма з рэдуплікацыяй першага складу (параўн. рус. дыял. кокоты < коты ’назва абутку’), аднак, улічваючы палескія назвы каверт, кобагня, можна меркаваць аб магчымасці існавання рэгіянальнай мадэлі ўтварэння ко‑ + назва дрыгвы. Этымалагічна кажух 4 < *кожух < kožuxъ, гл. кажух 1, гэта пацвярджаецца, магчыма, кобр. кожушкы мняты ’ўгінаць, мяць тонкі лёд’ (Жыв. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЛІ́ВІЯ (Bolivia),

Рэспубліка Балівія (República de Bolivia), дзяржава ў цэнтр. ч. Паўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Перу і Чылі, на Пд з Аргенцінай і Парагваем, на У і Пн з Бразіліяй. Пл. 1098,6 тыс. км². Нас. 8,2 млн. чал. (1994). Афіц. сталіца — г. Сукрэ, фактычная — г. Ла-Пас. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Дзярж. мовы іспанская, кечуа і аймара. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 жн.).

Дзяржаўны лад. Балівія — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1967. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады, узначальвае урад, адказвае за замежную палітыку і абарону краіны, мае права заканадаўчай ініцыятывы, выдае дэкрэты. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму Нац. кангрэсу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і прызначаны ім урад.

Прырода. Балівія займае ўсх. частку Цэнтр. Андаў на З і вял. алювіяльныя раўніны на У. Паміж хрыбтамі Андаў — пласкагор’е Пуна (каля 4 тыс. м над узр. м.), якое абмяжоўваюць Зах. Кардыльера (г. Сахама, 6780 м) на З, Кардыльера-Рэаль і Цэнтр. Кардыльера на У. Карысныя выкапні: волава, свінец, цынк, медзь, серабро, вальфрам, берылій, сурма, вісмут, золата, сера, жал. руда; на ўсх. раўнінах радовішчы прыроднага газу і нафты. Клімат Пуны і Зах. Кардыльеры высакагорны, паўпустынны на З (ападкаў менш як 150 мм за год) і менш засушлівы на У (500—600 мм за год). Т-ра студз. 9—11 °C, чэрв. 3—7 °C. На ўсх. схілах Андаў вышынная пояснасць клімату (ападкаў 1500—2000 мм за год). На ўсх. раўнінах клімат субэкватарыяльны (т-ра ад 17 да 28 °C, ападкаў каля 1000 мм за год). Рэкі на У належаць да бас. Амазонкі (Бені—Мамарэ). Пуна — замкнёны з усіх бакоў, пазбаўлены сцёку ў акіян міжгорны басейн з высакагорнымі азёрамі Тытыкака і Паапо, саланчакамі Кайпаса і Уюні. Расліннасць Пуны пераважна паўпустынная. У гарах вертыкальная пояснасць ландшафтаў. На раўнінах трапічныя лясы (на Пн) і саванны, зараснікі калючых хмызнякоў, рэдкалессі (на Пд). Жывёльны свет асабліва багаты і разнастайны ў трапічных лясах на Пн; на пласкагор’і Пуна водзяцца ламы, гуанака, альпака, грызуны, вадаплаўныя птушкі.

Насельніцтва. Каля 63% — індзейцы, пераважна народы кечуа і аймара (у горнай ч. краіны). Трэцюю частку насельніцтва складаюць іспанамоўныя метысы і крэолы, якія жывуць пераважна ў гарадах. Ёсць невял. групы еўрапейцаў, ураджэнцаў суседніх краін. Паводле веравызнання 95% католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 7,5 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана ў Пуне, дзе шчыльнасць дасягае 20—30 чал. На 1 км². У гарадах жыве 51% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс. ж., 1992): Ла-Пас — 711, Санта-Крус — 695, Качабамба — 404, Арура — 183. Сярэдняя працягласць жыцця не перавышае 55 гадоў.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. Балівіі насялялі індзейскія плямёны. У 14 ст. іх заваявалі інкі, у 1535—39 — іспанцы, якія далі краіне назву Верхняе Перу і далучылі ў 1542 да віцэ-каралеўства Перу, з 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата. Здабыча серабра (з 1545) прыносіла вял. даходы ісп. каланізатарам, што выкарыстоўвалі рабскую працу індзейцаў. Самае вял. паўстанне супраць жорсткай эксплуатацыі адбылося ў 1780—81 пад кіраўніцтвам Тупак-Амару II. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 краіна вызвалена ад калан. прыгнёту войскамі С.Балівара, у гонар якога атрымала назву, у жн. 1825 абвешчана незалежнай. У 1836—39 у складзе канфедэрацыі Перу і Балівіі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў горназдабыўную прам-сць краіны стаў пранікаць замежны капітал. У выніку войнаў Балівіі з Чылі (1879—83) і Парагваем (1932—35) Балівія страціла выхад да Ціхага ак. і амаль ​2/3 першапач. яе тэрыторыі, багатай волавам і салетрай. У 2-ю сусв. вайну Балівія — чл. антыгітлераўскай кааліцыі, але ў вайне не ўдзельнічала. У 1952 у краіне адбылася бурж.-дэмакр. рэвалюцыя, нацыяналізаваны алавяныя руднікі, праведзена агр. рэформа. Прэзідэнтам у 1952—56 і 1960—64 быў лідэр Нацыяналіст. рэв. руху В. Пас Эстэнсора. Пасля дзярж. перавароту 1964 у 1965 у краіне двойчы ўводзілася надзвычайнае становішча. У некаторых раёнах разгарнуўся партыз. рух (лідэр Э.Гевара), які быў разгромлены восенню 1967 з дапамогай ЗША. У 1967 прынята Канстытуцыя. На працягу ўсёй далейшай гісторыі становішча ў краіне вызначалася нестабільнасцю і барацьбой за ўладу розных ваен.-эканам. груповак. У 1980-я г. зроблены спробы пераходу краіны ад ваен. да грамадз. праўлення. На прэзідэнцкіх выбарах 1993 перамог лідэр Нацыяналіст. рэв. руху Г.​Санчэс дэ Ласада, які заявіў пра намер працягваць удасканаленне ўведзенай у 1985 рыначнай мадэлі эканомікі краіны.

Балівія — чл. ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. асацыяцыі інтэграцыі, інш. міжнар. арг-цый; з 1979 чл. Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994. Дзейнічаюць паліт. партыі і рухі: Левы рэв. рух, Нацыяналіст. рэв. рух, Нацыяналіст. дэмакр. дзеянне, Хрысціянска-дэмакр. партыя і інш. Буйнейшыя прафсаюзы — Балівійскі рабочы цэнтр і Нац. канфедэрацыя сялян.

Гаспадарка. Аснова гаспадаркі — гарнарудная прам-сць экспартнага кірунку. Валавы нац. прадукт за год на душу насельніцтва складае каля 750 дол. ЗША. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці каля 25 (у т. л. гарнаруднай 15), сельскай гаспадаркі 20, транспарту і сувязі 6, унутр. гандлю 11. Дзярж. сектар кантралюе 60% нафтаздабыўной, 100% нафтаперапр. і 70% гарнаруднай прам-сці. Каля 60% экспарту прыпадае на руды каляровых металаў. Вывозяцца канцэнтраты волава (4-е месца ў свеце), сурмы, вальфраму, медзі, свінцу, цынку, а таксама серабро і золата. Прыроднага газу здабываецца каля 6 млрд. м³ штогод, нафты — каля 1—2 млн. т. Невялікія з-ды для выплаўкі медзі ў Аруры і Качабамбе. Выпрацоўваецца 1,8 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі (1993). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць тэкст., харчасмакавая, метала- і нафтаперапр. галіны; развіваюцца каляровая металургія і нафтахім. прам-сць. Асн. прамысл. цэнтры: Ла-Пас, Санта-Крус, Сукрэ, Качабамба. У сельскай мясцовасці саматужныя і рамесніцкія харч., тэкст. і гарбарныя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны, хоць у ёй занята палавіна працаздольнага насельніцтва. Агр. рэформа 1953—65 абмежавала буйное землеўладанне. Апрацоўваецца 3,25 млн. га (каля 3% тэр. краіны), лугі і паша займаюць 25%. Таварнае земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўнік, бананы, кава) на ўсх. схілах Андаў і на раўнінах, спажывецкае (кукуруза, пшаніца, бульба, ячмень, авёс, кінаа — мясц. проса) — на пласкагор’і Пуна. Жывёлагадоўля пашавая, разводзяць ламаў, альпака, авечак, козаў, буйн. раг. жывёлу, мулаў. У лясах нарыхтоўка драўніны, соку гевеі, кары хіннага дрэва, лісця кокі. Рыбалоўства на рэках і воз. Тытыкака. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. (1992) чыгунак 3,9 тыс. км, аўтадарог — 38,9 тыс. км. Экспарт складае 705,4 млн. дол. ЗША, імпарт — 864,2 млн. дол. ЗША (1992). Вывозяцца пераважна канцэнтраты рудаў каляровых металаў, прыродны газ (трубаправоды ў Аргенціну і Чылі), драўніна, цукар, бавоўна. У імпарце пераважаюць харч. прадукты, бензін, трансп. сродкі, тавары нар. ўжытку. Гал. гандл. партнёры — ЗША і Аргенціна. Грашовая адзінка — балівійскае песа (балівіяна).

Літаратура. Развіваецца на ісп. мове, а таксама на мовах індзейцаў кечуа і аймара (пераважна фалькл. жанры). Асн. літ. помнік даісп. эпохі — балівійска-перуанская драма «Апу-Альянтай» (на кечуа; апубл. 1853). У калан. перыяд (пач. 16 ст. — 1825) пераважалі гісторыка-быт. хронікі. У канцы 18 — пач. 19 ст. на фарміраванне л-ры паўплывалі патрыят. публіцыстыка В.​Пасаса Канкі, паэзія Х.І. дэ Санхінеса і паэта-індзейца Х.​Уальпарымачы Майты. У 19 ст. панаваў рамантызм (паэты Р.​Х.​Бустамантэ, Н.​Галінда, М.​Х.​Мухія, раманісты Н.​Агірэ, М.​С.​Кабальера, С.​Вака Гусман, драматургі Ф.​Рэес Ортыс, Х.​Расенда Гуцьерэс і інш.). У канцы 19 ст. ўзнік «кастумбрызм» — бытапісальныя аповесці і апавяданні Л.​Ансаатэгі дэ Кампера, А.​Самудыо, Х.​Лукаса Хаймеса і інш.; у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (Р.​Хаймес Фрэйрэ, Ф.​Тамаё, Г.​Рэйнальдс, Х.​Э.​Гера і інш.). На пач. 20 ст. з’явіліся рэалістычныя («Крэольскае жыццё» і «Бронзавая раса» А.​Аргедаса, «У нетрах Патасі» і «Варварскія старонкі» Х.​Мендосы) і сатыр. (А.​Чырвечэса) раманы, сац. паэзія. З 1930-х г. у прозе ўзнікла т.зв. індыянісцкая л-ра пра жыццё індзейцаў (Аргедас, Р.​Батэльё Гасальвес, А.​Гільен Пінта, Н.​Парда Валье і інш.). Асобнае месца ў л-ры 1950—60-х г. займае творчасць Х.​Лары, стваральніка раманаў пра барацьбу індзейцаў за сац. справядлівасць. У 1960—70-я г. набылі вядомасць празаік Р.​Прада Аропес (раман «Хто запальвае золак»), паэт П.​Шымосе і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У 5—8 ст. тэр. Балівіі — адзін з цэнтраў культуры стараж. Амерыкі. У Тыяуанака (бераг воз. Тытыкака) захаваліся помнікі архітэктуры 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры (узгорак-піраміда Акапана, комплекс Каласасая, «Палац саркафагаў»), скульптура (рэльефы «Варотаў Сонца»), маст. кераміка, тканіны, ювелірныя вырабы. Спалучэнне еўрап. узораў і мясц. традыцый прывяло да стварэння цікавай барочнай архітэктуры 18 ст. (Манетны двор і царква Сан-Ларэнса ў Патасі, палацы Вільявердэ і царква Сан-Франсіска ў Ла-Пасе і інш.), твораў выяўл. мастацтва (С. дэ ла Крус). З 18 ст. жывапіс прытрымліваўся еўрап. канонаў і меў пераважна рэліг. характар (М.​Перэс дэ Альгуін). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры быў пашыраны эклектызм і мадэрн, з сярэдзіны 20 ст. ўзводзяцца грамадскія будынкі сучаснай архітэктуры. З 1920-х г. фарміравалася нац. школа выяўл. мастацтва. Мастакі С.​Гусман дэ Рохас, Р.​Бердэсіо, М.​Эхіда, А.​Рэке Мерувія, скульптары М.​Нуньес дэль Прада, У.​Альмарас, Э.​Лухан звярталіся да гісторыі і сучаснага жыцця свайго народа, прыгажосці роднай прыроды. На ПдЗ краіны захаваліся традыцыі індзейцаў кечуа (ткацтва, ювелірныя вырабы), на ПнЗ — аймара (кераміка, разьба па камені, ткацтва).

Літ.:

Сашин Г.З. Боливия: Очерк новейшей истории. М., 1976;

Боливия: тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1990;

Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Балівіі.
Да арт. Балівія. Рэльеф калоны царквы Сан-Франсіска ў Ла-Пасе. 1743—84.
Да арт. Балівія. Пласкагор’е Альтыплана ў раёне г. Ла-Пас і возера Тытыкака.
Да арт. Балівія. Фрагмент партала царквы Сан-Ларэнса ў Патасі. 1728—44.

т. 2, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУЛЬПТУ́РА (лац. sculptura ад sculpo выразаю, высякаю),

від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць фізічна-матэрыяльны, прадметны аб’ём і трохвымерную форму, размешчаную ў рэальнай прасторы. Вырабляецца з дрэва, каменю, гіпсу, косці, гліны, металу, пластмасы і інш. матэрыялаў. Найб. пашыраны аб’ект выявы — чалавек, радзей жывёлы (анімалістычны жанр), прырода (пейзаж), нацюрморт. У 20 ст. ўзнікла і распаўсюдзілася абстрактная С., для стварэння якой часта выкарыстоўваюць нетрадыц. матэрыялы (дрот, надзіманыя фігуры і інш.; гл. таксама Кінетычнае мастацтва). Гал. выразныя сродкі С. — пастаноўка фігуры ў прасторы, перадача яе руху, позы, жэста, святлоценявая мадэліроўка, якая ўзмацняе рэльефнасць формы, фактура лепкі або апрацоўка матэрыялу, архітэктанічная арганізацыя аб’ёму, зрокавы эфект яго масы, вагавых суадносін, выбар прапорцый. Аб’ёмная С. будуецца ў рэальнай прасторы па законах гармоніі, рытму, раўнавагі, узаемадзеяння з навакольным арх. ці прыродным асяроддзем і на аснове анатамічных або структурных асаблівасцей мадэлі. Асн. разнавіднасці С.: круглая С., што свабодна размяшчаецца ў прасторы (статуя, група, торс, бюст, статуэтка і інш.) і рэльефная, у якой аб’ёмныя выявы размяшчаюцца на плоскасці (барэльеф, гарэльеф, контррэльеф, паглыблены рэльеф). У залежнасці ад прызначэння С. падзяляецца на станковую (гл. Станковае мастацтва), манументальную скульптуру, манументальна-дэкаратыўную скульптуру, скульптуру малых форм, надмагільную пластыку (гл. Надмагілле), медальернае мастацтва, гліптыку і інш. Тэхналогія яе стварэння ўключае лепку, разьбу, апрацоўку цвёрдых матэрыялаў, фармоўку, адліўку, чаканку, зварку і інш.

Раннія формы і віды С. існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У неаліце С. (круглая, звычайна выявы невял. памераў) рэзалі з мяккіх парод каменю, косці, дрэва; схематычныя рэльефы выконвалі на каменных пласцінах і сценах пячор. Часта скульптурнымі выявамі ўпрыгожвалі прадметы побыту, прылады працы і палявання; іх выкарыстоўвалі і ў якасці амулетаў. У рабаўладальніцкі перыяд С. выкрышталізавалася ў асобны від дзейнасці са спецыфічнымі задачамі (гл. ў арт. Егіпет Старажытны, Шумер, Акад, Вавілонія, Асірыя, Скіфы). Развітыя віды С. (гіганцкія выявы людзей і жывёл, рэльеф, партрэт) вядомы ў народаў Стараж. Усходу і Амерыкі. Адзін з найвыш. этапаў гісторыі С. — антычнае мастацтва (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет, Праксіцель, Скопас) з характэрнымі для яго ідэалам гарманічна развітога чалавека-грамадзяніна, з дасканалым уключэннем С. ў арх. ансамблі. Культавая С. сярэдневякоўя ў Еўропе і Азіі аб’ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. У 2-й пал. 13 — пач 14 ст. пачалі складвацца рысы Адраджэння (Н.​Пізана і інш.). Увасабленне ідэалаў гуманізму Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Якопа дэла Кверча, А.​Верок’ё, Мікеланджэла (Італія), К.​Слютэра (Бургундыя), Ж.​Гужона, Ж.​Пілона (Францыя), М.​Пахера (Аўстрыя), А.​Крафта, Ф.​Штоса, Т.​Рыменшнайдэра (Германія). Цікавасць да вырашэння дэкар. задач вылучае С. маньерызму (Б.​Чэліні, Італія, і інш). С. барока вызначаецца дынамічнымі формамі, імкненнем да ўрачыстасці і пышнасці: Л.​Берніні (Італія), А Шлютэр (Германія), П.​Пюжэ (Францыя).

Рысы барока і класіцызму развівалі Ф.​Жырардон, А.​Куазевокс (Францыя) і інш. У перыяд класіцызму побач з гіст., міфалагічнай і алегарычнымі тэмамі (А.​Канова ў Італіі, Б.​Торвальдсен у Даніі) вял. значэнне набыў партрэт (Ж.​Б.​Пігаль, Э.​М.​Фальканэ, Ж.​А.​Гудон у Францыі). Пошукі новых выразных сродкаў, эмац. напружанасць уласцівы С. эпохі рамантызму (П.​Ж.​Давід д’Анжэ, А.​Л.​Бары, Ф.​Руд у Францыі). У С. Расіі ў 18 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковых рэліг. форм да свецкага мастацтва (Б.​К.​Растрэлі і інш). Пазней рас. С. развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў. Сярод прадстаўнікоў рус. акад. школы С. Ф.​Шубін, М.​Казлоўскі, Ф.​Шчадрын, І.​Мартас, В.​Дэмут-Маліноўскі, С.​Піменаў і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў рас. і зах.-еўрап. С. класіцызму пераходзіць у салоннае мастацтва, якому проціпастаўляецца рэаліст. кірунак (гл. Рэалізм, Ж.​Далу ў Францыі, К.​Менье ў Бельгіі і інш.). У канцы 19—пач. 20 ст. ў перыяд стылю мадэрн С. ствараецца як адзінае цэлае з інтэр’ерам, фасадам; складваюцца імпрэсіянізм (А.​Радэн, Францыя), сімвалізм. Сярод найбуйнейшых скульптараў пач. 20 ст. А.​Бурдэль, А.​Маёль, Ш.​Дэсп’ё (Францыя), Э.​Барлах (Германія), І.​Мештравіч (Харватыя), К.​Брынкушы (Румынія). Розныя кірункі рас. С. ўвасоблены ў творах П.​Трубяцкога, С.​Канёнкава, А.​Мацвеева, М.​Андрэева і інш. Пластычная выразнасць форм набывае асн значэнне ў С. М.​Роса (Італія), А.​Джакамеці (Швейцарыя), Г.​Кольбе (Германія). Мадэрнісцкі эксперыменталізм 20 ст. прывёў да выкарыстання ў С. нетрадыц матэрыялаў. У рэчышчы мадэрнізму працавалі Г.​Арп, А.​Архіпенка, Н.​Габа, А.​Колдэр, А.​Пеўзнер, П.​Пікасо. Сярод найбуйнейшых скульптараў 20 ст. Г.​Мур (Вялікабрытанія), І.​Ногучы (ЗША), К.​Дунікоўскі (Польшча), Ф.​Крэмер, О.​Шлемер (Германія), Дж.​Манцу (Італія), В.​В.​Аалтанен (Фінляндыя), С.​Лебедзева, В.​Мухіна, І.​Шадр, Л.​Шэрвуд, Я.​Вучэціч, М.​Анікушкін, А.​Кібальнікаў, Э.​Неізвесны, О.​Цадкін (Расія), Ю.​Мікенас, Г.​Якубоніс (Літва).

На тэр. Беларусі найб. раннія помнікі С. адносяцца да эпохі неаліту (гл. Асавецкія творы першабытнага мастацтва, Багушэвіцкая статуэтка, Шклоўскі ідал). У помніках С. часоў Кіеўскай Русі адметны ўплыў візант. мастацтва: каменныя разныя абразкі «Канстанцін і Алена» з Полацка, «Хрыстос Эмануіл» з Пінска (абодва 12 ст.), «Мікола і Стафан» і двухбаковы абраз «Пётр. Маці Божая» з Мінска (13 ст.), касцяны двухрадны абраз з Турава (15—16 ст.), абразок «Маці Божая Жыровіцкая» з яшмы (1470) і інш. У канцы 14—15 ст. у С. ўзмацніўся ўплыў зах.-еўрап. мастацтва. Цесная ўзаемасувязь з архітэктурай і яе маст. стылямі характэрна для культавай каменнай і драўлянай С. (гл. Скульптура драўляная). Традыцыі Адраджэння паўплывалі на мемарыяльную пластыку 16—17 ст.: надмагіллі М.​К.​Радзівіла ў Нясвіжскім касцёле езуітаў (17 ст.), сям’і П.​Сапегі (пасля 1599 — пасля 1635). Своеасаблівасцю, высокім маст. узроўнем вызначаецца С. бел. барока: «Св. Себасцьян», «Св. Рох» з Навагрудка (пач. 17 ст.), С. алтароў Гродзенскага касцёла езуітаў (1736), Пінскага касцёла францысканцаў (18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. шмат бел. майстроў працавала ў Рус. дзяржаве, дзе яны аздаблялі палацы і храмы (гл. Беларуская рэзь); вядомы паліхромныя маёлікавыя рэльефныя выявы апосталаў, выкананыя С.​Палубесам. У 17—18 ст. узнікла свецкая С. (бюсты магнатаў, гіст. дзеячаў). З 2-й пал. 18 ст. С. набыла рысы ракако. Вобразы, створаныя ў гэты перыяд, захоўваюць манументальнасць, глыбіню і ўнутр. значнасць. Побач з дрэвам пашыраны С. са стука: канфесіянал і алтар са С. у касцёле бернардзінак у Слоніме (1751—64, лепшчык Я.​Хедэль) і інш. У С. канца 18 ст. прыкметны ўплыў класіцызму; яны вылучаюцца ўрачыстасцю поз, спакойным рытмам аб’ёмаў: «Маці Божая» з в. Ганута Вілейскага р-на, стукавы дэкор у Свяцкім палацы (Гродзенскі р-н; мастакі Т.​Манькоўскі, А.​Смуглевіч), Верхнім замку ў Гродне, касцёле Ганны ў в. Мосар Глыбоцкага р-на і інш. Рысы позняга класіцызму ўласцівы творам К.​Ельскага, А.​Скірмунт, А.​Ромера. У творчасці мастакоў канца 19 — пач. 20 ст. прыкметны рысы мадэрнізму: Я.​Тышынскі, Я.​Багушэўскі, К.​Змігродскі, А.​Краснапольскі, В.​Бубноўскі. Рэалістычнасцю вызначаюцца партрэты сучаснікаў, выкананыя В.​Смакоўскім, Р.​Слізнем, керамічныя работы анімалістычнага жанру М.​Міхалапа, творы К.​Каганца, Я.​Драздовіча. У 19 ст. пашыраны таксама палацава-паркавая, прыдарожная культавая і мемарыяльная С. (надмагіллі К.​Радзівіл у Нясвіжскім касцёле езуітаў, 1825; А.​Тызенгаўза ў Гродзенскім касцёле езуітаў, скульптар Т.​Дыкас, 1887, і інш.). Пасля 1917 скульптары стваралі помнікі дзеячам рэв. руху. У 1920-х г. развіваўся пераважна станковы партрэт (творы А.​Бразера, А.​Грубэ). Пэўную ролю ў падрыхтоўцы кадраў адыграла скульптурнае аддзяленне Віцебскага маст. тэхнікума, выпускнікі якога ў пач. 1930-х г. удзельнічалі ў афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Рэспублікі Беларусь. У 1953 адкрыўся маст. ф-т у Бел. тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел. АМ). У станковай С. ствараліся партрэты дзярж. дзеячаў, дзеячаў мастацтва і культуры, у 1940—50-я г. — Герояў Сав. Саюза (З.​Азгур, А.​Бембель, Грубэ). У манум. С. вылучаюцца шматфігурныя рэльефы для Манумента Перамогі ў Мінску (Азгур, Бембель, А.​Глебаў, С.​Селіханаў). У 1960—70-я г. ставіліся помнікі партызанам, падпольшчыкам і воінам Сав. Арміі: патрыётам Асінторфа (Г.​Мурамцаў), воінам і партызанам у калгасе «Бальшавік» Чэрвеньскага р-на (А.​Анікейчык, Б.​Івонцьеў); рэльефы на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, у комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (Бембель, А.​Кібальнікаў), Хатынь (Селіханаў), Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна (А.​Заспіцкі, І.​Міско, М.​Рыжанкоў). У 1970—2000 ствараліся помнікі і мемарыяльныя дошкі, мемарыяльныя знакі, партрэты вядучым дзеячам бел. культуры, навукі і мастацтва (Азгур, Анікейчык, Э.​Астаф’еў, С.​Вакар, С.​Гарбунова, Глебаў, І.​Голубеў, Л.​Гумілеўскі, М.​Інькоў, Міско, М.​Якавенка, В.​Янушкевіч і інш). Развіваецца садова-паркавая скульптура (С.​Гумілеўскі, Л.​Давідзенка, У.​Жбанаў, М.​Канцавой, У.​Слабодчыкаў). Пошукамі сучасных форм выяўлення, канцэптуальным падыходам да вырашэння ідэі, метафарычнасцю маст. мовы вылучаюцца творы І.​Засімовіча, Т.​Сакаловай, К.​Селіханава, Слабодчыкава, А.​Фінскага; выразнасцю і пластычнай завершанасцю — творы А.​Арцімовіча, М.​Байрачнага, А.​Бачкарова, Г.​Буралкіна, А.​Дранца, Канцавога, П.​Лука, В.​Мурашова, А.​Шатэрніка і інш. С. часта з’яўляецца састаўной часткай інсталяцый, маст. праектаў (С.​Войчанка, У.​Цэслер і інш.).

Літ.:

Кацар М.С. Скульптура Савецкай Беларусі. Мн., 1957;

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;

Елатомиева И.М. Монументальная летопись эпохи. Мн., 1969;

Яе ж. Очерки по истории белорусской советской станковой скульптуры. Мн., 1974;

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;

Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982;

Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;

Высоцкая Н.Ф. Скульптура и резьба Беларуси XII—XVIII вв.: Каталог. Мн., 1998;

Либман М.Я. О скульптуре. М., 1962;

Шмидт И.М. Беседы о скульптуре. М., 1963;

Валериус С.С. Прогрессивная скульптура XX в.: Пробл. и тенденции. М., 1973;

Bazin G. The history of world sculpture. London, 1970.

А.​К.​Лявонава, Э.​А.​Петэрсон.

Да арт. Скульптура. Фараон Мікерын з жонкай. Егіпет. Каля 2,5 тыс. г. да н.э.
Да арт. Скульптура. Мікеланджэла. Хлопчык, які скурчыўся. Паміж 1520—34.
Да арт. Скульптура. Г.​Мур. Фігура ляжыць. 1935.
Да арт. Скульптура. Венера Таўрычаская. Рымская копія. 3 ст. да н.э.
Да арт. Скульптура. Венера Вілендорфская. Аўстрыя. 30—25 тыс. г. да н.э.
Да арт. Скульптура. А.​Глебаў. Ф.​Скарына. 1954.
Да арт. Скульптура. А.​Анікейчык. Г.​Ахматава. 1982.
Да арт. Скульптура. А.​Шатэрнік. Мікола Гусоўскі. 1984.
Да арт. Скульптура. А.​Бачкароў. Феафан Грэк. 1988.
Да арт. Скульптура. А.​Фінскі. Адчуванне палёту. 1997.
Да арт. Скульптура. А.​Бембель. Барэльеф у Доме ўрада ў Мінску.

т. 14, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калі́тка 1 ’невялікія дзверы для праходу ў варотах, плоце, агароджы; фортка’ (БРС, ТСБМ, Касп.; гарад., Сл. паўн.-зах.). Суадносіцца з рус. калитка ’тс’, якое зафіксавана ў пісьмовых помніках параўнальна позна — з другой палавіны XVII ст. У гаворках адзначаецца таксама калін. ’вароты’, цвяр. ’пярэднія вароты для ўваходу на ганак’, ярасл., кастр., маск. ’дзверы сялянскай хаты, якія вядуць з ганку ў сені’, тульск. ’драўляная крышка, якая зачыняе ўваход у падполле’, ’навес’. Характар сувязі бел. і рус. лексем няясны — на поўначы гэта, магчыма, спрадвечнае слова, на іншай бел. тэрыторыі — культурнае запазычанне з рус. мовы. Калитка як быццам выключна рус. слова, этымалогіі фактычна няма. Бернекер (1, 474) уводзіць слова ў артыкул kalita ’кашалёк’, паводле Праабражэнскага, 1, 286, рус. калита суадносіцца з коло, колесо. Паводле Фасмера, 2, 168, абедзве версіі памылковыя; неабходна рэканструяваць архетып колита ’дзверы’ ад колъ. Словаўтваральны тып, аднак, застаецца незразумелым. Не выключана, што бліжэй да ісціны быў Бернекер. На жаль, у нас няма непасрэдных доказаў таго, што каліта ’фортка’ і калита, калітка ’кашалёк’ непасрэдна суадносяцца ў выніку падабенства. Можна толькі меркаваць, што немалую ролю тут магла адыграць не столькі чатырохвугольная форма, колькі падобнасць упрыгожанага чатырохвугольніка кашалька да дзвярэй, форткі, верагодна, замацаваных перакрыжаванымі рэйкамі. Нашы меркаванні заснаваны, галоўным чынам, на ўскосных доказах. Так, параўн. каліта 2, дзе назіраецца імаверны перанос па форме. Можна прывесці і полац. у калітачку скласці (хустку) ’скласці роўненька, квадрацікам’, якое, на нашу думку, непасрэдна суадносіцца з шырока засведчаным на рус. моўн. тэрыторыі калитка ’пірог, піражок з начынкай, звычайна адкрыты’. Цікава адзначыць, што на магчымую першасную сувязь указвае яўная адідэацыя ў рус. дыял. калитка ’піражок з узорам з гарызантальных палосак (у выглядзе «калитки»). Відаць, няма патрэбы ў пераносе назвы з каліткі ’кашалёк’ на іншыя рэаліі, не выключана, што тут рэалізуецца разгалінаваная семантыка запазычанага слова. Што датычыць лінгвагеаграфіі, то рус. калитка ’фортка’ ў значнай меры супадае з арэалам адпаведнай назвы для кашалька, аднак на бел. тэрыторыі гэта русізм.

Калі́тка 2, звычайна мн. ліку, ’чатырохвугольныя ласкуты ў безрукаўцы’ (лун. Малч.). Паралелі да бел. слова ў польск. мове: kalita, kalitka (у мн. ліку) ’ласкуты ў кафтанах’, ’«зубы», прышытыя да нізу гарсэту’ і да т. п. Этымалагічна суадносіцца з каліта як ’чатырохвугольнае (скураное?) упрыгожанне на вопратцы’. Шырока прадстаўлена ў польск. гаворках, што, магчыма, сведчыць аб запазычанні бел. слова з польск. мовы.

Калі́тка 3 ’лагчына, зарослая кустамі’ (Касп.). Адпаведнікаў у бел. мове да гэтага слова няма. Ілюстрацыя ў слоўніку не выключае магчымасці, што тут зафіксаваны мікратапонім: «Зьвядзі каня ў калітку пасьціць» (Касп., с. 151). Рус. наўг. калита ’частка ворыўнага поля’, валаг. ’лес, які знаходзіцца блізка ад вёскі’, арханг. калитка, паводле СРНГ, 12, 359: «Небольшой земельный участок, выгороженный особо среди одного обода — земельного владения, принадлежащего нескольким хозяевам». Гэтыя факты таксама няпэўныя (мікратапанімія?), але дастаткова аднародны арэал, дзе адзначана слова, сведчыць, магчыма, пра агульную інавацыю. Няясна, на базе якой лексемы ўтвораны слова, паколькі магчымая ідэя «чатырохвугольнасці» адносіцца і да каліта і да калітка. Можна думаць пра сувязь слова з праслав. kalъ; дэрыват у такім выпадку павінен быў азначаць спачатку ’вільготнае, балоцістае месца’. Пярэчаць гэтаму відавочныя рус. паралелі (семантычныя цяжкасці) і словаўтваральны крытэрый.

Калі́тка 4 расліна гарлачык, Nuphar luteum; Nymphaea alba’ (лельч., стол., лун., Бсил.). Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю неабходна аднесці сюды і каліты, адзначанае ў Сержпутоўскага, 63: «Падплыла дошка к берагу, заплуталася паміж калітак і стала». Далей сюды ж калітнік ’гарлачыкі жоўтыя’ (саліг., Нар. словатв.). Бейліна (Лекс. Пол., 422) як адпаведнік прыводзіць укр. калитник ’расліна Capsella bursa pastoris’, што наўрад ці правамерна. Укр. назва — празрыстае ўтварэнне ад калита ’кашалёк, сумка’, тое ж і ст.-польск. kaleta pasterska, kaletki, літ. kolytä ’расліна Thlaspi arvense’. матывацыя зразумелая, паколькі насенныя каробачкі вельмі нагадваюць сумкі рознага тыпу, параўн. лац. назву і рус. кальку пастушья сумка. Семантыка тэрмінаў для Nuphar, Nymphaea з’яўляецца іншай, параўн. бел. сінонімы: глечыкі, кушынкі. жбанкі, палес. банка, гладышечки, укр. кубишка, збанок, банька і інш. Думаецца, што ўкр. назву для Capsella можна разглядаць асобна ад бел. Апошнія ў такім выпадку — відавочна беларуская рэгіянальная інавацыя. Фармальная сувязь з вышэй прыведзенай лексікай відавочная; цяжка, аднак, аддаць перавагу збліжэнню з каліта. паколькі нельга цалкам выключыць магчымай сувязі з каліт‑ ксч. Думаем, што слова неабходна ўсё ж такі лічыць роднасным да каліта, аднак не ’кашалёк чатырохвугольнай формы і да т. п.’, а ў значэнні ’мяшочак, капшук і інш.’ Падставы для такога меркавання ёсць, паколькі шэраг слав. сінонімаў для Nuphar, Nymphaea сведчыць аб тым, што кветкі або насенныя органы параўноўваліся з галоўкамі маку і называліся тэрмінамі з семантыкай «выпукласці». Параўн. бел. булдоўка для Nuphar, макаўка, макоўка ’Nymphaea’, палес. болбуткі, бубенчики ’Nuphar’, болбутки ’Nymphaea’, магчыма, укр. бабка ’Nuphar’, мак. водяний бамбулька ’плод гарлачыка’ і інш. Не выкліочана таксама, што бел. назва — вынік канкрэтнай рэалізацыі больш шырокавядомай мадэлі, паводле якой утвораны і ўкр. і інш. назвы; у такім выпадку можна думаць аб існаванні універсаліі ў межах народнай тэрміналагічнай сістэмы намінацыя. У любым выпадку інавацыйны характар назвы відавочны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАКЕДО́НІЯ (Македонија),

Рэспубліка Македонія (Република Македонија), дзяржава ва ўнутр. ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Югаславіяй (часткова з б. аўт. краем Косава), на У з Балгарыяй, на Пд з Грэцыяй, на З з Албаніяй. Пл. 25,3 тыс. км². Нас. 2009 тыс. чал. (1998). Дзярж. мова — македонская. Сталіца — г. Скоп’е. Падзяляецца на 34 абшчыны. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (2 жн.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу, выканаўчая — ураду на чале з прэм’ер-міністрам. Дзярж. герб не зацверджаны.

Прырода. Большую ч. тэр. займаюць сярэдневышынныя горы (выш. да 2764 м, хр. Карабі на мяжы з Албаніяй). Горы падзелены тэктанічнымі паніжэннямі, занятымі азёрамі або далінамі рэк. Частыя землетрасенні (у 1963 дзесяцібальным землетрасеннем разбураны г. Скоп’е). Карысныя выкапні: храміты, свінцова-цынкавыя, марганцавыя, вальфрамавыя, нікелевыя, жал. руды, азбест, буры вугаль і інш. Клімат пераходны ад умеранага да міжземнаморскага. У далінах і катлавінах лета гарачае і сухое, зіма параўнальна цёплая і дажджлівая, сярэднямесячныя т-ры ў студз. 4 °C, у ліп. — 22—25 °C. Ападкаў за год 900 мм на 3, 400 мм на У. У гарах халадней, зімой выпадае снег, ападкаў больш. Гал. рака Вардар. У катлавінах значныя азёры — Ахрыдскае (на мяжы з Албаніяй), Прэспа (на мяжы з Албаніяй і Грэцыяй), Дайранскае (на мяжы з Грэцыяй). Даліны і катлавіны асвоены, на схілах да выш. 2000 м — мяшаны лес і хмызнякі, вышэй — горныя лугі. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. З жывёл захаваліся ў гарах буры мядзведзь, рысь, дзік, воўк, алень, лань, сарны, дзікія козы і інш. Нац. паркі: раён г. Охрыд (уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны), Маўрава, Галічыца, Пелістар.

Насельніцтва. 65% складаюць македонцы, нар. паўд.-слав. моўнай групы. Жывуць таксама албанцы (21%; найб. на ПнЗ), туркі (3%), цыганы, сербы і інш. Сярод вернікаў праваслаўных 67%, мусульман 30%. Сярэднегадавы прырост 0,68% (1997). Сярэдняя шчыльн. 79 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены даліны і катлавіны. У гарадах жыве 54% насельніцтва. Найб. горад Скоп’е — 541,3 тыс. ж. (1994). Каля 50 тыс. ж. у гарадах Куманава, Цітаў-Велес, Бігала, Охрыд. Каля 40% працоўных занята ў прам-сці, каля 35% — у сельскай гаспадарцы.

Гісторыя. У антычнасці паўд. частка сучаснай М. ўваходзіла ў склад Македоніі Старажытнай, у 5 — пач. 20 ст. ўсе тэр. (Вардарская М.) у складзе гіст. вобласці Македонія. Пасля 2-й Балк. вайны (гл. Балканскія войны 1912—13), якая завяршылася Бухарэсцкім мірным дагаворам 1913, гіст. вобласць М., што раней была пад уладай Турцыі, падзелена паміж Сербіяй (большая ч. — Вардарская М.), Грэцыяй (Эгейская М.) і Балгарыяй (Пірынскі край). У 1918 Вардарская М. ў складзе Сербіі ўвайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну з часоў Балканскай кампаніі 1941 большай ч. Вардарскай М. валодала Балгарыя, зах. частку акупіравалі італьян. войскі. На акупіраваных землях М. разгортваўся партыз. рух. Пасля вызвалення з 1945 Вардарская М. — адна з 6 рэспублік у складзе Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Югаславія). У час грамадз. вайны ў Грэцыі 1946—49, у якой удзельнічалі і грэч. македонцы, камуніст. партыя Грэцыі намагалася далучыць да Югаславіі Эгейскую М.; частка македонцаў эмігрыравала ў Югаславію і СССР (каля 20 тыс. чал., пасяліліся пераважна ў г. Ташкент). У выніку распаду югасл. федэрацыі М. стала самаст. дзяржавай. У вер. 1991 на рэсп. рэферэндуме большасць выказалася за суверэнітэт і дзярж. самастойнасць М., 17.11.1991 прынята яе канстытуцыя. З 1992 незалежнасць М. прызналі Рас. Федэрацыя, Турцыя, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Філіпіны, Літва і інш. Незалежную М. не прызнае Грэцыя (у яе складзе ёсць вобласць М. з цэнтрам у г. Салонікі), кіраўніцтва якой патрабуе перайменаваць М. ў Рэспубліку Скоп’е. М. — чл. ААН (з 1993), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1993.

У М. дзейнічаюць Унутр. макед. рэв. арг-цыя — Дэмакр. партыя за макед. нац адзінства, Дэмакр. альтэрнатыва, Партыя дэмакр. працвітання, Дэмакр. партыя албанцаў, С.-д. саюз М., Ліберальна-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Саюз цыганоў М., прафс. аб’яднанне — Асацыяцыя прафсаюзаў М.

Гаспадарка. М. — аграрна-індустр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. складае 1060 дол. ЗША (1998). У канцы 1990-х г. на эканоміку адмоўна ўплываюць: аслабленне эканам. сувязей з б. рэспублікамі Югаславіі, паліт. спрэчкі з Грэцыяй, ваен. дзеянні ў суседніх раёнах і вял. прыток бежанцаў з Косава. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., лёгкая (пераважна тэкстыльная), харчасмакавая (асабліва тытунёвая і кансервавая), горназдабыўная і энергетычная. Новыя галіны прам-сці: каляровая металургія, хім. і буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 5,4 млрд. кВт∙гадз (1995), 87% выпрацавана на ЦЭС (працуюць пераважна на імпартнай нафце). Ёсць некалькі ГЭС, найбольшая — «Маўрава» на р. Чорны Дрын. Найбольшыя прадпрыемствы машынабудавання ў Скоп’е, Бітале і інш., дзе вырабляюць станкі, аўтобусы, с.-г. машыны, халадзільнікі, электрапрылады, аўтадэталі, інструмент. Асн. цэнтры тэкст. прам-сці — Цетава (камбінат шарсцяных вырабаў), Шціп (баваўняны камбінат), Цітаў-Велес (шаўкаткацкі камбінат). Тытунёвыя вырабы выпускаюць ф-кі ў Прылепе і Скоп’е. Харч. прам-сць (мукамольная, алейная, цукр., мясная, плодакансервавая, вінаробчая) пашырана ўсюды, гал. цэнтры Скоп’е, Куманава, Бітала, Прылеп. На базе лясных рэсурсаў сфарміравалася дрэваапр. і папяровая прам-сць (Прылеп, Кочані і інш.). Чорная (Скоп’е, Ягунаўцы, Куманава) і каляровая (Цітаў-Велес, Ягунаўцы, Скоп’е) металургія. Хім. прам-сць (Скоп’е) дае пластмасы, сінт. валокны, сродкі аховы раслін і інш. Развіты прам-сць буд. матэрыялаў (цэмент, мармур, керамічныя вырабы, вогнетрывалыя матэрыялы) і горназдабыўная. Здабываюць свінцова-цынкавыя (цэнтр Злетава), хромавыя (Скоп’е, Цетава, Куманава), жал., марганцавыя, сурмяныя, нікелевыя руды і буд. матэрыялы. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, мэблевай, паліграф., фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы Скоп’е. Развіты нар. промыслы і саматужныя рамёствы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку і сувеніраў, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па дрэве, чаканка па серабры і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн. га зямель, палавіна іх пад ворывам і шматгадовымі культурамі, палавіна пад пашай. Раслінаводства развіта ў далінах і катлавінах, жывёлагадоўля — пераважна на горных пашах. Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс (83 тыс. га арашальных зямель), з тэхнічных — тытунь (штогадовы збор 17—20 тыс. т), цукр. буракі, бавоўну, опіумны мак, кунжут, арахіс, аніс і інш. Развіты агародніцтва (экспартнае значэнне маюць памідоры і перац), садоўніцтва (найб. яблыкі і слівы, на Пд аліўкі, інжыр, тутавае дрэва), вінаградарства (штогадовы збор каля 200 тыс. т). З галін жывёлагадоўлі лепш развіта авечкагадоўля. Пагалоўе (1997, тыс. гал.): авечак — 1800, буйн. раг. жывёлы — 300, свіней — 200, коней — 66,5, буйвалаў — 1. Птушкагадоўля. Рыбалоўства на буйных азёрах. Лясная гаспадарка. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 699 км, у т. л. 232 км электрыфікавана, аўтадарог 8,5 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,4 тыс. км. У краіне 263 тыс. легкавых, 23 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Важнае міжнар. значэнне маюць чыгунка і аўтамагістраль Бялград (Югаславія) — Скоп’е — Салонікі (Грэцыя). Амаль усе знешнегандл. сувязі праз грэч. порт Салонікі. У краіне 14 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Скоп’е і Охрыда (курортны і турыст. цэнтр). У 1996 экспарт складаў 900 млн. дол., імпарт — 1,4 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, харч. прадукты, віно і тытунёвыя вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, хімікаты, паліва. Гал. гандл. партнёры — рэспублікі б. Югаславіі, Балгарыя, Германія, Італія. Гандаль з Беларуссю (1997, млн. дол.): экспарт — 4,3, імпарт — 1,9. М. — краіна развітога міжнар. турызму. Грашовая адзінка — дэнар.

Літаратура. Прыгожае пісьменства на макед. мове зарадзілася ў 19 ст. і звязана з дзейнасцю асветнікаў К. і Дз.​Міладзінавых, П.​Зографскага, К.​Самарджыева і інш. У станаўленні новай макед. пісьменнасці і л-ры вял. роля належыць К.​Місіркаву, які даў першы ўзор кадыфікацыі макед. літ. мовы. У рэчышчы рэв. і нар.-патрыят. традыцый развівалася паэзія (К.​Нядзелкаўскі, В.​Маркоўскі), рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў драматургіі (В.​Ілёскі). Першы паэт. зб. на макед. мове — «Белыя досвіткі» К.​Раціна (1939). Пасля 2-й сусв. вайны засн. Саюз макед. пісьменнікаў (1946), Т-ва макед. мовы і л-ры (1954), пачалі выходзіць літ. перыяд. выданні. Найб. росквіту дасягнула паэзія (С.​Янеўскі, Б.Хонескі, А.​Шопаў, Г.​Тадароўскі) і навелістыка (У.​Малескі, І.​Бошкаўскі, Г.​Абаджыеў). Асновы новай драматургіі заклалі К.​Чашуле і Ілёскі. У 1950—60-я г. вядучым літ. жанрам стаў раман («Вёска за сямю ясенямі» і «І боль, і гнеў» Янеўскага, «Тое, што было небам» і «Ткацкі станок» Малескага, «Пабрацімы» і «Глухія досвіткі» І.​Леава, «Зоркі падаюць самі» С.​Дракула), зарадзілася аповесць (Дз.​Солеў). Асн. тэмы твораў — нац.-вызв. барацьба, чалавекі рэвалюцыя, антыфаш. супраціўленне, сацыяліст. пераўтварэнні. У гэтыя гады ў л-ры адзначыўся т.зв. працэс дэдагматызацыі, адмаўлення ад лініі развіцця, вызначанай сав. ўзорамі, сацыяліст. рэалізмам; дэклараваліся ідэйна-эстэт. плюралізм, разнастайнасць творчай метадалогіі. У 1970-я г. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. Найб. прыкметныя творчыя здабыткі належалі паэтам Тадароўскаму, Р.​Паўлоўскаму, А.​Попаўскаму, М.​Матэўскаму, празаікам Ж.​Чынгу, Дракулу, Т.​Геаргіеўскаму, Дж.​Абаджыеву, драматургам Ілёскаму, Т.​Арсоўскаму. Для сучаснай л-ры М. характэрна суіснаванне разнастайных ідэйна-эстэт. і маст. кірункаў. На бел. мове выдадзены макед. казкі ў зб. «Ці страшны страх?» (1970), «Югаславянскія казкі» (1999) і апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975). На бел. мову паасобныя творы макед. пісьменнікаў перакладалі Н.​Гілевіч, П.​Кавалёў, М.​Паслядовіч, А.​Разанаў, М.​Ракітны, І.​Чарота.

Архітэктура. Ад часоў неаліту і бронз. веку на тэр. М. захаваліся рэшткі кругавых паселішчаў, каменных і глінабітных дамоў, умацаванняў, складзеных насуха з неабчасанага каменю. Сярод помнікаў архітэктуры 5—11 ст. рэшткі цыклапічных абарончых сцен Скоп’е (535), замка балг. цара Самуіла каля г. Охрыд, крэпасці ў Струміцы (абодва 11 ст.). Найб. ранні тып культавай архітэктуры — 3-нефавая базіліка з купаламі і харамі, часам з трансептам (сабор св. Сафіі ў Охрыдзе, каля 1037—50). У 12—14 ст. усталяваўся тып крыжова-купальнага, звычайна квадратнага ў плане храма з купалам (цэрквы св. Клімента ў Охрыдзе, 1295; Міхаіла і Гаўрыіла ў Леснаве, 1341) ці з 5 купаламі (царква св. Панцеляймона ў Неразі, 1164). Будавалі таксама 1-нефавыя скляпеністыя цэрквы (св. Міколы ў Варашы каля г. Прылеп, 1299). У перыяд тур. панавання ў Скоп’е, Бітале, Шціпе і інш. узводзілі цагляныя і каменныя купальныя мячэці, мінарэты, заезныя дамы («ан»), крытыя базары («безістэн»), лазні («амам»), вежападобныя ўмацаваныя жытлы («кулы»). Да 18—19 ст. належаць маляўнічыя ансамблі манастыроў (Іаана Бігорскага), разнастайныя прыклады нар. дойлідства: на раўнінах — 1-павярховыя 2-часткавыя дамы (стойла і жылы пакой з ачагом), у горных раёнах — 2-павярховыя (унізе стойла і кухня, наверсе — жыллё) з навесам-галерэяй, дамы тур. тыпу з сіметрычным размяшчэннем пакояў вакол сенцаў і ізаляваным ад вуліцы дваром. У гарадах будавалі 2—3-павярховыя дамы з эркерамі, лоджыямі ці балконамі. Своеасаблівыя крытыя чарапіцай дамы Охрыда з драўлянымі каркаснымі верхнімі паверхамі, гладкія атынкаваныя сцены якіх навісаюць над ніжнім паверхам, складзеным з каменю. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў буйных гарадах будавалі ў духу еўрап. эклектычнай архітэктуры. Пасля 2-й сусв. вайны разгарнулася рэканструкцыя гарадоў і сёл, пабудаваны буйныя прамысл. комплексы са зборнага жалезабетону, раёны 2—3-секцыйных і вежавых жалезабетонных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў у ’сучасных стылях. У Скоп’е пасля землетрасення 1963 паводле праекта яп. арх. Тангэ Кэндзо ўзведзены будынкі Гіст. архіва, Макед. нар. т-ра, акадэміі навук і мастацтваў і інш. Ствараюцца новыя жылыя раёны. Раён г. Охрыд уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З часоў неаліту і бронзавага веку захаваліся керамічныя пасудзіны, мадэлі дамоў, фігуркі людзей і жывёл, помнікі мастацтва ілірыйцаў (залатыя маскі і інш. з Трэбенішце каля Охрыда, 6 ст. да н.э.), з 2 ст. да н.э. — рэшткі мазаік і фрэсак, скульптура. У 6—7 ст. развівалася культура стараж. славян. У мастацтве сярэдневякоўя важную ролю адыгрываў самабытны фрэскавы жывапіс, які дасягнуў росквіту ў 11—14 ст.: размалёўкі ў храме св. Сафіі ў Охрыдзе (сярэдзіна 11 ст.), у царкве св. Панцеляймона ў Неразі (1164), у цэрквах св. Клімента ў Охрыдзе (пасля 1295) і св. Георгія ў Стара-Нагарычане (1317—18, у абедзвюх майстры Міхаіл і Яўціхій, малявалі таксама абразы), у царкве Маці Божай у Мацейчы (каля 1355) і інш. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па дрэве, якая мела фалькл. характар (разныя дзверы з плеценымі ўзорамі, фігурамі святых і ваяроў, выявамі звяроў, царква св. Міколы Болнічкага ў Охрыдзе, 12—13 ст.). 17—19 ст. — росквіт глыбокай і ажурнай разьбы з расл. ўзорамі і рэаліст. фігуркамі жывёл і людзей (у т. л. аўтапартрэтамі рэзчыкаў), у якой візант. і грэч. ўплывы, элементы барока і ракако спалучаліся з рысамі наіўнага гратэску. У эпоху асманскага панавання развіццё жывапісу запаволілася. Паступовы адыход ад стараж. канонаў пачаўся з 2-й пал. 18 ст. пад уплывам мастацтва Зах. Еўропы і Расіі (сям’я Фрчкоскіх). У канцы 19 — пач. 20 ст. Дж.​Зографскі і Дз.​Андонаў уключалі ў царк. жывапіс фалькл. і сатыр. матывы, патрыят. кампазіцыі, партрэты, пейзажы, сцэны нар. жыцця. У 1920—30-я г. жывапісцы Л.​Лічэноскі, М.​Марціноскі і інш. ў свабоднай дэкар. манеры стваралі нац. пейзажы, жанравыя кампазіцыі, партрэты і нацюрморты. Сярод першых прафес. скульптараў Дз.​Тадароўскі, П.​Хаджы-Бошкаў і інш. Вял. ўклад у развіццё выяўл. мастацтва М. зрабілі жывапісцы Р.​Анастасаў, П.​Мазеў, скульптар Б.​Мітрычэўскі і інш. У 1960—80-я г. рэаліст. традыцыі часта спалучаліся з пошукамі новых сродкаў пластычнай выразнасці (жывапісцы Д.​Кандоўскі, Г.​Чэмерскі, С.​Шэмаў, Т.​Шыяк, графік Д.​Перчынкаў, скульптар С.​Манеўскі і інш.). Развіваюцца нар. промыслы (чаканка па серабру, вышыўка, выраб дываноў і інш.).

Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.​А.​Чарота (літаратура).

Сцяг Македоніі.
Да арт. Македонія. Узбярэжжа Ахрыдскага возера.
Да арт. Македонія. Удзельнікі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1903.
Да арт. Македонія. Царква святога Клімента ў г. Охрыд. 13 ст.
Да арт. Македонія. Аплакванне Хрыста. Размалёўка царквы святога Панцеляймона ў Нерэзі. 1164.

т. 9, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́Я (кар. Часон, літар. краіна ранішняй свежасці),

краіна на У Азіі, на Карэйскім паўвостраве, прылеглай ч. мацерыка і суседніх астравах.

Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з часоў позняга палеаліту. Першым дзярж. утварэннем з кар. плямён была дзяржава Часон, якая ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула свайго росквіту. У 109 да н.э. яе заваявала кіт. Ханьская дынастыя. У ходзе барацьбы з кіт. заваёўнікамі ў 1 ст. н.э. ўзніклі тры дзяржавы — Кагуро, Пэкчэ і Сіла, якія вызначыліся развіццём матэрыяльнай і духоўнай культуры на аснове кіт. традыцый. У 7 ст. Сіла ў саюзе з кіт. дынастыяй Тан перамагла Пэкчэ і Кагуро і аб’яднала б.ч. Карэйскага п-ва. Узнікненне адзінай дзяржавы спрыяла фарміраванню кар. народнасці. У 9 ст. Сіла распалася на асобныя феад. ўладанні, што ў 935 аб’ядналіся пад уладай дзяржавы Каро (засн. ў 918 Ван Гонам; ад яе паходзіць сучасная еўрап. назва краіны, прынятая ў пач. 20 ст.). Да канца 10 ст. канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава, якая паспяхова адбівала нашэсці кіданяў (933, 1010—11, 1018—19); у ёй пачаў пашырацца будызм. У выніку няспынных міжусобіц у 1231 у Каро ўварваліся манголы, барацьба з якімі вялася амаль 30 гадоў. У 1259 правіцелі Каро падпарадкаваліся манг. дынастыі Юань, а пасля яе заняпаду (1368) — кіт. дынастыі Мін. З 1392 у К. (зноў наз. Часон) правіла дынастыя Лі, пры якой адбыўся значны эканам. і культ. ўздым, дзярж рэлігіяй стала канфуцыянства. Становішча дзяржавы пагоршылася ў час уварвання яп. (гл. Імдзінская вайна 1592—98) і маньчжурскіх (1-я пал. 17 ст.) заваёўнікаў. У 1637 К. трапіла ў васальную залежнасць ад маньчжурскай дынастыі. У 2-й пал. 17—18 ст. тут пашырылася прыватнае землеўладанне, узніклі рамесніцкія карпарацыі, выраслі буйныя гандл. цэнтры. На пач. 19 ст. ў К. наспеў глыбокі сац. крызіс. У 1811—12 у прав. Пхёнандо ўспыхнула паўстанне сялян, у 1833 — гараджан Сеула, у 1862 адбылося сял. паўстанне. Амаль да канца 19 ст. К. трымалася палітыкі поўнай ізаляцыі ад інш. дзяржаў. Хрысц. місіянеры, якія прыбывалі ў К. ў 18—19 ст., франц. (1866) і амер. (1871) экспедыцыі сутыкаліся тут з моцным супраціўленнем. Толькі ў 1876 К. ўстанавіла кантакты з Японіяй, у 1882 — з ЗША пазней — з Германіяй, Францыяй, Расіяй, Вялікабрытаніяй. Росту яп. ўплыву ў К. беспаспяхова супрацьстаяў Кітай (гл. Япона-кітайская вайна 1894—95). Японіі ўдалося (гл. Руска-японская вайна 1904—05) акупіраваць К. і ў ліст. 1905 навязаць дагавор аб пратэктараце. У 1910 Японія скінула дынастыю Лі, анексіравала краіну і ператварыла яе ў сваю правінцыю. Ва ўмовах жорсткага калан. ўціску ў К. развіваўся нац.-вызв. рух. У сак. — крас. 1919 усю краіну ахапіла антыяп. паўстанне (каля 2 млн. удзельнікаў), задушанае яп. калан. ўладамі. Ў крас. 1919 дзеячы незалежніцкага руху на чале з Лі Сын Манам стварылі ў г. Шанхай (Кітай) часовы эмігранцкі ўрад, які на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 беспаспяхова шукаў падтрымкі ідэі незалежнасці К. У 1930-я г. на тэр. Маньчжурыі, дзе жыла значная колькасць карэйцаў, дзейнічалі партыз. атрады. Антыяп. рух асабліва ўзмацніўся ў 2-ю сусв. вайну. На Каірскай канферэнцыі 1943 кіраўнікі ўрада Кітая прынялі рашэнне аб прадастаўленні К. незалежнасці.

У жн. 1945 сав. войскі з дапамогай кар. партызан занялі паўн. частку К. Былі створаны ваен. адміністрацыі: на Пн ад 38-й паралелі — савецкая, на Пд — амерыканская (амер. войскі высадзіліся ў Паўд. К. ў вер. 1945 пасля капітуляцыі яп. войск). Падзел краіны павінен быў мець часовы характар.

Маскоўская нарада 1945 міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі прыняла рашэнне пра заснаванне на тэр. К. адзінай незалежнай дэмакр. дзяржавы. У снеж. 1945 ЗША і СССР стварылі сумесную камісію для сфарміравання агульнакар. ўрада. Аднак камісія спыніла сваю дзейнасць і праблема ўз’яднання К. не была вырашана. Прынцыповая розніца грамадскага ладу, які пасля вайны сфарміраваўся ў паўн. і паўд. ч. краіны, а таксама палітыка іх улад пры падтрымцы ЗША і СССР прывялі да падзелу К. У 1948 у Паўд. К. створана Рэспубліка К. (гл. Карэя Паўднёвая), у Паўн. К. — Карэйская Нар.-Дэмакр. Рэспубліка (гл. Карэя Паўночная), паміж якімі адбылася Карэйская вайна 1950—53.

Літаратура. Да канца 19 ст. стваралася на ханмуне (карэізаваная форма кіт. літ. мовы) і кар. мове. Найстараж. ўзоры л-ры на кар. мове — 25 невял. вершаў (хянга — «песні роднага краю») 7—11 ст. Адначасова развівалася паэзія на ханмуне (лірыка Чхве Чхівона, творы паэтаў-анахарэтаў Лі Іно і Лі Гюбо). Ранняя проза на ханмуне прадстаўлена канфуцыянскім летапісам «Гістарычныя запісы пра тры дзяржавы» Кім Бусіка (12 ст.) і будыйскай жыційнай л-рай («Жыціе Кюнё» Хёк Нёнджона, 11 ст.; «Жыццяпіс выдатных манахаў Краіны на ўсход ад мора», 13 ст.). У 12—14 ст. зарадзілася нац. паэзія — Каро каё («песні Каро»), якая прадоўжыла традыцыі хянга. У 13—14 ст. маст. проза паступова адасобілася ад гістарычнай. Узніклі яса — неафіц. гісторыі («Забытыя падзеі трох дзяржаў» Ірона, 13 ст.) і пхэсоль — проза малых форм (лірыка Лі Джэхёна і інш.). Першы твор на кар. алфавіце — «Ода дракону, які ляціць у нябёсы» (1445). Развіваліся навела (Кім Сісып), алегарычная аповесць (сатырык Лім Джэ). Лепшы ўзор паэзіі і прозы на ханмуне да пач. 15 ст. — вял. «Усходняя анталогія» (130 кніг), складзеная ў 1478 Со Гаджонам. У 16—17 ст. вядучае месца ў л-ры займала пейзажная і філас. лірыка, т.зв. паэзія рэк і азёр. Майстрамі сіджо (трохрадкоўе) і каса (вял. паэмы) былі Чон Чхоль і Юн Сандо. Вылучылася патрыят. лірыка Пак Іно У 17—19 ст. папулярнасць набылі аповесці на кар. мове — сасоль: гераічныя («Імджынская хроніка», 17 ст.), сац.утапічныя («Аповесць пра Хон Гільдона», 17 ст.), лірычныя («Аповесць пра Сім Чхон», 18 ст.; «Аповесць пра вернасць Чхунхян», 18 ст.), сатыр. («Аповесць пра зайца», 18 ст.) і інш. Ідэі асветніцтва адлюстраваліся ў творчасці Кім Манджуна — аўтара першага рамана на кар. мове «Воблачны сон дзевяці» (1689), сатыр. навелах і вершах на ханмуне пісьменніка-рэаліста Пак Чывона, паэтаў Чон Ягёна і Кім Саката. Паэзія на кар. мове была сабрана ў анталогіі «Бессмяротныя словы Краіны зялёных гор» (каля 1727) і «Песні Краіны на ўсход ад мора» (1763). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковай да новай прозы (асветніцкія раманы Лі Інджыка і Лі Хэджо). Пачынальнікі сучаснай кар. прозы — Лі Гвансу, паэзіі — Чхве Намсон і Кім Ок. Узнікла пралет, л-ра, т.зв. школа новага кірунку (Чхве Сахэ, Кім Саволь). У 1925—35 дзейнічала Карэйская федэрацыя пралет, мастацтва (празаікі Лі Гіен, Чо Мёнхі, Сон Ён, паэты Пак Сеён, Лі Санхва, крытыкі Юн Сепхён і інш.). Атрымаў развіццё рэаліст. раман пра кар. вёску (Лі Гіен). 2-я пал. 1930-х г. — час росквіту гіст. рамана (Хоп Мёнхі, Лі Гвансу), а таксама л-ры «плыні свядомасці» (Лі Сан). У гады 2-й сусв. вайны публікацыі на кар. мове былі пад забаронай.

Архітэктура. Ад эпохі неаліту захаваліся рэшткі квадратных і круглых глінабітных паўзямлянак, ад першых ст. да н.э. — пахавальныя збудаванні (дальмены, магілы ў форме скрыні, пахаванні ў збанападобных пасудзінах і інш.). На тэр. б. дзяржавы Кагуро выяўлена больш за 50 грабніц — манум. падземных збудаванняў, ашаляваных дрэвам (4 ст.) або складзеных з каменных пліт і цэглы (5—7 ст.) з размалёўкамі на столі; на тэр. дзяржавы Сіла — абсерваторыя Чхамсандэ («Вежа зорак», 632—47, выш. 9 м), складзеная з гранітных блокаў у форме бутлі. Аб’яднанне краіны спрыяла інтэнсіўнаму буд-ву гарадоў, у якіх прыёмы рэгулярнай забудовы, планіроўка кварталаў, вуліц з улікам рэльефу мясцовасці, выкарыстанне ландшафту нагадвалі кіт. горадабудаўніцтва. З пашырэннем будызму пачалі будаваць каменныя храмавыя ансамблі і пагады простай і лаканічнай формы: пячорны 2-зальны храм Сакурам (742—64), комплекс Пульгукса (751, перабудаваны ў 1350) з пагадамі Табатхап (751) і Сакатхап (761) — усе каля Кёнджу. У эпоху дзяржавы Каро (918—1392) узводзілі культавыя і грамадз, будынкі ўскладненай формы з багатым дэкар. убраннем: храм Кваным (980), пагада Ханмётхап храма Папчонса ў Сеуле (1085), палац уладароў Манвальдэ ў Кэсоне (918, зруйнаваны ў 1361). Пры дынастыі Лі (1392—1910) будавалі шыкоўныя садова-паркавыя ансамблі палацаў (Кёнбакун у Сеуле, 1395, разбураны ў 1592, адноўлены ў 19 ст., у 1950—53 зноў разбураны), што складаліся са шматлікіх невял, пабудоў з масівамі ярусных дахаў, аб’яднаных дварамі і аздобленых размалёўкамі, разьбой па дрэве і камені. Раскошай вылучаюцца храм Гандоса (16 ст., пав. Янсань, прав. Кёнсан-Намдо), мармуровая пагада храма Вангакса ў Сеуле (1464). Нар. жыллё К. — нізкі 1-павярховы дом — «чып» (з каменю, гліны, дрэва) з тэрасай і адмысловай ацяпляльнай сістэмай пад падлогай («андоль»), упрыгожаны размалёўкамі шматколерным нац. арнаментам. У час яп. панавання будавалі пад уплывам тагачаснай еўрап. архітэктуры і яп. дойлідства.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту захавалася кераміка, у т. л. пасудзіны з грабеньчатым і хвалепадобным арнаментам, таўстасценныя гаршкі і вастрадонныя вазы з геам. арнаментам, глянцавы посуд, пакрыты лакам і інш. З першых стагоддзяў да н.э. вядомы метал. прылады і гліняныя пасудзіны са штампаваным арнаментам. Маст. культура К., якая ўспрыняла ўплывы Кітая і зрабіла ўздзеянне на мастацтва Японіі, склалася ў пач. н.э. Будызм прыўнёс у культуру К. іерагліфіку, шаўкаткацтва, скульптуру. У грабніцах 3—7 ст. захаваліся размалёўкі мінер. фарбамі па сухім грунце з адлюстраваннем гіст. падзей, быт. сюжэтаў, партрэтаў, фантастычных і міфалагічных выяў. Дэкар. мастацтва прадстаўлена глінянымі неглазураванымі пасудзінамі (часам у выглядзе коннікаў, дамоў і інш.), метал, вырабамі (бронз. люстэркі, залатыя кароны), дэкар. цэглай з ціснёнымі выявамі дэманічных масак, птушак, элементаў пейзажу. Скульптура 7—10 ст. вызначаецца адыходам ад схематычнай умоўнасці, адухоўленасцю вобразаў і мяккасцю форм, уплывамі канонаў будыйскай пластыкі Кітая і Індыі (бронз. пазалочаная статуя Буды Майтрэі, пач. 7 ст.; гранітная статуя Буды і гарэльеф бадгісатвы Каным з храма Сакурам, 8 ст.). Пашырылася традыцыя выканання ідалападобных выяў воінаў, саноўнікаў, жывёл і інш. каля пахаванняў уладароў (Кёнджу), якім уласціва манументальнасць груба абагульненых форм. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена апрацоўкай каменю, металу, шаўкаткацтвам, традыц. лакавымі вырабамі, пляценнем з валокнаў бамбуку, травы і інш. У 10—14 ст. пашырыліся манум. скульптура, форма якой зводзілася да кананічнай франтальнасці (статуя Буды Майтрэі, 10 ст., пав. Пансан прав. Чхунчхон-Намдо), жывапіс тушшу і вадзянымі фарбамі на скрутках (Лі Нэн, 12 ст.), сімвалізаваныя і абагульненыя размалёўкі храмаў і пахаванняў, вырабы з каменнай масы, аздобленыя інкрустацыяй з чорнай і белай гліны, пакрытыя блакітна-зялёнай глазурай. Росквіту дасягнула мастацтва фарфоравых вырабаў (посуд у выглядзе гарбуза, грушы, пладоў граната і інш.), якія аздаблялі размалёўкай, гравіроўкай, рэльефнымі накладкамі («санхен» — выявы кветак і птушак, «хвагым» — залатыя арнаменты, «самун» — гладкі недэкарыраваны і інш.), і глазураваная кераміка «селадон» вытанчаных адценняў, мяккіх тонаў шаравата-зялёна-блакітных колераў. Выраблялі таксама бронз. люстэркі і званочкі, мініяцюрныя мадэлі храмаў і пагад, залаты, сярэбраны посуд і інш. У 14—19 ст. у выяўл. мастацтве дамінаваў жывапіс, існавала ўстанова Тахвасо, якая выконвала функцыі акадэміі жывапісу. З 14 ст. вядома гравюра на дрэве. Сярод мастакоў 15—17 ст. пейзажысты Ан Гён, Кан Хіян, Кім Сік, Чон Сен, жанрыст Юн Дусо, майстар жанру «кветкі-птушкі» Лі Ам. У 18 ст. працавалі жанрысты, пейзажысты і партрэтысты Кім Хандо, Кім Дыксін, Сін Юнбок, анімалісты Сім Саджон, Пён Санбёк. У 19 ст. ў традыц. жанры «кветкі-птушкі» працавалі Чан Сыноп, Нам Геу, паявіўся алейны жывапіс. Удасканальвалася мастацтва фарфору і керамікі (з размалёўкай кобальтам). У перыяд яп. акупацыі працягвалі развівацца традыц. нац. віды дэкар. мастацтва: лакі, фарфор, кераміка, пляценне з трыснягу, бамбуку, вышыўка і інш. У 1925—35 існавала Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, гал. мэтай якой было адлюстраванне барацьбы кар. народа за незалежнасць.

Музыка К. блізкая да стараж. муз. традыцый Д. Усходу. Для яе характэрна апора на пентатоніку. З 15 ст. выкарыстоўваецца і кіт. сістэма 12-ступеннага роўнатэмпераванага гукараду люй-люй. У метрыцы пераважаюць 3-дольныя памеры (​3/4, ​12/8 і інш.). У 8—2 ст. да н.э. спевы і танцы ў суправаджэнні бронзавых барабанаў, званоў і гонгаў адыгрывалі вял. ролю ў рытуальных святкаваннях. Станаўленне традыц. форм адносіцца да 3—9 ст. У прыдворных цырыманіялах удзельнічалі мнагаскладавыя аркестры (больш за 100 інструментаў), выконваліся гімны, оды, танцы, наладжваліся тэатр. паказы. У 10—14 ст. сярод відаў прыдворнай музыкі — аак («вытанчаная музыка»), тэчвіт а (ваен. музыка ў час выездаў імператара), іалэк (музыка банкетаў). Муз. культура К. вылучалася сярод інш. краін Д. Усходу развітасцю танц. традыцый у суправаджэнні вак. і інстр. кампазіцый на цытрах каягым, камунга, лютні піпха (стваральнікі Ван Санак, Урык, Ок Паго; 6—8 ст.). У 6 ст. з’явіўся жанр хянга («песні роднага краю»). З пашырэннем будызму ў К. складваліся кар. традыцыі будыйскай рытуальнай музыкі. У 14 ст. засн. спец. муз. палата Акі тагам (пазней Чанагвон). У 15 ст. кананізаваны віды прыдворнай музыкі, адрадзіліся ўзоры аак, павялічыўся склад прыдворных аркестраў (да 400 чал.), уніфікаваны муз. інструменты (да 65 відаў). Сярод інструментаў: стр. шчыпковыя сыль, тэджэн (тыпу гусляў), канху (тыпу арфы); стр. смычковыя аджэн, хэгым (тыпу скрыпкі); духавыя тэгым (або чатэ), танджок, чы (папярочная флейта), со (мнагаствольная флейта), тансо (свірасцёлка), хянпхіры, сепхіры (тыпу габоя); ударныя барабаны чанга (2-баковы), чунга (1-баковы гарыз.), 6- і 8-гранныя чвага і ёнга. Удасканальваліся сістэмы натацыі, запазычаныя з Кітая (юлчапо і арыгінальныя юкпо і ёнумпё). У 1493 Сон Хёнам і інш. створана муз. энцыклапедыя «Акхак квебом» («Асновы навукі аб музыцы», т. 1—9). Школы ігры на інструментах узначальвалі Тэахян, Акіхян (каягым), Аян (камунга), Соль Вон (чанга), Кім Сон (піпха) і інш. Традыц. муз. творчасць вылучаецца разнастайнасцю лакальных стыляў, арганічным спалучэннем спеваў і інстр. ігры, танца і тэатр. пантамімы, акрабатыкі. Яе ўзоры прадстаўлены ў музыцы шаманскіх рытуалаў муак (рэчытацыі, спевы, танцы) у суправаджэнні інстр. кампазіцый сінаві, у «сял. музыцы» нанак (гонгі, барабан чанга, ражок напхаль, або род кларнета налары). У 17—18 ст. былі пашыраны шматлікія рэгіянальныя разнавіднасці сял. песень мінё. У 15—16 ст. з развіццём муз. жыцця гарадоў складваліся віды, жанры і стылі вак.-інстр. камернай музыкі чанак (шматчасткавыя інстр. сюіты ў выкананні невял. інстр. ансамбляў, вак. кампазіцыі кагок, кароткія песні сіджо). З 2-й пал. 19 ст. хатняе музіцыраванне ператварылася ў своеасаблівыя канцэрты, дзе выконвалася інстр. музыка ў стылі санджа — шматчасткавых сольных кампазіцый для камунга (школа Кім Юндака), каягыма (Кім Чукпха), пхіры і інш. у суправаджэнні чанга. Да 19 ст. сфарміраваліся шматлікія віды муз. т-ра (марыянетак, танц. і танц.-драм. спектаклі ў масках, тэатралізаваны паэт. сказ і інш.). Тэатралізаваны сказ пхансары (з 18 ст.) уключаў арыі і песні на аснове рытмічных (чхандан) і меладычных (чхо) мадэлей, размоўную гаворку і драм. дзеянне. У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася кар. нац. муз. драма чхангык (заснавальнік Сін Джэхён). З пашырэннем хрысціянства ў 17—18 ст. развіваюцца традыцыі культавых каталіцкіх спеваў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў муз. культуру К. пранікла зах.-еўрап. музыка, узніклі ваен. духавыя аркестры зах. тыпу, складваецца песенны жанр пансанхва. У 1927 засн. Саюз кар. музыкантаў (у складзе Кар. федэрацыі пралет. мастацтва).

Тэатр. Вытокі тэатра К. ў стараж. хар. песнях-танцах. У 14—15 ст. узніклі нар. т-р масак (камёнгык), т-р лялек (інхёнгык) і вял. камед. паказы (сандэгык), развіццю якіх садзейнічалі нар. акцёры квандэ. У познім сярэдневякоўі ўзнік размоўны т-р (хвагык). Станаўленне прафес. т-ра прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. і звязаны з імем Сін Джэхё. У прафес. т-ры «Вангакса» (1901), «Хёксіндан» (1911), «Кванмудэ» (1912) нац. традыцыі спалучаліся з еўрапейскімі. У 1921 кар. студэнты, якія вучыліся ў Японіі, стварылі трупу «Саюз драматычнага мастацтва». У 1925 створана Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, куды ўвайшлі і тэатр. дзеячы. На пач. 1930-х г. узніклі аматарскія і прафес. тэатр. калектывы: «Мачхі», «Тэатр будучыні» ў Пхеньяне, «Вулічны тэатр» у Тэгу, «Масавы тэатр» у Кэсоне, т-ры «Чханбок», «Новае будаўніцтва», «Мегафон», «Новае мастацтва», якія ставілі кар. класіку і творы сучасных кар. драматургаў Сон Ёна, Нам Гунмана, рус. класіку. Дзейнічала Т-ва драм. мастацтва ў Масане. З сярэдзіны 1930-х г. кар. т-ры закрываліся, акцёрам дазвалялася выступаць у яп. рэпертуары і пад яп. прозвішчамі; спектаклі ставіліся на яп. мове.

Кіно. Першы фільм «Клятва пры месяцы» зняты ў 1921 рэж. Юн Бэнамам. У 1923—24 у Пусане пад кіраўніцтвам Юн Бэнама працавала т-ва «Пусан Часон кінема», дзе ён паставіў фільм «Першаадкрывальнікі» (1924). Кінагрупа кінасекцыі Кар. федэрацыі пралет. мастацтва (створана ў 1925) выпусціла некалькі рэаліст. стужак пра жыццё К. пад яп. прыгнётам, у т. л. «Бадзяга» (1927), «Змрочная вуліца», «Цёмны шлях» (абедзве 1928). Выходзілі фільмы і інш. рэжысёраў: «Бык без рагоў» рэж. Кім Тхэджына (1927), «Арыран» (1926), «У пошуках кахання» (1928), «Паром без кахання» (1932) рэж., сцэнарыста і акцёра На Унгю. З сярэдзіны 1930-х г. у К. стала пашырацца яп. кінапрадукцыя, пачалі дэманстравацца ням., італьян. фільмы.

Літ.:

История Кореи. Т. 1—2. М., 1974;

Еременко Л., Иванова В. Корейская литература: Краткий очерк. М., 1964;

Тэн А.Н. Традиции реализма в корейской классической литературе. Алма-Ата, 1980;

Корейское классическое искусство: Сб. ст. М., 1972;

Глухарева О.Н. Искусство Кореи с древнейших времен до конца XIX в. М., 1982.

С.​В.​Логіш (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (выяўленчае мастацтва), Г.​У.​Шур (кіно).

Да арт. Карэя. Святыня ў адным з храмаў комплексу Пульгукса.
Да арт. Карэя. Храм Пульгукса каля г. Кёнджу. 8 ст.
Да арт. Карэя. Павільён Тэун з будыйскага храма Кваным. 980.
Да арт. Карэя. Чырвоная птушка (чуджак) — ахоўнік Поўдня. Размалёўка Вялікай грабніцы. Фрагмент. 565.
Да арт. Карэя. Ваза «Тысяча журавоў». Канец 12 ст.
Да арт. Карэя. Буда Амітабха. Каля 700.
Да арт. Карэя. Невядомы мастак. Партрэт Лі Даксу. 18 ст.
Да арт. Карэя. Сін Юнбок. Жаночы час візіту. Канец 18 — пач. 19 ст.
Да арт. Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.
Да арт. Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.

т. 8, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)