адносна аднародны ўчастак геагр. абалонкі, які адрозніваецца заканамерным спалучэннем яе кампанентаў, а таксама комплексаў ніжэйшага таксанамічнага рангу (урочышчаў, фацый); адзін з відаў геасістэм. Вывучае Л.г. ландшафтазнаўства. Паняцце Л.г. трактуюць: як прыродны тэр. комплекс, незалежна ад яго складанасці і памераў (мясцовасць, фіз.-геагр. раён, прыродная зона); як участак зямной паверхні, індывідуальны і непаўторны ў прасторы і часе (напр., Асінаўскае балота, Асвейская града); як тыпалагічная катэгорыя, комплекс асобных участкаў пэўнай структуры і паходжання (рачныя даліны, лёсава-яравыя плато). Л.г. даследуюць у 3 кірунках: узаемадзеянне сукупнасці кампанентаў прыродных комплексаў па вертыкальных сувязях (горныя пароды, рэльеф, глебы, падземныя і паверхневыя воды, расліннасць, жывёльны свет, клімат); марфалагічная структура (урочышчаў, фацый і інш.дробных узаемазвязаных комплексаў унутры Л.г.) і гарызантальная будова (сістэмы іерархічна супадпарадкаваных ландшафтных комплексаў, якія дазваляюць праводзіць класіфікацыю Л.г. і ландшафтнае раянаванне; паслядоўная змена стану Л.г. ў часе. У наш час большасць прыродных Л.г. трансфармаваны ў антрапагенны ландшафт. Паводле функцыянальнага выкарыстання адрозніваюць Л.г.: с.-г., лесагасп., прамысловыя, гарадскія, рэкрэацыйныя, запаведныя і інш. Л.г. Беларусі адносяцца да аднаго тыпу — усх.-еўрапейскі (мяшана-лясны), унутры якога вылучаюць падтыпы: барэальны падтаежны (мяшана-лясны) і суббарэальны палескі (шыракаліста-лясны). Л. — найбольш агульны цэласны аб’ект аховы прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАСФЕ́РА (ад літа... + сфера),
знешняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнія ўчасткі мантыі да паверхні астэнасферы. Тэрмін «Л» прапанаваў амер. геолаг Дж.Барэл у 1916. Магутнасць Л. ад 5—100 км пад акіянамі (мінім. пад сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі) да 25—200 км пад кантынентамі (макс. пад шчытамі стараж. платформаў). Падзяляецца на верхні пругкі (магутнасць некалькі дзесяткаў кіламетраў) і ніжні пластычны слаі. На розных узроўнях у тэктанічна актыўных абласцях назіраецца расслоенасць Л. па гарызонтах паніжанай вязкасці (паніжанай скорасці сейсмічных хваль). Найб. буйныя структурныя адзінкі Л. — літасферныя пліты (памерамі ў папярочніку 1—10 тыс.км). У сучасную эпоху Л. падзелена на 7 галоўных (2 амерыканскія, еўраазіяцкую, афр., аўстрал., антарктычную і ціхаакіянскую) і некалькі больш дробных пліт. Граніцы пліт з’яўляюцца зонамі макс. тэктанічнай, сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці. Паводле тэорыі тэктонікі пліт (гл.Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы) літасферныя пліты рухаюцца па астэнасферы са скорасцю да дзесяткаў сантыметраў за год. Вертыкальныя рухі (са скорасцю ад 1 см да некалькіх дзесяткаў сантыметраў за год) адбываюцца па сістэме субвертыкальных глыбінных разломаў, якія разбіваюць літасферныя пліты на блокі памерамі ад дзесяткаў да соцень кіламетраў. Блокі знаходзяцца ў стане, блізкім да ізастатычнай раўнавагі (гл.Ізастазія). Структуру і рухі літасферных пліт і блокаў вывучаюць геадынаміка, геафізіка, тэктоніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЯ ГРАДА́,
краявое ледавіковае ўтварэнне ў межах Мазырскага Палесся на правабярэжжы ніжняга цячэння р. Прыпяць, у Мазырскім р-не Гомельскай вобл. Працягваецца з ПнЗ (раён вусця р. Пціч) на ПдУ да в. Барбароў прыблізна на 50 км. Шыр. 3—14 км. Выш. 160—200 м, найб. 221 м. Канчаткова ўтворана дняпроўскім ледавіком у час мазырскага стадыялу. Складзена з марэны (супескі, суглінкі, гліны, пяскі, жвірова-галечны матэрыял), якая перакрыта водна-ледавіковымі пяскамі з рэдкай галькай і жвірам (магутнасць 10 м), на паўн. і паўн.-ўсх. схілах — лёсападобнымі супескамі (магутнасць 11 м). Трапляюцца гляцыядыслакацыі з палеагенавых і неагенавых парод. М.г. мае выгляд слабавыгнутых у паўд.-зах. напрамку палос дробных град і ўзгоркаў. Перавышэнне над урэзам вады Прыпяці 94 м.Паўн. і ўсх. схілы звернуты да Прыпяці, стромкія, абрывістыя, адносныя выш. над урэзам вады 50—70 м.Паўд. схілы пакатыя, паступова зліваюцца з водна-ледавіковай раўнінай. Града моцна расчлянёная (гушчыня 1000—1800 м/км²). Глыбіня яроў да 40—60 м (каля г. Мазыр, ландшафтны заказнік Мазырскія Яры). На схілах тэрмакарставыя і суфазійныя западзіны. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя. Пад лесам 36% тэр., пераважна на ПдУ. Лясы хваёвыя, дубровы. Пад ворывам 22% тэр. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове глеб ад воднай эрозіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЧАНЬ,
буйная залоза ў чалавека, пазваночных і некаторых беспазваночных жывёл, якая ўдзельнічае ў працэсах стрававання, абмену рэчываў, кровазвароту, выконвае бар’ерную функцыю. Забяспечвае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма. У П. ажыццяўляецца сінтэз і расшчапленне бялкоў, ліпідаў, вугляводаў (рэгулюе ўзровень цукру ў крыві), вітамінаў (утварае і назапашвае вітамін А).
Маса П. млекакормячых складае да 2—4% масы цела (адносная маса большая ў дробных жывёл з інтэнсіўным абменам рэчываў, у дзікіх і драпежнікаў). У чалавека маса П. каля 1,5 кг. П. большасці беспазваночных — вырасты пярэдняга аддзела сярэдняй кішкі або страўніка. У чалавека і пазваночных жывёл размешчана пераважна ў правай верхняй (пярэдняй) ч. брушной поласці, прылягае да дыяфрагмы, укрыта злучальна-тканкавай капсулай, якая ўрастае ў яе парэнхіму і падзяляе на некалькі долей (лопасцей). Строма П. ўтворана рэтыкулярнай тканкай, якая падзяляе асн. тканку на долькі (дыям. 0,5—2 мм, складаюцца з клетак аднаго тыпу — гепатацытаў, што сінтэзуюць жоўць). За 1 мін праз П. працякае 1,5 л крыві. У функцыі П. праяўляецца сутачны рытм, інтэнсіўнасць утварэння глікагену адрозніваецца раніцай і ўвечары. Здольная да рэгенерацыі (у пацукоў і сабак пры выдаленні да 70% масы органа аднаўляецца праз 14—60 дзён). Пра паталогію П. гл.Гепатыт інфекцыйны, Цыроз печані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ХТА (Abies),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў гарах, радзей на раўнінах Паўн. паўшар’я, некат. віды — у трапічным поясе (горы Мексікі і Гватэмалы). Расце разам з елкай і інш. дрэвамі ці ўтварае чыстыя дрэвастоі (піхтарнікі), адна з асн. парод цемнахвойнай тайгі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрапейскі рэліктавы від — П. белая або еўрапейская (A. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Ізалявана трапляецца ў Белавежскай пушчы.
Аднадомныя вечназялёныя дрэвы выш. 50—100 м, дыяметр ствала да 2 м з густой конусападобнай кронай. Жывуць да 200, некат. да 500—700 гадоў. Кара ўсіх відаў мае смалу. Ігліца шматгадовая, плоская, лінейная, мяккая, з 2 белаватымі палоскамі вусцейкаў на ніжнім баку. Жаночыя шышкі (зялёныя або чырванаватыя) і мужчынскія каласкі размешчаны на канцы леташніх парасткаў у верхняй ч. кроны. Спелыя шышкі цыліндрычныя, прамастойныя, фіялетавыя або карычневыя. Выспяваюць у 1-ы год і рассыпаюцца. Семя з крыльцам. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы і дробных вырабаў. З кары паўночнаамерыканскай П. бальзамічнай (A. balsamea) атрымліваюць канадскі бальзам, з найб. пашыранай П. сібірскай (A. sibirica) — піхтавы бальзам, з ігліцы і маладых галінак — піхтавы алей. Лек., тэхн., дэкар. расліны.
А.Дз.Антанюк.
Піхта сібірская: 1 — агульны выгляд; 2 — галінка з жаночай шышкай; 3 — галінка з мужчынскімі каласкамі; 4 — спелая шышка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
па́нцыр, ‑а, м.
1. Адзенне ў выглядзе кашулі, зробленае з пераплеценых дробных металічных кольцаў, якім карысталіся даўней для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. Часам сталь скрабне паліцу, Часам іскрай пырсне крэмень... І хаваюцца пад дзёрнам Пікі, панцыры і шлемы, Труны царскіх слуг, ваякаў...Танк.//перан. Аб чым‑н. цвёрдым, што пакрывае што‑н. Гіпсавы панцыр. □ Цвёрды, як сталь, панцыр аўтастрады, што не паддаваўся і лому, прабіў звычайны баравічок — беленькі, далікатны!Карпюк.
2. Цвёрдае покрыва тулава ў некаторых жывёл (кракадзілаў, чарапах, ранаў). Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр.Маўр.
3. Металічная абшыўка ваенных караблёў, паяздоў; браня. Панцыр крэйсера.
4. Вадалазны скафандр для работы на вялікіх глыбінях.
[Ням. Panzer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
геліятро́п
(ад гелія- + -тропы)
1) дэкаратыўная расліна сям. агурочнікавых з ліловымі або белымі пахучымі кветкамі;
2) мінерал зялёнага колеру з чырвонымі крапінкамі, разнавіднасць халцэдону, служыць матэрыялам для дробных мастацкіх вырабаў;
3) парашок для фарбавання тканін у фіялетавы колер;
4) геадэзічны інструмент для дакладнага вымярэння гарызантальных вуглоў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БА́НКАЎСКІ КАПІТА́Л,
сканцэнтраваныя ў банкаўскай сістэме рэсурсы, прызначаныя для выканання крэдытна-разліковых і інш. аперацый і атрымання прыбытку. Складаецца з уласнага капіталу банка (статутны, падпісны, аплачаны і рэзервовы) і чужога (найперш з укладаў). Паводле рэчавага складу ён падзяляецца на наяўныя грошы, каштоўныя паперы ў выглядзе гандл. вэксаляў і публічныя каштоўныя паперы (дзярж. аблігацыі, казначэйскія вэксалі, акцыі, іпатэкі). Наяўныя грашовыя сродкі банкі ўкладваюць у банкаўскія будынкі і іх абсталяванне, у зямельныя ўчасткі і г.д., выкарыстоўваюць на выдачу доўгатэрміновых крэдытаў, куплю каштоўных папераў, нерухомасці. Але большая частка банкаўскага капіталу — фіктыўны капітал у форме публічных каштоўных папераў, якія не маюць вартасці і толькі сведчаць аб праве іх уладальніка на атрыманне часткі нац. даходу. Іх можна прадаць на фін. рынку па больш высокай цане (курсе) і атрымаць наяўных грошай больш, чым кошт гэтых папераў. Таму маса банкаўскага капіталу павялічваецца найперш па законах фін. рынку (а не таварнага), што вядзе да адрыву руху банкаўскага капіталу ад руху прамысл. капіталу і да банкруцтва слабых банкаў.
Велічыня банкаўскага капіталу ў сучасны перыяд вымяраецца з дапамогай грашовых агрэгатаў — спецыфічных груповак ліквідных актываў. У мінулым стабільнасць банкаў вызначалася сумай наяўных грошай і чэкавых укладаў, а з пач. 1980-х г. — яшчэ і сумай укладаў на бясчэкавых рахунках і дробных тэрміновых укладаў. Вышэйшая форма канцэнтрацыі і цэнтралізацыі банкаўскага капіталу — транснац. банкаўскі капітал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯЛО́ГІЯ (ад ангія... + ...логія),
раздзел анатоміі і клінічнай медыцыны, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды і іх хваробы. Ангіялогія даследуе сістэму крова- і лімфазабеспячэння органаў, размяшчэнне сасудаў у прасторы (ангіяархітэктоніка), форму і тыпы анастамозаў, інервацыю сасудзістай сістэмы.
Развіццю ангіялогіі як навукі спрыялі адкрыцці 17 ст. ў галіне анат. даследаванняў крывяноснай (англ. ўрач У.Гарвей, італьян. М.Мальпігі) і лімфатычнай (італьян. анатам Г.Азелі) сістэм. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі праведзены першыя аперацыі на сасудах — лігіраванне буйных артэрый (Ф.В.Абрамовіч, А.Я.Мітрашэнка, М.Ю.Рудэльсон), У 1950-я г. ўкаранёна ў практыку сасудзістае шво (С.Г.Сідранок), метады лячэння вострай закупоркі артэрый і вен (Ц.Е.Гніларыбаў). У 1960-я г. створана ангіяхірург. служба рэспублікі (І.М.Грышын, А.А.Марціновіч).
Даследаванні па ангіялогіі вядуцца ў Рэспубліканскім і абл. цэнтрах сасудзістай хірургіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ кардыялогіі, мед. ін-тах. Асвоены сучасныя метады лячэння буйных сасудаў (Грышын, М.Дз.Князеў), іх пластыка і пратэзаванне, аўтавенозная пластыка (А.У.Шот, І.А.Давыдоўскі), хірург. пластыка нырачных артэрый пры сімптаматычнай гіпертаніі (А.М.Саўчанка, У.П.Крылоў), на сонных артэрыях (Давыдоўскі, В.А.Янушка). Распрацаваны метады лячэння пры раненнях крывяносных сасудаў (А.У.Руцкі), пры хранічнай вянознай недастатковасці (П.М.Дземяшкевіч, Марціновіч), на дробных сасудах (У.М.Падгайскі). Гл. таксама ў арт.Нейрахірургія, Кардыялогія, Мікрахірургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУХМА́ЛА-ПА́ТАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая вырабляе крухмалапрадукты — крухмал, патаку, глюкозу і інш. Яе прадукцыя шырока выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, а таксама ў тэкст., хім., фармацэўтычнай, папяровай і інш. галінах прам-сці, у ліцейнай вытв-сці. Асн. сыравіна: бульба, кукуруза, пшаніца, рыс, сорга і інш.Гал. прадукт — крухмал, з’яўляецца важнай часткай прадуктаў харчавання. Найб. развіта ў Германіі, ЗША, Польшчы, Канадзе, Расіі. На Беларусі К.-п.п. спецыялізуецца на вытв-сці сухога крухмалу і патакі, часткова вырабляе жэліруючы крухмал. Яе развіццё пачалося ў 1840-я г. на дробных прадпрыемствах. Зараз дзейнічае больш за 50 прадпрыемстваў (у сістэме Мінсельгасхарча 16 спецыялізаваных з-даў, 2 цэхі па вытв-сці бульбянога крухмалу і 2 прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай патакі). Найбольшыя з іх: крухмала-патачны з-д у в. Чырвоны Бераг (Жлобінскі р-н), крухмальныя з-ды ў г. Талачын, в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), в. Сноў (Нясвіжскі р-н). У 1997 атрымана 9,3 тыс.т сухога крухмалу і 3,8 тыс.т патакі, хоць існуючыя магутнасці дазваляюць атрымліваць у год 25 тыс.т сухога крухмалу і 22,5 тыс. крухмальнай патакі. Пры базіснай крухмалістасці бульбы (15%) яе расход на вытв-сць 1 т сухога крухмалу складае 6,4—6,6 т. У залежнасці ад якасці бульбы і тэхналогіі перапрацоўкі доля выдалення крухмалу вагаецца ад 75 да 85%.