ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад. канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж. пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАФІЗІ́ЧНАЯ ПРАБЛЕ́МА,

у шырокім сэнсе — пытанне пра суадносіны псіхічных і фізічных з’яў; у вузкім — пра суадносіны псіхічных і фізіялагічных (нервовых) працэсаў. Думка пра залежнасць псіхікі (душэўных выяўленняў) ад прыроды і цела з’явілася ўжо ў стараж.-грэч. натурфіласофіі. Навук. распрацоўка П.п. пачалася ў філасофіі 17 ст., калі ўсталявалася механіст. карціна свету і псіхічныя з’явы разглядаліся як неаддзельныя ад цела і падпарадкаваныя законам сусвету. Узніклі 2 процілеглыя варыянты вырашэння П.п.: псіхафізічнае ўзаемадзеянне (Р.​Дэкарт) і псіхафізічны паралелізм (Г.​Лейбніц). Паводле Дэкарта, свядомасць з’яўляецца субстанцыяй, якая адрозніваецца ад цела, але, з аднаго боку, залежыць ад яго (пры афектах, адчуваннях і інш.), з другога — уздзейнічае на цела (напр., пры валявым намаганні). Прыхільнікі псіхафіз. паралелізму сцвярджалі, што псіхічныя і фіз. працэсы працякаюць паралельна, без узаемадзеяння (Н.​Мальбранш, Д.​Гартлі). Ідэя псіхафіз. паралелізму набыла папулярнасць у 19 ст. Але вучэнне Ч.​Дарвіна патрабавала разумець псіхіку як актыўны рэгулятар жыццёвых працэсаў. Узніклі новыя канцэпцыі П.п.; атаясамліванне псіхічнага і фізічнага і іх адрозненне толькі па функцыях, «комплексных адчуваннях» (У.​Джэмс, Э.​Мах); сцвярджэнне невырашальнасці П.п. навук. сродкамі (гл. Неапазітывізм). На стыку псіхалогіі і нейрафізіялогіі вылучылася псіхафізіялогія, якая вывучае розныя формы залежнасці псіхічных актаў ад іх фіз. субстрату і ролю гэтых актаў у арг-цыі і рэгуляцыі жыццядзейнасці.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГЕНЕРА́ЦЫЯ (ад позналац. regeneratio аднаўленне, вяртанне) у біялогіі, аднаўленне арганізмам страчаных або пашкоджаных органаў і тканак (уласна Р.), а таксама аднаўленне цэлага арганізма з яго частак (саматычны эмбрыягенез, вегетатыўнае размнажэнне). Здольнасць да Р. — універсальная ўласцівасць жывога. Бывае ў натуральных умовах і выклікаецца эксперыментальна. Аснова — заканамернасці, характэрныя для нармальнага развіцця. У жывёл і чалавека адрозніваюць рэпаратыўную Р. (утварэнне новых структур узамен страчаных ці тых, што загінулі ў выніку пашкоджання) і фізіял. Р (утварэнне новых структур узамен страчаных у працэсе нармальнай жыццядзейнасці). Найб. пашыраная фізіял. Р., напр., цыклічнае аднаўленне клетак крыві, некат. эпітэліяльных тканак у арганізме млекакормячых жывёл. У шэрагу ніжэйшых беспазваночных магчыма Р. цэлага арганізма з невял. кавалачка цела; у земнаводных — цэлых канечнасцей, хваста, розных ч. вока, унутр. органаў і тканак; у млекакормячых і чалавека магчыма Р. толькі асобных тканак. Да Р. блізкія інш. ўзнаўленчыя працэсы — рубцаванне ран, новаўтварэнні тканак (гіперплазія, гіпертрафія). У раслін адбываецца на месцы страчанай ч. цела (напр., рана на галінцы пакрываецца калусам) ці на інш. месцах (напр., замест адрэзанага верхавінкавага парастка развіваюцца бакавыя парасткі). Як біял. прыстасаванне Р. забяспечвае зарастанне ран, аднаўленне страчаных органаў, вегетатыўнае размнажэнне. Мае значэнне для раслінаводства, пладаводства, садаводства, лесаводства і інш.

Літ.:

Мэттсон П. Регенерация — настоящее и будущее: Пер. с англ. М., 1982;

Карлсон Б.М. Регенерация. М., 1986.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛЯТЫВІ́ЗМ (ад лац. relativus адносны),

метадалагічны прынцып, паводле якога ўсё ў свеце адноснае. Сустракаецца ў розных галінах пазнання і практыкі. Гнасеалагічны Р. узыходзіць да вучэння стараж.-грэч. сафістаў, паводле якога ўсе веды павінны разглядацца толькі як адносна правільныя ў сувязі з тым, што іх змест залежыць ад суб’екта пазнання («чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў»), ад яго душэўнага і фіз. стану (Горгій, Пратагор). У 16—17 ст. Р. выкарыстоўвалі для крытыкі рэліг. догматаў і метафізікі (П.​Бейль, М. дэ Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі). З 18 ст. распаўсюджваецца анталагічны Р., прыхільнікі якога не прызнавалі існавання аб’ектыўных законаў прыроды і грамадства і абвяшчалі суб’ектывізм пазнання (Дж.​Берклі, Д.​Юм). Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму не пагаджаліся з прынцыпам Р., але прызнавалі адноснасць ведаў, абумоўленасць пазнання ўзроўнем развіцця прадукц. сіл і навукі. На мяжы 19—20 ст. Р. набыў папулярнасць у махізме, неапазітывізме, прагматызме і інш., прадстаўнікі якіх абвяшчалі абсалютную адноснасць ведаў (Э.​Мах, І.​Петцальт) ці іх поўную ўмоўнасць (А.​Пуанкарэ). Этычны Р. абвяшчае адноснасць агульнапрынятых маральных норм, часам выкарыстоўваецца для ігнаравання маральных асноў грамадства, апраўдання амаралізму. Р. характэрны таксама для гістарыяграфіі, мастацтвазнаўства і інш. гуманіт. дысцыплін, у распараджэнні якіх няма адназначна вывераных, дакладных крытэрыяў і ацэнак. Адрозніваюць таксама фізічны Р., які грунтуецца на адноснасці тэорыі.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 14, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНО́РЫКА (ад лац. sonorus гучны, шумны) у музыцы, від кампазіцыйнай тэхнікі, заснаванай на выкарыстанні маляўнічых гучанняў. Звязана з акцэнтаваннем каларыту і фарбаў, іх аўтанамізацыяй, у выніку чаго маляўнічы бок рэгулюе ўвесь гукавы працэс. У гіст.-стылявых адносінах вылучаюць 3 ступені-градацыі, якія адрозніваюцца вышынна-тонавай дыферэнцыяцыяй гучання: каларыстыка, калі тоны ясна адрозніваюцца, але ўзмоцнены фанічны бок гучання (каларыстычная гармонія ў сцэнах зацьмення ў оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна, перазвону ў оперы «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага, каларыстычна афарбаваныя лініі ў эцюдзе «Шум лесу» Ф.​Ліста); санорыка, калі на першае месца выступаюць фарбы і адрозніваецца толькі частка тонаў (санорна афарбаваная і санорная гармонія ў творах К.​Дэбюсі, А.​Скрабіна, І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча, Б.​Бартака, у «Атмасферах» Дз.​Лігеці); санарыстыка, калі выкарыстаны гукі без дакладна вызначанай вышыні, у выніку чаго ўзнікае санарыстычная гармонія і санарыстычны «шум» («Плач па ахвярах Хірасімы» К.​Пендарэцкага, 1-я ч. канцэрта-буф С.​Сланімскага). Прыкметы С. праявіліся ў трактоўцы гармоніі ў творах Ф.​Шапэна, М.​Рымскага-Корсакава, Мусаргскага, П.​Чайкоўскага. Больш дакладна выкарыстоўваецца ў творах кампазітараў 20 — пач. 21 ст. У бел. музыцы С. ўласціва творам Л.​Шлег (вакальна-сімф. дзеянне «Гуканне вясны»), С.​Бельцюкова (для інстр. ансамбля «Стронцый-90», сімфонія № 1), В.​Кузняцова («Канструкцыя для 67 выканаўцаў і магнітафоннай стужкі «Caesium-137»).

Р.​І.​Сергіенка.

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́ЗНІКІ рымскія

(socii),

абшчыны і плямёны, падпарадкаваныя Стараж. Рымам. Пасля страты суверэнітэту ў 338 да н.э. С. не мелі права весці самаст. знешнюю палітыку, павінны былі дапамагаць Рыму войскамі і матэрыяльнымі сродкамі ў час вайны і аддаваць рым. каланістам ч. сваёй зямлі. Паводле асноў самакіравання і правоў, якія даваліся С. у Рыме, абшчыны падзяляліся на розныя катэгорыі. Прывілеяваную групу складалі т. зв. лацінскія С., якія карысталіся поўным самакіраваннем і некат. грамадз. правамі ў Рыме. Большасць грэч. полісаў Італіі былі ўласна С.; іх жыхары, маючы самакіраванне, не валодалі ніякімі правамі рым. грамадзянства. Ніжэйшай катэгорыяй С. з’яўляліся дэдытыцыі; яны карысталіся абмежаваным самакіраваннем і не мелі правоў рым. грамадзянства. Да гэтай катэгорыі належалі б. члены самніцкай федэрацыі (гл. Самніты). Пытанне аб наданні С. правоў рым. грамадзянства ставілася яшчэ ў 2-й пал. 2 ст. да н.э., аднак было вырашана толькі ў выніку паўстання італійскіх плямён (гл. Саюзніцкая вайна 90—88 да н.э.). З канца 2 ст. да н.э. рым. правіцелі пасялялі ў межах імперыі варварскія плямёны ў якасці С., або федэратаў.

Тытул «С. і прыяцель рым. народа» атрымлівалі ад Рыма правіцелі дружалюбных васальных царстваў (напр., цар Нумідыі Масініса і інш.).

Літ.:

Нечай Ф.М. Рим и италики. Мн., 1963;

Маяк И.Л. Взаимоотношения Рима и италийцев в III—II вв. до н.э. М., 1971.

т. 14, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛА́НАЎ (Яўген Фёдаравіч) (н. 6.9.1928, Масква),

расійскі дырыжор, кампазітар, піяніст. Нар. арт. СССР (1968). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1951), Маскоўскую кансерваторыю (1955). З 1955 дырыжор, у 1963—65 гал. дырыжор Вял. т-ра ў Маскве (сярод пастановак: «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава, «Чарадзейка» П.​Чайкоўскага, «Не толькі каханне» Р.​Шчадрына, балеты «Сцежкаю грому» К.​Караева, «Начны горад» на муз. Б.​Бартака і інш.). У 1965—2000 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. сімф. аркестра Расіі (з 1992 — Дзярж. сімф. аркестр пад кіраўніцтвам С.). Першы выканаўца многіх твораў сав. і замежных кампазітараў («Жанна д’Арк на вогнішчы» А.​Анегера, 7-я сімфонія Г.​Малера, шэраг твораў І.​Стравінскага, Бартака, А.​Веберна і інш.). Стварыў унікальную «Анталогію рускай сімфанічнай музыкі ў грамзапісе». Аўтар сімфоній, сімф. паэм «Даўгава», «Святочная», «Каліна чырвоная» (памяці В.​Шукшына), «Рамантычныя балады», тв. для фп., для скр. з арк., камерна-інстр. ансамбляў, хароў, рамансаў і інш. Ленінская прэмія 1972, Дзярж. прэмія Расіі’ 1975, Дзярж. прэмія СССР 1983.

Літ. тв.: Музыка сегодня. 3 изд. М., 1985.

Літ.:

Крылова Л.Л. Е.​Светланов. М., 1986;

Евгений Светланов: Дирижер, композитор, пианист. М., 1987;

Чумакова И.С. Евгений Светланов: Кто он прежде всего? М., 1997.

Л.​А.​Шымановіч.

Я.Ф.Святлянаў.

т. 14, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК фізічных велічынь,

сукупнасць асноўных і вытворных адзінак некаторай сістэмы фізічных велічынь. За асн. (незалежныя) выбіраюцца адзінкі, якія лёгка ўзнаўляюцца ў выглядзе дакладных эталонаў (напр., метр, секунда). Вытворныя адзінкі вызначаюцца праз асн. з дапамогай матэм. суадносін, якія выражаюць фіз. законы ці паказваюць сувязь паміж фізічнымі велічынямі.

Звычайна выбіраецца паслядоўнасць суадносін, у якой кожны наступны выраз мае толькі адну новую фіз. велічыню. Гэта дазваляе вызначыць кожную вытворную адзінку праз сукупнасць раней вызначаных адзінак, а ў выніку — праз асн. адзінкі сістэмы. Першая С.э. — метрычная сістэма мер (асн. адзінкі метр і кілаграм), у сярэдзіне 19 ст. К.​Ф.​Гаўс і В.​Э.​Вебер стварылі адну з абсалютных сістэм адзінак (міліметр, міліграм, секунда), прынцып пабудовы якой увасоблены пры ўвядзенні СГС сістэмы адзінак. У 1901 італьян. вучоны Дж.​Джорджы прапанаваў С.а. МКС (метр, кілаграм, секунда), якая разам з С.а. МКСА (1 м, 1 кг, 1 с, ампер) і МКСК (1 м, 1 кг, 1 с, кельвін) стала асновай для стварэння Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Гл. таксама Натуральная сістэма адзінак.

Літ.:

Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984;

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1989;

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ЗЕМЛЯРО́БСТВА,

комплекс узаемазвязаных агратэхн., меліярац. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў па эфектыўным выкарыстанні зямлі. Забяспечвае расшыранае ўзнаўленне ўрадлівасці глебы, атрыманне ўсё большых ураджаяў і выключае негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць С.з. прымітыўныя (лядна-агнявая, аблогавая, лесапольная і інш.), экстэнсіўныя (папарныя) і інтэнсіўныя. На Беларусі з канца 3-га — пач. 2-га тысячагоддзяў да н.э. была пашырана лядна-агнявая С.з. (лес высякалі, дрэвы спальвалі, а зямлю выкарыстоўвалі пад ворыва); урадлівасць глебы зніжалася і аднаўлялася толькі пад уплывам прыроднай расліннасці. Аблогавая С.з. ўзнікла пры скарачэнні плошчы вольных зямель, неабходнасці вяртання старых участкаў, якія зноў выкарыстоўвалі пад пасевы, а потым запускалі пад аблогу. Пазней, пры выкарыстанні лесапольнай С.з., плошча ўзараных зямель была павялічана, тэрмін аблогі і лесаполля скараціўся, урадлівасць не аднаўлялася. У час феадалізму панавалі экстэнсіўныя С.з. Папарная С.з. прадугледжвала чаргаванне культур — папар, азімыя, яравыя. У канцы 19 ст. ўзнікла і пашыралася травапольная С.з. (гал. недахоп — увядзенне ўсюды бабова-збожжавых сумесей і змяншэнне пасеваў збожжавых культур). Сучасныя інтэнсіўныя С.з. (палепшаная, пладазменная, з кармавымі севазваротамі і інш. спецыялізаваныя) уключаюць севазвароты з травасеяннем, культ. лугаводства з перыядычным перазалужэннем лугоў, апрацоўку глебы з чаргаваннем плужных і бясплужных апрацовак, рацыянальнае ўжыванне арган. і мінер. угнаенняў, вапнаванне глебы, барацьбу з хваробамі, шкоднікамі і пустазеллем, рэгуляванне воднага рэжыму глеб і інш.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХГА́ЛТАРСКІ ЎЛІК,

сістэма суцэльнага і безупыннага дакументальнага адлюстравання ў грашовай форме інфармацыі аб кругаабароце капіталу ў працэсе гасп. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі і інш. юрыд. асоб; адзін з відаў гасп. ўліку, важная функцыя ў кіраванні вытворчасцю. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і нац. стандартамі рахункаводства ўсімі юрыд. асобамі незалежна ад іх арганізацыйна-прававога статуса і формаў уласнасці з моманту ўтварэння і да ліквідацыі. Фіз. асобы (прадпрымальнікі) вядуць улік і даюць фін. справаздачу ў адпаведнасці з патрабаваннямі падатковага заканадаўства. Бухгалтарскі ўлік выконвае 2 асн. функцыі — інфармацыйную (своечасовае, поўнае і аб’ектыўнае інфармаванне службы кіравання пра ход і вынікі гаспадарання) і кантрольную (кантроль за захаванасцю маёмасці прадпрыемства, рацыянальным і эфектыўным выкарыстаннем яго сродкаў, адпаведнасцю гасп. аперацый заканадаўству, статуту прадпрыемства і інш. прававым дакументам). Аб’екты бухгалтарскага ўліку: сродкі прадпрыемства (актывы), крыніцы фінансавання (пасівы), гасп. аперацыі і працэсы, у выніку якіх адбываецца рух (кругаабарот) капіталу. Для адлюстравання гэтага бухгалтарскі ўлік выкарыстоўвае натуральныя (колькасныя) і грашовыя вымяральнікі; з дапамогай апошніх дасягаецца абагульняльная характарыстыка разнародных аб’ектаў у грашовавартасным выражэнні. На кожную асобную гасп. аперацыю (ці іх аднародную групу) складаецца дакумент — носьбіт інфармацыі (афіцыйны бланк пэўнай формы). Каб забяспечыць аб’ектыўнасць і дакладнасць інфармацыі, дакументацыю дапаўняюць інвентарызацыяй. Дакументальна аформленыя гасп. аперацыі і вынікі інвентарызацый адлюстроўваюць на рахунках — спец. двухбаковых табліцах, дзе левая частка — дэбет, правая — крэдыт. Кожную гасп. аперацыю запісваюць у аднолькавай суме ў дэбет аднаго і крэдыт другога рахунка (спосаб двайнога запісу). Узаемасувязь паміж рахункамі наз. карэспандэнцыяй, для адлюстравання якой складаецца ўраўненне гасп. аперацыі, ці праводка, дзе ўказваецца сума, якая адносіцца ў дэбет і крэдыт. Рахункі бухгалтарскага ўліку бываюць актыўныя (улічваюць гасп. сродкі: па дэбеце — паступленне, ці павелічэнне, па крэдыце — іх выбыццё, ці памяншэнне; маюць толькі дэбетавае сальда), пасіўныя (улік крыніц фінансавання сродкаў: астатак і павелічэнне запісваюцца ў крэдыт, памяншэнне — у дэбет) і аперацыйныя (улічваюць асн. гасп. працэсы і фін. вынікі). Адрозніваюць таксама рахункі сінтэтычныя (агульны ўлік гасп. аб’ектаў па аднародных групах толькі ў грашовым выражэнні) і аналітычныя (дэталізуюць змест сінтэтычных рахункаў па асобных відах сродкаў і крыніц фінансавання ў вартасным і ў колькасным выражэнні). Адпаведна бываюць аналітычны ўлік і сінтэтычны ўлік, на аснове звестак якіх складаюцца бухгалтарскі баланс (гл. ў арт. Баланс у эканоміцы) і інш. формы справаздачнасці.

Існуюць розныя формы бухгалтарскага ўліку: журнальна-ордэрная, мемарыяльна-ордэрная, аўтаматызаваная, спрошчаная (гл. Рахункі бухгалтарскага ўліку). Выбар формы бухгалтарскага ўліку залежыць ад узроўню яго аўтаматызацыі і цэнтралізацыі, памераў прадпрыемства і інш. Адказнасць за арганізацыю бухгалтарскага ўліку, стварэнне ўмоў для правільнага яго вядзення, захоўвання бухгалтарскіх дакументаў, уліковых рэгістраў і справаздачнасці нясе кіраўнік прадпрыемства (установы). Узначальвае службу бухгалтарскага ўліку гал. бухгалтар ці асоба, якая яго замяняе. Метадалагічнае кіраванне сістэмай бухгалтарскага ўліку на Беларусі ажыццяўляе Мін-ва фінансаў (зацвярджае тыповы план рахункаў, нац. стандарты ўліку, справаздачнасці і інструкцыі па іх выкарыстанні). Асн. нарматыўны дакумент, які рэгулюе арганізацыю і метадалогію бухгалтарскага ўліку, — закон Рэспублікі Беларусь «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» (1994).

Г.​В.​Савіцкая.

т. 3, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)