МІ́НСКІ ЦЫРК, Мінскі дзяржаўны цырк Беларусі. Пабудаваны ў 1959 (арх. В.Жукаў) на перакрыжаванні водна-зялёнага дыяметра горада (р. Свіслач і зялёная зона ўздоўж яе поймы) і праспекта Скарыны. Адыгрывае важную кампазіцыйную ролю ў фарміраванні сістэмы ансамбляў цэнтра Мінска. Трохпавярховы аб’ём, у якім выкарыстаны формы і дэкор класічнай спадчыны, накрыты сферычным купалам. Гал. ўваход вылучаны шматкалонным порцікам карынфскага ордэра. Па перыметры будынка пілястры. Глядзельная зала мае арэну (дыяметр 13 м), 1668 месцаў, размешчаных амфітэатрам. Вакол відовішчнай часткі фае, гардэробы, памяшканні для артыстаў і абслуговага персаналу, залы для рэпетыцый, спец. памяшканні для жывёлы і інш. У 1959—74 працаваў Беларускі цыркавы калектыў. У М.ц. няма сталай трупы. У праграмах М.ц. ўдзельнічаюць замежныя цыркавыя калектывы, у т. л. СНД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАСКВА́»,
кінатэатр у Мінску. Пабудаваны ў 1980 (арх. В.Крамарэнка, У.Шчарбіна, М.Вінаградаў), уваходзіць у склад адм.-культ. і гандл. комплексу на Машэрава праспекце. Будынак вырашаны кампактным сім. аб’ёмам. У кампазіцыі гал. фасада дамінуе тарцовая ч.вял. глядзельнай залы (да 1000 месцаў, сістэма аб’ёмнага гучання «Dolby»), якая кансольна навісае над суцэльна зашклёнымі фае і вестыбюлем. Пластыку фасада ўзбагачаюць аддзелачныя матэрыялы (белы мармур, чырвоны граніт, светлы туф, анадзіраваны алюміній) і ўстаўкі з медзі. Процілеглы дваровы фасад сфарміраваны лаканічным па архітэктуры аб’ёмам малой залы (на 260 месцаў, дзе працуе Тэатр-студыя кінаакцёра), фае якой упрыгожана вітражом (мастакі Г. і М.Вашчанкі). Вакол вял. глядзельнай залы размешчаны фае — выставачная зала, лекцыйная зала і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ МУЗЕ́Й БАЯВО́Й СЛА́ВЫ.
Засн. і адкрыты ў 1971 у г. Полацк як самастойная экспазіцыя Полацкага краязнаўчага музея. Пл. 304 м², 377 экспанатаў асн. фонду, 4 залы (2000). Экспазіцыя прысвечана падзеям на Полаччыне ў часы Вял.Айч. вайны. Сярод экспанатаў схема Полацкага ўмацаванага раёна, матэрыялы пра абарончыя баі 1941, дзейнасць падполля і партыз. рух (схема дыслакацыі партызанаў, макет партыз. кузні і збраёўні, схема блакады фаш. захопнікамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, дыярама «Падрыў нафтабазы», матэрыялы пра выратаванне партызанамі выхаванцаў дзіцячага дома і інш.), дыярама фрагмента лагера смерці ў в. Баравуха 1-я, матэрыялы пра кіраўнікоў і ўдзельнікаў падполля і партыз. руху, у т. л. Герояў Сав. Саюза У.Е.Лабанка, У.С.Марыненка, М.С.Пруднікава, З.М.Лусналобаву-Марчанка, воінаў-вызваліцеляў, палачан, што вызначыліся ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЙ КРЭ́ПАСЦІ АБАРО́НА 1941, абарона сав. войскамі Брэсцкай крэпасці ў пач.Вял.Айч. вайны (22 чэрв. — канец ліп.). Напярэдадні вайны ў крэпасці дыслацыраваліся часці 6-й і 42-й стралк. дывізій 4-й арміі, падраздзяленні 17-га Брэсцкага пагранатрада, 33-га асобнага інж. палка, частка 132-га батальёна войск НКУС, штабы часцей (усяго 7—8 тыс.воінаў). Крэпасць штурмавалі 2 пях. і 2 танк. дывізіі ворага пры падтрымцы авіяцыі і часцей ўзмацнення з ліку тых, што ўдзельнічалі ў захопе горада. Праціўнік меў амаль у 10 разоў большыя сілы. Ён ставіў за мэту авалодаць крэпасцю да 12 гадз першага дня вайны. Дзякуючы ўпартаму супраціўленню сав.воінаў і пагранічнікаў каля паловы асабовага складу і параненыя змаглі пакінуць крэпасць. У 1-ы дзень баёў да 9 гадз раніцы крэпасць была акружана, пачаліся яе артабстрэл і бамбардзіроўка, 23 чэрв. горад быў заняты. Праз Цярэспальскае ўмацаванне вораг прарваўся ў Цытадэль і пачаў наступаць у напрамку Холмскіх і Брэсцкіх варот. Баі ў крэпасці прынялі зацяжны характар. У поўным акружэнні, без вады і прадуктаў, пры нястачы боепрыпасаў і медыкаментаў гарнізон змагаўся, адбіваючы па 6—8 атак за дзень. Разам з байцамі змагаліся жанчыны і дзеці з сем’яў ваеннаслужачых. Да канца чэрв. вораг захапіў большую частку крэпасці. 29—30 чэрв. гітлераўцы правялі генеральны штурм крэпасці, выкарыстоўваючы агнямёты. Абставіны перашкодзілі ажыццявіць агульнае кіраўніцтва абаронай, таму яна распалася на шэраг ізаляваных ачагоў супраціўлення, якія адзначаны нават пасля 20 ліп. 8.5.1965 крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». Удзельнікі абароны ўзнаг. ордэнамі і медалямі, П.М.Гаўрылаву і А.М.Кіжаватаву прысвоена званне Героя Сав. Саюза. На тэр. крэпасці створаны Брэсцкай крэпасці-героя музей, адкрыты мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой.
Т.М.Ходцава.
Да арт.Брэсцкай крэпасці абарона 1941. Дыярама ў Музеі абароны крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобл., на р. Ольса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдЗ ад г.п. Клічаў, 106 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Нясета. 1034 ж., 432 двары (1995). У Бацэвічах Клічаўская райсельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав.воінаў і партызанаў.
Вядомы з 1560 як сяло ў Свіслацкай вол.ВКЛ. У 1743 сяло ў Аршанскім пав. У 19 ст. цэнтр воласці Бабруйскага пав. У 1844 — 283 ж., 51 двор, цэнтр маёнтка, у 1865 былі нар. вучылішча, царква, 2 млыны, праводзіўся кірмаш. У 1892 заснаваны бровар і тартак, у 1915 адкрыта земская бальніца. У 1940 — 1214 ж., 312 двароў. З ліп. 1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 — 1315 ж., 408 двароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НЬ,
горад у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобл., на р. Адроў. Падпарадкоўваецца Аршанскаму гарсавету. За 9 км ад Оршы, на аўтамаб. дарозе Орша—Коханава. 14,4 тыс.ж. (1995). Прадпрыемствы металаапр. і лёгкай прам-сці. Брацкая магіла сав.воінаў і партызанаў, магіла ахвяраў фашызму.
Вядома як сяло Барань (потым Старая Барань), што ў 1518 належала кн. К.І.Астрожскаму. З 1598 мястэчка Аршанскага пав. У 1-й пал. 17 ст. ў Барані 38 дамоў. У 2-й пал. 19 ст. каля 300 ж., працавалі крухмальны з-д, млын, было нар. вучылішча (адкрыта ў 1871, 31 вучань). У 1873 тут заснаваны драцяна-цвіковы з-д. У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Аршанскім раёне. З 1935 рабочы пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 16.7.1941 да 27.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. З 17.5.1972 горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТНЯ́НСКІ (Дзмітрый Сцяпанавіч) (1751, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 10.10.1825),
рускі кампазітар і дырыжор. З 1758 у Пецярбургскай прыдворнай пеўчай капэле, з 1796 яе кіраўнік, ператварыў капэлу ў цэнтр нац. харавой культуры. У 1769—79 вучыўся ў Італіі. Кампазіцыі вучыўся ў Б.Галупі. Майстар харавога пісьма а капэла. Асн. дасягненні ў галіне хар. духоўнай музыкі (т. 1—10, 1881—82). Стварыў новы тып рус.хар. канцэрта, дзе выкарыстаў дасягненні ў галіне оперы і інстр. музыкі. Пісаў і свецкія хары (напр., кантата «Спявак у стане рускіх воінаў» на сл. В.Жукоўскага, 1812). Аўтар опер «Крэонт» (1776), «Алкід» (1778), «Сокал» (1786), «Сын-сапернік, ці Новая Стратоніка» (1787), камерна-інстр. твораў, харавых цыклічных канцэртаў, санат для клавіра, рамансаў і інш.
Літ.:
Рыцарева М. Композитор Д. Бортнянский: Жизнь и творчество. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета. За 30 км на ПдЗ ад Лёзна, 52 км ад Віцебска. 754 ж., 317 двароў (1995).
Заснавана не пазней як у 16 ст. У канцы 16—17 ст. мястэчка, дзярж. маёмасць, цэнтр Бабінавіцкага староства ў Віцебскім ваяв. У 1777—96 і 1802—40 цэнтр Бабінавіцкага павета, Бабінавічы мелі статус павятовага горада. У 1781 горад атрымаў герб. У 1897 у Бабінавічах 1157 ж., царкоўнапрыходская школа, пошта, тэлеграф, прыходская царква, касцёл св. Тройцы. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 страцілі статус горада і сталі вёскай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Высачанскім, з 1931 — у Лёзненскім р-нах.
Птушкафабрыка. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав.воінаў і партызанаў. Каля вёскі археал. помнік Бабінавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́НДЗІЧЫ,
вёска ў Путрышкаўскім с/с Гродзенскага р-на. Прымыкае да паўн. ўскраіны г. Гродна. 1283 ж., 498 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав.воінаў.
У 1561 сяло ў Гродзенскай эканоміі Гродзенскага пав. Трокскага ваяв.ВКЛ. З 1674 маёнтак Грандзічы належаў Гродзенскаму кляштару кармелітаў. У 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 у Грандзічах размяшчалася шведскае войска Карла XII, якое мела намер адрэзаць рус. войска ад Вільні. З 1795 у Рас. імперыі. У 1889 маёнткам валодала П.Сулеўская. У 1904 вёска, 350 ж., і маёнтак, 33 ж. З 1921 у Польшчы, у Гродзенскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 1611 ж., 418 двароў. З 1987 у Путрышкаўскім сельсавеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́К,
вёска ў Завалочыцкім с/с Глускага р-на Магілёўскай вобл. За 17 км ад г.п. Глуск, 200 км ад г. Магілёў, 36 км ад чыг. ст. Старыя Дарогі. 107 ж., 71 двор (1996).
У крыніцах упамінаецца з 2-й пал. 15 ст. У канцы 16 — пач. 19 ст. называўся Гарадок Глуск-Пагарэлы. Валодалі Гальшанскія, Гаштольды, Астрожскія, Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1847 у вёсцы 148 ж., 24 двары, уваходзіла ў маёнтак Дварэц Бабруйскага пав. У 1897 — 337 ж., 52 двары, крама, царква. У 1917 — 466 ж., 99 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Глускага р-на. У Вял.Айч. вайну Гарадок акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942—43 загубілі 89 жыхароў. З 1960 у Завалочыцкім сельсавеце.
Клуб, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав.воінаў. Помнік архітэктуры — Казьмадзям’янаўская царква (1814).