МІ́НСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя А.​К.​Глебава пры Беларускай акадэміі мастацтваў.

Засн. ў 1947 у Мінску. З 1969 імя Глебава. З 1992 сучасная назва. Рыхтуе скульптараў-выканаўцаў-выкладчыкаў, мастакоў-выкладчыкаў, мастакоў-майстроў (рэзчыкаў па дрэве), дызайнераў (мастакоў-афарміцеляў). Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): жывапіс; скульптура; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; дызайн. Тэрмін навучання 3 гады 10 месяцаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ СУВО́РАЎСКАЕ ВАЕ́ННАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.

Засн. ў 1953 у Мінску як сярэдняя ваен. навуч. ўстанова. З 1998 тэрмін навучання 6 гадоў. Выхаванцы знаходзяцца на дзярж. забеспячэнні, носяць спец. ваенную форму. Навучанне вядзецца па праграмах сярэдняй агульнаадук. школы (асаблівая ўвага аддаецца замежным мовам, ваен. і фіз. падрыхтоўцы, этычнаму і эстэт. выхаванню). Рыхтуе юнакоў да паступлення ў ваен. ВНУ і інш. спец. вучэбныя ўстановы.

В.​А.​Барысевіч.

т. 10, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ СКУРГАЛАНТАРЭ́ЙНАЯ ФА́БРЫКА імя В.​У.​Куйбышава.

Засн. ў 1924 у Мінску як працоўны калектыў кашалёчнікаў. З 1929 рымарска-галантарэйная ф-ка «Усход». У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1944, пазней рэканструявана і расшырана. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Галантэя». Асн. прадукцыя (1999): сумкі жаночыя з натуральных і штучных скур, сумкі дарожныя, спартыўныя, ранцы, рукзакі, чамаданы, вырабы дробнай галантарэі, пальчаткі, рамяні паясныя і гадзіннікавыя.

т. 10, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ СПЕЦЫЯ́ЛЬНАЯ СЯРЭ́ДНЯЯ ШКО́ЛА.

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1996 у Мінску на базе Навуч. цэнтра Мін-ва ўнутр. спраў. Рыхтуе юрыстаў з сярэдняй спец. адукацыяй, участковых інспектараў гар. і раённых аддзелаў міліцыі, супрацоўнікаў аператыўна-дзяжурных службаў, а таксама для сістэмы папраўча-працоўных устаноў і спец. камендатур. Спецыяльнасць (1999/2000 навуч. г.): правазнаўства. Навучанне дзённае і завочнае. Прымаюцца асобы з сярэдняй адукацыяй.

т. 10, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д АЎТАМАТЫ́ЧНЫХ ЛІ́НІЙ.

Буд-ва пачата ў 1954 у Мінску. Першы станок выпушчаны ў 1957, аўтаматычная лінія — у 1959. Асн. прадукцыя: аўтаматычныя лініі з металарэзных станкоў, станкі такарныя з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем, станкі для наразання разьбы, рэзкі труб, паўаўтам. шматшпіндэльныя станкі для дакладных тэхналогій і інш. Выпускае таксама разнастайныя замкі, ключы, адліўкі з чыгуну і інш. Частка прадукцыі экспартуецца.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д «ТЭРМАПЛА́СТ».

Створаны ў 1944 у Мінску як кіслародны з-д. З 1966 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): камплектуючыя для радыётэхн., электроннай і прыладабуд. прам-сці (злучальнікі, пераключальнікі, раздымы і інш.), вырабы з пластмасы для аўтамаб., трактарнай і электратэхн. прам-сці: дапаможны інструмент для металаапр. станкоў, тавары быт. прызначэння на аснове пластмас і электрабыт. тавары (малагабарытныя пральныя машыны, міксеры, фены, фільтры для вады, энергазберагальныя свяцільнікі).

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д ЭНДАКРЫ́ННЫХ ПРЭПАРА́ТАЎ.

Засн. ў 1959 у Мінску. З 1970 працуе цэх па вытв-сці шпрыцаў аднаразовага карыстання з ін’екцыйнымі растворамі, з 1976 — аміячна-кампрэсарнае аддзяленне, з 1996 — аддзяленне па вытв-сці гатовых форм інсуліну. Мае 5 цэхаў. З 1977 у ВА «Мінмедпрэпараты» (АТ «Белмедпрэпараты») як вытв-сць эндакрынных прэпаратаў. Асн. прадукцыя (1999): прэпараты групы інсуліну, гепарын, андэкамін, лідаза, тэмалін, ацыдзін-пепсін, тырэаідзін і інш.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАМВО́ЛЬНЫ КАМБІНА́Т.

Будаўніцтва пачата ў 1951 у Мінску. З 1955 працуюць часальная і прадзільная вытв-сці, з 1956 — ткацкая, з 1959 — аддзелачная. У 1969—78 і 1989—91 рэканструяваны. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Камвольны камбінат», з 1996 — «Камволь». Асн. прадукцыя (1999): шарсцяныя і паўшарсцяныя касцюмныя, сукеначныя і дзіцячыя тканіны, пражы шарсцяныя, паўшарсцяныя і для трыкат. вырабаў. Пры камбінаце тэхн. вучылішча тэкстыльшчыкаў.

т. 10, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПАНСІЁН,

прыватная закрытая жаночая агульнаадук. навуч. ўстанова 1-й пал. 19 ст. ў Мінску. Адкрыта ў 1830. Уладальнікі М.п. — Людвік і Марыя Мантэграндзі. У навуч. праграме значнае месца адводзілася музыцы (кожная выхаванка займалася 2 гадз ў дзень). Практыкаваліся канцэртныя выступленні вучаніц (найб. поспехам карысталася К.Марцінкевіч). У 1837 М.п. прызнаны ўзорным. Апошнія звесткі ў друку пра дзейнасць пансіёна адносяцца да 1858.

В.​П.​Пракапцова.

т. 10, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́НСКІ ПЕРАВА́Л»,

аб’яднанне рускіх пісьменнікаў і паэтаў у Мінску ў 1927—28. Утварэнне абвешчана лістом ад 1.4.1927 групы пісьменнікаў

[М.​Залётны, Р.​Бунтар, Р.​Лахматы (Кобец), І.​Нікіфараў, А.​Казлас, С.​Гуськоў],

якія выйшлі са «Звенняў» і сталі арыентавацца на літ. групу рабочых і сялянскіх пісьменнікаў «Перавал». Наладжваў літ. вечары, чытанні і абмеркаванні твораў сваіх членаў, выдаў зб. вершаў Бунтара. Залётнага і Нікіфарава «Самае роднае» (1927). Шырокай дзейнасці не разгарнуў, яго члены ўліліся ў рус. секцыю БелАПП.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 10, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)