у антычных грэкаў і рымлян гліняная або металічная пасудзіна з высокім горлам і 2 вертыкальнымі ручкамі. У амфары трымалі і перавозілі віно, алей, мёд, збожжа. На многіх амфарах ёсць малюнкі, арнаменты, надпісы. Знойдзены на многіх археал. помніках на тэр.Беларусі. На Русі 10—12 ст. вырабляліся амфарападобныя пасудзіны карчагі.
Старажытнагрэчаская чорнафігурная амфара. 6 ст. Да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАКАМПЛЕ́КТНАЯ ШКО́ЛА, пачатковая школа,
у якой усе класы вядзе адзін настаўнік. Звычайна працуюць у невял. населеных пунктах пры наяўнасці 4 пач. класаў з агульнай колькасцю да 10 вучняў, якія аб’яднаны ў клас-камплект. Навучанне вядзецца па праграмах для пач. класаў агульнаадук. школы. У 1994/95 навуч.г. на Беларусі было 24 аднакамплектныя школы, колькасць іх паступова скарачаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАНА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,
прыродная расліннасць, якая трапляецца ва ўсіх зонах як уключэнне ў занальную расліннасць на нехарактэрных для яе месцах росту. Найб. рэзка ўздзеянне азанальных фактараў праяўляецца ў гарах, на лугах у поймах рэк паўпустынь і пустынь. На Беларусі азанальная расліннасць трапляецца на заліўных лугах, часткова ў вадаёмах і інш. мясцінах. Тэрмін «азанальная расліннасць» увёў польскі біёлаг Ю.Пачоскі (1915). Гл. таксама Інтразанальная расліннасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́РАНСКАЕ ВО́ЗЕРА, Азаранкаўскае возера,
у Беларусі, на мяжы Лепельскага і Ушацкага р-наў Віцебскай вобл., у бас.р. Ула. Пл. 0,35 км², даўж. 0,9 км, найб.шыр. 0,59, найб.глыб. 1,9 м, даўж. берагавой лініі 2,35 км. Пл. вадазбору 5,6 км². Схілы выш. 3—5 м, парослыя хмызняком. Берагі забалочаныя, тарфяністыя. Дно выслана сапрапелем. Сцёк па ручаі ў р. Вароніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗДЗЯ́ЦІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Барысаўскім р-не Мінскай вобл., за 2 км ад р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса «Новае жыццё». За 42 км ад Барысава, 130 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Навасады. 1627 ж., 737 двароў (1994). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, урачэбны ўчастак, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Каля Аздзяцічаў — гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганныя могільнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІНА,
вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Белае». За 18 км на ПнЗ ад Полацка, 115 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Баравуха 1-я. 743 ж., 347 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Музей У.М.Азіна. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАНТАЦЭФАЛЁЗЫ,
інвазійныя захворванні (гельмінтозы) жывёл, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца калючагаловымі чарвямі — скрэбнямі (акантацэфаламі). Паразітуюць у кішэчніку свіней, сабак, лісоў, ваўкоў, барсукоў, качак, рыб, чалавека. На Беларусінайб. небяспечныя макракантарынхоз, палімарфоз, філікалёз, эхінарынхоз і памфарынхоз. Крыніца інвазіі — хворыя жывёлы, што заражаюцца акантацэфалёзамі пры паяданні прамежкавых гаспадароў (малюскаў, ракападобных, насякомых), у целе якіх знаходзяцца лічынкі скрэбняў (акантэлы).
Узбуджальнік акантацэфалёзаў Polymorphus magnus (самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́ЛАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ЖАЛЕ́ЗНЫХ РУ́ДАЎ,
у Беларусі, у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. Працягласць руднай зоны каля 10 км, магутнасць да 140 м. Руды — жалезістыя кварцыты (жалеза 26,2%), залягаюць у тоўшчы дакембрыйскіх гнейсаў крышт. фундамента на глыб. 216—300 м. Рудныя гарызонты (4—35 м) перамяжаюцца з праслоямі пустых парод. Запасы руды ацэньваюцца ў 1,5 млрд.т. Радовішча не распрацоўваецца (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЭ́РАК (польск. oberek ад obrót абарот, вярчэнне),
польскі нар. парны танец. Муз. памер трохдольны, тэмп хуткі. Асн. харэатэхнічны элемент — вярчэнне. Выконваецца ў суправаджэнні інстр. музыкі і жартоўных прыпевак. Зафіксаваны ў 2-й пал. 19 ст. О.Кольбергам і М.Федароўскім як «шляхетны» танец, пашыраны ў вясковым побыце зах.Беларусі Найгрышы да абэрка захоўваюцца ў рэпертуары нар. музыкантаў амаль на ўсёй тэр. рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАПТЭ́РЫКСАВАЯ ФЛО́РА,
існавала ў познім дэвоне. Змяніла ксілафітавую флору. Вылучана па знаходках у Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі прадстаўнікі археаптэрыксавай флоры выяўлены на ПдУ, у Прыпяцкай упадзіне ў адкладах позняга фамену (азёрска-хаванскія слаі). Складалася з папарацепадобных, дзеразовых і членістасцябловых, у канцы дэвону з’явіліся прымітыўныя голанасенныя (птэрыдаспермы) расліны. Развіваліся сумчатыя грыбы і нематафіты. Складам і разнастайнасцю відаў археаптэрыксавай флоры блізкая да раннекаменнавугальнай.