ГАЛАМЯ́НКІ (Comephorus),

адзіны род рыб сям. галамянкавых атр. скарпенападобных. 2 віды: галамянка вялікая (Comephorus baicalensis) і галамянка малая (Comephorus dybowski) — эндэмікі воз. Байкал. Пелагічныя рыбы, жыццё праводзяць у тоўшчы вады на глыб. 100 м і болей.

Даўж. верацёнападобнага, паўпразрыстага цела 13—23 см, маса 15—64 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела голае, бледна-ружовага колеру з перламутравым адлівам. Грудныя плаўнікі доўгія, брушныя адсутнічаюць. Кормяцца пелагічнымі ракападобнымі, радзей сваімі маляўкамі. Жывародныя, характэрна малая колькасць самцоў (у галамянкі вялікай — 3% ад агульнай колькасці рыб, у галамянкі малой — 12—20%). У целе галамянкі вялікай да 33% тлушчу, які выкарыстоўваецца ў медыцыне. Здабываюцца дзеля тлушчу. Асноўны корм байкальскага цюленя.

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЛЮ́ХА, гарчак жоўты (Picris),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Міжземнамор’і і Паўн. Афрыцы. На Беларусі зрэдку ў лясах, хмызняках, на лугах, як пустазелле на палях трапляецца гарлюха ястрабковая (P. hieracioides) і як рэдкая занесеная расліна каля дарог — гарлюха цвёрдая (P. rigita).

Адна-, двух-, радзей шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. Да 1 м. Лісце цэльнае, чаргаванае, падоўжана- або эліпсоідна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных на канцы сцябла ў парасона- ці шчыткападобныя мяцёлкі Плод — сямянка з чубком. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, крыху слабіцельны і болепатольны сродак) і меданосныя расліны; некат. віды — пустазелле.

Гарлюха ястрабковая.

т. 5, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫ́ЧКАВАЧКА (Gentianella),

род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі зрэдку трапляюцца гарычкавачка гаркаватая (G. amarella), гарычкавачка язычковая (G. lingulata) і гарычкавачка багнавая (G. uliginosa). Растуць на сухіх і вільготных лугах, лясных палянах, у поймах і па берагах рэк.

Адна- і двухгадовыя травяністыя расліны з голым пустым прамастойным сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, шырокаэліптычнае або лінейнае, ніжняе часта ў разетцы Кветкі сіняватыя або блакітныя, радзей жаўтавата-белыя і светла-жоўтыя, 4—5-членныя, сабраныя ў гронка- ці мяцёлкападобныя суквецці, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі), фарбавальныя, кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны.

т. 5, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГАНТАПІТЭ́К [ад грэч. gigas (gigantos) волат, гігант + pitēkos малпа],

род буйных выкапнёвых чалавекападобных малпаў, якія пражывалі ў паўд. і паўд.-ўсх. Азіі ў сярэдзіне антрапагену. У 1935—58 знойдзены 4 ніжнія сківіцы і больш за 1000 асобных вельмі вялікіх зубоў гігантапітэка (карэнныя зубы ў 6 разоў большыя за адпаведныя зубы сучаснага чалавека). Памеры цела гігантапітэка значна большыя, чым у чалавека (існуюць меркаванні, што гігантапітэк быў буйнейшы за гарылу і, магчыма, перасягаў 2,5 м). Па некат. адзнаках будовы зубной сістэмы гігантапітэк падобны да чалавека (адносна невялікія іклы), але ўся сківіца мае спецыялізацыю, характэрную для чалавекападобных малпаў.

Тры няпоўныя ніжнія сківіцы гігантапітэка.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМНАКАЛЕ́Я (Gymnocolea),

род пячоначных імхоў сям. лафозіевых. Вядомы 2 віды. Адзін з іх пашыраны пераважна ў паўн. раёнах Паўн. паўшар’я, другі — ў Паўд. паўшар’і. На Беларусі 1 від — гімнакалея ўздутая (G. inflata), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Расце на алігатрофных балотах, па берагах азёр. Трапляецца толькі ў Мядзельскім р-не.

Двухдомная невялікая гіграфільная расліна. Дзярнінкі шырокія, ад светла-зялёных да чырванаватых або цёмна-бурых. Парасткі даўж. да 2,5 см, часта з падверхавінкавымі галінкамі. Лісце коса прымацаванае, да 1/4—1/3 двухлопасцевае. Перыянцый (абгортка архегоніяў) ад амаль шарападобнага да адваротнаяйцападобнага або грушападобнага. Каробачка на ножцы, цыліндрычная, раскрываецца ўздоўж створкамі.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

т. 5, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМНАСПАРА́НГІЙ (Gimnosporangium),

род базідыяльных грыбоў сям. пукцыніевых. Вядома каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Японіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі часцей трапляецца гімнаспарангій звычайнаядлоўцавы (G. juniperinum), гімнаспарангій рагацікападобны (G. clavariforme), гімнаспарангій дрыжалкападобны (G. tremelloides), гімнаспарангій казацкаядлоўцавы (G. salinae). Двухдомныя паразіты, выклікаюць іржу раслін, пераважна грушы, яблыні, рабіны, глогу.

У цыкле развіцця грыбоў 4 стадыі (базідыі, спермагоніі, эцыдыі, тэлейталожы) з характэрным споранашэннем — базідыяспоры, спермацыі, эцыдыяспоры (звычайна развіваюцца на яблыні і грушы), тэлейтаспоры (на ядлоўцы). Міцэлій зімуе ў галінках ядлоўца. Вясной развіваюцца базідыяспоры, якія заражаюць маладое лісце яблыні. Эцыдыяспоры восенню пераносяцца ветрам на ядловец (на звычайны — іржа яблыні, на казацкі — іржа грушы) і развіваюць міцэлій.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДЫ́Ш (Laserpitium),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. У Беларусі зрэдку трапляюцца гладыш прускі (L. prutenicum) і шыракалісты (L. latifolia). Растуць у шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах, хмызняках, на высечках.

Шмат-, радзей двухгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным коранем і галінастым сцяблом выш. да 150 см. Лісце доўгачаранковае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя ці жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з крылатымі рэбрамі. Лек. расліны (настойку кораня выкарыстоўваюць пры хваробах страўніка, печані, жаночых захворваннях, як мачагоннае), маюць эфірны алей гераніёл, які ўжываецца ў парфумернай і харч. прам-сці, у касметыцы.

Г.​У.​Вынаеу.

Гладыш шыракалісты.

т. 5, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́ЙНІКІ (Rhantus),

род жукоў сям. плывунцоў. 82 віды. Жывуць у стаячых або з павольным цячэннем водах сажалак, рачных затокаў, лясных рэк і ручаёў, часовых вадаёмаў. На Беларусі 9 відаў. Часцей трапляюцца глейнік плямагруды (Rh. notatus), глейнік чарнабрухі (Rh. suturellus) і глейнік жаўтабрухі (Rh. exoletus). Глейнік невядомы (Rh. incognitus) занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. 7—14 мм. Цела круглаватае, злёгку пукатае. Пярэдняспінка жоўтая, зрэдку з чорнай плямай пасярэдзіне. Надкрылы жоўтыя са шматлікімі чорнымі крапінкамі. Лічынкі з падоўжаным целам, рухомыя. Кукалкі развіваюцца на сушы. Дарослыя і лічынкі драпежнікі. Пры масавым размнажэнні шкодзяць рыбнай гаспадарцы. Адначасова карысныя — знішчаюць лічынак і кукалак камароў.

Глейнікі: 1 — невядомы; 2 — плямагруды.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЯЗДО́ЎНІК (Neottia),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы і Азіі. На Беларусі зрэдку трапляецца гняздоўнік звычайны, або сапраўдны (N. nidus-avis). Расце ў цяністых хвойных і мяшаных лясах. Сапратроф. Цвіце ў маі—чэрвені.

Шматгадовыя жаўтавата-бурыя травяністыя расліны з тоўстым голым узыходным сцяблом выш. да 50 см. Карэнішча кароткае, з мясістымі каранямі, якія ўтвараюць шчыльнае спляценне накшталт птушынага гнязда (адсюль назва). Лісце сядзячае, лускападобнае, без хларафілу. Кветкі жаўтавата-бурыя, з адтапыранай двухраздзельнай верхняй губой, з мядовым пахам, сабраныя ў шматкветную доўгую гронку. Плод — шматнасенная каробачка. Лек. (проціглісны сродак) расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Гняздоўнік звычайны.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖДЖАВІ́К (Lycoperdon),

род базідыяльных грыбоў-гастэраміцэтаў парадку дажджавіковых. Каля 50 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі найб. вядомыя Д. жамчужны, або шыпаваты, ці сапраўдны (L. perlatum), Д. грушападобны (L. pyriforme), таксама адзначаны Д. маленькі (L. pusillum), Д. імшысты (L. muscorum), Д. вожыкападобна-калючы (L. echinatum). Ядомыя ў маладым узросце.

Пладовыя целы шара-, груша-, галоўчатападобныя, сядзячыя або з несапраўднай ножкай, з белымі ніткамі міцэлію каля асновы, дыям. 1—20 см. Абалонка (перыдый) 2-слаёвая. Вонкавы слой шыпаваты, ігольчасты, дробнабародаўчаты, лёгка ападае, унутраны — буры, падобны на паперу. Глеба (мякаць) белая, мяккая, пры выспяванні бледна-аліўкавая, парашкаватая. Споры шарападобныя, гладкія або бародаўчатыя, часам з доўгімі прыдаткамі.

Дажджавік жамчужны.

т. 6, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)