ТРАПІ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́,

прыродныя геагр. паясы Паўн. і Паўд. паўшар’яў, размешчаныя паміж субтрапічнымі паясамі і субэкватарыяльнымі паясамі, паміж 20° і 30° паўн. ш. і паўд. ш. Гарачы і сухі трапічны клімат вызначаюць антыцыкланальная цыркуляцыя атмасферы і пасаты. Т-ра зімой вышэй за 10 °C, летам вышэй за 30—35 °C. У Т.п. назіраюцца самыя высокія на зямным шары т-ры паветра (гл. Полюсы цяпла). Ападкаў 50—200 мм, на У пераважае вільготнае акіянскае паветра (мусонная цыркуляцыя) — ападкаў да 1000—2000 мм і больш за год. На сушы ландшафты пустынь і паўпустынь, якія займаюць вял. тэрыторыі ў цэнтр. і зах. ч. мацерыкоў (асабліва ў Афрыцы і Азіі). Значная ч. прасторы не мае паверхневага сцёку. Рэкі транзітныя, многія перасыхаюць. Глебавае покрыва мяняецца з 3 на У ад шкілетных або шэра-жоўтых глеб трапічных пустынь праз шэра-карычневыя глебы паўпустынь і чырвона-карычневыя глебы рэдкалессяў да чырв. латэрытных глеб пераменна-вільготных лясоў. Усх. ўскраіны мацерыкоў (Паўд. і Усх. Азія, Цэнтр. Амерыка) маюць больш высокую вільготнасць, паўнаводныя рэкі, мяшаныя лістападна-вечназялёныя лясы, мусонныя лістападныя лясы, рэдкалессі або саванны і хмызнякі, часта моцна змененыя ў выніку высечак і выпальвання. У горных раёнах выражаны леса-лугавы (на У), рэдкалесна-стэпавы і пустынна-стэпавы (у цэнтр. ч. і на 3) спектры вышыннай пояснасці. Жывёльны свет прадстаўлены капытнымі (антылопы, вярблюды і інш.), некат. драпежнымі (гіены, лісы і інш.), птушкамі, грызунамі і інш. Акіян у Т.п. адрозніваецца высокімі т-рамі паверхневых вод, значным іх выпарэннем, высокай салёнасцю (37%0) шчыльнасцю і недахопам кіслароду. У зах. і цэнтр. ч. мацерыкоў развіта пашавая жывёлагадоўля, арашальнае земляробства, ва ўсх. ч. — арашальнае і багарнае земляробства, плантацыйная гаспадарка (рыс, батат, цытрусавыя, фінікі, ананасы, бананы і інш.).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 15, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНІ САЯ́Н,

горная сістэма на Пд Сібіры, у Расіі. Цягнецца ў паўд.-ўсх. напрамку ад левабярэжжа р. Енісей да воз. Байкал. Даўж. больш за 1 тыс. км. Найб. вяршыня — г. Мунку-Сардык (3491 м). Складкавая структура У.С. прадстаўлена мегаантыклінорыем, які прымыкае да паўд.-зах. краю Сібірскай платформы. Складзена пераважна з гнейсаў, слюдзіста-карбанатных і крышт. сланцаў, мармураў, кварцытаў, амфібалітаў. Карысныя выкапні: золата, графіт, баксіты, слюда (мускавіт), азбест, фасфарыты і інш.; крыніцы мінер. вод.

Зах. ч. У.С. складаецца з пласкаверхіх хрыбтоў выш. 1500—2000 м — «белагор’яў» (Манскае, Канскае і інш.); цэнтр. і ўсх. ч. — высакагорныя масівы з альпійскімі формамі рэльефу (Вял. Саян, Тункінскія і Кітойскія Гальцы). Вял. ўчасткі стараж. выраўнаванага рэльефу, паката-нахіленыя вулканічныя плато, ёсць маладыя вужанічныя ўтварэнні. У міжгорных катлавінах (Тункінская) розныя тыпы акумулятыўнага рэльефу, складзеныя з ледавіковых, водна-ледавіковых і азёрных адкладаў. На У шматгадовая мерзлата. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -17 да -25 °C (на схілах гор) і да -30 °C (у катлавінах), ліп. 12—16 °C і да 20 °C адпаведна. Ападкаў на зах. і паўд.-зах. схілах да 800 мм, на паўн. да 400 мм, на ўсх. і паўд.-ўсх. схілах да 300 мм за год. Каля 100 невял. ледавікоў (агульная пл. каля 30 км²). Рэкі належаць да бас. Енісея, найб.: Туба, Сыда, Сісім, Мана, Кан, Біруса і інш. На падзолістых і тарфяна-балотных глебах пашыраны таежныя лясы (кедр, елка, лістоўніца), якія падымаюцца да выш. 1700—1800 м, вышэй — рэдкалессе, якое зменьваецца хмызняковай і імхова-лішайнікавай тундрай; каменныя асыпкі і курумы. У тайзе водзяцца лось, марал, кабарга, буры мядзведзь, рысь, вавёрка, заяц і інш. У адгор’ях У.С. — запаведнік «Сталбы».

т. 16, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА, электраразведка,

група метадаў геафізічнай разведкі, засн. на даследаванні прыродных або штучна ўзбуджаных у зямной кары электрамагнітных палёў.

Існуе больш за 100 мадыфікацый Э.р. Метады Э.р. падзяляюць на асн. групы: уяўных супраціўленняў (засн. на вывучэнні пастаянных эл. палёў, што ствараюцца пры дапамозе 2 зазямленняў, падключаных да полюсаў крыніцы пастаяннага току; паводле размеркавання ўяўных супраціўленняў горных парод мяркуюць пра геал. будову даследуемай плошчы); электрахімічнай палярызацыі (даследуюць палі, што ствараюцца электрычна палярызаванымі геал. ўтварэннямі, напр., на кантакце руд і ўмяшчальных парод, і фільтрацыяй падземных вод праз поры горных парод; у шэрагу метадаў палярызацыя ствараецца штучна); магнітатэлурычнага поля (гл. Магнітатэлурычныя метады разведкі); электрамагнітнага зандзіравання (даследуюць асаблівасці змен у зямной кары штучна ствараемых палёў; прызначаны для вывучэння геал. разрэзу ў верт. кірунку); індукцыйныя (поле ўзбуджаецца пры дапамозе незаземленых контураў пераменнымі нізкачастотнымі токамі, даследуецца другаснае, магнітнае поле, што ствараецца віхравымі токамі, індуцыраванымі ў добра праводных абласцях, пераважна ў рудных пакладах); радыёхвалевыя (засн. на вывучэнні пашырэння радыёхваль у горных пародах; паглынанне радыёхваль горнымі пародамі нарастае з павелічэннем іх праводнасці; на з’яве адбіцця радыёхвалі ад межаў, што раздзяляюць горныя пароды, засн. радыёлакацыйны спосаб).

Электраразведачная апаратура складаецца з крыніц току (батарэі, генератары і інш.), прылад сілкавання і вымярэння. Для даследавання малых глыбінь (да 1 км) выкарыстоўваюць пераносную апаратуру, для глыбінных даследаванняў — электраразведачныя станцыі. Паводле вынікаў палявых назіранняў (у выглядзе графікаў і карт элементаў электрамагнітных палёў) і іх інтэрпрэтацыі вызначаецца тып геал. структур, наяўнасць карысных выкапняў, глыбіні і магутнасці пластоў, вуглы падзення і інш. У горнай справе шахтавыя, свідравінныя і кар’ерныя мадыфікацыі Э.р. выкарыстоўваюцца пры эксплуатацыйнай разведцы, тэхнал. карціраванні руд, даследаванні ўстойлівасці горных вырабатак і інш.

Літ.:

Электроразведка. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1989.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 18, кн. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫПЫ І ФОРМЫ РЭЛЬЕФУ.

Рэльеф Беларусі складаны і разнастайны. Паводле марфалагічных, генетычных і ўзроставых асаблівасцей форм рэльефу тэр. Беларусі можна лічыць эталоннай для абласцей развіцця старажытнамацерыковых зледзяненняў. У залежнасці ад асноўнай крыніцы энергіі геамарфалагічных працэсаў вылучаюць 3 класы рэльефу: экзагенны, тэхнагенны і эндагенны. Паводле вядучага генетычнага агента вылучаюць групы, якія ў сваю чаргу падзяляюць на тыпы і падтыпы. Падтыпы складаюцца з форм рэльефу, якім уласцівы адзіны спосаб узнікнення.

З тыпаў і форм рэльефу экзагеннага класа найб. па плошчы пашырэнне атрымалі: ледавікова-седыментацыйны (марэнныя грады, увалы, узгоркі, марэнныя раўніны); ледавікова-экзарацыйны (лагчыны ледавіковага выворвання); ледавікова-экзарацыйна-седыментацыйны (друмліны); ледавіковага націску і выціскання (канцова-марэнныя грады); водна-ледавіковай акумуляцыі (озы, камы, краявыя флювіягляцыяльныя ўзвышшы, грады, увалы, флювіягляцыяльныя тэрасы, лагчыны сцёку талых ледавіковых вод, зандры); азёрна-ледавіковы (камы, звонцы, раўніны і нізіны, тэрасы); пастаянных вадацёкаў (акумулятыўныя і эразійна-акумулятыўныя тэрасы, тэрасы ўрэзвання, рэчышчавыя формы); азёрна-алювіяльны (раўніны, нізіны), азёрны (акумулятыўныя і абразійныя тэрасы, катлавіны), часовых вадацёкаў (яры, лагчыны, прамывіны, лагчыны сцёку); перавеяных эолавых утварэнняў (катлавіны і западзіны, дзюны, эолавыя грады і ўзгоркі, палі перавяваемых пяскоў); фітагенны (паверхні вярховых, пераходных, нізінных балот), тэрмакарставы (катлавіны, западзіны), карставы (варонкі, катлавіны); суфазійны (западзіны).

Формы рэльефу тэхнагеннага класа (тэхнаморфы) узніклі ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека і атрымалі найбольшае пашырэнне ў апошнія стагоддзі. На Беларусі яны сканцэнтраваны пераважна на плошчах урбанізаваных тэрыторый, здабычы і перапрацоўкі мінеральнай сыравіны, меліярацыі і інш. Адрозніваюць уласна тэхнагенную групу тэхнаморфаў (адвалы, насыпы, дамбы, кар’еры, ямы, каналы, канавы, катлавіны) і тэхнагенна апасродкаваныя формы (асыпкі, апоўзні, прасадкі, прамывіны і інш.).

Эндагенны клас уключае 2 тыпы: актывізаваных прыразломных зон (тэктанічныя тэрасы) і неатэктанічных лакальных структур (брахіантыкліналі, купалы — малаамплітудныя падняцці; брахісінкліналі, мульды — малаамплітудныя паніжэнні). Формы гэтага класа на Беларусі распаўсюджаны параўнальна абмежавана.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКА́,

адкрыты пастаянны водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору. Пачатак Р. (крыніца, ручай, возера, балота, ледавік) наз. вытокам ракі. Месца ўпадзення Р. ў акіян, мора, возера, вадасховішча, іншую Р. — вусце. У вусцях многіх Р. утвараюцца дэльты, некат. Р. канчаюцца эстуарыямі. Ч. даліны, дзе цячэ Р., наз. рэчышчам, а яе частка, што затапляецца ў высокую ваду, — поймай. Ад размывання дна і берагоў на ўвагнутых участках выгінаў рэчышча ўтвараюцца лукавіны (меандры). Плошча, з якой вада сцякае да Р., наз. вадазборам, або басейнам рачным. Лінія, якая падзяляе сумежныя вадазборы, — водападзел. Р., якая ўпадае ў акіян, мора, бяссцёкавае возера або губляецца ў пясках, наз. галоўнай. Разам з прытокамі розных парадкаў і вадаёмамі Р. ўтвараюць гідраграфічную сетку. Гал. характарыстыка Р. — велічыня яе сцёку (расход, гадавы аб’ём); да важнейшых таксама належаць: даўжыня, пл. басейна, нахіл воднай паверхні, шырыня рэчышча і яго глыбіня, скорасць цячэння вады. У залежнасці ад умоў фарміравання гідралагічнага рэжыму Р. падзяляюць на раўнінныя і горныя. Раўнінная Р. мае нязначны нахіл, павольнае цячэнне, шырокую даліну з пакатымі схіламі. У горнай Р. вялікі нахіл, хуткае цячэнне, вузкая глыбокая даліна. Вылучаюць таксама Р. азёрныя, балотныя і карставыя. Азёрная Р. выцякае з возера або працякае цераз яго (іх). Балотная Р. цячэ па балоце або мае значную забалочаную тэрыторыю на сваім вадазборы. Карставая Р. жывіцца пераважна карставымі водамі. У залежнасці ад велічыні Р. падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. Вялікая Р. (пл. бас. больш за 50 тыс. км²) цячэ ў межах некалькіх геагр. зон, сярэдняя (пл. бас. 2—50 тыс. км²) і малая Р. (пл. бас. да 2 тыс. км²) цякуць у адной геагр. зоне. Адрозніваюць Р. з занальным, азанальным і полізанальным (складаным) рэжымам. Вылучаюць 4 віды жыўлення Р.: дажджавое, снегавое, падземнае і ледавіковае. Для Р. характэрны 3 асн. фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводка (летне-асенняя і зімовая). Паводле асаблівасцей жыўлення і воднага рэжыму існуе некалькі класіфікацый Р. (А.Л.Ваейкава, М.​І.​Львовіча, П.​С.​Кузіна, Б.​Дз.​Зайкава і інш.). Р. — важнае звяно кругавароту вады на Зямлі. Сярэднегадавы сцёк Р. зямнога шара 42 тыс. км³, Беларусі — 34 км³ (гл. таксама табл.).

На тэр. Беларусі 20,8 тыс. Р., іх агульная даўж. 90,6 тыс. км. Яны належаць вадазборам Чорнага (Дняпро з Прыпяццю; збіраюць ваду з 56% тэр.) і Балтыйскага мораў (Нараў, Зах. Буг, Нёман, Зах. Бярэзіна і Ловаць; дрэніруюць 44% тэр.). Найб. Р. (даўж. больш за 500 км): Бярэзіна, Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Дняпро, Прыпяць, Сож, Зах. Дзвіна (транзітныя). Р. даўж. 101—50 км — 42, іх сумарная даўж. 6,7 тыс. км. Самых малых Р. і ручаёў (даўж. да 10 км) 19,3 тыс., іх агульная даўж. 48,8 тыс. км. Найб. пашыраны раўнінныя малыя Р. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Нахілы Р. вагаюцца на розных участках ад 0,1 да 2—3‰. Скорасць цячэння Р. малая — 0,5—0,7 м/с. Асн. крыніца жыўлення — частка атм. ападкаў, якая застаецца ад выпарэння і транспірацыі. Характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асеннія і зімовыя межані. Разводдзе ў залежнасці ад велічыні Р. цягнецца 30—120 сут, часам суправаджаецца навадненнямі. Летне-асенняя межань доўжыцца 160—205 сут, зімовая 85—110 сут, часта парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Замярзаюць Р. звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут). Таўшчыня лёду ад 17—45 см на Пд да 29—64 см на Пн і ПнУ. Амаль усюды адзначаецца веснавы крыгаход. На большасці Р. асн. маса рачнога сцёку прыходзіць вясной пры раставанні снегу. Доля веснавога сцёку складае 36—77% ад гадавога, у перыяд летне-асенняй межані — 18—43%, зімовай межані — 4—25%. Р. штогод выносяць за межы краіны каля 1,2 млн. т завіслых наносаў і каля 6,5 млн. т раствораных рэчываў. Паводле падабенства гідралагічнага рэжыму паверхневых вод вылучана 6 гідралагічных раёнаў (гл. Гідралагічнае раянаванне). Сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх якасці змяшчае водны кадастр. Гідралагічныя назіранні вядуцца на гідралагічных станцыях і гідралагічных пастах. Р. выкарыстоўваюцца як крыніцы пітнай і прамысл. вады, з мэтамі суднаходства, лесасплаву, рыбалоўства, рэкрэацыі, меліярацыі і інш. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем вод на Р. ствараюцца гідратэхнічныя збудаванні. Р. пільна ахоўваюцца ад забруджвання і вычэрпвання (гл. Ахова вод, Водаахоўная зона). Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні Р. прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь Сучасныя Р. вывучае гідралогія рэк, стараж. — палеапатамалогія.

Літ.:

Аполов Б.А. Учение о реках. 2 изд. М., 1963;

Муранов А.П. Величайшие реки мира. Л., 1968;

Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл. Мн., 1994.

А.​А.​Макарэвіч.

Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк свету і Беларусі
Назва Даўжыня,
км
Плошча
басейна,
тыс. км
Сярэднегадавы
расход вады,
м/с
Найбольшыя рэкі свету
Ніл (ад вытоку р. Кагера) 6671 2870 2,6 тыс. (каля г. Асуан)
Амазонка (ад вытоку р. Мараньён) 6400 7180 220 тыс.
Місісіпі (ад вытоку р. Місуры) 5970 3230 19 тыс.
Янцзы 5800 1808 34 тыс.
Об (ад вытоку р. Іртыш) 5410 2990 12,7 тыс.
Хуанхэ 4845 771 2 тыс.
Парана (з р. Уругвай) 4380 2663/2970 17,5/23 тыс.
Меконг 4500 810 13,2 тыс. (каля г. Пнампень)
Амур (ад вытоку р. Аргунь) 4440 1855 10,9 тыс.
Лена 4400 2490 16,5 тыс.
Конга (ад вытоку р. Луалаба) 4320 3700 46 тыс.
Макензі (разам з р. Піс ад вытоку р. Фінлі) 4250 1804 11 тыс.
Нігер 4160 2092 9,3 тыс.
Енісей (ад вытоку р. М.​Енісей) 4102 2580 19,8 тыс.
Мурэй (ад вытоку р. Дарлінг) 3750 1057 0,47 тыс.
Волга 3530 1360 7,71 тыс.
Найбольшыя рэкі Беларусі
Дняпро, увесь 2145 504 1670
у межах Беларусі 689 118 583
Нёман, увесь 937 98,2 685
у межах Беларусі 459 35 214
Зах. Дзвіна, уся 1020 87,9 666
у межах Беларусі 328 33,1 441
Прыпяць, уся 761 121 450
у межах Беларусі 500 52,7 383 (каля г. Мазыр)
Сож, увесь 648 42,1 219
у межах Беларусі 485 21,5 219
Бярэзіна 613 24,5 142
Рака Мухавец у г. Брэст.

т. 13, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы для аховы (гідраізаляцыі) буд. канструкцый, будынкаў і збудаванняў ад шкоднага ўздзеяння вады і хімічна агрэсіўных водных раствораў. Падзяляюцца на проціфільтрацыйныя (герметызавальныя) і процікаразійныя; паводле віду асн. матэрыялу — на нафтабітумныя, дзёгцевыя, палімерныя, армацэментавыя і інш. (у іх састаў могуць уводзіцца мінер. напаўняльнікі і мадыфікаваныя дабаўкі — растваральнікі, стабілізатары, пластыфікатары, антысептыкі, структураўтваральнікі і г. д.). Бываюць абклеечныя, абмазачныя, цвёрдыя і пластычныя. Могуць арміравацца стальнымі або палімернымі валокнамі, метал. або шкласеткай, шклотканінай і інш.

Абклеечныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — руберойд, пергамін, гідраізол, шклоруберойд, металаізол і інш. рулонныя матэрыялы, аснова якіх (з кардону, шкловалакна, метал. фольгі і інш.) прамочана або пакрыта бітумам ці дзёгцевымі рэчывамі. Укладваюць у некалькі слаёў, змацоўваюць масцікай. Абмазачныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — гарачыя або халодныя бітумныя і дзёгцевыя масцікі, бітумныя лакі і фарбы з напаўняльнікамі, пасты і эмульсіі (гл. Лакафарбавыя матэрыялы). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі трубаправодаў, падземнай часткі жалезабетонных канструкцый, для аховы метал. канструкцый ад карозіі. Цвёрдыя гідраізаляцыйныя матэрыялы — тынк цэментавы (з воданепрымальнымі і ўшчыльняльнымі дабаўкамі), асфальтавы і інш.; пліты і маты асфальтавыя (арміраваныя і неарміраваныя, гарачапрасаваныя); прыродныя, керамічныя і бетонныя камяні, прамочаныя арган. вяжучымі рэчывамі; жалезабетонныя вырабы (бетоны высокай шчыльнасці), а таксама лісты са сталі і інш. Выкарыстоўваюць для аховы фундаментаў і сцен будынкаў, тунэляў, рэзервуараў, гідратэхн. збудаванняў. Пластычныя гідраізаляцыйныя матэрыялы падзяляюцца на масцікавыя (аналагічныя абмазачным, але наносяцца большай колькасцю слаёў), плітачныя (сумесь бітумаў з напаўняльнікамі, арміраваная кардонам, тканінамі, метал. сеткамі) і асфальтавыя (асфальтавая масціка з напаўняльнікамі, выкарыстоўваецца для ізаляцыі праезнай часткі мастоў, падлогі ў міжпаверхавых перакрыццях і г.д.). Пашыраны пакрыцці з тэрмапластаў — палімерных плёнак (наносяць на трубы для іх гідраізаляцыі і інш.). Гідраізаляцыйныя матэрыялы выбіраюць з улікам геал. і гідрагеал. умоў, рэжыму падземных вод, важнасці збудаванняў і асаблівасці іх эксплуатацыі, ступені небяспекі ад уцечкі вадкасці з ёмістасці і інш.

А.​Я.​Вакар.

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛО́ГІЯ (ад гідра... + ...логія),

навука пра прыродныя воды, іх пашырэнне, уласцівасці, працэсы і з’явы, што ў іх адбываюцца. Прадмет вывучэння гідралогіі — водныя аб’екты: акіяны, моры, рэкі, азёры, вадасховішчы, сажалкі, балоты, вільгаць, што назапашана ў снегавым покрыве і ледавіках, грунтавыя і падземныя воды. Падзяляецца на акіяналогію, гідралогію сушы і гідрагеалогію, у якой да гідралогіі належаць раздзелы аб рэжыме падземных вод. Цесна звязана з навукамі геагр., геал. і біял. кірункаў. Вывучае кругаварот вады на Зямлі, прасторава-часавыя ваганні гідралагічных элементаў (узроўню, расходаў, т-ры вады і інш.), уплыў гасп. дзейнасці чалавека на гідрасферу і працэсы ў ёй і інш. Практычнае значэнне гідралогіі ў ацэнцы і прагнозе стану водных рэсурсаў, абгрунтаванні рацыянальнага іх выкарыстання.

Тэрмін «гідралогія» з’явіўся ў канцы 17 ст. (Германія). Спачатку гідралогія развівалася як апісальныя галіны фіз. геаграфіі, гідратэхнікі, геалогіі, навігацыі. Як сістэма навук. ведаў аформілася ў пач. 20 ст. (1915, В.​Р.​Глушкоў). Пачатак гідралагічнага вывучэння тэр. Беларусі далі працы Зах. экспедыцыі па асушэнні балот Палесся пад кіраўніцтвам І.​І.​Жылінскага (1873) і навігацыйна-апісальнай камісіі Мін-ва шляхоў зносін (1875).

На Беларусі даследаванні ў галіне гідралогіі праводзяць Камітэт па гідраметэаралогіі (Гідраметэаралагічная служба), Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН, БДУ, Белдзіправадгас і інш. Праводзяцца экспедыцыйныя і лабараторныя даследаванні асобных тэр. і водных аб’ектаў. Вывучаюцца антрапагенныя змены ў гідралагічным рэжыме, распрацоўваюцца меры па ахове гідрасферы. Значны ўклад у развіццё гідралогіі зрабілі бел. вучоныя С.​Х.​Будыка, А.​Р.​Булаўка, Д.​А.​Дановіч, В.​В.​Дрозд, А.​Д.​Дубах, П.А. Дудкін, А.​І.​Івіцкі, П.​А.​Кісялёў, І.​М.​Ліўшыц, В.​Ф.​Шабека, В.​М.​Шырокаў, В.​П.​Якушка.

Літ.:

Калинин Г.П. Проблемы глобальной гидрологии. Л., 1968;

Чеботарев А.И. Общая гидрология. 2 изд. Л., 1975;

Плужников В.Н., Макаревич А.А. Итоги гидрологических исследований в Беларуси // Развіццё геаграфіі Беларусі: вынікі, прабл., перспектывы: Тэз. дакл. навук. канф. Мн., 1994.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 5, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКЕ́МБРЫЙ,

найстаражытнейшыя тоўшчы зямной кары і час, адпаведны іх утварэнню. Папярэднічаў кембрыйскай сістэме (перыяду). Ахоплівае ​6/7 геал. гісторыі Зямлі. Працягласць фарміравання слаёў Д. — ад узнікнення найстаражытнейшых парод з радыеметрычным узростам (больш за 3,9 млрд. гадоў назад) да пачатку кембрыю (каля 540—530 млн. гадоў назад).

Падзяляецца на архей, які ўключае глыбокаметамарфізаваныя і гранітызаваныя пароды (гнейсы, мігматыты, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, мармуры і інш.), і пратэразой, што аб’ядноўвае менш змененыя асадкавыя і вулканагенныя тоўшчы. Мяжа паміж імі праходзіла прыкладна 2,5 млрд. гадоў назад. З 1990 прынята больш дэталёвае стратыграфічнае расчляненне Д.: архей падзелены на ніжні і верхні (з раздзелам каля 3150 млн. гадоў); ніжні пратэразой — на ніжні і верхні (з раздзелам каля 1900 млн. гадоў); верхні пратэразой — на рыфей (ніжні, сярэдні, верхні) і венд (ніжні і верхні) з раздзелам каля 650 млн. гадоў. Адклады ранняга Д. (архей і ніжні пратэразой) складаюць фундамент стараж. платформаў. Яны выходзяць на паверхню шчытоў (Балтыйскага, Украінскага, Паўд.-Афрыканскага, Канадскага і інш.), а таксама знаходзяцца ў ядрах складкавых утварэнняў геасінклінальных абласцей. Д. — час павышанай тэктанічнай актыўнасці (гл. Дакембрыйская складкавасць). Мяркуюць, што з Д. звязаны пачатак працэсаў тэктонікі пліт, утварэнне асн. аб’ёму (60—80%) кантынентальнай зямной кары, узнікненне кіслароднай атмасферы, гідрасферы і зараджэнне жыцця, аб чым сведчаць шматлікія рэшткі блакітна-зялёных водарасцей, страматаліты, а таксама прыкметы існавання бесшкілетных жывёл. З Д. звязаны буйнейшыя радовішчы жалезных, уранавых, марганцавых, хромавых, сульфідных нікелевых, кобальтавых і інш. руд, радовішчы алюм. сыравіны, золата, поліметалаў. У верхніх слаях Д. трапляюцца паклады нафты.

На тэр. Беларусі ўтварэнні Д. развіты ўсюды. Тоўшчы ранняга Д. падзяляюцца на серыі, шчучынскую і кулажынскую (архей); аколаўскую і жыткавіцкую (ранні пратэразой) і складаюць крышт. фундамент, у якім выяўлены радовішчы рэдкіх металаў, 2 радовішчы буд. каменю, 2 праяўленні жалеза (Аколаўскае і Навасёлкаўскае) і шэраг дробных — жалеза, каляровых і рэдкіх металаў, валастаніту, графіту. У верхнім Д. выяўлены вял. запасы падземных вод.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬФСТРЫ́М (Gulf Stream),

сістэма цёплых цячэнняў у паўн. ч. Атлантычнага ак. Цягнецца на 10 тыс. км ад п-ва Фларыда да Вял. Ньюфаўндлендскай банкі (уласна Гальфстрым) і далей да а-воў Шпіцберген і Новая Зямля (Паўночна-Атлантычнае цячэнне). Фарміруецца ў паўн. ч. Фларыдскага праліва як сцёкавае цячэнне Мексіканскага зал., рухаецца на Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Амерыкі, жывіцца водамі Паўн. Пасатнага і Гвіянскага цячэнняў. На Пд (у Фларыдскім прал.) Гальфстрым мае шыр. 75 км, таўшчыню патоку 700—800 м, скорасць да 10 км/гадз, т-ра вады на паверхні ад 24 да 28 °C, расход вады каля 25 млн. м³/с (у 20 разоў перавышае расход усіх рэк зямнога шара). У акіяне Гальфстрым злучаецца з Антыльскім цячэннем і на 38° паўн. ш. яго расход дасягае 82 млн. м³/с. Каля Вял. Ньюфаўндлендскай банкі шыр. 200 км, т-ра вады на паверхні ад 10 да 20 °C; скорасць да 4 км/гадз, каля берагоў Еўропы — 0,4—0,7 км/гадз. Сярэднегадавая салёнасць 36—36,4‰, макс. — 36,5‰ на глыб. 200 м. Да паўд. ускраіны Вял. Ньюфаўндлендскай банкі да Гальфстрыма падыходзіць з Пн халоднае Лабрадорскае цячэнне, на мяжы з якім адбываецца перамешванне і апусканне паверхневых вод. У сістэму Гальфстрыма ўваходзяць адгалінаванні Паўн.-Атлантычнага цячэння — Нарвежскае цячэнне, Ірмінгера цячэнне і Нардкапскае цячэнне. Гальфстрым аказвае значны ацяпляльны ўплыў на клімат, гідралагічныя і біял. ўмовы паўн. ч. Атлантычнага ак. і Паўн.-Ледавіты ак., а таксама на клімат Еўропы. Гальфстрым выяўлены ў 1513 ісп. экспедыцыяй пад камандаваннем Х.​Понсе дэ Леона. У 1770-я г. Бенджамін Франклін нанёс напрамкі руху цячэння на геагр. карты. З 1966 Акіянаграфічнае ўпраўленне ВМС ЗША выдае штомесячную зводку па Гальфстрыму, у якой апісваецца яго стан у Паўн. Атлантыцы і фіз. якасці.

Літ.:

Толмазгин Д.М. Океан в движении. Л., 1976;

Дрейк Ч. и др. Океан сам по себе и для нас: Пер. с англ. М., 1982.

К.​К.​Кудло.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАЗНА́ЎСТВА,

навука пра лес, яго фарміраванне, структуру, экалогію, біялогію, развіццё, сувязь з навакольным асяроддзем; тэарэтычная аснова лесаводства. Уключае лясную тыпалогію. Карыстаецца метадамі глебазнаўства (пры вывучэнні лясных глеб), кліматалогіі (пры вывучэнні фітаклімату ў лесе), фізіялогіі раслін (пры даследаванні фізіял. працэсаў у фітацэнозах), біяхіміі (пры вывучэнні кругавароту рэчываў паміж ляснымі фітацэнозамі і глебай), дэндралогіі, матэм. статыстыкі і інш. навук.

На Беларусі тыпалагічныя даследаванні лясоў праводзілі рас. лесаводы Н.​К.​Генко у Белавежскай пушчы (1902—03) і А.​А.​Крудзенер (1909). Асновы Л. як навукі закладзены ў 1920-я г. ў Горацкім с.-г. ін-це і Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі (пасля іх аб’яднання — БСГА), на Мінскай, Жорнаўскай і Цэнтр. лясных доследных станцыях (В.​І.​Пераход, Г.​М.​Высоцкі, С.​П.​Мельнік, Д.​І.​Таўсталес). Вяліся гідралагічныя і тыпалагічныя даследаванні лясоў, вывучэнне сезоннага развіцця дрэвавых і кустовых відаў і інш. У 1930 створаны Бел. НДІ лясной гаспадаркі (з 1993 Ін-т лесу Нац. АН Беларусі) і Бел. лесатэхн. ін-т (з 1993 Бел. тэхнал. ун-т). Даследаванні па Л. праводзяцца таксама ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі, у запаведніках.

Распрацаваны тэарэт. асновы класіфікацыі тыпаў лесу, іх эколага-фітацэнатычная характарыстыка, метады вывучэння тыпаў лесу па цэнаэлементах, вызначана фармавая разнастайнасць лесаўтваральных парод, вывучаны пытанні плоданашэння і прыроднага аднаўлення лесу, прапанаваны класіфікацыя дрэў у насаджэннях і спосабы іх біял. ацэнкі. Даследаваны глебавыя працэсы пад лесам, біял. кругаварот азоту і попельных элементаў у сістэме лес — глеба, экалагічнае і фітакліматычнае асяроддзе ў лесе, уплыў кіслотнасці глебы, вільготнасці і светлавога рэжыму на дрэвавыя пароды. Выяўлены ўздзеянне экалагічных фактараў на фізіял. і біяхім. працэсы, заканамернасці ўплыву рэжыму і балансу грунтавых вод і глебавай вільготнасці на прадукцыйнасць лясных фітацэнозаў, эколага-фізіял. працэсы ўзаемадзеяння раслін у фітацэнозах. Вядзецца комплекснае вывучэнне ўзаемасувязі кампанентаў лясных біягеацэнозаў, вызначэнне і мадэліраванне гал. эколага-фітацэнатычных параметраў, экалагічны і радыялагічны маніторынг лясных біягеацэнозаў і інш.

т. 9, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)