МАРТЫ́Т (ад лац. Mars бог вайны ў рымскай міфалогіі, чыё імя ў алхімікаў служыла сімвалам жалеза),
мінерал, прадукт ператварэння магнетыту Fe3O4 у гематыт Fe2O3. Крышталі і крышт. зерні магнетыту ператвораныя ў М., звычайна пры захаванні іх формы, замешчаны тонкаагрэгатным гематытам і набываюць яго фіз. ўласцівасці. Утвараецца М. у зоне кары выветрывання і на глыбіні, ва ўмовах павышанага патэнцыялу акіслення гідратэрмальных раствораў, вакол раней вылучанага магнетыту. Мартытавыя руды — высокагатунковыя жалезныя руды. Гл. таксама Псеўдамарфозы.
т. 10, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД (МГГ),
перыяд з 1.7.1957 да 31.12.1958 (18 месяцаў), на працягу якога на зямным шары праводзіліся геафіз. назіранні за станам зямной кары, атмасферы, акіянаў паводле адзінай праграмы і адзінай методыкі. Праводзіўся пасля Міжнародных палярных гадоў у год макс. сонечнай актыўнасці вучонымі 67 краін. Арганізаваны комплексныя экспедыцыі, у т. л. ў Арктыку, Антарктыку, высакагорныя раёны, акіяны, запушчаны штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. Даследаванні прадоўжаны да 31.12.1959 у межах праграмы міжнар. геафіз. супрацоўніцтва.
т. 10, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́,
ізаляванае рэзкае падняцце зямной кары сярод роўнай мясцовасці. Вышыня гары ад падножжа да вяршыні больш за 200 м. Гарой называюць таксама вяршыні ў горных краінах. Найвышэйшая гара на Зямлі — Джамалунгма (Эверэст) у Гімалаях (8848 м над узроўнем мора). На раўнінных тэр. гарамі зрэдку называюць і невял. падняцці, якія фактычна з’яўляюцца ўзгоркамі. Найвыш. пункты Беларусі: Дзяржынская гара (345 м), Лысая гара (342 м), Маяк (335 м), Замкавая гара (323 м), Мілідаўская гара (320 м), Гаршэва гара (296 м).
т. 5, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕЙС (ням. Gneis),
горная парода з сланцаватай тэкстурай, утвораная пры метамарфізме магматычных (ортагнейсы) або асадкавых (парагнейсы) парод, паводле саставу блізкая да гранітаў. Складаецца з палявых шпатаў, кварцу і цемнаколерных мінералаў (біятыт, рагавая падманка, піраксен). Прымесі — гранаты, кардыерыт, стаўраліт, дыстэн і інш. Колер шэры да цёмнага, светла-ружовы. Шчыльн. 2500—2900 кг/м³. Пашыраныя пароды найб. стараж. участкаў зямной кары. На Беларусі разам з інш. пародамі складаюць дакембрыйскі крышт. фундамент. Прыдатныя на выраб друзу, тратуарных пліт, як абліцовачны камень.
т. 5, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўзнікаюць у зямной кары на кантакце гарачых магматычных парод з умяшчальнымі пародамі. Падзяляюцца на кантактава-метамарфічныя (узнікаюць ад дзеяння высокай т-ры на ўмяшчальныя пароды) і кантактава-метасаматычныя, пры ўтварэнні якіх у пароды пранікаюць лятучыя кампаненты (пара вады, бору. хлору, фтору) і цяжкія металы. Асабліва падлеглыя кантактаваму метасаматызму карбанатныя пароды (гл. Скарны). К.р. — важная крыніца руд жалеза, хрому, медзі, цынку, свінцу, вальфраму, малібдэну, золата, а таксама неметал. карысных выкапняў — мармуру, карунду, андалузіту.
т. 7, с. 603
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІЯКА́ЛЬНА-ДЭПРЭСІ́ЎНЫ ПСІХО́З,
цыркулярны псіхоз, псіхічнае захворванне, якое характарызуецца перыядамі прыгнечанасці (дэпрэсіі), узбуджэння (маніякальны стан, гл. Манія) і аднаўлення здароўя (светлы прамежак). М.-д.п. — комплекс спадчынных і набытых вегетатыўна-эндакрынных і абменных парушэнняў, вынік расстройства рэгулятарных механізмаў кары вял. паўшар’яў і інш. аддзелаў галаўнога мозга. У час дэпрэсіі назіраецца эмацыянальны і інтэлектуальны спад, замаруджванне мыслення і рухаў (бываюць спробы самагубства). Пры маніякальным стане ўзнікае паскоранае і паверхневае мысленне, моварухальнае ўзбуджэнне, добры настрой, хаатычная дзейнасць. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
т. 10, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДКАЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
сям’я з 17 хім. элементаў ІН групы перыяд. сістэмы: скандый, ітрый, лантан і лантаноіды. У зямной кары трапляюцца даволі рэдка: найб. пашыраны цэрый (7∙10−3% па масе), найменш — тулій (2,7∙10−5%). З’яўляюцца прыроднымі спадарожнікамі тытану, цырконію, гафнію, ніобію, танталу, урану і некаторых інш. металаў. Найважн. мінералы — бастнезіт, манацыт, ксенатым. Першапачаткова вылучаны ў выглядзе нерастваральных аксідаў (устарэлая назва — землі; адсюль назва). У навук. л-ры Р э. абазначаюцца: РЗЭ і TR (ад лац. terra rara).
т. 13, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
лаба́рыя
(н.-лац. labaria)
ліставаты сумчаты лішайнік сям. лабарыевых, які трапляецца на кары дрэў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
мі́гма
(гр. migma = сумесь)
сілікатны расплаў, які ўтварыўся ў зямной кары з горных парод.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
неатэкто́ніка
(ад неа- + тэктоніка)
раздзел тэктонікі, які вывучае геалагічныя працэсы зямной кары чацвярцічнага перыяду.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)