ГЕЛАЦЫЯ́ЛЬНЫЯ (Helotiales),

парадак сумчатых грыбоў з групы парадкаў дыскаміцэтаў. Каля 250 відаў з 60 родаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна сапратрофы. На Беларусі каля 110 відаў з 37 родаў: кудонія, ланхелула, корыне, булгарыя, гелоцый і інш. Жывуць на апалым лісці, адмерлых раслінных рэштках. Паразітныя віды выклікаюць хваробы раслін (напр., віды з роду склератынія).

Пладовыя целы (апатэцыі) выш. і дыям. ад 0,02 мм да 2—3 см, кубка-, сподкападобныя, часам на ножцы, мясістыя ці храсткаватыя, скурыстай або рогападобнай кансістэнцыі. Споры шматклетачныя, з гладкай абалонкай, часта афарбаваныя.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАФЕ́ЙНАЕ ДРЭ́ВА, кофе (Coffea),

род кветкавых раслін сям. марэнавых. Каля 40 відаў. Пашырана ў тропіках Усх. паўшар’я. Уведзена ў культуру на Аравійскім п-ве ў 14—15 ст. Культывуецца 4—5 відаў па ўсім свеце. На Беларусі К.д. аравійскае (C. arabica) расце ў аранжарэях і пакоях.

Вечназялёныя ці лістападныя дрэвы і кусты. Лісце скурыстае, суцэльнакрайняе, супраціўнае. Кветкі белыя, духмяныя. Плод — касцянкападобны, чырванаваты, з сакаўным ядомым каляплоднікам. Насенне — паўшарападобныя зярняты, якія маюць 0,6—2,7% кафеіну. Харч. і дэкар. расліны.

Кафейнае дрэва.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖАВІКІ́ (Araneus),

род павукоў-кругапрадаў. Больш за 1000 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у лясах, стэпах, пустынях, на лугах, у збудаваннях. На Беларусі 15 відаў. Найб. вядомыя К. звычайны (A.diadematus), К. змрочны (A. umbraticus), К. вуглаваты (A. angulatus), К. вірлавокі (A. ocellatus).

Даўж. самкі К. звычайнага да 25 мм, самца да 11 мм. Назва паходзіць ад белага крыжападобнага малюнка на брушку. Кормяцца насякомымі. Далёкаўсх. К. плятуць вельмі трывалыя лоўчыя сеці да 2 м у дыяметры.

Крыжавікі: 1 — звычайны (самка); 2 — змрочны.

т. 8, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСІ́ЛЕЯ, вадзяная канюшына (Marsilea),

род папарацей сям. марсілеевых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. Растуць у вадаёмах, на балотах, у месцах, якія перыядычна затапляюцца і перасыхаюць. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях культывуюць М. чатырохлістую (M. quadrifolia).

Невысокія травяністыя расліны. Ад ніжняй ч. паўзучага карэнішча адыходзяць шматлікія карэньчыкі, ад верхняй — 2 рады доўгачаранковых, паглыбленых у ваду або плаваючых лістоў. Споры развіваюцца ў сорусах, сабраных у спаракарпіі (у трапічных відаў яны багаты крухмалам, ядомыя). Дэкар. расліны.

Марсілея чатырохлістая.

т. 10, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІМО́ЗА (Mimosa),

род кветкавых раслін сям. бабовых. 400—500 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, некат. віды — у Афрыцы і Азіі. На Беларусі — у аранжарэях.

Шматгадовыя травы, кусты (часам ліяны), дрэвы, часта з калючкамі. Лісце двойчыперыстае. У некат. відаў (напр., вечназялёнага кусціка М. сарамлівай (M. pudica)] лісце здольнае да рухаў (настый). пры дакрананні ці наступленні цемнаты складваецца і апускаецца. Кветкі дробныя, у галоўчатых або коласападобных суквеццях. Плод — боб, пры выспяванні распадаецца на членікі. М. няправільна называюць акацыю серабрыстую.

Мімоза сарамлівая.

т. 10, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАГЕНЕТЫ́ЧНЫЯ СМАКТУНЫ́, монагенеі, смактуны-мнагавуснікі (Monogenea, або Monogenoidea),

клас плоскіх чарвей. 2 падкл., каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 5 сям., 50 відаў. Эктапаразіты рыб (на скуры, шчэлепах), некат. — эндапаразіты земнаводных, паўзуноў (напр., чарапах). Кожны від М.с. паразітуе на сваім гаспадары.

Даўж. ад 0,02 да 50 мм. Цела плоскае, падоўжанае. На заднім канцы прымацавальны дыск з кручкамі, двухстворкавымі клапанамі або прысоскамі, падобнымі да рота (адсюль назва — мнагавуснікі). Гермафрадыты Адкладваюць яйцы, некат. жывародныя. Развіццё без змены гаспадароў і змены пакаленняў (адсюль назва — монагенеі).

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРОНАСПАРА́ЛЬНЫЯ (Peronosporales),

парадак грыбоў класа ааміцэтаў. 3 сям. (перанаспоравыя, пітыевыя, цыстопавыя), больш за 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 70 відаў з родаў перанаспора, пітый, фітафтора, брэмія, плазмапара, склераспора і інш. Сапратрофы, паразіты і паўпаразіты. Выклікаюць некроз у раслін, перонаспарозы, гнілі.

Міцэлій не падзелены на септы, галінасты, распаўсюджваецца ўнутры- і міжклетачна, утварае гаўсторыі. Канідыяносцы разгалінаваныя, канідыі звычайна акруглыя. Некат. віды з сям. пітыевых размнажаюцца зааспорамі. Наземныя грыбы здольны ўтвараць хламідаспоры. Ааспоры ўзнікаюць у выніку палавога працэсу.

С.​І.​Бельская.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЫЦА́ЛЬНЫЯ (Pezizales),

парадак сумчатых грыбоў. Больш за 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і трапічных паясах. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя роды: смаржок, страчок, шапачка, гельвела (лопаснік), пецыца, піранема. Сапратрофы. Растуць на глебе, ламаччы, драўніне ў лясах, на вогнішчах. Некат. паразітуюць на раслінах.

Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца на міцэліі сподка- або чашападобнай формы, дыяметрам да 10 см, афарбоўка — ад аранжава-чырв. да цёмна-карычневай. Сумкі цыліндрычныя, маюць пераважна па 8 аднаклетачных карычневых або пурпуровых аскаспор. У гіменіі заўсёды прысутнічаюць парафізы.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДО́УКА (Tricholoma),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 36 відаў. Найб. вядомыя Р.: зялёнка, падзялёнка, бела-карычневая (T. albobrunneum), мыльная (T. saponaceum), сухая (T. sudum). Трапляюцца з вер. па кастр. пераважна ў хвойных лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка лускаватая ці гладкая, бураватая, шараватая, белаватая, злёгку пукатая або шырокалейкападобная. Пласцінкі свабодныя ці прырослыя. Мякаць белаватая, на зломе часам ружавее. Ножка цэнтр., цыліндрычная, шчыльная. Споры гладкія, эліпсоідныя. Ёсць ядомыя і ядавітыя.

Радоўка мыльная.

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

герпетафа́уна

(ад гр. herpeton = паўзун + фауна)

сукупнасць відаў земнаводных і паўзуноў, якія насяляюць пэўную тэрыторыю або жылі ў пэўны гістарычны перыяд Зямлі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)