МІЦКЕ́ВІЧ Юльян Аляксандр
(ахрышчаны 23.8.1801, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 16.11.1871),
гісторык права. Брат А.Міцкевіча. Скончыў дамініканскую школу ў Навагрудку, Віленскі ун-т (1825 ці 1826). Чл. т-ва філарэтаў, з 1822 у т-ве філадэльфістаў. Арыштаваны па справе філарэтаў, у 1823—24 зняволены. З 1828 выкладаў права ў Крамянецкім ліцэі, з 1835 прафесар Кіеўскага, з 1840 — Харкаўскага ун-таў. У 1859 вярнуўся ў Беларусь, тут напісаў «Энцыклапедыю права» і «Курс рымскага права» (захаваліся ў рукапісах). У 1863 дапамагаў паўстанцкаму атраду Р.Траўгута.
т. 10, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВІ́ША,
рака ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Котра (бас. р. Нёман). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 328 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПнУ ад в. Мякішы, цячэ ў межах Лідскай раўніны, упадае ў р. Котра на У ад хут. Зубраўка. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 500—600 м, у ніжнім цячэнні перасечаная старыцамі. Пойма двухбаковая, у ніжнім цячэнні пад хмызняком. Рэчышча на працягу 27 км ад вытоку каналізаванае. Каля в. Кронькі сажалка.
т. 11, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’Я́ВАРКА, Пад’яворка,
рака ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 226 км². Пачынаецца на зах. ускраіне Навагрудскага ўзвышша на У ад в. Явар, упадае ў Шчару вышэй р. Чарняўка на ПнЗ ад в. Вялікая Воля. Даліна трапецападобная, шыр. 500—800 м, месцамі 1,5 км. Пойма забалочаная, чаргуецца па берагах і двухбаковая, шыр. 50—150 м. Рэчышча на працягу 4,5 м вышэй в. Мельнікі каналізаванае. Каля в. Мядзвінавічы сажалка (пл. 0,09 км²).
т. 11, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯ́К (Мікалай Іванавіч) (н. 10.1.1945, г.п. Іўе Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н. (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974), дзе і працаваў у 1979—91. З 1993 у Мед. цэнтры Мінскага трактарнага з-да (заг. аддзялення). Навук. працы па этыялогіі, патагенезе, лячэнні і прафілактыцы катаракты, глаўкомы, блізарукасці, дыстрафіі сятчаткі і захворванняў зрокавага нерва.
Тв.:
Поляризационные методы исследований в биологии и медицине. Мн., 1988 (у сааўт.);
Возрастная катаракта. Мн., 1997 (разам з Я.В.Баркоўскім).
т. 11, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ (Анатоль Паўлавіч) (н. 14.12.1954, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне робататэхнікі. Д-р тэхн. н. (1996), праф. (1998). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1977). З 1977 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па метадах і алгарытмах шматкрытэрыяльнага сінтэзу маніпуляцыйных і кіроўных сістэм прамысл. робатаў. Распрацаваў спец. прылады для сістэм лічбавага праграмнага кіравання робатаў.
Тв.:
Применение управляющих вычислительных машин. Мн., 1988 (у сааўт.);
Автоматизированное проектирование промышленных роботов и робототехнологических комплексов для сборочно-сварочных производств. Мн., 1996.
т. 12, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВЫЯ МАСТЫ́,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, на скрыжаванні аўтадарог на Шчучын, Ваўкавыск, Масты. Цэнтр Мастоўскага с/с і саўгаса. За 6 км на У ад горада і чыг. ст. Масты, 66 км ад г. Гродна. 1195 ж., 414 двароў (2000). Мастоўскае райсельэнерга, пчалярскае прадпрыемства. Сярэдняя школа, спецшкола-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэчны пункт, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл св. Іаана Хрысціцеля. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 12, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). За 500 м на У ад чыг. ст. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. У агаленні, прымеркаваным да сценкі закінутага кар’ера, выступаюць у парушаным заляганні мелавыя пароды верхнемелавога ўзросту з рэшткамі марской фауны і жаўлакамі крэменю. Слаі пад вуглом да 70° нахілены на Пн. Бачная магутнасць выхаду каля 4—5 м. Парушанае заляганне мелу абумоўлена ўздзеяннем сожскага ледавіка. Р.г.а. дазваляе рэканструяваць асаблівасці будовы і фарміравання парушэнняў, выкліканых ледавіком.
Э.А.Ляўкоў.
т. 13, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 2—3.2.1919 у Мінску. Скліканы Часовым рабоча-сялянскім савецкім урадам Беларусі. Прысутнічалі 230 дэлегатаў з рашаючым і 44 з дарадчым голасам: ад Гродзенскай (11 дэлегатаў), Мінскай (121), Магілёўскай (10) губ., Вілейскага пав. Віленскай губ. (125), а таксама 7 дэлегатаў ад бежанцаў. Разгледжаны пытанні аб адносінах да сав. рэспублік, аб бягучым моманце, аб межах Сав. Беларусі, аб Канстытуцыі БССР, заслухана справаздача Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада Беларусі, праведзены выбары ЦВК БССР. У рабоце з’езда ўдзельнічаў старшыня ВЦВК Я.М.Свярдлоў, які абвясціў пастанову Прэзідыума ВЦВК «Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі». З’езд прыняў «Дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж БССР і РСФСР», вызначыў тэр. БССР у складзе Мінскай і Гродзенскай губ.; Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. адышлі да РСФСР. Адначасова было прызнана неабходным аб’яднаць БССР з Літ. ССР. З’езд прыняў 1-ю Канстытуцыю БССР (гл. Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919), у адпаведнасці з якой найвыш. ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі ўладу ажыццяўляў Цэнтр. выканаўчы к-т (ЦВК), адказны перад Усебел. з’ездам Саветаў. З’езд зацвердзіў герб і флаг БССР. У склад абранага з’ездам ЦВК БССР увайшло 50 чал. (45 камуністаў, 2 бундаўцы, 2 члены Паалей-Цыёна і 1 меншавік).
В.Г.Мазец.
т. 12, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды ў Беларусі. На паўд.-ўсх. ускраіне в. Васілішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружовага буйназярністага граніту (рапаківі) даўж. 4,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 25 м³, маса 66 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паўд. баку мае паглыбленне памерам 0,5 × 0,6 м са згладжанымі і адшліфаванымі сценкамі, якое нагадвае крэсла, каля яго ямка глыб. 3 см, у папярочніку 5 см. У стараж. часы валуну пакланяліся.
В.Ф.Вінакураў.
т. 4, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ЛІЦЕ́ЙНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ.
Створаны ў 1902 у г. Ваўкавыск (цяпер у Гродзенскай вобл.) на базе майстэрні як чыгуналіцейны з-д. У 1902 працавала 13 рабочых, якія выплаўлялі 50—60 пудоў чыгуну за год і выраблялі ручныя сячкарні і конныя прыводы да малатарань. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944. У 1947 дабудаваны. З 1962 сучасная назва. У 1964—66 рэканструяваны. Дзейнічаюць цэхі: ліцейны, загатовачна-зварачны, 2 механазборачныя. Асн. прадукцыя (1995): тэхнал. абсталяванне для ліцейнай вытв-сці, буд. тэхніка, с.-г. абсталяванне, у т. л. сячкарні.
т. 4, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)