МЕ́ЛЬНІКАЎ Міхаіл Фёдаравіч (16.5.1921, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 30.6.1993),
бел. краязнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Вучыўся ў БДУ. У 1939 настаўнік у г. Гудаута (Абхазія), беспадстаўна рэпрэсіраваны. У 1950 вярнуўся на радзіму, працаваў у вясковай б-цы, дырэктарам Дома культуры ў Крычаве. Ў 1961—82 дырэктар Крычаўскага краязнаўчага музея (з 1982 навук. супрацоўнік). Аўтар кніг «З сям’і сакалінай» (1973), «Атакуючае юнацтва» (1980), «Ішоў край наш шляхам стагоддзяў» (1987), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Барацьба і творчасць» (1967), «Песню вялі на расстрэл» (1968), артыкулаў пра выдатных дзеячаў, герояў бел. народа ў зб. «У рэдакцыю не вярнуўся...» (1964), «Мы не забылі вас, хлопцы» (1968), «Пабрацімы Матросава» (1984). Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі» (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ МУЗЕ́Й ВАНЬКО́ВІЧАЎ, «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай палавіны 19 ст.»,
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у Мінску ў сядзібным доме Ваньковічаў (гл.арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў). Экспазіцыя размешчана ў 10 залах. Пл. экспазіцыі каля 300 м². Музей мае 3 раздзелы: жыццё і творчасць В.Ваньковіча і культ. жыццё тагачаснага Мінска; асаблівасці інтэр’ера перыяду высокага класіцызму; бел. сядзібны партрэт 17—1-й пал. 19 ст. Сярод экспанатаў творы жывапісу, дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, свяцільні, ксеракопіі архіўных дакументаў, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці Ваньковіча, фотарэпрадукцыі яго твораў, што захоўваюцца ў музеях Варшавы, Вільнюса, С.-Пецярбурга, Парыжа. Асобная зала адведзена пад муз. гасцёўню. Каля дома пастаўлены помнік Ваньковічу (2000, скульптар У.Слабодчыкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКЛЯ́ЕЎ Уладзімір Пракопавіч (н. 11.7.1946, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1973). З 1972 працаваў у газ. «Знамя юности», з 1975 рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1978 на Бел. тэлебачанні, у 1987—99 гал. рэдактар час. «Крыніца». З 1998 старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1970. Аўтар зб-каў паэзіі «Адкрыццё» (1976), «Вынаходцы вятроў» (1979, з паэмай «Дарога дарог» прэмія Ленінскага камсамола 1979), «Наскрозь» (1985), «Прошча» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Выступае як празаік (аповесць «Вежа», 1988), эсэіст. Яго творчасць адметная публіцыстычнасцю, дынамічнасцю паэт. думкі, канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю.
Тв.:
Знак аховы. Мн., 1983;
Галубіная пошта. Мн., 1987.
Літ.:
Чабан Т. Рух слова // Маладосць. 1980. №8;
Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКСА́НАЎ Мікалай Кір’якавіч (12.4.1878, г.п. Дзергачы Саратаўскай вобл., Расія — 10.2.1969),
рускі літаратуразнавец. Чл.-кар.АНСССР (1931). Засл. дз. нав. Расіі (1957). Скончыў Юр’еўскі (г. Тарту, Эстонія) ун-т (1902). Праф. Саратаўскага (з 1917), Маскоўскага (з 1921), пазней Ленінградскага ун-таў. Асн. працы па гісторыі рус. л-ры, фальклоры, крыніцазнаўстве, тэксталогіі, метадалогіі літаратуразнаўства, драматургіі і т-ры, пра творчасць А.Грыбаедава, А.Пушкіна, І.Ганчарова, І.Тургенева, М.Горкага. У 1923 вылучыў у якасці асобнай дысцыпліны вывучэнне творчай гісторыі твораў л-ры («Творчая гісторыя «Гора ад розуму», 1928). Ініцыятар літ. краязнаўства (кн. «Абласныя культурныя гнёзды», 1928). Пад яго рэдакцыяй выйшлі многія выданні твораў рус. пісьменнікаў.
Тв.:
Роман Гончарова «Обрыв» в свете социальной истории. Л., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРА́ДАЎ Уладзімір Восіпавіч (14.2.1892, Варшава — 20.4.1954),
дырыжор, педагог. Нар.арт. Казахстана (1943). Нар.арт. Украіны (1947). Скончыў Тбіліскае муз. вучылішча (1914). Працаваў у оперных т-рах Тбілісі, Баку, Ташкента, Масквы. З 1949 праф. Беларускай, з 1950 Кіеўскай кансерваторый. У 1936—41 дырыжор, у 1950—54 гал. дырыжор Кіеўскага т-ра оперы і балета імя Шаўчэнкі. У 1948—50 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, дзе пад яго кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна, «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны, «Алека» С.Рахманінава (усе 1949), «Іван Сусанін» М.Глінкі, «Царская нявеста» (1950) і балет «Іспанскае капрычыо» (1949) на муз. М.Рымскага-Корсакава. Творчасць П. як дырыжора вылучалася яркім тэмпераментам і высокай культурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЎСКІ (Rogowski) Людамір Міхал (3.10.1881, г. Люблін, Польшча — 14.3.1954),
польскі кампазітар і дырыжор. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1906). У 1909—12 працаваў дырыжорам у Вільні. Творчасць цесна звязана з бел.муз. культурай: кіраваў хорам у Бел.муз.-драм. гуртку, ствараў муз. афармленне да спектакляў трупы І.Буйніцкага, склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хароў» (выд. ў 1911), куды ўключыў і ўласныя апрацоўкі бел.нар. песень. Аўтар 7 сімфоній, 6 опер, 2 балетаў, у т. л. «Купала» (паст. 1926, Варшава), сімф. паэм і сюіт, у т. л.Бел. сюіты для сімф. аркестра (1910), камерных, харавых, у т. л. на верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» (1910) і.інш. твораў. З 1925 жыў у Дуброўніку (Харватыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РЫКАЎ Іван Захаравіч (6.4.1841, в. Навасёлава Яраслаўскай вобл., Расія — 6.5.1880),
рускі паэт. Самастойна навучыўся грамаце і вершаскладанню. Друкаваўся з 1864. Выдаў зб-кі вершаў (1871, 1875, 1877). Асн. тэмы яго паэзіі — жыццё сялян, гарадской беднаты, цяжкая доля жанчыны. У творах з рус. гісторыі бунтарскі настрой: паэмы «Пакаранне смерцю Сценькі Разіна», «Садко» (на яе аснове аднайм. опера М.Рымскага-Корсакава). Многія вершы прысвечаны рус. прыродзе, дзецям. Творчасць С. звязана з фальклорам. Некат. яго вершы сталі папулярнымі нар. песнямі: «Рабіна» («Што стаіш. гайдаешся...». «У стэпе» (у нар. апрацоўцы «Стэп ды стэп вакол...») і інш. Па яго ініцыятыве падрыхтаваны калектыўны зб. «Світанак» (1872), які стаў пачаткам існавання Сурыкаўскага літ.муз. гуртка (існаваў да 1933).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯПА́НАВА Ангеліна Восіпаўна (н. 23.11.1905, г. Нікалаеўск-на-Амуры Хабараўскага краю, Расія),
расійская актрыса. Жонка А.Фадзеева. Нар.арт.СССР (1960). Герой Сац. Працы (1975). Вучылася ў 3-й Студыі Маскоўскага Маст.т-ра. З 1924 актрыса Маскоўскага Маст.акад.т-ра. Творчасць вызначаецца вытанчанасцю псіхал. аналізу вобраза ў спалучэнні з гратэскавай вастрынёй. Сярод роляў: Зінаіда («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Ірына, Аркадзіна («Тры сястры», «Чайка» А.Чэхава), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Сабурава («Адзіны сведка» А. і П.Тур), Патрык Кэмпбел («Мілы лгун» Дж.Кілці), прынцэса Касманопаліс («Салодкагалосая птушка юнацтва» Т.Уільямса), Каханка («Усё скончана» Э.Олбі) і інш. Здымалася ў кіно: «Вайна і мір», «Дваццаць дзён без вайны», «Прызнанне ў каханні» і інш.Дзярж. прэміі СССР 1952, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАБО́ЛІЧ Марыя Яўгенаўна (н. 1.5.1957, в. Тартак Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мастак. Жонка Р.Ф.Таболіча. Скончыла Бел. тэатр.маст. ін-т (1981). З 1981 у вытв. майстэрнях Бел. саюза мастакоў у Магілёве, у 1995—97 заг.маст. аддзялення Магілёўскага вучылішча культуры, у 2000—02 дырэктар прыватнай маст. галерэі. Працуе ў галіне станковага жывапісу. Аўтар тэматычных карцін «Адпачынак» (1980), «Свята» (1981), «Нашчадкі» (1982), «Ліхалецце», «Мацярынства» (абедзве 1984), «Вёсны маёй Радзімы» (1985), «У нядзелю» (1989), «Вобразы. Прысвячаецца М.Багдановічу» (1991), «Магілёўскія друкары Вашчанкі» (1992), «Песня» (1997), нацюрмортаў з ручніком (1989), з васількамі (1990), з сухімі кветкамі (1993), з рыбай (1994). Сярод інш. твораў: «Наталля» (1996), «Кампазіцыя» (1997), «Ноч», «Лёсы» (абодва 1998). Творчасць адметная лірызмам, мажорнасцю колеравага вырашэння, пошукам новых сродкаў выразнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭНДЭНЦЫ́ЙНАСЦЬ (ад тэндэнцыя) у мастацтве, ідэйная, сац.-паліт. накіраванасць маст. твораў; выяўленне ў маст. творчасці сац.-паліт., ідэйна-эстэт. пазіцый творцы. Цесна звязана з ідэйнасцю ў мастацтве, якая раскрывае прыхільнасць аўтара да пэўных сац. па змесце ідэй і каштоўнасных арыентацый. Як катэгорыя Т. атрымала метадалагічнае абгрунтаванне ў марксісцкай эстэтыцы, дзе яна трактавалася як аб’ектыўная заканамернасць маст. творчасці; найвышэйшай формай выяўлення Т. абвяшчалася партыйнасць — адлюстраванне ў маст.-вобразнай форме карэнных інтарэсаў прагрэсіўнага класа. З канца 20 ст. ў эстэтыцы і маст. крытыцы Т. разглядаецца як выяўленне ўплыву соцыуму на маст.творчасць. Калі гэты ўплыў не мае арган. сувязі з сістэмай і логікай развіцця маст. вобразаў, ён зніжае ўзровень мастацтва, прыводзіць да прэваліравання ідэалагічнага і маралізатарскага пачаткаў над маст. каштоўнасцю твора.