АБРАМО́ВІЧ (Эміль Абрамавіч) (ліп. 1864, Гродна — 4.4.1922),
адзін з першых прапагандыстаў марксізму на Беларусі. Скончыў Гродзенскую гімназію (1882), вучыўся на мед. ф-тах Парыжскага (1882—84) і Дэрпцкага (Тартускага, 1884—88) ун-таў. У 1884 арганізаваў у Мінску гурток друкарскіх рабочых с.-д. кірунку. У 1886—87 вёў прапаганду ў Вільні, меў сувязі з народнікамі. У 1889 стварыў с.-д. гурток у Кіеве, дзе арыштаваны і высланы ў Сібір. У 1896 у Мінску, неўзабаве выехаў на Ленскія прыіскі. У 1912 за артыкул для «Правды» пра Ленскі расстрэл сасланы ў Табольскую губ. У 1914—15 служыў урачом у арміі. З 1917 працаваў у Саратаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АА́С (OAS; Organisation de l’Armée Secrète сакрэтная ўзбр.арг-цыя),
экстрэмісцкая арг-цыя, якая ўзнікла ў 1961 у Францыі і Алжыры ў час вызв. вайны алж. народа (1954—62). Каб не дапусціць абвяшчэння незалежнасці Алжыра, учыніла там у крас. 1961 путч, пасля правалу якога разгарнула крывавы тэрор у Алжыры і Францыі, выступіла супраць Франц. рэспублікі, 8.9.1961 арганізавала замах на ген. Ш. дэ Голя. Пасля падпісання Эвіянскіх пагадненняў 1962 большасць франц. насельніцтва, нягледзячы на пагрозы ААС, тэрмінова пакінула Алжыр. 20.4.1962 у Алжыры арыштаваны адзін з кіраўнікоў ААС ген. Салан, што пазбавіла арг-цыю цэнтралізаванага кіраўніцтва. Пасля атрымання Алжырам незалежнасці (1962) ААС перамясцілася ў Францыю і суседнія з ёю краіны, неўзабаве была абясшкоджана.
рус. філосаф, сацыёлаг. У 1860-я г. вывучаў юрыспрудэнцыю ў Маскоўскім і Пецярбургскім ун-тах. Супрацоўнічаў у час. «Мысль», «Русское богатство» і інш. Распрацоўваў праблемы эстэтыкі, сацыялогіі, маралі асобы і грамадскага развіцця. Лічыў, што ўяўленне пра з’явы аб’ектыўнага свету не тоесныя з аб’ектыўнай рэальнасцю; свядомая воля заўсёды матывавана. На яго думку, філасофія павінна ахопліваць і вобласць пачуццяў, і сутнасць свету; матэрыялізм і пазітывізм не задавальняюць гэтых патрабаванняў, таму што даюць толькі адзін з элементаў свету, яго матэрыяльны падмурак замест цэлага.
Тв.:
Развитие чувствований и опыт их новой классификации. Спб., 1884;
Научные основы красоты и искусства. Спб., 1902;
История мысли: Опыт критич. философии. Спб., 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БЕРДЗІ́Н, Эбердзін (Aberdeen),
горад у Вялікабрытаніі (Шатландыя). Адм. ц. раёна Грампіян. 216,9 тыс.ж. (1992). Порт на Паўночным м., вузел чыгунак і шашэйных дарог, у вусці р. Ды.
Засн. каля 700. Адзін з першых асяродкаў хрысціянства ў Шатландыі. У 12—14 ст. рэзідэнцыя шатл. каралёў. Пасля разбурэння англ. войскамі ў 1336 побач з старым пабудаваны новы Абердзін. У 1860 каралеўскі (1494) і маршальскі (1593) калегіумы аб’яднаны ва ун-т. Арх. помнікі 14—19 ст., у т. л. гатычны гранітны сабор (1336—1522).
Арганізацыйны цэнтр па абслугоўванні нафтаздабычы ў Паўночным моры. Рыбаперапр., цэлюлозна-папяровая, хім. (у т. л.вытв-сць угнаенняў) прам-сць, машынабудаванне. Каля Абердзіна — гранітныя кар’еры. Цэнтр турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТАМІ́Н,
L-p-амід-L-глутамінавай кіслаты, C5H10O3N2, заменная амінакіслата ў раслін, жывёл і мікраарганізмаў; амінакіслотны кампанент бялкоў і поліпептыдаў. У свабодным стане ў значнай колькасці ёсць у раслін, сардэчнай і шкілетных мышцах, мозгу. Важнейшае злучэнне азоцістага абмену, з дапамогай якога пераносяцца амінагрупы (пераамінаванне). Пры ўтварэнні глутаміну з глутамінавай к-ты ў раслін і многіх жывёл абясшкоджваецца таксічны аміяк. Адзін з прадуктаў першаснага звязвання малекулярнага азоту клубеньчыкавымі бактэрыямі і свабодна жывучымі азотфіксатарамі. Дае пачатак біясінтэзу шэрагу амінакіслот (трыптафану, гістыдзіну, гліцыну, аспарагіну, аланіну і інш.), пурынавых і пірымідзінавых асноў, гексозаміну, рыбафлавіну, фоліевай к-ты і інш.; можа ператварацца ў 1-кетаглутарат — прамежкавы прадукт цыкла лімоннай к-ты, які пастаўляе вуглярод на сінтэз глюкозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ДАРД ((Goddard) Роберт) (5.10.1882, г. Вустэр, штат Масачусетс, ЗША — 10.8.1945),
амерыканскі вучоны, адзін з заснавальнікаў ракетнай тэхнікі. Скончыў Вустэрскі політэхн.ін-т (1908). З 1914 ва ун-це Кларка (г. Вустэр; з 1919 праф.). У 1942—45 дырэктар Даследчага авіяц. бюро пры мін-ве ВМФ ЗША. Навук. працы па тэорыі касманаўтыкі, стварэнні і выкарыстанні вадкасных ракет. Аўтар 214 патэнтаў на вынаходствы ў галіне ракетнай тэхнікі. Правёў першы ў свеце запуск ракеты з вадкасным ракетным рухавіком (1926). Імя Годарда прысвоена амер. Цэнтру касм. палётаў НАСА і кратэру на Месяцы. Кангрэс ЗША заснаваў медаль Годарда за дасягненні ў галіне ракетабудавання (1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства канца 18 ст. Пабудавана ў гіст. раёне Гомеля на беразе р. Сож. Раней тут быў храм старавераў пад назвай Спасаў. Пасля на яго месцы пабудавана драўляная Ільінская царква, у 1794 перабудавана. Побач з ёй існаваў мужчынскі і жан. скіт старавераў. У 1850 скіт і царква закрыты; абразы і рэдкія кнігі перададзены ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. З 1852 царква зноў дзейнічае, у 1853 пры ёй засн. аднаверскі прыход. Будынак царквы складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефа і бабінца прамавугольныя ў плане, алтарнай апсіды — 5-гранны. Над бабінцам надбудавана шмат’ярусная вежа-званіца (васьмярык на чацверыку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НТА (Іван) (?, с. Расошкі Чаркаскай вобл., Украіна — 1768),
адзін з кіраўнікоў Калііўшчыны — антыпольскага паўстання 1768 на Правабярэжнай Украіне. Быў казаком у надворным войску польскіх магнатаў Патоцкіх. З 1757 сотнік у г. Умань — цэнтры іх уладанняў. У час наступлення гайдамацкага войска на чале з М.Залізняком на Умань у чэрв. 1768 Гонта разам з атрадам надворных казакоў перайшоў на бок паўстанцаў. Пад кіраўніцтвам Залізняка і Гонты гайдамакі ўзялі штурмам Умань; Гонта быў абвешчаны паўстанцамі уманскім палкоўнікам. У час сустрэчы з камандаваннем рас. войск, накіраваных на падтрымку польскага боку для ліквідацыі паўстання, арыштаваны і выдадзены польскім уладам. Пакараны смерцю паблізу г. Магілёў-Падольскі. Маст. вобраз Гонты створаны Т.Р.Шаўчэнкам у паэме «Гайдамакі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДАВЫ́Я СЛАІ́,
1) у раслін — слаі прыросту драўніны, утвораныя камбіем у выніку сезоннай перыядычнасці яго дзейнасці. Найб. выяўлены ў дрэвавых раслін умераных і халодных паясоў, дзе яны адпавядаюць прыросту драўніны за адзінвегетац.перыяд. Нарастаюць ад цэнтра да перыферыі і складаюцца з дзвюх частак — ранняй (больш светлая, размешчана бліжэй да цэнтра, адкладаецца вясной) і позняй (больш цёмная, адкладаецца летам) драўніны. Бачныя на папярочным зрэзе ствала дрэва ў выглядзе канцэнтрычных гадавых кольцаў.
2) У жывёл — утварэнні ў некаторых тканках (напр., у лусцэ рыб, ракавінах малюскаў, кіпцюрах млекакормячых, хрусталіку іх вока), якія штогод адкладаюцца і працягла (часам усё жыццё) захоўваюцца. Адлюстроўваюць сезонныя змены тэмпу росту тканкі, што дазваляе вызначаць узрост асобін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУХО́ЎСКІ ((Gołuchowski) Юзаф) (11 або 14.4.1797, мяст. Лончкі Кухарскія, Польшча — 22.11.1858),
польскі філосаф, адзін са стваральнікаў т.зв.нац. філасофіі. Праф. філасофіі Віленскага ун-та (1823—24). Паслядоўнік Ф.Шэлінга. Праціўнік матэрыялізму. Аўтар канцэпцыі «дзяржава—народ» як боскае стварэнне са своеасаблівым нац. духам. Мэтай філасофіі лічыў выражэнне гэтага духу. Аўтар прац «Філасофія ў яе адносінах да жыцця ўсяго чалавецтва і кожнага чалавека паасобку» (1822), «Разважанні над найгалоўнейшымі праблемамі чалавека...» (т. 1—2, 1861) і інш. Выступаў супраць усеўладдзя розуму, прызнаваў першынство пачуццёвасці і інтуіцыі. Выказваў ідэі класавага супрацоўніцтва, быў праціўнікам радыкальнага вырашэння сял. пытання і падтрымліваў прыгон. Паўплываў на філаматаў, філарэтаў і іншыя т-вы на Беларусі і ў Літве.