ТА́ЙНАЯ КАНЦЫЛЯ́РЫЯ,

цэнтральная следчая і суд. па паліт. справах дзярж. ўстанова ў Расіі 18 ст. Засн. Пятром I у лют. 1718 у Маскве як часовая надзвычайная камісія па справе царэвіча Аляксея Пятровіча. З сак. 1718 у Пецярбургу (да 1723 філіял у Маскве), дзе набыла пастаянны характар. Разглядала найважнейшыя паліт. справы: замахі на цара і вышэйшых саноўнікаў, спробы паліт. пераваротаў, дзярж. здрада, шпіянаж. буйныя казнакрадствы і хабарніцтвы, антыўрадавыя паўстанні, раскольніцтва і інш. Падпарадкоўвалася асабіста цару і часткова Сенату. Складалася з установы (2—4 «міністры», ці суддзі, з якіх адзін — П.А.Талстой — лічыўся гал. начальнікам) і ўласна канцылярыі (2—4 канцылярысты і 4—6 падканцылярыстаў і капіістаў). Прыгаворы «міністраў» зацвярджаў цар, часам і сенат. Следства суправаджалася катаваннямі. Т.к. скасавана Кацярынай I (указ ад 8.6.1726), функцыі перайшлі да Праабражэнскага прыказа (1695—1729, таксама орган паліт. вышуку і суда) і Вярхоўнага тайнага савета. У 1731 адноўлена пад назвай Канцылярыя тайных і вышуковых спраў (або проста Т.к.), якую скасаваў Пётр III указам ад 23.2.1762.

Літ.:

Рууд Ч., Степанов С. Фонтанка. 16: Политич. сыск при царях. М., 1993.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 15, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУ́МЭН (Truman) Гары Спенсер (8.5.1884, Ламар, штат Місуры, ЗША — 26.12.1972),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Быў клеркам, бухгалтарам, фермерам, саўладальнікам магазіна. Удзельнік 1-й сусв. вайны на тэр. Францыі, капітан. Пасля вайны чл. Дэмакр. партыі. З 1926 старшыня акруговага суда ў штаце Місуры.

З 1934 сенатар ад гэтага штата. Са студз. 1945 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Ф.Д.Рузвельта, пасля яго смерці прэзідэнт краіны ад Дэмакр. партыі (1945—53; выбраны ў 1948). Урад Т. з 1946 канфрантаваў з пануючымі ў кангрэсе ЗША прадстаўнікамі Рэсп. партыі, з 1949 працягваў рэформы ў духу «новага курсу» Рузвельта, але абмяжоўваў дзейнасць прафсаюзаў паводле Тафта—Хартлі закона. У час Патсдамскай канферэнцыі 1945 Т. загадаў скінуць ядз. бомбы на яп. гарады Хірасіму і Нагасакі (6 і 9.8.1945). Пасля 2-й сусв. вайны імкнуўся процідзейнічаць пашырэнню сферы ўплыву СССР у свеце, дзеля чаго былі прыняты Трумэна дактрына і Маршала план, засн. Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне і Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора, войскі ЗША удзельнічалі ў карэйскай вайне 1950—53. Аўтар мемуараў.

Літ.:

Маныкин А.С. «Эра демократов»: партийная перегруппировка в США. 1933—1952. М., 1990.

Г.С.Трумэн.

т. 15, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЛЯ́ДНІК,

рамеснік у цэхавага майстра ў феад. гарадах Беларусі, Літвы і Польшчы. У большасці статутаў цэхаў бел. гарадоў Ч. называўся работнік, які скончыў курс вучнёўства, але не выканаў усіх патрабаванняў, каб перайсці ў падмайстры. Назва «Ч.» сведчыла, што работнік займае прамежкавую ступень паміж вучнем і падмайстрам і асабіста залежны ад цэхавага майстра. У адрозненне ад падмайстра Ч. атрымліваў плату не на аснове статута цэхаў, а якую дасць майстар. Словамі «Ч.», «чэлядзь» наз. таксама ўсіх работнікаў, што працавалі ў майстра. З 1-й пал. 17 ст. існавала ўнутрыцэхавая арг-цыя Ч. — гаспода. Яна афіцыйна замацоўвалася статутамі цэхаў ці ўласнымі статутамі, абмяжоўвала свавольства майстроў і згуртоўвала Ч. у барацьбе з майстрамі за паляпшэнне эканам. і прававога становішча. На чале гасподы стаяў старшына, выбраны на сходзе Ч.; ён склікаў сходы, вёў рэестр і касу. Сродкі гасподы складаліся з узносаў і штрафаў, выдаткоўваліся на дапамогу і царк. абрады. Гаспода мела некат. судовыя паўнамоцтвы: разбірала скаргі Ч., але яе рашэнні можна было апеляваць да цэхавага суда.

Літ.:

Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966.

З.​Ю.​Капыскі.

т. 17, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аўды́тар

(лац. auditor = слухач)

1) вучань у некаторых навучальных установах (напр. у духоўных вучылішчах), прызначаны настаўнікам выслухваць урокі іншых вучняў;

2) гіст. член царкоўнага суда ў Вялікім княстве Літоўскім;

3) асоба або фірма, якая правярае стан фінансава-гаспадарчай дзейнасці акцыянернай кампаніі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

самасу́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Самачыннае, без ведама ўлад і суда пакаранне чалавека, якога западозрылі ці абвінавацілі ў злачынстве. [Грышка:] — Пакуль не позна — не дайце рабіць самасуду пад сялянамі. Віламі і тапарамі абаран[і]це заўтра тых, каго жандары павесіць захочуць. Мы вам паможам... Чарот. Каб Лясніцкі спазніўся на адну хвілінку, усё было б скончана. Суду не было б чаго рабіць. Але камісар сурова спыніў самасуд. Шамякін. // Асуджэнне самім якіх‑н. сваіх учынкаў, дзеянняў. Як вядома, здольнасць да самага, глыбокага самасуду — яшчэ не прыкмета, глыбокай маральнасці. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штрафны́, ‑ая, ‑ое.

1. Звязаны са штрафам, з платай штрафу. [Войцік:] — І на якое ліха нам здаўся той білет! Сунулі б правадніку колькі залатовак — і без штрафнога пратакола абышлося б. Машара. // Які назначаецца за парушэнне чаго‑н.; з’яўляецца штрафам. Штрафны ўдар.

2. Накіраваны рашэннем суда ў спецыяльную дысцыплінарную часць (пра ваеннаслужачых). Штрафныя матросы. // Які складаецца з такіх ваеннаслужачых, прызначаны для іх. Няхай штрафны батальён, няхай іншая кара. Нас нічога не страшыць пасля тых здзекаў і пакут, якія мы перажылі і пабачылі ў нямецкім палоне. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аўды́тар

(лац. auditor = слухач)

1) вучань у некаторых навучальных установах, якога настаўнік прызначае для выслухоўвання ўрокаў іншых вучняў, 2) член царкоўнага суда ў Вялікім княстве Літоўскім, які выконваў функцыі следчага;

3) асоба або фірма, якая правярае стан гаспадарчай дзейнасці акцыянернай кампаніі на аснове кантракта, заключанага з кіраўніцтвам гэтай кампаніі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АПРЫ́ЧНІНА, апрышніна,

1) у 14—15 ст. асобнае ўдзельнае ўладанне жанчын з велікакняжацкай сям’і.

2) Назва ўласнага ўдзелу Івана IV у 1565—72 з асобнай тэрыторыяй, войскам і дзярж. Апаратам.

3) Сістэма надзвычайных ваенна-адм., сац.-эканам. мерапрыемстваў Івана IV у 1565—72 для ўмацавання самадзярж. улады, ліквідацыі феад. раздробленасці, барацьбы з непакорнымі феадаламі. Мэтай апрычніны абвяшчалася выкараненне «крамолы». Ажыццяўлялася апрычнікамі, якія мелі неабмежаваныя правы і ўладу, былі непадсудныя органам улады і суда. Суправаджалася жорсткімі расправамі з баярска-княжацкай апазіцыяй, масавымі смяротнымі пакараннямі часта невінаватых людзей, зямельнымі канфіскацыямі і інш. Асабліва жорсткія рэпрэсіі чынілі А.​Д.​Басманаў, А.​І.​Вяземскі, Р.​Л.​Скуратаў-Бельскі і інш. У выніку апрычніны выкаранены феад. сепаратызм, умацаваны самадзярж. дэспатызм і яго сац. апора — служылыя людзі, дваране і сярэднія землеўладальнікі; узмоцнена прыгонніцтва, збяднела значная частка насельніцтва, асабліва пасадскія людзі. У 1572 апрычніна адменена, частка канфіскаваных земляў вернута іх б. уладальнікам.

Літ.:

Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985. С. 136—160;

Ключевский В.О. Русская история: Полн. курс лекций. М., 1993. Кн. 1. С. 483—495;

Соловьев С.М. Соч. М., 1989. Кн. 3, т. 5—6. С. 506—547.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Магілёве, бел. грамадска-паліт., культ.-асв. арг-цыя ў 1917—18. Створаны 17.4.1917. Заснавальнікі: выкладчыкі навуч. устаноў горада, работнікі суда, архіва, б-к, чыгункі, земскіх і гар. устаноў. К-т узначальваў І.​І.​Рэут, з кастр. 1917 — М.С.Кахановіч. У яго ўваходзілі Я. і Дз.​Аляхновічы, Дз.І.Даўгяла (нам. старшыні), В.​Я.​Какошынскі, ксёндз Д.​Лапошка, А.​Ф.​Пігулеўскі, А.​М.​Раждзественскі, І.А.Сербаў, М.​А.​Судзілоўскі, Шчансновіч і інш. Пры к-це працавалі паліт., арганізац., фінансавая, школьная, культ.-асв. і этнагр. камісіі. Меў на мэце стварэнне дзярж.-прававых, культ.-асв. і эканам. умоў для бел. адраджэння, пашырэнне нац. свядомасці сярод бел. насельніцтва. На пач. дзейнасці выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. дэмакр. рэспублікі, з 1918 за дзярж. незалежнасць Беларусі. Прадстаўнікі к-та ўдзельнічалі ў рабоце з’ездаў бел. арг-цый і партый у Мінску ў ліп. 1917, Усебел. з’ездзе 1917. Разам з інш. бел. арг-цыямі выставіў кандыдатуры ва Устаноўчы сход па Магілёўскай выбарчай акрузе. Спробы пераўтварыць к-т у губ. цэнтр бел. нац. арг-цый не мелі поспеху. Спыніў дзейнасць у ліст. 1918 з прыходам у горад Чырв. Арміі.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУКО́РСКІЯ ПАРТЫЗА́НЫ,

удзельнікі барацьбы супраць польскіх акупантаў на тэр. Ігуменскага і Мінскага пав. у 1919—20. У кастр. 1919 — крас. 1920 пад кіраўніцтвам Мінскага падп. к-та КП(б)ЛіБ у Дукорскай, Пярэжырскай, Самахвалавіцкай, Сенніцкай і інш. валасцях створаны партыз. групы і атрады (каля 600 чал., кіраўнікі А.​А.​Блажко, С.​Р.​Камлюк, Г.​Ф.​Катлянік, А.​А.​Крывашчокі і інш.). Партызаны вялі агітработу сярод сялян, псавалі лініі сувязі, выконвалі заданні камандавання Чырв. Арміі. Падпольны к-т сіламі партызан і падпольшчыкаў рыхтаваў у маі 1920 адначасовы ўдар па ворагу ў некалькіх месцах, але гэтаму перашкодзілі праведзеныя дэфензівай 27—28 крас. і ў ноч на 3 мая арышты ў вёсках Козырава, Калядзічы, Гатава, Дукора, Харавічы і інш. Пасля катаванняў паводле прыгавору ваен.-палявога суда 17.5.1920 ва ўрочышчы Пушча (каля в. Дукора) расстраляны 11 Д.п.: А.​К.​Ахрамовіч, Блажко, П.​К.​Буры, І.​І.​Камлюк, І.​Р.​Камлюк, С.​Р.​Камлюк, Катлянік, Крывашчокі, М.​Ф.​Маліноўскі, П.​С.​Пазняк, М.​І.​Рудовіч. 30 партызан сасланы ў польскія турмы на тэрмін ад 1 да 10 гадоў, дзе 5 з іх загінулі. У в. Пярэжыр і на месцы расстрэлу партызан пастаўлены помнікі.

У.​У.​Грамовіч.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)