тры рукапісныя помнікі 12—14 ст. з г. Полацк Віцебскай вобл. Напісаны на пергаміне царк.-слав. мовай. Першае належала Свята-Троіцкаму манастыру. Напісана ўставам, двума почыркамі ў 2 слупкі на 172 лістах. Аздоблена загалоўкамі, рознакаляровымі застаўкамі і кінаварнымі ініцыяламі. На палях укладныя запісы 14—17 ст., адзін з іх зроблены кн. Андрэем Полацкім (14 ст.). Другое П.е. належала манастыру Іаана Прадцечы. Напісана паўуставам у адзін слупок на 196 лістах. Аздоблена кінаварнымі ініцыяламі. На палях укладныя запісы, сярод якіх зробленыя кн. Ульянай (жонкай Альгерда), полацкім кн. Іванам Юр’евічам. Трэцяе належала таксама манастыру Іаана Прадцечы. Напісана ўставам у 2 слупкі на 144 лістах. Аздоблена застаўкай-пляцёнкай, ініцыяламі ў візант. і тэраталагічным стылях. Мае шмат датаваных прыпісак (1507—22), якія з’яўляюцца дадатковай крыніцай вывучэння тапанімікі і анамастыкі Полацкай зямлі 12—17 ст. Некат. даследчыкі да П.е. адносяць рукапіс 12 ст. з Рас.дзярж. б-кі ў Маскве, дзе захаваліся каляровыя мініяцюры.
Літ.:
Гранстрем Е.Э. Описание русских и славянских пергаментных рукописей. Л., 1953;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993.
М.В.Нікалаеў.
Да арт.Полацкія евангеллі. Старонка Евангелля са Свята-Троіцкага манастыра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА (Biblioteka Narodowa) у Варшаве, адна з буйнейшых бібліятэк Польшчы; навук. цэнтр па гісторыі кнігі і б-к, кнігазнаўстве. Засн. 24.2.1928. Стварэнне б-кі пачалося ў 1919. Асновай фондаў сталі б-кі, вернутыя з Сав. Расіі пасля падпісання Рыжскага дагавора 1921 (б-ка Залускіх, інш. варшаўскія б-кі), кнігазборы, створаныя палякамі ў эміграцыі (Францыя, Швейцарыя). З 1927 б-ка атрымлівае абавязковы экзэмпляр. З 1954 мае статус НДІ. У 2-ю сусв. вайну каля 300 тыс. адзінак захавання знішчана. Асн. фонд 7 млн.экз. (2001), сярод якіх рукапісы (23 тыс.), старадрукі (153,6 тыс.), іканаграфія (370,7 тыс.), выданні 19—20 ст., карты, ноты, графічныя лісты, гуказапісы і інш. Мае вял. калекцыю бел. рукапісаў і выданняў. У складзе б-кі: Бібліягр.ін-т (з 1928), які вядзе статыстыку друку, дзярж.бібліягр. бягучую і рэтраспектыўную рэгістрацыю друк. выданняў, у т. л. штотыднёвік «Pszewodnik bibliograficzny» («Даведнік бібліяграфічны»), штомесячнік «Bibliografia zawartości czasopism» («Бібліяграфія зместу часопісаў»); Ін-т кнігі і чытання (з 1955; праводзіць даследаванні ў галіне бібліятэказнаўства, сацыялогіі кнігі і чытання). Выдае часопісы, зб-кінавук. прац, манаграфіі, бібліягр. паказальнікі, каталогі выставак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Патароча1 ’здань, пудзіла, міфічная істота з жудасным тварам і вытрашчанымі вачыма’ (чач., Нас. Сб., Бір. Дзярж.), ’пудзіла’, ’лупаты чалавек’ (Нас.). Укр.поторо́ча ’прывід, страшыдла’. Напрошваецца суаднясенне з рус.вы́таращить (глаза), польск.wytrzeszczyć, чэш.třeštiti ’вытрашчыць вочы’, якія Махэк₂ (657) супастаўляе з генетычна роднасным літ.pastérti ’уставіцца (вачыма)’. Можна дадаць яшчэ pa‑stėrti ’скарчанець, адубець’. Паводле Махэка, у славян была аснова ster‑ з суфіксам ‑sk‑ati (інтэнсіў), у якой пачатковае s‑ адпала ў выніку дысіміляцыі са ‑sk‑ і *ter‑skati перайшло ў групу на ‑iti > terščiti; рус.таращить паходзіць з окаючых гаворак < торощить.
*Патароча2, драг.поторо́ча ’той, хто настойліва працяглы час гаворыць пра адно і тое ж’ (Лучыц-Федарэц). З дзеяслова торо́чытэ ’гаварыць доўга пра адно і тое ж, несці лухту’, укр.торо́чити ’тс’, якія можна суаднесці з рус. наўгар., цвяр.торо́щиться ’дарма збірацца’ і з серб.-харв.тра́скати ’несці лухту’. Праславянскі архаізм.
Патароча3 ’няшчасце ў дарозе’ (усх.-маг., КЭС), рус.кур.поторо́ча ’сустрэча, выпадак, падзея, прыгода’, смал. ’выскачка, які ўсюды ўткне свой нос’, пск.поторо́чье ’перашкода’, цвяр.торча́ться ’перашкаджаць сваёй прысутнасцю’, чэш. містршыцк. trči to do tvého? ’гэта табе перашкаджае?’, — усе ўзыходзяць да прасл.tъrčati ’стаяць, вытыркаючыся уверх ці наперад’, ’цягнуцца ўверх’ > тырча́ць (гл.) (Варбот, Этимология–1979, 5–6).
Патароча4 ’бура’ (Сержп.), рус.арханг.то́рок, то́рох ’бура ў моры, шквал’. Міклашыч (359), Фасмер (4, 84) звязваюць гэта слова з торкаць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вярзці́ ’трызніць’ (БРС); ’гаварыць абы-што, блюзніць’ (Бір. Дзярж., Мат. Гом., Касп., Грыг.); ’ілгаць’ (Бяльк.); ’балбатаць, малоць’ (Яруш.); ’невыразна гаварыць’ (КЭС, лаг.), вярзці́ся ’здавацца, блюзніцца, невыразна снавацца (пра думкі), плясціся’ (БРС, Гарэц., КЭС, лаг.). Укр.верзти́ ’гаварыць лухту’, верзти́ся ’блюзніцца’, рус.паўдн.ве́рзить, верзти́ ’бесталкова і доўга рабіць што-небудзь’, пск.верзи́ть ’гарбець над якой-небудзь справай’, паўдн.ве́рзить ’малоць лухту, ілгаць, хлусіць’, смал.верзи́ть ’гаварыць абы-што’, пск., арханг.ве́рзиться ’сніцца, здавацца’. Сучасныя ўсх.-слав. лексемы суадносяцца са ст.-рус.вьрзать ’вязаць’, ц.-слав.отврѣшти, отвръзѧ ’адвязаць’, ст.-слав.оуврѣсти, оуврѣзѫ ’адчыняць’, макед.врзе ’звязаць, завязаць’, врзма ’вузел’, балг.връзам, вържа ’спалучаць у вузел, сцягваць’, серб.-харв.вр́сти се ’круціцца на адным месцы, кружыцца (аб думках)’, вр̏зина ’пляцень’, славен.vŕzniti, vr̂znem ’адчыняць’ (< прасл.verz‑ti ’блытацца, запінацца’); апошняе звязваецца з літ.ver̃žti ’завязваць, зацягваць, ціснуць’, ст.-в.-ням.wurgjan ’давіць, душыць’, ст.-ісл.virgill ’вяроўка’, грэч.έρχατάω ’агароджваю’, ὄρχατος ’агароджа, сад’, мундж.wurž ’нітка’, афг.muža ’жыла’. Прасл. асновы vrz‑/verz‑/vorz‑ узыходзяць да і.-е.*u̯ergʼh‑. Семантычны пераход бел.вярзці́ ’гаварыць абы-што’ і г. д. < ’вязаць’ аналагічны да плесці ’маніць, вярзці, ілгаць’ < ’плесці, сплятаць’. Гл. таксама Міклашыч, 386; Голуб-Копечны, 424; Фасмер, 1, 298–299; Младэнаў, 91; Скок, 3, 629–630; Буазак, 287; Траўтман, 355; Моргеншэрнэ, 95; БЕР, 1, 188–189; Варбот, Этимология, 1963, 202.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БІБЛІЯТЭ́КА (грэч. bibliothēkē ад biblion кніга + thēkē сховішча),
установа, якая займаецца зборам, спец. апрацоўкай і захаваннем кніг, дакументаў і інш. друкаваных і рукапісных твораў, арганізуе іх грамадскае выкарыстанне і абслугоўванне чытачоў, выконвае інфарм., адукац., н.-д., метадычную і выдавецкую функцыі. Бібліятэкі бываюць масавыя, навук., спец., дзіцячыя. Масавыя бібліятэкі падзяляюць паводле прыналежнасці на дзярж., прафсаюзныя, школьныя і інш., паводле тэр. адзнакі на нац., краявыя, абл., гар., раённыя, сельскія. Да навук. і спец. бібліятэк адносяцца дзярж., акадэмічныя, універсітэцкія, галіновыя, тэхн., бібліятэкі прадпрыемстваў, НДІ, ВНУ, школьныя і г.д. Кожная бібліятэка ў адпаведнасці са сваім тыпам арганізуе і дыферэнцыруе абслугоўванне асобных груп чытачоў на аснове вывучэння іх складу і запатрабаванняў. Усе бібліятэчныя працэсы, віды і формы прапаганды л-ры падпарадкоўваюцца задачам максімальна поўнага і аператыўнага задавальнення попыту карыстальнікаў.
Як сацыяльны ін-т бібліятэкі з’явіліся адначасова з узнікненнем дзяржавы, пісьменства, што абумоўлена неабходнасцю стварэння грамадскага механізму арганізацыі, збору, назапашвання, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі. Бібліятэкі як грамадскае сховішча помнікаў пісьменства вядомы з глыбокай старажытнасці: бібліятэка асірыйскага цара Ашурбаніпала (сярэдзіна 7 ст. да н.э.); у Ст. Егіпце бібліятэкі пры храмах для абслугоўвання жрацоў, першая буйная бібліятэка Стараж. Грэцыі, заснаванне якой прыпісваецца Арыстоцелю (4 ст. да н.э.); Александрыйская бібліятэка і бібліятэка ў Пергаме (3 ст. да н.э.) і інш. Бібліятэкі сучаснага тыпу пачалі фарміравацца з 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Буйнейшыя ў свеце б-кі; Ватыканская Апостальская бібліятэка (засн. ў 1475, больш за 1,3 млн. адз. захавання), Францыі нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1480, больш за 30 млн. адз. захавання), Расійская нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1795, больш за 28 млн. адз. захавання), Бібліятэка кангрэса (засн. ў 1800, больш за 90 млн. адз. захавання), Расійская дзярж. бібліятэка (засн. ў 1862, больш за 37 млн. адз. захавання), Брытанская бібліятэка (засн. ў 1972 на базе шэрагу буйных бібліятэк, у т. л. бібліятэка Брытанскага музея, больш за 21 млн. адз. захавання).
На Беларусі бібліятэкі вядомы з 11 ст., пераважна пры цэрквах і манастырах. Сярод найб. старажытных Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка. У 2-й пал. 16 ст. бібліятэкі засн. ў Полацку, Слуцку, Мінску, Магілёве. Некаторыя знішчаны ў час пажараў, войнаў. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян, асновай якіх найчасцей былі бібліятэкі правасл. манастыроў. Цэнтральныя бібліятэкі базыльян знаходзіліся ў Віленскім Святатроіцкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Вялікія кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія бібліятэкі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і Смаргонскім зборы. З 16 ст. існуюць бібліятэкі навуч. устаноў. Найб. з іх бібліятэка Віленскай акадэміі (цяпер Вільнюскага універсітэта бібліятэка). Самыя вял. прыватныя бібліятэкі 16—18 ст. на Беларусі: Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы, Сапегаў бібліятэкі, Храптовічаў бібліятэка ў Шчорсах, бібліятэка Хадкевічаў, слуцкіх князёў Алелькавічаў, магнатаў Солтанаў і інш. У 18 ст. існавалі бібліятэкі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў, бібліятэкі калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. бібліятэкі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г.ін-т, Слуцкая вышэйшая пратэстанцкая школа, Нясвіжскі ліцэй, бібліятэка пры Полацкай езуіцкай акадэміі (у 1813 каля 40 тыс. тамоў). У 19—20 ст. вядомы бібліятэкі: прыватныя Т.Нарбута, І.М.Даніловіча, А.К.Кіркора, Ашторпаў у Дукоры (Ігуменскі пав.), Беніслаўскіх у Быхаве, Масальскіх у Белічанах, Г.Х.Татура ў Мінску, Тышкевічаў у Лагойску, Т.С.Урублеўскага ў Вільні і інш. У Слуцку Ю.Бергель сабраў больш за 3 тыс. рэдкіх кніг, рукапісаў і дакументаў. Створаны публічныя бібліятэкі ў Гродне (1830, 1863), Магілёве (1833, 1861), Мінску (1845, 1900), Віцебску (1857) і інш. У пач. 1890-х г.Віленская навучальная акруга арганізавала бібліятэкі пры нар. вучылішчах (у 1894 былі 733 такія бібліятэкі). Яны мелі невял. кніжны фонд і камплектаваліся пераважна кнігамі рэліг. павучальнага зместу. У пач. 20 ст. на сродкі выдаўца Ф.Ф.Паўленкава ствараліся паўленкаўскія бібліятэкі, у т. л.Астрамечаўская бібліятэка. У 1913 на Беларусі была 851 бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. тамоў. У 1921 арганізавана Бібліятэка фундаментальная БДУ — першая навуковая бібліятэка на Беларусі. У 1922 створана аб’яднаная Бел.дзярж. і універсітэцкая бібліятэка, з 1926 Бел. дзяржаўная (гл.Бібліятэка нацыянальная Беларусі), яе філіялы (да 1938) у Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1928), пры Доме ўрада (1933; з 1994 Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь). У 1925 засн.Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Якуба Коласа. З 1934 пачала стварацца сетка самаст.бібліятэк дзіцячых, з 1938 — бібліятэк абласных Беларусі. На пач. 1941 на Беларусі працавалі 4172 масавыя бібліятэкі з кніжным фондам больш за 5 млн. тамоў і больш за 500 навук. бібліятэк з кніжным фондам каля 5 млн. тамоў. У Вял.Айч. вайну амаль усе бібліятэкі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. У 1950 колькасць бібліятэк і агульны кніжны фонд перасягнуў даваенны ўзровень. Працуюць спец. рэспубліканскія бібліятэкі: Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая імя І.С.Лупіновіча, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская і інш.Асн. прынцыпамі бібліятэк Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца садзейнічанне адраджэнню і развіццю нац. культуры, зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны, распаўсюджванне гуманіст. ідэй і навук. ведаў. На 1.1.1996 на Беларусі каля 14 тыс. масавых і спец. бібліятэк, у т. л. 300 тэхнічных, 200 мед., 279 дзіцячых, агульны фонд якіх складае больш за 240 млн.экз.
Бібліятэчныя будынкі ў Еўропе напачатку ствараліся пры манастырах (асобныя памяшканні), потым пры палацах (б-каг. Эскарыял каля Мадрыда, 2-я пал. 16 ст.). Як самастойныя будынкі бібліятэкі ўзніклі ў 14—15 ст., мелі суровы манастырскі або парадны палацавы выгляд. З ростам грамадскага значэння бібліятэкі з’яўляліся вял. чытальныя залы (часцей круглыя) са шмат’яруснымі кніжнымі шафамі і балконамі ўздоўж сцен (б-ка Брытанскага музея ў Лондане, 1854—57). У Расіі першыя будынкі бібліятэк вядомы з канца 18 — пач. 19 ст. У 1828—32 у стылі ампір пабудавана Публічная б-ка ў Пецярбургу (арх. К.Росі; цяпер гал. корпус Рас.нац. б-кі). У Маскве пабудавана адна з буйных бібліятэк свету — Рас.дзярж.б-ка (1828—58, арх. У.Гельфрэйх, У.Шчуко і інш.). Сучасныя будынкі бібліятэк маюць 2 асн. зоны: абслугоўвання чытачоў (чытальныя і лекцыйныя залы, памяшканні каталогаў, даведачна-бібліягр. і навук.-метадычных аддзелаў, абанемента) і службова-вытв. (памяшканні аддзела камплектавання і апрацоўкі фондаў, службовых каталогаў, кнігасховішчаў, вытв. майстэрняў і інш.). Вял. чытальныя залы часцей размяшчаюць у цэнтры будынкаў, яны выяўляюцца ў кампазіцыі фасадаў; кніжныя сховішчы — у ніжніх паверхах або ў спец. памяшканнях на ўсю вышыню будынка. Часам пры ун-тах і інш.навуч. установах узводзяць спец. будынкі бібліятэк па індывід. праектах (Б-ка рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага ун-та, 1963, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс і Дж.О.Мерыл).
На Беларусі найб. значныя па памерах і цікавыя арх. вырашэннем будынкі Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Г.Лаўроў), Цэнтр.навук. б-кі імя Я.Коласа АН Беларусі (1967), абласной б-кі імя Пушкіна (1971), Рэсп. навукова-мед., б-кі № 11 у Мінску, Гомельскай (1958) і Віцебскай (1969) абл. бібліятэк і інш. Гарадскія і раённыя бібліятэкі звычайна будуюць па тыпавых праектах. Сельскія бібліятэкі найчасцей размяшчаюцца ў будынках клубаў, дамах і палацах культуры.
У.А.Акуліч, В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Бібліятэка. Агульны выгляд і інтэр’ер бібліятэкі рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага універсітэта. 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫТРЫНІТА́РЫІ (ад анты... + лац. trinitas тройца),
прыхільнікі хрысц. плыняў і абшчын, якія адмаўляюць догмат пра трыадзінства Бога (Тройцу). Рух і вучэнне антытрынітарыяў бяруць пачатак у 2—3 ст., калі ўсталёўваліся асн. догматы хрысціянства. Вучэнне асуджана Усяленскімі саборамі, але ў сярэднія вякі яго прытрымліваліся прыхільнікі наміналізму, асобныя ерэтычныя рухі. Нярэдка ідэі антытрынітарызму былі своеасаблівай праявай вальнадумства. У сваіх поглядах антытрынітарыі абапіраліся на вучэнне неаплатанізму, пантэізм, зыходзілі з таго, што першапачатковае хрысціянства не прадпісвала ніякіх догматаў. Веру ў Тройцу яны лічылі лагічным непаразуменнем, народжаным недасканаласцю схаластычнага мыслення. З адмаўленнем Тройцы антытрынітарыі спалучалі пераасэнсаванне боскай прыроды Хрыста, што падрывала хрысц. версію замагільнага жыцця. Многія антытрынітарыі лічылі смерць натуральным працэсам, Святы дух трактавалі не як самастойную субстанцыю, а як атрыбут Бога-айца. Яны патрабавалі ўзгаднення палажэнняў рэлігіі з розумам, адстойвалі права кожнага чалавека свабодна чытаць і інтэрпрэтаваць Біблію.
Распаўсюджанне ідэй антытрынітарызму на Беларусі ў 16 ст. звязана з рэфармацыйным рухам у Зах. Еўропе, прадстаўнікі якога (Г.Бляндрата, П.Альтыяці, В.Джэнтылі і інш.) наведвалі Беларусь. Умацаванню руху антытрынітарыяў на Беларусі садзейнічалі таксама творы ісп. мысліцеля М.Сервета «Сем кніг памылковых поглядаў на Тройцу», «Аднаўленне хрысціянства» і інш. На аснове рэліг. рацыяналізму антытрынітарыяў фарміравалася айч. атэістычная думка (К.Бекеш, С.Лован, Ф.Даманеўскі, Ян Ліцыній Намыслоўскі, К.Лышчынскі і інш.). У 16 ст. ў руху антытрынітарыяў на Беларусі ўтварыліся 2 кірункі: памяркоўны і радыкальны. Прадстаўнікі першага (С.Будны, В.Цяпінскі і інш.) для абгрунтавання сваіх поглядаў выкарыстоўвалі ант. спадчыну і абвяргалі апалагетыку схаластыкі, якая пры дапамозе сафістыкі імкнулася абараніць хрысц. догматы. Яны адзначалі непазбежнасць сац. расслаення грамадства, выступалі ў абарону дзярж. ладу, былі прыхільнікамі яго паступовага эвалюц. ўдасканалення. Ідэолагі радыкальнай плыні (Якуб з Калінаўкі, Пётр з Ганёндза, Павел з Візны, М.Чаховіц), якія адстойвалі інтарэсы і грамадскія ідэалы нар. масаў, імкнуліся не да часовых рэформаў, а да радыкальных сац.-паліт. пераўтварэнняў, выступалі супраць прыватнай уласнасці, саслоўных прывілеяў, сац. і маёмаснай няроўнасці, патрабавалі скасавання дзярж. ін-таў. Большасць з іх адмоўна ставілася да філас. і тэалагічнай спадчыны, прызнавала толькі аўтарытэт Свяшчэннага пісання і асабістай веры. Важную ролю ў рацыяналізацыі дактрыны антытрынітарыяў, ператварэнні яе з рэліг. у філас. адыграла распаўсюджанне на Беларусі сацыніянства. Антытрынітарыі зазналі ганенне каталіцкай царквы і артадаксальнага пратэстантызму. У 1647 друкарні і школы антытрынітарыяў зачынены, а ў 1658—60 іх паслядоўнікі выгнаны з Рэчы Паспалітай. Вучэнне антытрынітарыяў працягвае існаваць, яго прытрымліваюцца многія пратэстанцкія абшчыны.
Літ.:
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1490;
Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993;
Szczucki L. Antytrynitaryzm w Europie wschodniej // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. 1979. T. 24.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НЫ (Athēnai) Старажытныя, горад-дзяржава (поліс) у Паўд.ч.Атыкі, адзін з важнейшых эканам., паліт. і культ. цэнтраў Стараж.Грэцыі. Поліс утварыўся ў выніку аб’яднання радавых абшчын Атыкі вакол Афінскага акропаля. Унутры абшчын існаваў падзел на аўпатрыдаў, геамораў і дэміургаў. Савет знаці, арэапаг, меў вышэйшую суд., адм. і рэліг. ўладу. У 621 да нашай эры правіцель Драконт запісаў законы, якія прызнавалі прыватную ўласнасць на рухомую маёмасць. Да канца 6 ст. да нашай эры зямля лічылася абшчыннай уласнасцю, але паступова апынулася ў руках радавой знаці, а частка абшчыннікаў — у даўгавым рабстве. У 594 да нашай эры правіцель Салон Правёў рэформы, якія адмянялі даўгавое рабства, уводзілі савет 400; грамадзян падзялялі на 4 разрады ў адпаведнасці з маёмасным цэнзам; вышэйшыя пасады ў дзярж. органах маглі займаць толькі самыя багатыя людзі. Народны сход і Гелія (суд прысяжных) складаўся з усіх грамадзян. Узнікла дэмакратыя. Каля 560 да нашай эры адбыўся паліт. пераварот, у выніку якога ўстанавілася тыранія Пісістрата. Пры Пісістратыдах (560—510 да нашай эры) разгарнулася храмавае і свецкае буд-ва, праведзены водаправод; Афіны кантралявалі марскі шлях у Прычарнамор’е, пашырылі свой уплыў на шэраг а-воў Эгейскага м. Пасля падзення тыраніі і грамадз. вайны 508 да нашай эры праведзены новыя рэформы, у выніку якіх знішчаны перажыткі радавога ладу; закон аб астракізме ахоўваў дэмакратыю. Афіны сталі самай вял. дзяржавай Стараж. Грэцыі. У перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры Афіны дасягнулі найб. росквіту: некалькі разоў перамагалі персаў, узначальвалі антыперс. Дэлоскі саюз, які пазней ператварыў Афіны ў марскую дзяржаву (гл.Архе Афінская). Гады праўлення Перыкла атрымалі назву «залатога веку Перыкла». З увядзеннем аплаты дзярж. пасад дэмасу забяспечаны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Праца свабодных земляробаў і рамеснікаў спалучалася з працай рабоў, Афіны ператварыліся ў буйны гандлёва-рамесніцкі поліс. Расквітнелі філасофія, рэлігія, тэатр, л-ра, архітэктура і скульптура. Аднак шматлікія супярэчнасці ўнутры Афінскай дзяржавы з яе полісамі-саюзнікамі прывялі да Пелапанескай вайны 431—404 да нашай эры і паражэння Афін. У ходзе Карынфскай вайны 395—387 да нашай эры Афіны часткова аднавілі сваё становішча, але былой магутнасці ўжо не дасягнулі. У 338 да нашай эры Македонія ўключыла Афіны ў Элінскі саюз пад сваёй гегемоніяй. У 86 да нашай эры Афіны заваяваны Рымам. У 3 ст. нашай эры Афіны перажылі нашэсце варвараў і прыйшлі ў заняпад.
Літ.:
Колобова К.М. Древний город Афины и его памятники. Л., 1961;
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;
Фролов Э.Д. Социально-политическая борьба в Афинах в конце V в. до нашей эры: (Материалы и документы). Л., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Гаўрыла Іванавіч) (10.4.1900, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.11.1988),
бел. геолаг, географ, эканаміст, грамадскі дзеяч; заснавальнік сав. школы палеапатамалогіі і бел. школы даследчыкаў антрапагену. Акад.АН Беларусі (1928), д-р геолага-мінералагічных н. (1946). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Брат М.І.Гарэцкага, бацька Р.Г.Гарэцкага. Скончыў Пятроўскую (Ціміразеўскую) акадэмію (1924). У 1922 арыштаваны органамі АДПУ. З 1924 выкладчык Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду (Масква). З 1925 дацэнт, заг. кафедры Бел.с.-г. акадэміі. З 1927 дырэктар арганізаванага ім Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1925—28 правадз. член, з 1927 член прэзідыума Інбелкульта. У канцы 1930 арыштаваны, у 1931 асуджаны па справе Працоўнай сял. партыі на высылку за межы Беларусі. З 1931 у інж.-геал. экспедыцыях Беламорбуда і Туломбуда НКУС. У 1934 вызвалены. У 1937 і 1938 зноў арыштаваны. У Вял.Айч. вайну гал. геолаг Галоўабаронбуда пад Масквой і Ленінградам. З 1944 у Гідрапраекце СССР. У 1958 рэабілітаваны, у 1965 адноўлены ў званні акадэміка АН Беларусі. З 1968 на Беларусі, стварыў і ўзначаліў (да 1985) аддзел (з 1977 лабараторыя) геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену Ін-та геахіміі і геафізікі АН Беларусі (цяпер Ін-тгеал. навук АН), з 1985 навук. кансультант. Навук. працы па геалогіі антрапагену і інж. геалогіі. Праводзіў геал. даследаванні пры праектаванні і буд-ве гідратэхн. збудаванняў (Беламорска-Балтыйскі, Волга-Данскі і Сальскі каналы, Ніжне- і Верхнетуломская, Горкаўская, Цымлянская, Кіеўская, Кахоўская і інш.ГЭС, Сарпінская абвадняльная і арашальная сістэма, Рыбінскі і Салікамскі гідравузлы і інш.). Вывучаў геалогію Карэліі, Кольскага п-ва, басейнаў Волгі, Дона, Дняпра і Нёмана, даследаваў стараж. рэкі і археал. стаянкі, распрацоўваў вучэнне аб фацыях алювію, краявых ледавіковых утварэнняў і ледавіковых лагчын, лёсавых і паводкава-ледавіковых адкладаў. Аўтар прац па эканоміцы, рус.-бел. (1918) і маскоўска-бел. (1921) слоўнікаў (разам з М.Гарэцкім), успамінаў пра М.Гарэцкага, Я.Купалу, Я.Коласа, М.Горкага, Інбелкульт. Дзярж. прэмія СССР 1971. Дзярж. прэмія БССР 1986. Яго імем названы многія віды выкапнёвых раслін і жывёл.
Тв.:
Народны прыбытак Беларусі. Мн., 1926;
Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины. Прареки Камского бассейна. М., 1964. Формирование долины р. Волги в раннем и среднем антропогене. Аллювий Пра-Волги. М., 1966;
Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра. М., 1970;
Асноўныя вынікі вывучэння антрапагену Беларусі ў Акадэміі навук БССР // Даследаванні антрапагену Беларусі. Мн., 1978;
Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). Мн., 1980;
Палеопотамологические эскизы Палео-Дона и Пра-Дона. Мн., 1982.
Літ.:
Бібліяграфія навуковых прац акадэміка АНБССР Г.І.Гарэцкага. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ (Karl),
імя каралёў Швецыі Найб. значныя з іх:
Карл IX (4.10.1550, Стакгольм — 30.10.1611), кароль [1604—11]. Малодшы сын Густава I Вазы. Пасля заключэння швед.-польск. уніі (1592) узначаліў рух супраць свайго пляменніка швед.-польск. караля Жыгімонта III Вазы, які намагаўся аднавіць у Швецыі каталіцызм (К. IX падтрымліваў лютэранства). Разбіў каля Стонгебру (1598) войскі Жыгімонта III і дамогся яго звяржэння (1599). З 1599 рэгент, з 1604 кароль (каранаваны ў 1609). Пачаў інтэрвенцыю супраць Расіі (пад выглядам ваен. дапамогі цару Васілю Іванавічу Шуйскаму ў 1611 захапіў Ноўгарад), Кальмарскую вайну 1611—13 з Даніяй.
Карл X Густаў (8.11.1622—13.2.1660), кароль [1654—60], палкаводзец. З 1648 генералісімус швед. арміі ў Германіі. Заняў прастол пасля адрачэння стрыечнай сястры Крысціны. У ліп. 1655 пачаў вайну супраць Рэчы Паспалітай (гл.Паўночная вайна 1655—60); на працягу жн. — кастр. 1655 шведы занялі б.ч. Польшчы і Жамойці. Некаторыя бел. і літ. магнаты на чале з Я. і Б.Радзівіламі пачалі перагаворы з прадстаўнікамі К. X, падпісалі акт аб дзярж. уніі ВКЛ і Швецыі, а К. X быў абвешчаны вял. князем ВКЛ. На акупіраваных тэр. разгарнулася нац.-вызв. барацьба (у крас. — маі 1656 успыхнула паўстанне ў Жамойці), у выніку чаго знішчана значная ч.швед. гарнізонаў. У 1657 войскі К. X пацярпелі шэраг паражэнняў у Польшчы. У 1658 заключыў перамір’е і з Расіяй.
Карл XII (27.6.1682, Стакгольм — 11.12.1718), кароль [1697—1718], палкаводзец. Сын Карла XI (правіў у 1660—97). Імкнуўся да ўстанаўлення абс. улады. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21 супраць Паўн. саюза (Расія, Рэч Паспалітая, Данія). Лічыў гал. сваім ворагам караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II Моцнага. У 1701 на чале швед. арміі захапіў Інфлянты і Літву, у 1702 праз Коўна і Гродна ўступіў на тэр. Польшчы. У ВКЛ К. XII падтрымала магнацкая групоўка Сапегаў, якая ў 1704 дамаглася абрання каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1708 войскі К. XII уступілі на Беларусь, потым на Украіну. У 1708—09 пацярпеў паражэнне каля Лясной і Палтавы, уцёк у Турцыю. Пасля паражэння шведаў у Фінляндыі і ў Гангуцкім баі 1714 пачаў мірныя перагаворы з Расіяй. У 1716 абараняў Швецыю ад высадкі войск Паўн. саюза. Намагаўся заваяваць Нарвегію, загінуў у час аблогі крэпасці Фрэдэрыксхаль (Зах. Нарвегія).
Карл XVI Густаў (н. 30.4.1946, каля Стакгольма), кароль з 1973. З дынастыі Бернадот. Адмірал флоту, генерал арміі і авіяцыі. Унук караля Густава VI Адольфа. З 1950 наследны прынц. Скончыў Каралеўскую ваенна-марскую акадэмію і Каралеўскі каледж нац. абароны. Вывучаў сацыялогію, фін. права, эканоміку ва ун-тах Стакгольма і Упсалы. Заняў прастол пасля смерці дзеда. У адпаведнасці з дзярж. традыцыямі з’яўляецца апекуном швед. евангелісцка-лютэранскай царквы, мае статус 1-га прадстаўніка ўзбр. сіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАДРУКАВА́ННЕ,
комплекс тэхнал. працэсаў па стварэнні картаграфічнай прадукцыі. Уключае работы; рэдакцыйна-падрыхтоўчыя, картаскладальныя, падрыхтоўкі карты да друку, картавыдавецкія.
Рэдакцыйна-падрыхтоўчыя работы — гэта збор, сістэматызацыя і навук. абагульненне картаграфічных матэрыялаў, выбар маштабу і картаграфічных праекцый, пабудова макета кампаноўкі, вызначэнне спосабаў адлюстравання і ўмоўных адзнак, стварэнне ўзору фарбавага афармлення, пабудова картаграфічнай (пры неабходнасці каардынатнай) сеткі, нанясенне пунктаў дзярж.геадэзічнай сеткі і інш.Картаскладальныя работы — графічная пабудова арыгінала карты і перанос картаграфічнага відарыса з зыходных матэрыялаў на падрыхтаваную аснову. Перанос ажыццяўляюць спосабамі камп’ютэрнага картаграфавання ці традыцыйнымі: оптыка-механічным пры дапамозе фотарэпрадуцыравання, фотатрансфармавання; праектыўным — праз эпідыяскоп або аптычныя рысавальныя прылады; графамеханічным з выкарыстаннем пантографа, перспектографа і інш. Пры камп’ютэрным картаграфаванні выкарыстоўваюць спец. графічныя сістэмы на базе персанальных камп’ютэраў з адпаведным праграмным забеспячэннем (фотаграмметрычныя, картаграфічныя, графічныя і тэкставыя праграмы). Адначасова з графічнай пабудовай зместу карты робяць фарбавае афармленне і наносяць подпісы назваў. Падрыхтоўка да друку ўключае выраб штрыхавых выдавецкіх арыгіналаў гравіраваннем на пласцінах мех., хім., тэрмаэл. лазерным спосабамі або вычэрчваннем на пластычнай ці папяровай аснове. У выніку гравіравання атрымліваюць арыгінал з негатыўным відарысам элементаў. Фарбавы арыгінал і макеты (неабходныя пры стварэнні дыяпазітываў фонавых элементаў карты) робяць акварэльнымі фарбамі ад рукі. Картавыдавецкія працэсы ўключаюць рэпрадукцыйныя, рэтушорныя, святлокапіравальныя, друкарскія і пераплётна-брашуровачныя работы. Пры камп’ютэрнай тэхналогіі колерадзяленне і фотавывад дыяпазітываў карты ажыццяўляюць на электронным фотанаборным аўтамаце, дзе атрымліваюць фотаформы штрыхавога і растравага тонавага відарыса на фотаадчувальным матэрыяле (плёнцы, паперы) пры экспаніраванні яго лазерным промнем. Пры традыцыйнай тэхналогіі выкарыстоўваюцца чорна-белыя штрыхавыя, паўтонавыя, фонавыя і каляровыя арыгіналы на маладэфармавальнай арміраванай аснове. Вычарчаныя на ватмане арыгіналы фатаграфуюць і з негатываў робяць столькі дыяпазітываў, колькі на карце выкарыстана фарбаў; паўтонавыя арыгіналы рэпрадуцыруюць з дапамогай праекцыйных або кантактных растраў; фонавыя вырабляюцца ўручную або метадам здымнага слоя з выкарыстаннем залівак або сетак, каляровыя ўзнаўляюцца электроннымі сканіруючымі прыладамі або рэпрадуцыруюцца з дапамогай святлафільтраў і колеракарэкціруючых аптычных прыстасаванняў. Са створаных дыяпазітываў на фотапалімерных алюмініевых пласцінах пазітыўным кантактным святлокапіраваннем атрымліваюць друкарскія формы плоскага (афсетнага) друку. Тыраж друкуецца на ратацыйных ліставых друкарскіх машынах (у асн. 2- і 4-фарбавых).
На Беларусі К. на прамысл. узроўні вядзецца з 1939 на Мінскай картаграфічнай ф-цы (цяпер дзярж. прадпрыемства «Мінская друкарская фабрыка»), з 1947 таксама на Бел. картографа-геадэзічным прадпрыемстве (цяпер Бел. картаграфічнае аб’яднанне «Белгеадэзія»). З 1990-х г. існуюць і прыватныя картаграфічныя выд-вы і прадпрыемствы («Трывіум», «Арты-фекс», «Квадрограф», «Еўраферлаг»), якія шырока выкарыстоўваюць камп’ютэрнае абсталяванне і высокія сучасныя тэхналогіі. Гл. таксама Геаграфічныя карты, Картаграфія.
Літ.:
Билич Ю.С., Васмут А.С. Проектирование и составление карт. М., 1984;