вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Даўгінава—Мал. Нястанавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 57 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 97 км ад Мінска, 40 км ад чыг. ст. Вілейка. 412 ж., 132 двары (1998).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1523, уласнасць дзяцей Ю.Зяновіча, з 1590 — Я.Насілоўскай, Я.Осціка, пазней Пташынскіх, Каменскіх, Тышкевічаў. У 1593 у К. 1 вуліца, сядзіба, млын, царква. З 27.9.1630 мястэчка. З пач. 18 ст. тут існаваў манастыр. Да 1793 К. у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1866 цэнтр воласці, 180 ж., 33 двары, мураваная царква, сінагога, вадзяны млын. Да 1921 у складзе Вілейскага пав., потым вёска ў Барысаўскім пав., з 1924 цэнтр сельсавета Плешчаніцкага, з 1962 — Лагойскага р-наў. У Вял.Айч. вайну ў 1944 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі вёску, загубілі 112 ж. У 1972—250 ж., 83 двары.
Лясніцтва, смаляны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАФІЗІ́ЦТВА (ад мона + грэч. physis прырода, існасць),
хрысціянскае вучэнне, якое ўзнікла ў 5 ст. ў Візантыі як рэакцыя на арыянства і нестарыянства. Заснавальнік М. канстанцінопальскі архімандрыт Яўціхій (каля 378—454) сцвярджаў, што спачатку асобна існавалі 2 прыроды Хрыста — боская і чалавечая, аднак пасля спалучэння іх пры богаўвасабленні стала існаваць адна. Зыходзячы з гэтага, прыхільнікі М. лічылі, што на крыжы ахвяраваў сабою сам Бог, а не Богачалавек, таму гэтая ахвяра ў пэўнай ступені служыць толькі сімвалам. У 448 памесны патрыяршы сабор у Егіпце пазбавіў Яўціхія сана архімандрыта, але яго падтрымаў імператар Візантыі Феадосій II, які склікаў сабор епіскапаў у Эфесе (449), дзе Яўціхій быў апраўданы Пасля смерці Феадосія II Халкідонскі усяленскі сабор 451 прыняў дыяфізіцкую дактрыну (вучэнне аб дзвюх прыродах Хрыста) і асудзіў М. як ерась. Працяглая ўзбр. барацьба хрысціян-монафізітаў прывяла да аддзялення нехалкідонскіх цэркваў ад афіц.візант. царквы. Але на аснове М. былі заснаваны копцкая царква ў Егіпце і Эфіопіі, сірыйская (якавісцкая) царква, армянская апостальская царква, якія захоўваюць сваю дагматычную і царк. самастойнасць. Гл. таксама Монафеліты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛУ́КІ,
вёска ў Сеніцкім с/с Мінскага р-на. За 12 км на Пд ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пціч. 1483 ж., 528 двароў (2000).
Вядомы з 16 ст. ў складзе ВКЛ, уласнасць Горскіх, Роскіх, Агінскіх, Сянькевічаў, Іваноўскіх, Оштарпаў, Горватаў і інш., з 1872 Чапскіх. У 1635 заснаваны мужч. манастыр (згарэў у 1868), у 1763 пабудавана Свята-Пакроўская царква. З 1793 у Рас. імперыі ў Самахвалавіцкай вол. Мінскага пав. Да 1864 тут паштовая станцыя на тракце Мінск—Навагрудак. У 1865 пабудавана царква Раства Багародзіцы, з 1879 пры ёй існавала нар. вучылішча. Замалёўку П. зрабіў Н.Орда. У 1886 у П. бровар, піваварня, млын., у 1897 у вёсцы 50 ж., 8 двароў, 2 кузні, хлебазапасны магазін, царква. З 1924 вёска ў Самахвалавіцкім р-не БССР, з 1935 у Сеніцкім с/с Мінскага р-на.
Прадпрыемства аэрафотагеадэзічных пошукаў, цэх дзярж. інспекцыі па электрасувязі, Бел.НДІ аховы раслін. Сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Прылуцкі палацава-паркавы комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМКАЎ ГАРАДО́К,
вёска ў Папярнянскім с/с Мінскага р-на. За 14 км на ПнЗ ад Мінска. 171 ж., 73 двары (2001). Клуб. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл Прасвятой Тройцы (2-я пал. 19 ст.).
Вядомы з сярэдзіны 16 ст. пад назвай Гарадок Саламярэцкі, уласнасць Саламярэцкіх. З 1595 у складзе маёнтка Сёмкава Мінскага пав., з 1755 уласнасць Хмараў, пры якіх пабудаваны касцёл. У 1791 у Заслаўскай парафіі. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці. У 1800 у Гарадку Хмарыным 141 ж., 12 двароў, млын, корчмы, царква Раства Багародзіцы, дзе ў 1880-я г. вянчаліся бацькі М.Багдановіча. У 1861 тут 368 ж., 117 двароў, вал. ўправа, бровар, піва- і медаварні, цагельны з-д, царква, сінагога, у 1897—305 ж., 53 двары, царква, капліца, нар. вучылішча (адкрыта ў 1865), царк.-прыходская школа. У 1905—06 у маёнтку С.Г. працаваў Я.Купала, у крас.-маі 1922 — Я.Колас. У 1924—60 вёска, цэнтр сельсавета Заслаўскага р-на, з 1959 у Мінскім р-не. У Вял.Айч. вайну 27.6.1941 у ваколіцах С.Г. адбыліся жорсткія абарончыя баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Rome[rəʊm]n.
1. Рым (горад)
2. Ры́мская імпе́рыя
3. ры́мска-каталі́цкая царква́; каталіцы́зм
♦
Rome wasn’t built in a day Рым не адра́зу будава́ўся;
when in Rome do as the Romans do ≅ у чужы́ манасты́р са сваі́м стату́там не хо́дзяць
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
БЯРО́ЗАЎСКІ РАЁН,
у цэнтральнай частцы Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 75,4 тыс.чал. (1996), гарадскога 56%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Бяроза, г.Белаазерск, 110 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Белаазерскі, Боркаўскі, Бярозаўскі, Высокаўскі, Здзітаўскі, Малецкі, Міжлескі, Нарутавіцкі, Першамайскі, Пескаўскі, Сакалоўскі, Сігневіцкі, Спораўскі, Стрыгінскі, Сялецкі.
Раён займае паўд.-ўсх.ч.Прыбугскай раўніны і паўн.-зах.Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская забалочаная раўніна, пераважная выш. 150—160 м, найвыш. пункт 189 м (каля чыг. ст. Бронная Гара). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, сілікатныя і буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -5,2 С, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 593 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Рака Ясельда з прытокамі Вінец і Жыгулянка. Азёры: Чорнае, Спораўскае, Белае, вадасх. Сялец. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, дзярновыя і дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 22,3% тэр. раёна; вял. лясныя масівы (Галавіцкі, Буды, Бронная Гара); пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Біял. заказнік Спораўскі.
На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,8 тыс.га, з іх асушана 36,3 тыс.га. У раёне 14 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (свінагадоўля, буйн. раг. жывёла, авечкагадоўля, конегадоўля). Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніцу, ячмень, авёс), цукр. буракі, бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Прадпрыемствы энергетыкі (Бярозаўская ДРЭС), машынабудавання і металаапрацоўкі (абсталяванне для электраэнергет. прам-сці, вентылятары, рамонт камбайна-трактарных рухавікоў і інш.), лёгкай (вытв-сцьспарт. абутку), харч. (сыр, масла, сухое абястлушчанае малако, цукар), дрэваапр. прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя канструкцыі, сілікатныя вырабы і інш.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Мінск. У раёне 23 сярэднія, 7 базавых і 14 пач. школ, 2 СПТВ, 18 дашкольных устаноў, 42 клубы, 45 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Маці Божай сярэдзіны 19 ст. ў в. Сакалова, Пакроўская царква (1795) у в. Сігневічы, сядзіба 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. і Троіцкая царква (1827) у в. Новыя Пескі, царква Іаана Багаслова (1817) у в. Стрыгінь, касцёл (1912) і Успенская царква (1863—70) у в. Сялец, Мікалаеўская царква (1825) у в. Чарнякава. Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» на месцы баёў партызан з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Здзітава. Выдаецца газ. «Маяк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ МІТРАПО́ЛІЯ,
царкоўна-адм. адзінка правасл. царквы. Утворана ў канцы 10 ст. ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата пасля ўвядзення хрысціянства ў Кіеўскай Русі. Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Русі, цэнтр быў у Кіеве, яе кіраўнік называўся мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Падзялялася на епархіі, колькасць і межы якіх мяняліся. З заняпадам Кіева пасля мангола-татарскага нашэсця цэнтр К.м. ў сярэдзіне 13 ст. перанесены ва Уладзімір-на-Клязьме, у пач. 14 ст. — у Маскву. У сувязі з ўваходжаннем тэр.б. Кіеўскай Русі ў розныя дзярж. ўтварэнні з 14 ст. К.м. стала распадацца на Галіцкую (існавала з перапынкамі ў 14 ст.), Літоўска-Навагрудскую і Маск. мітраполіі; у 1458 канчаткова падзелена на 2 самастойныя мітраполіі: К.м. ў ВКЛ і Галіцыі з цэнтрам у Навагрудку (часам у Вільні) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). У 1596 кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза падтрымаў Брэсцкую унію 1596, у выніку была створана уніяцкая царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква), уніяцкія мітрапаліты называліся таксама кіеўскімі, галіцкімі і ўсяе Русі. У 1620 правасл. К.м. адноўлена ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата з цэнтрам у Кіеве. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 частка мітраполіі (Левабярэжная Украіна і Кіеў) адышла да Расіі, у 1685 уся К.м. (уключала на той час тэр. Украіны і Беларусі) пераведзена пад юрысдыкцыю Маск. патрыярхата. Яна страціла свой высокі статус гал.царк.-адм. адзінкі краіны; мітрапаліт стаў называцца кіеўскім, галіцкім і Малыя Расіі. У 1722 скасавана царскім урадам. Імператрыца Лізавета аднавіла яе, мітрапаліт стаў называцца кіеўскім і галіцкім. Пасля 1917 утворана Украінская аўтакефальная правасл.царква (УАПЦ) на чале з мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Украіны, у 1925 — менш значная Украінская правасл.царква (УПЦ); паралельна з імі на Украіне дзейнічала Руская правасл.царква. Прымусовае скасаванне ў 1930-я г. УАПЦ спыніла існаванне самастойнай К.м. У 1989 на Украіне разгарнуўся рух за аўтакефалію, у 1990 усеўкраінскі сабор УАПЦ абвясціў стварэнне Кіеўскага патрыярхата. Адначасова на Украіне працягвае дзейнасць і К.м. ў юрысдыкцыі Маск. патрыярхата.
Літ.:
Голубинский Е. История русской церкви. Т. 1. 2 изд. М., 1901;
Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни Буэнос-Айрес, 1966 (рэпр. выд.Мн., 1990);
Огіенко І.І. Українська церква. Т. 1—2. Київ, 1993;
Крижанівський О., Плохій С. Історія церкви та релігійної думкі в Україні. Київ, 1994. Кн. 3. С. 95—106, 131—133.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАЛЮ́БАВА,
гарадскі пасёлак у Расіі, ва Уладзімірскай вобл., каля вусця р. Нерль. Былая рэзідэнцыя Андрэя Багалюбскага. Пабудавана ў 1158—65. У 1177 рэзідэнцыя разрабавана разанскім князем Глебам, у 1230-я г. разбурана татарамі. Часткова захаваліся земляныя валы, равы, ніжнія часткі сцен і слупоў белакаменных умацаванняў, рэшткі замка, цокальная частка храма Раства Багародзіцы (1158—65), на якой пастаўлена барочная ярусная царква (1751). Гал. сабор, надбрамная званіца і келлі пабудаваны ў 19 ст. Цяпер Багалюбава ў складзе Уладзіміра-Суздальскага гіст.-маст. і арх. музея-запаведніка. За 1,5 км ад Багалюбава — Пакроваў на Нерлі царква.
Літ.:
Воронин Н. Владимир. Боголюбово. Суздаль. Юрьев-Польской. 5 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКІ УВАСКРАСЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Дзейнічаў у 1633—1810 у г. Дзісна (цяпер Міёрскі р-н Віцебскай вобл.). Засн. пры Уваскрасенскай царкве. вядомай з 1568. Прыналежнасць манастыра да праваслаўя пацверджана каралеўскімі прывілеямі Уладзіслава IV, Яна Казіміра (1661), Яна III Сабескага (1678), Аўгуста II, Аўгуста III (1736). Існаваў на ахвяраванні мяшчан, у 17 ст. меў невял. маёнтак Горкі. Пры царкве былі тры брацтвы. У 1770 у час пажару Дзісны Уваскрасенская царква згарэла, у 1730-я г. пабудавана новая. У 1810 манастыр зачынены, царква стала прыходскай (згарэла ў 1882). Брацкі крыж 1673, які раней знаходзіўся ў манастыры, украдзены з Адзігітрыеўскай царквы (Дзісна) у 1980-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХу архітэктуры,
пірамідальнае, купальнае або яруснае завяршэнне будынкаў, звычайна раскрытае ў інтэр’ер. Шырока вядомы ў культавай архітэктуры многіх краін Еўропы, у 15—19 ст. быў адметнай рысай храмаў Беларусі, Расіі, Украіны. У мураванай архітэктуры Беларусі вядомы з 11—12 ст. у выглядзе барабанаў на ветразях і ступеньчатых арках (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку). У архітэктуры Адраджэння (16 — 1-я пал. 17 ст.) купальны верх звонку аздаблялі аркатурай і інш. (кальвінскі збор у Смаргоні). У архітэктуры барока і класіцызму верх набыў стройныя прапорцыі, упрыгожваўся скульптурай і жывапісам (фарны касцёл у Нясвіжы, Петрапаўлаўскі касцёл у Гомелі і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. верх шырока выкарыстоўвалі ў культавых будынках стыляў псеўдарускага і «мадэрн» (Сімяонаўская царква ў Брэсце, мемар. капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на). У драўляным дойлідстве Беларусі вядомы з 16 ст. (Успенская царква Ляшчынскага манастыра пад Пінскам). Звычайна меў вянковую канструкцыю. Архаічныя вярхі пірамідальныя (Георгіеўская царква ў в. Сінкевічы Лунінецкага р-на). У 18 ст. пад уплывам барока пашырыліся ярусныя вярхі (асн. тыпы: чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і васьмярык на чацверыку), у якіх выкарыстоўваліся канструкцыі заломаў і ветразяў (цэрквы Ільінская ў Віцебску, Міхайлаўская ў в. Рубель Столінскага, Мікалаеўская ў в. Старая Беліца Гомельскага р-наў і інш.). Часта завяршаўся верх купалкамі, вежачкамі, крыжамі, шпілямі і інш.
Ю.А.Якімовіч.
Асноўныя тыпы драўляных вярхоў (у разрэзе): 1 — чацвярык на чацверыку, з заломам; 2 — васьмярык на чацверыку, з ветразямі; 3 — васьмярык на чацверыку, з заломам і ветразямі; 4 — на дзвюх падоўжных бэльках.