хлеб, ‑а, м.

1. толькі адз. Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі. Пшанічны хлеб. Кілаграм хлеба. □ У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. Як пернік смачны, У руцэ Трымаў я хлеб жытні калісьці — Спадыспаду не ў муцэ, А на кляновым лісці. Аўрамчык. Ідзеш на дзень — хлеба бяры на два. Прыказка. Ядуць на свеце хлеб траякі: чорны, белы і ніякі. Прыказка. // Такі прадукт у выглядзе вырабаў пэўнай формы. Круглы хлеб. Бохан хлеба. // Цеста, прыгатаванае для выпечкі хлебных вырабаў. Хлеб падышоў. □ [Жонка:] — Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ. Якімовіч. // а таксама мн. (хлябы́, о́ў). Выпечка. У дзежцы стаяла яшчэ крыху мукі. Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлябы. Чорны.

2. Зерне, якое мелецца на муку для выпякання хлеба. Абмалочаны хлеб. □ Большасць сабранага хлеба калгаснікі.. падзялілі паміж сабой на працадні. Шамякін.

3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані. — Цёзка, ці не бачыш, што ў нас у гэтым годзе хлеб радкаваты? — запытаў яго, сеўшы побач, калгасны брыгадзір Кузьма Стрыж. Дуброўскі. Хлеб па хлебу сеяць — ні малаціць, ні веяць. Прыказка. / мн. хлябы́, о́ў. Разм. Жыта там родзіцца на дзіва: Як едзеш між хлябоў вясною, У іх конь хаваецца з дугою. Колас.

4. толькі адз.; перан. Разм. Сродкі для існавання, заробак. Дырэктару было ўжо сумна. Пісаць артыкулы яму не ставала часу і, да таго ж, ён не хацеў адбіраць у газетчыкаў іх законны хлеб. М. Стральцоў. У сенцах сустрэліся з гаспадыняй — баба што печ, на ўсе дзверы. Клім спыніўся і з усмешкаю кіўнуў Шэмету на жонку: — На старшынёўскіх хлябах. Лобан. / Пра жыццё, долю. Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Колас.

•••

Барадзінскі хлеб — асобы гатунак паштучнага заварнога хлеба, які выпякаецца з шатраванай жытняй і пшанічнай мукі і мае прыемны саладкаваты прысмак.

Мінскі хлеб — хлеб з жытняй пытляванай мукі з кменам.

Украінскі хлеб — хлеб з жытняй шатраванай мукі з дабаўленнем пшанічнай мукі другога гатунку.

Аб сухім хлебе — без вадкай стравы (жыць).

Без хлеба сядзець — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.

Гэта мой (твой, яго, яе, наш, ваш, іх) хлеб — пра чый‑н. занятак.

Дарэмна хлеб есці гл. есці.

Даць салдацкага хлеба (груб.) — даць выспятка; даць каленам пад зад.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезенай дадому з лесу, лугу і пад., якую прапануюць з’есці дзецям.

З хлеба крошак шукаць гл. шукаць.

Ісці на свой хлеб гл. ісці.

І то (гэта) хлеб — ёсць нейкая карысць каму‑н.

І хлеб і да хлеба — усяго многа, дастаткова (прадуктаў харчавання).

Карміць хлебам гл. карміць.

Кусок (кавалак) хлеба гл. кусок.

Лёгкі хлеб — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот, без напружання сіл.

Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.

На ласкавым хлебе — быць нахлебнікам, жыць на ўтрыманні, з чыёй‑н. ласкі.

Не вялікі хлеб — а) не вельмі добра; б) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.

Пасадзіць на хлеб і ваду — пакараць голадам, абмежаваць каго‑н. у ядзе.

Перабівацца з вады на хлеб (з хлеба на квас) гл. перабівацца.

Свой акраец хлеба гл. акраец.

Сесці на хлеб чый гл. сесці.

Стаць на свой хлеб гл. стаць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Хлебам не кармі гл. карміць.

Хлеб ды соль! — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).

Хлеб есці з чаго гл. есці.

Хлеб-соль — пачастунак. — Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі.. Заехаў.. укусіць хлеба-солі!.. Брыль.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Цяжкі хлеб — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.

Шукаць лёгкага хлеба гл. шукаць.

Шукаць як хлеба гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кабы́ла1 ’самка каня’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Мат. Гом., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп. Грам., Юрч., Яруш.). Укр. кобила, рус. кобыла, польск. kobyła, н.-луж. kobyła, в.-луж. kobyła, kobła, палаб. ťübälə, чэш. kobyla, славац. kobyla, серб.-харв. kòbila, славен. kobìla, мак. кобила, балг. кобила, кобыла. Прасл. kobyla ’тс’, магчыма, з і.-е. сувязямі, параўн. грэч. καβάλλης ’рабочы конь’, лац. caballus ’конь і інш.’, ням. дыял. kōb ’конь, кляча’, або, паводле Слаўскага, 2, 306, магчыма, і запазычанне «вандроўнага» тэрміна, які мог прыйсці з усходу (з Малой Азіі, напрыклад). Агляд літ-ры і асноўных версій Фасмер, 2, 269; Слаўскі, 2, 306–307; БЕР, 501–503. Гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 52–53; Мартынаў, Язык., 71.

Кабы́ла2 ’скляпенне ў печы’ (Бяльк., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч.). У сумежных з беларускімі рускіх гаворках адзначаны блізкія па значэнню словы: смал. кобыла ’паўкруглы падмурак печы’, бран. ’паўкруглае скляпенне печы і падпечча’. Бел. усходні рэгіяналізм, паходзіць ад кабыла ’драўляная форма ў выглядзе паўкружжа для ўтварэння скляпення ў печы’ (Рам.; карм., мсцісл., слаўг., Яшк. Пас.). Кабыла ў апошнім значэнні — перанос паводле падабенства ад кабыла1, шырока вядомая славянская з’ява. Параўн. іншыя назвы прыстасаванняў і дэталей, на якія перанесены назвы жывёл: казёл, кабан, кошка, сабака, бык і да т. п. Больш падрабязна гл. пад кабылка. Параўн., аднак, кебка (гл.).

Кабыла3 ’выструганая палка, да канцоў якой прывязваюцца цяцівы заезніка, і выезд (служыць таксама для выпрамлення палатна сеткі пры выцягванні яе па бераг)’ (З нар. сл.; рыбалоўны тэрмін). Да кабыла1 (гл.), утворана як і іншыя назвы дэталей і прыстасаванняў (параўн. каза́ — назва рыбалоўнай спасці), матывацыя не зусім ясная (магчыма, універсальны перанос слова кабыла як тэрміна тэхнічных прыстасаванняў, які першапачаткова захоўваў празрыстыя сувязі з кабыла ў выніку пераносу паводле падабенства, функцыі і да т. п.

Кабы́ла4 ’некалькі бярвенняў, рухома звязаных у выглядзе ланцужка, якімі абводзіцца месца на рацэ, дзе звязваецца бярвенне ў плыты’. Да кабыла1, аднак матывацыя няясная. Магчыма, тут адбыўся перанос паводле падабенства, а магчыма, гэта вынік універсальнага працэсу, калі амаль што любая дэталь або само тэхнічнае прыстасаванне можа называцца ўжо існуючымі тэхнічнымі тэрмінамі, напр., бярвенні, дошкі і іншыя доўгія прадметы (палкі і да т. п.) могуць называцца кабыламі, усе дэталі з кручкамі, зубцамі — ваўчкамі, сабачкамі і г. д. Не выключана, аднак, што кабыла4 ўтворана ад кабыла ’бервяно’, параўн. рус. пск. кобылка — ’абрубак бервяна; тоўстае доўгае бервяно’. Аднак апошняе таксама з’яўляецца вынікам звужэння значэння слова кабыла ’розныя падпоры ў выглядзе бервяна на падстаўках, ножках і г. д.’, параўн. рус. свердл. кобылина ’бэлька (у столі)’.

Кабы́ла5 ’грыб пеўнік стракаты’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб свінуха тонкая’ (Жыв. сл.: Сцяц.), ’радоўка жоўта-карычневая’ (Нар. словатв.), ’від грыбоў’ (Юрч.), ’грыб’ (Жыв. сл.). За межамі беларускай моўнай тэрыторыі як быццам не сустракаецца (рус. смал. кобыла ’род ядомых, але нясмачных грыбоў’ нельга аддзяляць ад бел. матэрыялу). Бел. інавацыя, да кабыла1. Той факт, што адным словам называюць розныя віды грыбоў, сведчыць аб дыфузнасці назвы або аб назве канкрэтнага грыба, якая пашыралася на іншыя (магчыма, зноў-такі ў выніку атрымання дыфузнага значэння ’нясмачны грыб’). Матывацыі маглі быць рознымі. Так, назва магла быць перанесена паводле адзнакі «паўсцістасці» (параўн. кабыленка ’ваўнянка’). Вядомым у славянскім свеце з’яўляецца перанос паводле адзнакі ’вялікі, цяжкі’, параўн. польск. kobyłaгатунак вялікіх сліў’. Звяртае ўвагу таксама сэнс літоўскай калькі з бел. кабыла ’грыб’: kumẽlė ’ядомы грыб’ (LKŽ, 6, 867).

Кабы́ла6 ’высокая жанчына’ (Мат. Маг.). Да кабыла1; перанос вядомы ў розных мовах, і, відавочна, без сувязі слоў між сабой, або на базе лаянкавага ўжывання кабыла1, або ў выніку замацавання значэння вялікі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)