рака ў Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане, Туркменіі, Узбекістане. Па Амудар’і праходзіць частка граніцы Узбекістана з Афганістанам. Даўж. 1415 км, пл.бас. 309 тыс.км² (да г. Керкі). Вытокі на схілах Гіндукуша ў Афганістане, дзе Амудар’я называецца Вахандар’я, пасля зліцця з р. Памір — Пяндж, ніжэй упадзення р. Вахш — Амудар’я. Упадае ў Аральскае м. Большая ч. басейна Амудар’і размешчана ў горных сістэмах Паміра (на сярэдніх вышынях 5—5,5 тыс.м). Пасля выхаду на раўніну цячэ па Туранскай нізіне, па пустынях Кызылкум і Каракумы. Рэчышча няўстойлівае, рака блукае ў межах поймы, размывае берагі. У нізоўях утварае дэльту, у мора ўпадае некалькімі рукавамі. Асн. прытокі: Гунт, Бартанг, Язгулем, Ванч, Кызылсу, Кафірніган, Сурхандар’я (справа), Кундуз (злева). Жыўленне ледавікова-снегавое. Паводка вясной і летам. Ледастаў у нізоўях (у раёне Нукуса) да 4 мес. Сярэднегадавы расход вады паблізу г. Керкі каля 2000 м³/с. У малаводны перыяд Амудар’я не дасягае Аральскага м. Вада вельмі мутная (5—10 кг/м³ завіслых наносаў). У сярэднім цячэнні Кызылкумскі запаведнік. Выкарыстоўваецца для арашэння (каналы Каракумскі, Аму-Бухарскі і інш.). На Амудар’і Цюямуюнскі і Тахіяташскі гідравузлы. У нізоўях рыбалоўства. Суднаходная ад г. Чарджоў. На Амудар’і — г. Керкі і Чарджоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НКА,
рака ў Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці і Расіі (Пскоўская вобл.), правы прыток р. Усвяча (бас.Зах. Дзвіны). Даўж. 90 км, у межах Беларусі каля 87 км. Пл. вадазбору 598 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Сіціна Гарадоцкага р-на, цячэ праз 7 азёраў (у т. л. Нёгра, Вышадскае, Мядзесна, Цёста), вярхоўе і сярэдняе цячэнне ў межах Гарадоцкага узв., нізоўе на Суражскай нізіне. Асн. прытокі: Асеча (справа), Іардынка і Салонаўка (злева). Упадае ва Усвячу каля в. Любань Усвяцкага р-на Пскоўскай вобл.
Даліна да в. Смолаўка скрынка- або трапецападобная, шыр. 300—400 м, ніжэй па цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя або сярэдне стромкія, выш. 4—8 м, месцамі да 20 м. Пойма двухбаковая, нярэдка забалочаная, шыр. 100—300 м. Рэчышча ўмерана звілістае, шыр. ракі ў межань 4—6 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. Берагі часцей спадзістыя, месцамі стромкія. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с, на веснавы перыяд прыпадае 68% гадавога сцёку. У рацэ трапляецца вадзяны арэх — ахоўны рэліктавы від у флоры Беларусі (месца яго росту ніжэй за воз. Ведрынскае аб’яўлена помнікам прыроды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОН,
рака ў еўрап.ч. Расіі. Даўж. 1870 км. Пл.бас. 422 тыс.км². Пачынаецца на ўсх. схілах Сярэдня-Рускага ўзв. на выш. 190 м. Упадае ў Таганрогскі зал. Азоўскага м., утварае дэльту (пл. да 340 км²). Верхняе цячэнне ўздоўж стромкага ўсх. краю Сярэдня-Рускага ўзв., даліна вузкая, рэчышча звілістае, сярэдняе і ніжняе цячэнні ў шырокай даліне з шырокай поймай. Малы нахіл у нізоўі абумоўлівае вельмі павольнае цячэнне. Асн. прытокі: Хапёр, Мядзведзіца, Сал, Маныч (злева), Северскі Данец (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў у вярхоўі з ліст. да крас., у нізоўі — з пач.снеж. да канца сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 935 м³/с. Рыбалоўства. Асн.прамысл. рыбы: судак, лешч, сазан, чахонь, данецкі селядзец, асетр, сяўруга (у ніжнім цячэнні). Выкарыстоўваецца для арашэння. Д. злучаны з Волгай Волга-Данскім суднаходным каналам. На Д. — Цымлянская ГЭС і вадасховішча; Мікалаеўскі, Канстанцінаўскі і Кочатаўскі гідравузлы. Суднаходная ад вусця р. Сасна (1604 км), рэгулярнае суднаходства ад г. Ліскі (1355 км). У бас. Д. запаведнікі Галчыная Гара і Хапёрскі. Гал. гарады: Ліскі, Калач-на-Доне, Растоў-на-Доне, Азоў, Валгадонск (порт на Цымлянскім вадасх.).
Літ.:
Моложавенко В.С. Голубые родники. От истоков до устья [Дона]. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСУ́РЫ (Missouri, на мове мясц. індзейцаў — ілістая рака),
рака ў ЗША, галоўны (правы) прыток Місісіпі. Даўж. 4090 км, пл.бас. 1371,1 тыс.км² (з іх каля 10 тыс.км² у межах Канады). Вытокі і большая ч. верхняга цячэння — у Скалістых гарах (у раёне Йелаўстонскага нацыянальнага парку). У сярэднім цячэнні (ад вусця р. Мілк да вусця р. Джэймс) рака перасякае плато Місуры, дзе месцамі цячэ ў цяснінах, утварае парогі. Ніжняе цячэнне ў Межах Цэнтральных раўнін, дзе рэчышча няўстойлівае, шырокая пойма абвалаваная для аховы ад паводак. Гал. прытокі: Йелаўстан, Плат, Канзас (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое, у сярэднім і ніжнім — пераважна дажджавое. Высокае веснавое разводдзе (павышэнне ўзроўню вады каля вусця да 12 м) і нізкая летняя межань. Характэрны моцныя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 2600 м³/с (макс. 19 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк 220 млн.т/год; вада брудна-бурага колеру. Сістэма буйных вадасховішчаў (Форт-Пек, Гарысан, Аахе) на М. і ў яе басейне служаць для рэгулявання сцёку, мэтаў ірыгацыі, энергетыкі. Суднаходства да г. Су-Сіці для вял. суднаў і да г. Форт-Бентан для малых суднаў у мнагаводны перыяд. Буйныя гарады і парты: Омаха, Канзас-Сіці.
Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс)
АПРАЦО́ЎКА МЕТА́ЛАЎ ЦІ́СКАМ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, у выніку якіх адбываецца пластычная дэфармацыя загатовак без парушэння іх суцэльнасці пад уздзеяннем прыкладзеных вонкавых сіл. Асн. віды апрацоўкі металаў ціскам: пракатка, прасаванне, валачэнне, коўка, штампоўка, гібка; абсталяванне: пракатныя станы, прэсы, валачыльныя станы, молаты, гібачныя машыны.
Апрацоўваюць ціскам большасць металаў і сплаваў, за выключэннем крохкіх (напр., чыгуноў), пераважна ў гарачым стане (пры т-ры больш высокай, чым т-рарэкрышталізацыі). Пасля халоднай апрацоўкі (робіцца звычайна пры пакаёвай т-ры) пластычныя ўласцівасці металаў узнаўляюць адпалам. Часам выкарыстоўваюць і цёплую апрацоўку (пры прамежкавых т-рах). Апрацоўка металаў ціскам дае магчымасць павысіць трываласць, зменшыць шурпатасць паверхні (напр., абкаткай ролікамі) вырабаў, паменшыць расход металу, лягчэй механізуецца і аўтаматызуецца.
Тэорыя апрацоўкі металаў ціскам займаецца вызначэннем намаганняў, што абумоўліваюць пластычнае дэфармаванне; разлікам памераў і формаў загатовак; вывучае заканамернасці пластычнага цячэння металаў, уплыў апрацоўкі металаў ціскам на мех. і фіз. ўласцівасці металаў. Звязана з дасягненнямі фізікі металаў і пластычнасці тэорыі. Заснавана рус. вучоным Дз.К.Чарновым, развіта і выкладзена ў працах рус. і бел. Вучоных С.І.Губкіна, А.І.Цэлікава, А.П.Чакмарова, Г.М.Паўлава, В.П.Севярдэнкі, В.С.Смірнова, В.М.Чачына, А.В.Сцепаненкі і інш. На Беларусі работы ў галіне апрацоўкі металаў ціскам вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це АН, Бел.політэхн. акадэміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СЛА (Wisła),
самая вялікая рака Польшчы. Даўж. 1068 км, пл.бас. 198,5 тыс.км². Пачынаецца ў Зах. Карпатах, упадае ў Гданьскі і Віслінскі залівы Балтыйскага м.Гал. прытокі: Дунаец, Віслока, Сан, Вепш, Буг (справа), Піліца, Брда (злева). У вярхоўях Віслы — бурны горны паток; ніжэй за г. Кракаў, прыняўшы шэраг прытокаў з Карпат, становіцца мнагаводнай (шырыня русла каля ўпадзення Дунайца 200 м, ніжэй Сана 600—1000 м). У сярэднім і ніжнім цячэнні — тыповая раўнінная рака, цячэ па шырокай, месцамі тэрасаванай даліне. Рэчышча на значным працягу звілістае, месцамі падзяляецца на рукавы і пратокі, характарызуецца няўстойлівасцю, шматлікімі мелямі і перакатамі. Ад г. Торунь берагі штучна замацаваныя ад размываў. За 50 км ад мора Вісла падзяляецца на рукавы (Ногат, Мёртвая Вісла і інш.), утвараючы вялізную дэльту (Жулавы). Частка дэльты, якая ляжыць ніжэй узр. м., засцерагаецца дамбамі. Жыўленне мяшанае. Разліў вясной ад раставання снегу, летнія паводкі ад дажджоў у Карпатах. Сярэднегадавы расход вады каля Варшавы 600 м³/с, у нізоўях — 1090 м³/с. Каля г. Улацлавак ГЭС. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Злучана прытокамі і каналамі з рэкамі Дняпро, Одра, Нёман. На Вісле — гарады Кракаў, Варшава, Плоцк, Улацлавак, Торунь, Тчэў, у дэльце — Гданьск. У 1918—26 і 1939 на рацэ дзейнічала Віслінская флатылія ВМФ Польшчы (базіравалася ў г. Торунь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫНО́КА (Orinoco),
рака на Пн Паўднёвай Амерыкі, у Венесуэле і Калумбіі. Даўжыня 2730 км, плошча басейна больш за 1 млн.км². Пачынаецца ў паўднёва-заходняй частцы Гвіянскага пласкагор’я, цячэ на Паўночны Усход сярод астанцовых гор Гвіянскага шчыта, утварае шматлікія парогі, вадаспады да 17 м, месцамі цясніны; ніжняе цячэнне Арынока — на Гвіянскай нізіне; упадае ў Атлантычны акіян. Асноўныя прытокі: Каўра, Карані (справа); Гуаўярэ, Мета, Араўка, Апурэ (злева). У вярхоўях ад Арынока аддзяляецца рака Касік’ярэ, па рэчышчы якой каля 1/3 сцёку паступае ў басейн ракі Амазонка (з’ява біфуркацыі рэк). За 200 км ад акіяна — шырокая дэльта (плошча каля 20 тысяч км²), дзе рака падзяляецца на 36 рукавоў (найбольшыя Манама, Макарэа — суднаходны, Бока-Грандэ і іншыя. Марскія прылівы на 400 кіламетраў ад вусця.
Сярэдні расход вады каля 29 тысяч м³/с, гадавы сцёк каля 915 км³. Дажджавыя паводкі з красавіка да кастрычніка. Цвёрды сцёк да 45 млн.т за год. Марское суднаходства — да горада Сьюдад-Балівар, рачное — да горада Пуэрта-Аякуча (Венесуэла), у перыяд дажджоў — да вусця ракі Гуаўярэ (з перарывамі каля парогаў). Каскад ГЭС (найбольшыя — Гуры, на рацэ Карані). На Арынока гарады Санта-Барбара, Пуэрта-Аякуча, Сьюдад-Балівар, Пуэрта-Ардас (Венесуэла), Пуэрта-Карэньё (Калумбія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМБЕ́ЗІ (Zambezi),
рака на Пд Афрыкі, у Анголе, Замбіі, Намібіі, Зімбабве, Мазамбіку. Даўж. 2660 км, пл.бас. 1330 тыс.км². Пачынаецца на плато Лунда ў Замбіі, каля мяжы з Заірам, упадае ў Мазамбікскі праліў Індыйскага ак. Ад вытоку на працягу 1200 км цячэ па слабанахіленай раўніне, утварае парогі (Катыма, Кебрабаса) і вадаспады (Гонье, Нгамбве, Вікторыя). Да вусця р. Луангва цячэ па горнай мясцовасці ў вузкай (да 40—60 м) скалістай даліне, у ніжнім цячэнні мае ў асноўным шырокую даліну і шырокае рэчышча (да 5—8 км). За 120 км ад вусця ўтварае дэльту з мноствам рукавоў (пл. каля 8 тыс.км²). Гал. прытокі: злева — Кабомпа, Луэна, Кафуэ, Луангва, Шырэ; справа — Лунгвебунгу, Луангінга, Ліньянці (у верхнім і сярэднім цячэнні Кванда). Да бас. З. адносіцца воз. Ньяса (Малаві). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводкі са снеж. да красавіка. У сухі сезон сцёк вады скарачаецца больш як у 10 разоў. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 16 тыс.м³/с. Рыбалоўства. Суднаходству перашкаджаюць парогі, асн. суднаходства на тэр. Замбіі і на адным з рукавоў дэльты, дзе размешчаны порт Шындэ (Мазамбік). На З. буйныя ГЭС і вадасх. Карыба і Кабора-Баса. Бас. З. ўпершыню абследаваны англ. падарожнікам Д.Лівінгстанам у 1851—56.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ПУЦЬ,
рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., Добрушскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., Смаленскай і Бранскай абл. Расіі, левы прыток р. Сож (бас.р. Дняпро). Даўж. 437 км (у межах Беларусі 64 км). Пл. вадазбору 10 900 км². Пачынаецца за 800 м на З ад в. Нядзведзь Клімавіцкага р-на. Асн. прытокі Надва, Унеча (злева), на Беларусі — Няцёша, Харапуць (злева), Ачоса (справа). Вярхоўе ракі на Аршанска-Магілёўскай раўніне, прывусцевыя ўчасткі ў Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 1—1,5 км, ніжэй 2,5—3,5 км, на ўчастку ад г. Сураж да вусця 4—8 км. Пойма двухбаковая, у нізоўі перасечаная старыцамі з азёрамі старычнага тыпу, шыр. ад 200 м да 3,5 км. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да мяжы з Расіяй на працягу каля 24 км, ніжэй звілістае, шыр. яго ў вярхоўі 1,5—12 м, на астатнім працягу 20—50 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. да 2 м. Замярзае ў 1-й пал.снеж., крыгалом у канцы сак. — пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 55,6 м³/с. На рацэ каля в. Цімошкі Клімавіцкага р-на плаціна і сажалка, плаціна ў г. Добруш. Гарады: Сураж (Расія), Добруш.