свабо́дна,

1. Прысл. да свабодны (у 3, 4, 5, 6, 7, 10, 11 і 12 знач.).

2. безас. у знач. вык. Прасторна, не цесна. У вагоне было свабодна, і.. [Рыгор са сваёю спадарожніцай] занялі ў першым ад выхаду аддзяленні два месцы пры акне. Гартны. // перан. Пра пачуццё свабоды, натуральнасці, якую хто‑н. адчувае. І з Лёнем.. [Шуры] так свабодна. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скры́гат, ‑у, М ‑гаце, м.

Рэзкі гук, які ўзнікае пры моцным трэнні прадметаў адзін аб адзін. Рыгор пачуў злосны скрыгат зубоў. Гартны. Саламону, здавалася, што кожнае слова рэжа яму вуха, нібы скрыгат нажа па шкле. Бядуля. Па галоўнай Савецкай вуліцы горада хадзіла конка і чуваць быў жудасны скрыгат яе калёс, гучныя крыкі канагонаў. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хэнць, ‑і, ж.

Абл. Жаданне, ахвота. Узіраючыся, як мільгала за частаколам.. [Марціна Ваўчка] шарая, ганарыста ссунутая на адно вуха кепка, Міця таксама ўчуў нейкую хэнць прайсціся вузенькаю, вытаптанаю ў росным карычневым быльніку па чужой мяжы сцежкаю ў блізкі верасаўскі лясок. Адамчык. Кожны падкрэслены.. [Якавам Гузікам] сказ выклікае прыметныя калыханкі ўсяе залы. Гэта надавала яму настрою, хэнці, захаплення. Гартны.

[Польск. chęć.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ачу́цца, ачуюся, ачуешся, ачуецца; зак.

1. Прыйсці да памяці, ачнуцца; акрыяць. Колькі ехала і як ехала, [Зося] не ведала. Ачулася толькі, калі конь сам на двор узышоў. Крапіва. Праз хвіліну яна ачулася, акрыяла, разгарнула крылцы і фуркнула з рукі настаўніка ў свежае веснавое паветра. Колас.

2. Падаць голас, стаць чутным; пачуцца. Першай ачулася Рагіна і выбегла з-за перагародкі. Адамчык. Рыгор пачуў стук крокаў, якія раптам ачуліся ззаду і хутка набліжаліся да іх. Гартны. Каб у нас мядзведзі вяліся. Не-е... А вось ачуліся. Пташнікаў.

3. Прачнуцца, праявіцца. [Вера:] — Шанавала я свае пачуцці да вас, таму маўчала, чакала, можа, бацькоўскае сэрца ачуецца. Дуброўскі.

4. Апынуцца. Карцела жаданне як найхутчэй кончыць дарогу, выйсці з цеснага душнага вагона і ачуцца на вуліцы Рыгі. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́чала, ‑а, н.

1. Набітая чым‑н. скура жывёлы або птушкі, якая знешнім выглядам нагадвае жывую жывёлу ці птушку. Чучала мядзведзя. □ — А я зрабіў у падарунак школе чучала палярнай савы, — паведаміў Тынэлькут. — Яна зусім як жывая. Бяганская. Калі на палях заканчваюцца ўсе работы, можна добра папаляваць з чучаламі на цецерукоў. Ігнаценка. // Фігура чалавека, зробленая з гліны, воску, саломы або набітай чым‑н. адзежы чалавека. У тэатрах і кабарэ загулялі чучалы Вільгельма і Франца-Язэпа. Гартны.

2. Пра неахайнага, бруднага, непрыгожа апранутага чалавека. [Насця:] — Ну, паглядзі ты [Кузьма] на сябе: на каго ты падобен у гэтым рызмане? Дзе ж ёсць другое такое пудзіла на свеце? Не чалавек, а чучала! Колас.

3. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Чучала! — паслаў.. [стражніку] Рыгор удагон і ў момант выпусціў з памяці паліцэйскага. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дабрадзе́й, ‑я, м.

1. Той, хто чыніць дабро, аказвае дапамогу, паслугу каму‑н.; дабрачынец. — Прыходзьце, даражэнькія мае, часцей: вы толькі і засталіся нашымі сябрамі-дабрадзеямі. Гартны. На словах дабрадзей, а на справе ліхадзей. З нар.

2. Разм. Форма сяброўскага звароту да каго‑н., часам з адценнем іроніі, злараднасці. — Памыляешся, дабрадзей, мне пайшоў ужо дваццаць другі год. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адва́дзіць, ‑ваджу, ‑вадзіш, ‑вадзіць; зак., каго.

Прымусіць перастаць што‑н. рабіць, адвыкнуць ад чаго‑н. Значыць, гэты чалавек шкодны і небяспечны. Трэба назаўсёды адвадзіць.. [браканьера] ад чорнай справы. Кірэенка. // Адвучыць хадзіць куды‑н., мець зносіны з кім‑н. Васіль увесь ажно пыхаў ад прагнага хацення чым барзджэй сустрэць Рыгора з Зосяю і раз назаўсёды адводзіць яго ад яе. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпра́віцца, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.

1. Пайсці, паехаць, рушыць куды‑н.; выправіцца. Адправіцца ў падарожжа. □ Трэба паспець арганізаваць спрытную брыгаду, каб увечары адправіцца ў рэйд. Мікуліч. Бацька.. адправіўся агледзець жытні палетак. Гартны.

2. Адысці (пра цягнік, параход і пад.). Цягнік вось-вось павінен.. адправіцца. Кулакоўскі.

•••

Адправіцца да святых на чай (чай піць) — памерці.

Адправіцца на той свет — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агу́лам, прысл.

1. Усе разам, гуртам. Рабіць што‑н. агулам. □ [Рыгор:] — Ураднік, старшына, стражнік, поп, нават дзесяцкія — усе агулам глумяцца з бедняка. Гартны.

2. Усё, адразу, цалкам (купіць, прадаць). [Сымон Рапецька:] — Сурвіла купляе [зямлю] у пана агулам, а людзям будзе па кавалку перапрадаваць. Чорны.

3. Неканкрэтна, не звяртаючы ўвагі на дэталі, на паасобныя факты. [Паходня:] — Давай не агулам, а канкрэтна разбяромся ў фактах. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заняпа́д, ‑у, ДМ ‑дзе, м.

1. Упадак, збядненне (звычайна ў якой‑н. галіне грамадскага жыцця). Заняпад эканомікі. Заняпад буржуазнай культуры.

2. Хваравіты стан, упадак сіл. Стэпа пачула вялікую ўтому, заняпад і, не раздзеючыся, прылягла. Гартны. // Цяжкі маральны стан, выкліканы перажываннямі, горам. Сваімі простымі і задушэўнымі гутаркамі .. [Кунігас-Ляўданскі] вельмі падтрымаў мяне ў маім заняпадзе пасля смерці Яні. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)