ДУБ, дубок,

выдзеўбаная дубовая лодка, вял. човен. Рабілі пераважна ў бас. Дняпра і Прыпяці, дзе яны хадзілі да канца 19 ст. Памеры залежалі ад дыяметра ствала дрэва і прызначэння. Выкарыстоўваўся для перавозкі грузаў і людзей, рэгулявання сплаву лесу (плытоў), у якасці платформы для парома. Прыпяцкія Д. ў час разліву замянялі паромы, маглі перавозіць 2 параконныя вазы. З-за драпежнага вынішчэння гаёў у 2-й пал. 19 ст. рабілі дашчаныя Д. з хвоі і асіны.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 6, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДЗІН (Аляксандр Мікалаевіч) (23.7.1953, г. Спаск-Дальні, Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1976), дзе і працуе. Навук. працы па стахастычных працэсах абслугоўвання ў сістэмах са зменнымі рэжымамі функцыянавання і даследаванні тэлекамунікацыйных сетак.

Тв.:

Практикум на ЭВМ по теории массового обслуживания. Мн., 1994 (разам з Г.​А.​Мядзведзевым, Ю.​В.​Мелянцом);

Расчет характеристик однолинейной системы обслуживания, функционирующей в марковской синхронной случайной среде (разам з В.​І.​Клімянок) // Автоматика и телемеханика. 1997. № 1.

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛАНО́ВА (Villanova),

культура ранняга жал. веку, плямёны якой у 9—5 ст. да н.э. насялялі Паўн. Італію. Назва ад паселішча Віланова каля Балонні, дзе выяўлены характэрныя для культуры віланова пахаванні з трупаспаленнем. Насельніцтва жыло ў буйных паселішчах, якія былі рамеснымі цэнтрамі вырабу бронзавых рэчаў. Плямёны знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі больш выразную, чым у бронзавым веку, маёмасную дыферэнцыяцыю, патрыярхальнае рабства. Носьбіты культуры віланова, магчыма, умбры, у 7—6 ст. да н.э. заваяваны этрускамі.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛА (Rutilus rutilus caspicus),

рыба сям. карпавых, падвід плоткі. Жыве ў Каспійскім м., недалёка ад берагоў. Паўпрахадная, чародная рыба.

Даўж. да 35 см (зрэдку да 50 см), маса да 800 г. Спінны плаўнік кароткі, грудныя, брушныя і анальныя плаўнікі звычайна цёмныя. Рот паўніжні. Корміцца пераважна малюскамі, таксама ракападобнымі, лічынкамі хіранамід і расліннасцю. На нераст вясной заходзіць у р. Волгу, Церак, Урал, Эмбу. Маляўкі скочваюцца ў мора, дзе жывуць да палавой спеласці (2—5 гадоў). Аб’ект промыслу. Колькасць скарачаецца.

т. 4, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЬКО́, Данько-Аляксеенка Наталля Якаўлеўна (1892, Тбілісі — 18.3.1942), рускі скульптар-кераміст. У 1900—08 вучылася ў прыватных студыях і вучылішчах Масквы, Вільні, Пецярбурга. З 1914 працавала ў Петраградзе на імператарскім (з 1918 дзяржаўны) фарфоравым з-дзе. Стварыла больш за 300 паліхромных фарфоравых груп, фігурак, рэльефных пасудзін і скульпт. настольных прыбораў (у т. л. творы т.зв. агітацыйнага фарфору), якія вызначаюцца пластычнай выразнасцю матэрыялу, развіццём традыцый рус. нар. керамікі і маст. фарфору.

Літ.:

Овсянников Ю.М. Скульптор в красном халате. М., 1965.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАПЕЙРО́НА—КЛА́ЎЗІУСА ЎРАЎНЕ́ННЕ,

дыферэнцыяльнае ўраўненне, якое ўстанаўлівае сувязь паміж ціскам і т-рай чыстага рэчыва ў станах, што адпавядаюць фазавым пераходам I роду (выпарэнню, плаўленню, сублімацыі і інш.). Мае выгляд: dp / dT = r TΔV , дзе p — ціск, Tабс. т-ра, r — удзельная цеплата фазавага пераходу і ΔV — рознасць удзельных аб’ёмаў фаз рэчыва. Прапанавана ў 1834 Б.П.Э.Клапейронам і ўдасканалена ў 1850 Р.Ю.Э.Клаўзіусам. Можа выкарыстоўвацца для вызначэння кожнай з велічынь, што ў яго ўваходзяць.

т. 8, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́БА (Генадзь Якаўлевіч) (н. 5.6.1939, г. Варонеж, Расія),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1977), праф. (1979). Скончыў Куйбышаўскі політэхн. ін-т (1961), дзе і працаваў. З 1967 у БДУ, адначасова (з 1989) у НДІ фіз.-хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы арган. рэчываў, статыст. тэрмадынаміцы, тэрмадынамічным аналізе энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій.

Тв.:

Термодинамика и равновесия изомеров. Мн., 1986 (разам з Г.​М.​Роганавым, М.​Л.​Фрэнкелем);

Термодинамические характеристики реакций изомеризации. Мн., 1988 (з імі ж).

т. 7, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЬЧУ́К (Людміла Мікалаеўна) (н. 14.9.1955, г. Ангарск Іркуцкай вобл., Расія),

бел. мастак-кераміст. Скончыла Абрамцаўскае маст.-прамысл. вучылішча (1976, Масква), Бел. ун-т культуры (1994). З 1978 на Добрушскім фарфоравым з-дзе, з 1990 на эксперым. керамічным аб’яднанні «Даламіт». Творы вызначаюцца дэкаратыўнасцю форм, кантрастнымі суадносінамі каларыту, багаццем колеравай палітры: «Да сустрэчы», «Вып’ем за Абрамцава» (абодва 1995), «Карнавал», «Сумны рыцар з Ламанчы» (абодва 1996), «Зімовыя забавы», «Жанчына ў капелюшы» (абодва 1997).

Г.​А.​Фатыхава.

Л.Кавальчук. Да сустрэчы. 1995.

т. 7, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАМЫ́ЙКАВЫ ВЕРШ,

14-складовы верш, кожны радок у якім разбіты пастаяннымі паўзамі на 3 групы (4 + 4 + 6). Радкі звязаны сумежнай рыфмоўкай. Трапляецца ў нар. укр. прыпеўках — каламыйках (адсюль назва), некаторых бел. нар. песнях. Пашыраны і ў пісьмовай паэзіі (Т.​Шаўчэнка, С.​Руданскі, Я.​Купала, М.​Багдановіч і інш.), дзе кожны вершарад запісваецца ў 2 радкі — цэзура становіцца міжрадковай паўзай: «Ночка цёмная глядзела // Ды цямнейшай стала, // Адна зорка мігацела — // І тая прапала» («Бандароўна» Я.​Купалы).

В.​П.​Рагойша.

т. 7, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ БАГУШЭ́ВІЧА,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 500 м на З ад в. Кушляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., дзе жыў Ф.​К.​Багушэвіч. Гранітны валун. Даўж. 2,6 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,5 м, у абводзе 6,5 м, аб’ём 2,7 м³, маса каля 7 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. На бакавой роўнай пляцоўцы высечана «Pamięci Macieja Buraczka 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка 1900 г.).

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)