ПІЙ IX [свецкае Мастаі-Ферэці (Mastai-Ferretti) Джавані Марыя; 13.5.1792, г. Сенігалія, Італія — 7.2.1878],

папа рымскі з 1846. У 1846—47 правёў ліберальныя рэформы ў Папскай вобл., абвясціў амністыю для больш чым 10 тыс. палітзняволеных. У пач. Рэвалюцыі 1848—49 сфарміраваў урад (сак. 1848) з удзелам памяркоўных лібералаў, згадзіўся на абвяшчэнне канстытуцыі, адпраўку войск на аўстра-італьянскую вайну 1848—49. Але ў крас. 1848 асудзіў нац. вайну супраць Аўстрыі, заклікаў да інтэрвенцыі супраць аб’яўленай у Рыме рэспублікі, пакінуў Рым. Вярнуўся ў 1850 пасля падзення рэспублікі, праводзіў рэакц. палітыку. Аўтар «Сілабуса» (пералік грамадска-паліт. і рэліг. рухаў, якія падрываюць аўтарытэт папства). Пры ім скліканы ўсяленскі (I Ватыканскі) сабор (1869—70; гл. Ватыканскія саборы). Пасля ліквідацыі папскай улады над Рымам (1870) адмовіўся прызнаць аб’яднаную італьян. дзяржаву. Кананізаваны Іаанам Паўлам II (2000).

т. 12, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЕ́ЦКІЯ,

дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род у Рэчы Паспалітай герба «Яніна» (некат. прадстаўнікі роду карысталіся гербам «Забава»). Найб. вядомыя:

Якуб (? — крас. 1587), падкаморы і канюшы каронны ў 1564—74. Канюшы дворны ВКЛ у 1565—87 (з перапынкам), староста геранёнскі, трабскі, ліпнішскі, дзевянішскі. Геранім (?—1630), сын Якуба пісар польны ВКЛ з 1611. Пасол на сеймы 1607 і 1628. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, у перагаворах пры заключэнні перамір’я 1618, у вайне з туркамі 1621. Пётр, сын Якуба, староста больніцкі, падваявода віленскі ў 1621. Андрэй, сын Якуба, стольнік брэсцкі ў 1632. Павел, сын Якуба, падсудак навагрудскі, падваявода ў 1633. Геранім (? — каля 1690), сын Паўла, падсудак слонімскі з 1650, падкаморы з 1661, маршалак з 1672. Шматразовы пасол на сеймы. У 1670—78 віцэ-адміністратар Гродзенскай эканоміі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 13, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́НЕР (Renner) Карл (14.12.1870, Дольні-Дунаёвіцы, Чэхія — 31.12.1950),

аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. З 1907 дэп. рэйхсрата Аўстра-Венгрыі. У кастр. 1918 — чэрв. 1920 дзярж. канцлер і адначасова ў ліп. 1919 — кастр. 1920 дзярж. сакратар замежных спраў Аўстр. Рэспублікі. Падпісаў Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919. У 1920—34 чл. Нац. савета, у 1931—33 яго першы прэзідэнт. У 1938 выступаў за аншлюс. З крас. 1945 дзярж. канцлер часовага ўрада Аўстрыі, са снеж. 1945 федэральны прэзідэнт адноўленай Аўстр. Рэспублікі. Адзін з ідэолагаў аўстрамарксізму, аўтар прац «Абнаўленне Аўстрыі» (т. 1—3, 1916), «Марксізм, вайна і Інтэрнацыянал» (1917), «Дзяржаўная гаспадарка, сусветная эканоміка і сацыялізм» (1929), «На рубяжы двух часоў» (1946, аўтабіяграфія), «Чалавек і грамадства» (апубл. ў 1952).

Літ.:

Кретинин С.В. Карл Реннер: жизнь и деятельность (1870—1950) // Новая и новейшая история. 1999. №5.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАШЧО́Ў Якаў Аляксандравіч (24.12.1885, С.-Пецярбург — 11.1.1929),

расійскі ваенны дзеяч. Ген.-лейт. (1920). Скончыў Акадэмію Генштаба (1911). Удзельнік 1-й сусв. вайны 1914—18. У грамадз. вайну 1918—20 у добраахвотніцкай арміі А.​І.​Дзянікіна камандаваў брыгадай, Чэчэнскай коннай дывізіяй, дзейнічаў супраць войск Н.​І.​Махно. Са снеж. 1919 камандзір 2-га армейскага корпуса, кіраваў абаронай Крыма (студз.—крас. 1920). У жн. 1920 з-за рознагалоссяў з П.​М.​Урангелем зняты з пасады камандзіра корпуса. Пасля эвакуацыі ў Турцыю белагвардзейскіх войск выступіў у друку супраць Урангеля, паводле загаду якога асуджаны і разжалаваны ў радавыя. Увосень 1921 з дазволу сав. ўрада з групай афіцэраў вярнуўся ў Сав. Расію, амнісціраваны. Служыў у Чырв. Арміі. Правобраз генерала Хлудава ў п’есе М.​Булгакава «Бег».

Тв.:

Белый Крым, 1920: Мемуары и док. М., 1990.

т. 14, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУШЫ́НСКІ Язэп Францавіч (1885, в. Юраны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 1967),

бел. культ.-грамадскі дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. За ўдзел у студэнцкіх выступленнях 1905 арыштаваны і зняволены ў турму «Крыжы». З 1907 чл. Бел. сацыяліст. грамады. Адзін з заснавальнікаў створанай у маі 1917 Беларускай народнай партыі сацыялістаў, старшыня яе Арганізац. бюро. Удзельнік Усебел. з’езда (снеж. 1917, Мінск). У 1921—30 працаваў у Наркамаце асветы БССР, Інбелкульце, Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. У ліп. 1930 арыштаваны органамі АДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і ў крас. 1931 сасланы на 5 гадоў у г. Уфа. У ліп. 1935 Асобай нарадай НКУС асуджаны на дадатковы тэрмін. Пасля рэабілітацыі ў ліст. 1957 вярнуўся ў Мінск.

Аўтар успамінаў пра Я.​Купалу, з якім быў знаёмы з 1910.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЯЛЯ́НСКАЯ ДО́ЛЯ»,

газета арг-цыі «Беларускае працоўнае сялянства». Выдавалася ў чэрв. 1921 — крас. 1922 у г. Каўнас (Літва) на бел. мове, выходзіла нерэгулярна. Рэдакцыя стаяла на пазіцыях непадзельнасці і незалежнасці Беларусі, прапаведавала ідэю сац. і нац. самаўсведамлення сялянства, гуртавання яго сіл на вызв. барацьбу супраць польскай акупацыі. Асобныя публікацыі скіраваны на барацьбу за незалежнасць Беларусі. Аддавала ўвагу выбарам у Віленскі сойм, пытанню далучэння Віленшчыны да Польшчы. Змясціла рэзалюцыі 1-й Усебел. канферэнцыі (вер. 1921, Прага), дэкларацыю ўрада БНР у сувязі з 4-й гадавінай абвяшчэння суверэнітэту Беларусі, матэрыялы пра каап. рух і школьнае пытанне. Друкавала творы П.​Мядзёлкі, А.​Смаленца, І.​Дварчаніна (пад псеўд. І.​Гудок), В.​Мурашкі (В.​Маслоўскай), В.​Ластоўскага (пад псеўд. Юрый В.), Т.​Грыба (пад псеўд. А.​Небарака), М.​Бяздольнага. Выйшла 7 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭ́ПАВЫ,

дзяржаўныя дзеячы Расіі канца 19 — пач. 20 ст. Фёдар Фёдаравіч Т. (1812—1889), у 1866—78 обер-паліцмайстар, граданачальнік Пецярбурга, ген. ад кавалерыі (1878). За жорсткае абыходжанне з паліт. зняволенымі В.І.Засуліч учыніла на яго замах і параніла (апраўдана судом прысяжных). Яго сыны: Дзмітрый Фёдаравіч (14.12.1855. Пецярбург — 15.9.1906), маскоўскі обер-паліцмайстар (1896—1905), ген.-маёр (1900), са студз. 1905 пецярбургскі ген.-губернатар, з крас. таварыш міністра ўнутр. спраў, кіраўнік паліцыі і камандзір корпуса жандараў, з кастр. дварцовы камендант; адзін з арганізатараў ўзбр. падаўлення рэвалюцыі 1905—07. У час Кастр. Усерас. паліт. стачкі 1905 ён загадаў войскам: «... халастых залпаў не даваць, патронаў не шкадаваць»; Аляксандр Фёдаравіч (30.9.1862, Кіеў — 1928), сенатар (1906), кіраўнік Мін-ва шляхоў зносін (1915—16), старшыня Савета міністраў (ліст.—снеж. 1916). З 1918 у эміграцыі.

т. 16, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУПА́К АМА́РУ II [сапр. Кандарканкі (Condorcanqui) Хасэ Габрыэль; 1738 або 1740—18.5.1781],

кіраўнік найбуйнейшага антыісп. паўстання індзейцаў у Перу. Паходзіў з індзейскай арыстакратыі, звязанай сваяцтвам з дынастыяй правіцеляў імперыі Таўантынсую. У ліст. 1780 абвясціў аднаўленне інкскай дзяржавы, а сябе — яе вярх. правіцелем пад імем Т.А. II у гонар апошняга інкскага правіцеля Тупака Амару. Паўстанне ахапіла ўсю паўд. ч. віцэ-каралеўства Перу і амаль усё Ніжняе Перу (цяпер Балівія), дзе паўстанцамі кіравалі браты Катары. Пасля няўдалай спробы авалодаць г. Куска Т.А. II разгарнуў супраць іспанцаў партыз. вайну. У крас. 1781 узяты ў палон іспанцамі і пакараны смерцю разам са сваякамі і паплечнікамі; паўстанне канчаткова задушана да 1783. Ушаноўваецца ў Перу як нац. герой.

Літ.:

Созина С.А. Тупак. Амару — великий индейский повстанец, 1738—1781. М., 1979.

т. 16, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ШНІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да крас. 1942 у Чашніцкім р-не. Кіруючы орган («цэнтр»): С.​Е.​Папкоў (кіраўнік), У.​Т.​Гаваркоўскі, Д.​А.​Кіркіж, М.​П.​Корбан, Р.​Е.​Корбан, П.​Д.​Лазарэвіч, М.​С.​Марціновіч. Займалася разгортваннем партыз. руху на тэр. Чашніцкага р-на. Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро. У жн. 1941 створаны і ўзброены 2 баявыя групы — В.​А.​Захарчанкі і А.​Л.​Сухушына; 1-я з іх вырасла ў партыз. атрад Захарчанкі, які ўваходзіў у Сенненскую брыгаду, 2-я ўлілася ў атрад «Сібірак» (пазней у складзе брыгады «За Савецкую Беларусь»). У барацьбе з акупантамі загінулі 11 падпольшчыкаў. У гонар падпольшчыкаў і партызан у в. Грынькі ў 1975 устаноўлена мемар. дошка.

А.​Ф.​Маркава.

т. 17, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШРО́ДЭР (Schröder) Герхард Фрыц Курт (н. 7.4.1944, Мосенберг, цяпер у межах г. Бломберг, Германія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Германіі. Юрыст. Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (1966—71). З 1963 чл. С.-д. партыі Германіі (СДПГ). У 1978—80 старшыня арг-цыі «Маладыя сацыялісты» ў складзе СДПГ. У 1980—86 і з 1998 дэп. бундэстага. З 1986 дэп. ландтага зямлі Ніжняя Саксонія, у 1986—90 старшыня фракцыі СДПГ у ім, з ліп. 1994 старшыня арг-цыі СДПГ у гэтай зямлі. 3 чэрв. 1990 прэм’ер-міністр Ніжняй Саксоніі. 3 кастр. 1998 федэральны канцлер ФРГ (ад СДПГ). Праводзіць прагматычны паліт. курс, скіраваны на мадэрнізацыю герм. дзяржавы. 3 крас. 1999 адначасова і старшыня СДПГ. Аўтар прац па паліталогіі.

Літ.:

Орлов Б.С. Политический портрет Герхарда Шредера. М., 1999.

У.​Я.​Калаткоў.

Г.Ф.Шродэр.

т. 17, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)