адкі́нуць, ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуўшы, перамясціць убок, назад, наперад. [Карн] папляваў у далоні, глыбока капнуў рыдлёўкай старое вогнішча, адкінуў зямлю ўбок. Шамякін. // Рэзка, з сілай адштурхнуць, адвесці ад сябе каго‑, што‑н. [Лёдзя] адкінула Яўгенавы рукі, усхапілася і адышла ад акна. Карпаў. / у безас. ужыв. З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад. Гамолка. // перан. Вярнуць да пройдзенай стадыі ў развіцці чаго‑н. А вайна ўсё адкінула назад, сям’ю па свеце раскідала. Кавалёў.

2. Атакаваўшы, прымусіць адступіць. Натхнёныя першай удачай, танкісты Анішчанкі кінуліся ў атаку і пасля кароткага жорсткага бою адкінулі ворага. Гурскі.

3. Не прыняць чаго‑н., адмовіцца ад чаго‑н. Ці ж кепска ў свой мізэрны бюджэт уключыць рублёў пятнаццаць за скуру ліса.. Хто ж адкіне гэта? Шынклер. [Стафанковіч унуку:] — Я табе прынясу, .. падарую, рабі, што сабе хочаш, такія рэчы, што ніхто не адкіне. Чорны. // перан. Вызваліцца, адмовіцца ад якіх‑н. прывычак, думак, пачуццяў і пад. Хлопцы адкінулі ў адносінах да Маі ранейшае панібрацтва і стараліся быць галантнымі. Карпюк. Перш за ўсё, як зусім Непатрэбную рэч, Жаль, што сэрца сціскаў мне, Адкінуў я прэч. Куляшоў.

4. Адвесці ўбок ці апусціць уніз што‑н., замацаванае адным краем. Хвошч адамкнуў куфэрак, адкінуў вечка і задаволена пацёр твар абедзвюма рукамі. Лупсякоў. // Рэзкім рухам адвярнуць, адагнуць край чаго‑н., што звісае, пакрывае. Адкінуць з грудзей коўдру. □ Вольга адкінула з ілба непакорную пасму валасоў і з дакорам паківала галавой. Даніленка. // Адвесці назад, убок; закінуць (галаву, руку, нагу). Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну І ў ражок той тру-гу-гу. Колас.

5. Зменшыць на пэўную колькасць пры адыманні; адняць. Адкінуць сем ад пятнаццаці. // Не прыняць пад увагу пры лічэнні, ацэнцы каго‑, чаго‑н. Улічыць галоўнае, адкінуць выпадковае.

6. Вярнуць чужое (знойдзенае, украдзенае і пад.); падкінуць.

7. безас. Вярнуцца (пра хваробу). Ён быў прастудзіўся, не вылежаў, пайшоў рамантаваць свой грузавік, і яго адкінула зноў. «Работніца і сялянка».

8. Адбіць, стварыць (цень, водсвет і пад.). Электрычнае святло адкінула роўны водсвет на людскія твары. У стэпе, залітым месячным святлом, курган адкінуў густы цень.

•••

Адкінуць хвост (ногі, капыты) — захварэць, памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рці, пру, прэш, прэ; пром, праце, пруць; пр. пёр, перла; заг. пры; незак.

Разм.

1. Ісці, рухацца, лезці куды‑н., не зважаючы на перашкоды, без дазволу. — Таварыш камандзір, — пачаў Мікола, — немцы... Проста па балоце пруць... Шчарбатаў. [Ігар] пёр праз хмызняк напралом, ломячы сучча. Ваданосаў. У вёску .. [ваўкі] баяцца хадзіць, а сюды, на хутар, пруць. Сабаленка. // Ісці, рухацца вельмі шпарка. Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі, Бяжыць, як можа, без аглядкі. Колас. З гулкім грукатам, з шумам і звонам За адным прэ другі эшалон. Непачаловіч. Азірнуўся я — і аслупянеў. Па дарозе на мяне прэ ваўкадаў. Кудравец. // Ісці вялікай колькасцю, натоўпам; валіць. Чуць заняўся ўсход Неба яснай зарой, Прэ на поле народ З бараной і сахой. Купала. Вады зараз нагнала, а.. [рыбы] на мелкаводдзе з віроў пруць. Савіцкі. // перан. Імкнучыся дасягнуць чаго‑н., дзейнічаць рашуча, настырна. Было такое — хацеў закруціць з.. [Юлькай]. Толькі хіба са сваёй асцярожнасцю мог устаяць супроць Анкуды, які пер напралом? Карамазаў. Хто ж будзе займацца тымі, якія ўсякімі абходнымі .. сцежкамі пруць у навуку? «ЛіМ».

2. каго-што. Гнаць, выганяць. Праўду тады ў сорак першым казалі, што будуць фашыстаў назад перці так, што драпака даць яны не ўправяцца... Мележ. [Падбярэцкі:] — Андрэй і так і сяк: «Астынь...» А яна: «Вон, і ўсё...» І яго прэ вон разам са мной. Пташнікаў.

3. Выбівацца, выходзіць, вылазіць на паверхню. [Туравец:] «Высеклі безліч [дрэў] каля чыгункі, а лес застаўся. І на высечцы хмызняк вунь прэ...» Мележ. А газ, як на тое ліха, усё прэ і прэ... Вырываецца на прастор. Шыловіч. Пруць з-пад карчоў паганкі, Мох абляпіў дубы. Грачанікаў. / у перан. ужыв. «Ну і фантазія! — думаў.. [Прыборны]. — Так і пруць з .. [Лясніцкага] гэтыя выдумкі». Шамякін. // безас. З сілай выштурхваць што‑н.

4. каго-што. Несці, валачы што‑н. цяжкае, грувасткае. Прэ дзядок старэнькі з лесу Дроў бярэмя, як падняць. Васілёк. [Вольга:] — Я павінна гэтыя яблыкі перці, а ён балюе... Савіцкі.

5. што. Груб. Аддаваць, даваць каму‑н. што‑н. у вялікай колькасці, больш чым патрэбна. А чаму сытыя [каровы]? Бо Пятро другім кармоў недадае, а ўсё тым, Лідзіным, прэ. Ваданосаў.

6. перан.; што. Груб. Прагна есці; жэрці. [Тадора:] — Гэта сала будзе з гэтакага догляду... А нябось, як на скаварадзе паставяць, дык прэш, аж нос гнецца. Крапіва.

•••

З горла прэ — тое, што і з горла лезе (гл. лезці).

Цераз верх перці ў каго — пра лішак, вялікую колькасць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свідрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Рабіць свердлам адтуліны ў чым‑н. А таго, каб так лёгка свідраваць халоднае тоўстае жалеза, нават і не ўяўляў [Васіль]. Кулакоўскі. // Бурыць адтуліны ў грунце або ў горнай пародзе. З тае пары, як пачалі свідраваць зямлю, людзі не маглі абыйсціся без гліністага раствору. «Маладосць». // Струменем вады пад вялікім ціскам прамываць адтуліны ў чым‑н. Сёння людзі навучыліся тонкім струменем вады свідраваць сталь. Броўка. На што вада, але і тая Не ўсюды роўны нораў мае: Спакойна ў ямах і заторах, Але капае дол у горах І страшна пеніцца, бушуе, І грунт каменны там свідруе. Колас.

2. Тачыць, прабіваць, рабіць адтуліны ў чым‑н. (пра расліны, жывёл і пад.). Граніт і голае каменне Свідруюць тонкія карэнні. Шукаючы жывой крыніцы, Каб чыстае вады напіцца. Грахоўскі. Чуваць, як знізу парасткі тугія Свідруюць пласт абвугленай зямлі. Аўрамчык. Сваёй вострай і моцнай дзюбай чорны дзяцел прабівае кару, свідруе драўніну, растрыбушвае шышкі. В. Вольскі.

3. перан. Пранізваць паветра, ваду рэзкім узлётам, хуткім вярчэннем. Арлы-самалёты Свідруюць прастор. Купала. Ён [параход] плыве, мінае мелі, І ваду свідруе вінт. Ліхадзіеўскі.

4. перан. Дзьмуць з вялікай сілай (пра вецер). Захавай, мой сын, прашу я, Човен у адрыне, Няхай вецер не свідруе, Няхай так не гіне. Колас.

5. перан. Непакоіць, хваляваць, мучыць (пра думкі, адчуванні). Усё гэта рабілася механічна, бо галаву свідравалі іншыя думкі. Чарнышэвіч. Да самага вечара стары не пайшоў нікуды. Мучыла, свідравала душу вострае адчуванне, што трэба неадкладна неяк старацца памагаць Ганне. Кулакоўскі. // Раздражняць слых рэзкімі гукамі. Толькі свідраваў вушы востры, пранізлівы звон, ды рэзкімі, балючымі штуршкамі біла ў скроні кроў. Шашкоў. // Раздражняць нюх рэзкім пахам. Адчуванне вярнулася немаведама ад чаго: ці ад пякельнага болю, ці ад таго, што колы вагона ляскалі, падскокваючы на стыках рэек, ці ад моцнага паху ёдаформу, які, здавалася, свідраваў нос. Сабаленка. / у безас. ужыв. А Сучка пад сталом ляжала. У беднай аж кіпела кроў: Ну так жа смачна ў носе свідравала. Корбан.

6. перан. Пільна ўглядацца ў каго‑, што‑н. Тодар адчуў, што вочы ўсяе залы ўпіраюцца яму ў спіну, свідруюць яго. Крапіва. Расказвае дзед Іван, рукой час ад часу вусы прыгладжвае. А дзеці так і свідруюць яго вачыма. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ступі́ць 1, ступлю, ступіш, ступіць; зак.

1. Зрабіць крок. Сяржант ступіў пару крокаў, адсунуў плячом Цімоха. Асіпенка. Аднак не паспеў [Пеця] ступіць і некалькі крокаў, як прыкмеціў у змроку шэрую пляму. Анісаў. Ступіць Сёмка раз, а яго сусед тры (ногі ў суседа кароткія). Чорны. // Наблізіцца, падысці да каго‑, чаго‑н. Бацька ступіў да .. [сына] першы, працягнуў абедзве рукі: — Дзякуй богу! Гэта ты, сынок? Кулакоўскі. Антанюк ступіў да штыкетнага паркана: дарога і тратуар слізкія. Шамякін. // Пераступіць цераз што‑н. Сярожа знайшоў клямку, адчыніў дзверы і ступіў цераз парог. Паўлаў. // перан. Пачаць дзейнічаць, працаваць і пад. Вялікая мужнасць патрабавалася ад Адэлі, каб зрабіць вырашальны крок, парваць з хутарам і ступіць на іншы, новы шлях. Кучар. Але здарылася так, што [Лінкевіч] у крутую хвіліну ступіў не на тую дарогу. Дуброўскі. / у перан. ужыв. На савецкую зямлю ступіла вясна — вясна завяршаючага года пяцігодкі. «Звязда».

2. Паставіць нагу куды‑н., наступіць на каго‑, што‑н. Ну? — нецярпліва кінуў насустрач .. [Валі] стары, ледзь яна ступіла на падножку. Мележ. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец. // Ідучы, зрабіць упор (на нагу, пальцы і пад.). Ступіць на пятку. Ступіць на хворую нагу.

3. Увайсці куды‑н. Гаспадыня, яшчэ ні пра што не здагадваючыся, запынілася на парозе. Асцярожна пр[ы]чыніла за сабой дзверы. Ступіла ў пакой і зразумела ўсё. М. Стральцоў. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Як толькі ў хату ступіць госць — Адразу смажыцца яечня. Сіпакоў. // Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Адчыніў я веснічкі, ступіў на бацькаў двор, ды так быццам і прырос да зямлі... Васілевіч. Так веку чвэрць ваюючы за шчасце, Ступіў баец на родную зямлю. Звонак.

•••

Кроку не ступіць без каго-чаго — а) немагчыма самастойна зрабіць што‑н.; б) немагчыма абысціся без чыёй‑н. дапамогі, падтрымкі, без каго‑, чаго‑н.

Куды ні ступі — усюды, скрозь.

Нага чыя не ступіць гл. нага.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Не ступіць на парог — не бываць у каго‑н., не заходзіць да каго‑н.

ступі́ць 2, ступлю, ступіш, ступіць; зак., што.

Зрабіць тупым, затупіць. Ступіць пілу. □ Спрабаваў Леў высякаць Іскры, ды дарма. Толькі кіпцюры ступіў, А агню — няма. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго і без дап. Таўхаць каго‑н. кароткімі штуршкамі. — Ідзі, Янак, па Харытона, — торкае мяне пад бок Юзя, заглядаючы праз адчыненыя дзверы ў гасціную. Бажко. Сплю я, а нехта торкае: — Уставай, уставай, Рыгорка! Брыль. // Рэзкімі рухамі дакранацца да каго‑, чаго‑н. [Святлана:] — Падыходжу да клеткі, гляджу: Даўгахвостка не спіць. Ходзіць туды-сюды, вострай пысачкай у дзверцы торкае. На волю просіцца. Сіняўскі. Андрэй аглядаў машыну, торкаў нагой у скаты, зазіраў у матор. Няхай.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыводзіць у рух паплавок, кляваць (пра рыбу). Міша падымаецца, выцягвае адну, другую вуду, правярае. Мог бы і не правяраць. Усё роўна не торкала — вісяць чарвякі некранутымі. Кандрусевіч.

3. каго. Тузаць за лейцы, прымушаючы каня ісці. Бацька торкаў лейцамі каня. Мурашка.

4. чым. Соваць, усоўваць што‑н. вострае куды‑н. Адкормлены гітлеравец доўга бегаў каля жоўтай паласы, торкаў у яе кійком і злосна крычаў. Шахавец. Узяўшы стрэльбу за прыклад, .. [чырвонаармеец] пачаў торкаць штыхом у зямлю за катух. Крапіва. // што. Хаваць, засоўваць што‑н. куды‑н. Як вучыць звычай спрадвечна — Торкае маці ў сцяну Купалкі ў купальскі вечар. Што... раніца... прынясе? Барадулін. // што. Даваць, соваць што‑н. каму‑н. [Яўхім] сядзеў ля маленькага танканогага ласяняці і торкаў яму ў рот соску, надзетую на бутэльку з малаком. Бяганская. Хто адвярнуўся ды пайшоў сваёй дарогай, а хто з жалю торкаў ёй у руку капеечку. Бядуля.

5. Рабіць рухі чым‑н. у бок каго‑, чаго‑н., паказваючы на каго‑, што‑н., дакранаючыся да каго‑, чаго‑н. Хоць, праўду сказаўшы, якая была ўжо там карысць з Мікіты, калі на яго і стары і малы пальцам торкаў як на паліцэйскага шпіка? Машара. [Вяржбіцкі:] — Але толькі не тузайце, не падпіхвайце, не хадзіце за мною па полі і не торкайце пальцам: сюды, маўляў, тое пакладзі, сюды — тры зярняткі кукурузы. Савіцкі. // Паказваць што‑н. каму‑н. Левай рукой .. [Філька] прыціскае да грудзей вудзільна, а пальцы правай складае ў дулю і торкае пад нос Саўку. Жычка. // што. Разм. Усоўваць у зямлю; садзіць якую‑н. расліну. [Пётра:] — Ну як, бацька, кукуруза? — Кучаравіцца пакрысе. Бывала, па тры калівы торкалі ў нас па градах, а тут гэтакі пляц засадзілі адразу. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урэ́заць, урэжу, урэжаш, урэжа; зак.

1. што. Адрэзаўшы частку чаго‑н., укараціць, паменшыць. Урэзаць крысо.

2. перан.; што. Зменшыць, скараціць аб’ём, колькасць, склад чаго‑н.; убавіць. Урэзаць зарплату. Урэзаць норму. Урэзаць штаты. Урэзаць расходы. // Абмежаваць. Урэзаць правы. Урэзаць паўнамоцтвы.

3. што ў што. Уставіць у выдзеўбанае, выразанае паглыбленне. Урэзаць замок у дзверы.

4. што і чаго (пераважна з адмоўем «не»). Разм. З цяжкасцю адрэзаць што‑н. вельмі цвёрдае. Мяса такое мерзлае, што не ўрэзаць.

5. што і чаго. Разм. Адрэзаць чаго‑н. [Міход:] — Урэжце [цётка Хіма] акрайчык свежага хлеба ды пашукайце ў каморы марожанага сальца. Я гэтак яго люблю. Сабаленка. [Дачка] ўнесла з каморы збан мёду, вялікі сыр, урэзала вяндліны. С. Александровіч. // Нарэзаць невялікую колькасць чаго‑н. [Сабастыян:] А я кагадзе дома каровам сечкі ўрэзаў, салому папалам з канюшынаю мяшаў. Чорны.

6. перан.; што і без дап. Разм. Нечакана і гучна заіграць, заспяваць; грымнуць. Урэзалі музыкі мяцеліцу, і ўсе закруціліся па хаце. Гарэцкі. Ідзе рота ў сталовую — песня гучыць. Як урэжуць «Тачанку» — усе вулачкі і закавулачкі дрыжаць. Ракітны. — Ото ўжо ўрэзаў, дык урэзаў! — смяялася бабка. — Каб яшчэ бубен, дык і танцаваць можна б было! Каліна. — Пайграем? — спытаў Санька і, доўга не думаючы, з усяе сілы ўрэзаў па белых касцяных дошчачках пяцярнёй. Сяркоў.

7. каму, па чым і без дап. Разм. Моцна ўдарыць. [Мятла:] — Калі Сяргей збіў паліцэйскага з ног, дык другі ўрэзаў яму па галаве, і ён упаў. Машара. [Камейша:] — Дзівіцца чалавек, чым так урэзаў, нягоднік, што адразу зваліў з ног... Пальчэўскі. [Вася:] — Я не стрываў, схапіў.. [Вярстоўскага] загрудкі і ўжо размахнуўся, каб урэзаць яму ў твар, ды ён лоўка перахапіў маю руку. Гаўрылкін. // Пабіць, збіць; пакараць. Ну ж і ўрэзалі тады.. [сялянам] казакі, і цяпер чухаюцца. Грахоўскі.

8. Разм. Імкліва паімчацца, пабегчы. Здымае шапку [старшыня сельсавета] з галавы і да яго: «Кось-кось!» — Нібыта ў шапцы той аўса ўволю. Але дурных няма, Буланы конь у поле Ўрэзаў так, што толькі ўзняўся пыл. Корбан. // Пайсці, паліць (пра дождж). Янка ўжо амаль дайшоў да чоўна, калі дождж урэзаў як след. Лупсякоў.

9. што. Разм. Рэзка і катэгарычна сказаць, заявіць што‑н. Пачуўшы песню ў другі раз, Міканор, хоць і ведаў, што Алёша можа пакрыўдзіцца, не прамаўчаў, бязлітасна ўрэзаў праўду-матку пра песню. Мележ.

•••

Урэзаць дуба — тое, што і даць дуба (гл. даць).

Урэзаць штуку — тое, што і адпаліць штуку (гл. адпаліць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яшчэ́, прысл.

1. Дадаткова, у дадатак да таго, што было або што ёсць. Падліць яшчэ малака ў шклянку. □ [Зелянюк:] — Мне трэба забегчы яшчэ ў адно месца. Зарэцкі. — А ну яшчэ яшчэ паддай! — грымнуў Сёмка-матрос. Лынькоў. // Зноў, паўторна. Пасля камандзіроўкі прыеду яшчэ сюды. □ Страх як бы адступіў, і зноў з’явіліся адчайная смеласць, азарт паляўнічага на страшнага звера, жаданне рызыкнуць яшчэ разок. Шамякін.

2. Пакуль што, да гэтых пор, да гэтага часу. Пад гімнасцёркай вызначаліся вострыя, неакрэплыя яшчэ плечы. Мележ. Іван яшчэ не ведаў, што рабіць, але Пятро сілком пацягнуў яго за сабой. Новікаў. Яшчэ ў лагчынах цёмны снег ляжыць, Ды пахне ўжо смалою і бяростаю. Свірка.

3. (пры абазначэнні часу, месца). Ужо. Купала развіваў традыцыі страснага, баявога, публіцыстычна завостранага верша, тыя традыцыі, што склаліся ў яго паэзіі яшчэ да Кастрычніка. Гіст. бел. сав. літ. Вучыся гаспадарыць яшчэ тавар пасучы. Прыказка.

4. Указвае на магчымасць, дастатковасць падстаў для ажыццяўлення якога‑н. дзеяння. [Воўк:] — Не забівай мяне, Іван Світаннік, я табе яшчэ спатрэблюся. Якімовіч.

5. (пры вышэйшай ступені прыметнікаў і прыслоўяў). Больш, у большай ступені. Стары Жук яшчэ ніжэй згорбіўся. Брыль. Зроблена нямала. Але наперадзе яшчэ больш работы. «Звязда». Аднак жа на табе: Ірынка крыкнула на ўвесь клас, што яна таксама хоча расказаць пра сваю маму яшчэ лепш. Няхай.

6. у знач. уступальнага злучн. Указвае на верагоднасць умоў ці на іх суадноснасць з чым‑н.; хоць. Яшчэ не выспаўся Міколка як след пасля начных прыгод, прачнуўся і падумаў: «А што ж будзе там, ля пакгаўза?» Лынькоў.

7. у знач. узмацняльнай часціны. Ужываецца пры займенніках і прыслоўях, каб падкрэсліць якую‑н. прымету, факт і надаць пэўную выразнасць таму, аб чым гаворыцца. [Сцяпан:] — Брук паслужыў бы яшчэ ўга колькі! А то ж даўмеліся: пускаць па бруку трактары! Гіль. Ганна Сцяпанаўна аж не вытрымала, спыніўшы дачку ў спальні, параіла: — Чалавек пакутуе, будзь з ім ласкавейшай. — Яшчэ чаго! Шыцік. // у знач. абмежавальнай часціцы. Ужываецца, каб падкрэсліць, удакладніць якую‑н. прымету, факт. [Алесь:] — От каб малачка, ды яшчэ кісленькага... Запіць кашу, га? Капыловіч. — Што вы, Сцяпан Гаўрылавіч?! — жахаецца Валуйка. — Гэта ж водаахоўны лес. Ды, апрача ўсяго, яшчэ маладняк. Не, не, гэта немагчыма. Мяжэвіч.

•••

Вось яшчэ! гл. вось ​2.

Гэта яшчэ кветачкі гл. гэта.

Калі яшчэ гл. калі ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́дак, ‑дку, м.

1. Правільная, наладжаная сістэма размяшчэння чаго‑н.; належны стан чаго‑н. Прывесці ў парадак кватэру. □ Ля хаты Кліма Мінчонка поўны парадак, тут не ўбачыш нічога лішняга, непатрэбнага. Кавалёў. [Вера і Канькоў] абышлі кашару, агледзелі бітоны, вёдры, саламарэзку. Усюды чысціня, парадак. Асіпенка. // у знач. вык. Разм. Правільна, добра; як належыць. Першае звяно эскадрыллі Мохарта праверыла работу матораў. Парадак! Алешка.

2. Устаноўлены лад, план, сістэма кіравання. Знішчэнне капіталізму, увядзенне асноў камуністычнага парадку стала асноўным зместам сацыяльнага прагрэсу. «Звязда».

3. Расклад, распарадак; спосаб. Шмат.. суседзяў .. [Пніцкага] таксама, як і ён, уцягваліся ў новы парадак жыцця, адрываючыся ад старога. Чорны. // Звычай. Маладая сама хадзіла да суседзяў — такі ўжо вядзецца здаўна ў беларускіх вёсках парадак, — запрашала да сябе на вяселле. Васілевіч. Насуперак заведзенаму парадку, прыгнечаны Максім Сцяпанавіч не паехаў адразу на дачу, а папрасіў Федзю збочыць спачатку дамоў. Карпаў. // Правілы паводзін, якія склаліся дзе‑н., закон. А за сталом маўчком сядзелі. Там хлопцы гыркацца не смелі, Бо там парадак вельмі строгі, Там падпілуюць табе рогі, Калі парушыш дысцыпліну. Колас.

4. Пэўная паслядоўнасць, устаноўлены ход чаго‑н., чарговасць. Алфавітны парадак. □ На адным участку прыдумалі, як змяніць парадак паступлення дэталяў на лінію. Шыцік. Віктар Сяргеевіч падышоў да хлопцаў і расказаў ім аб парадку работы: першая група спачатку пойдзе церабіць кусты і ачышчаць рабочую пляцоўку, другая, услед за ёй, будзе знімаць верхні здзірванелы пласт, трэцяя — глыбей урывацца ў грунт. Якімовіч.

5. Спосаб, метад, правілы ажыццяўлення чаго‑н. Парадак аплаты працы. □ [Важатая], расказала аб парадку прыёму ў піянеры і, урэшце, прадыктавала тэкст урачыстага абяцання. Якімовіч.

6. звычайна ў Р. Разнавіднасць, род, тып чаго‑н. Пытанні агульнага парадку.

7. Вайсковае пастраенне, строй. І танк наляцеў на парадкі пяхоты; крычалі ад жаху зялёныя роты. Вялюгін. Асобныя групы, калі маглі, прасочваліся праз баявыя парадкі карнікаў, і наносілі ім удары з тылу. Няхай.

8. Група блізкароднасных сямей у сістэматыцы жывёл і раслін.

•••

Парадак дня — пералік пытанняў, якія разглядаюцца ў пэўнай чарговасці на пасяджэнні, сходзе і пад.

Для парадку — а) для падтрымання, навядзення парадку; б) для захавання прынятых правіл, фармальнасцей.

Навесці (свае) парадкі гл. навесці.

Сваім парадкам — так, як заўсёды, як звычайна.

Такім парадкам — гэтак, так; такім чынам.

У адміністрацыйным парадку — паводле распараджэння органаў выканаўчай улады.

У рабочым парадку — у працэсе работы.

Усё ў парадку — а) у добрым стане, у спраўным выглядзе. [Механік:] — Не заводзіцца [машына]. Праверылі яе, здаецца, усё ў парадку, а вось капрызіць. Мяжэвіч; б) добра. Ну як, Пятровіч, справы? — звярнуўся ён з парога яшчэ. — Ды ўсё ў парадку, Сцяпан Іванавіч. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Выпрастаць стомленыя ў аднастайнай паставе канечнасці, стан. Галас падняўся, пацягнуўся і пазяхнуў. Колас. У паясніцы нібы завесы заржавелі — не разагнуцца. Але пацягнешся моцна да хрусту касцей, лінеш на твар халоднай вады, пройдзеш разы два па хаце і сціхне патроху нудны боль у плячах. Крапіва. [Казік] выцягнуў з-пад посцілкі рукі і з асалодай пацягнуўся. Чарнышэвіч.

2. Падацца корпусам у якім‑н. напрамку, працягнуць руку, галаву да каго‑, чаго‑н. [Гаварушка] пацягнуўся яшчэ, каб злавіць яе [Ніны] руку, але яна адбеглася. Лобан. Васіль узняў галаву, і рука яго міжвольна пацягнулася да пісталета. Шашкоў. Перабіраючы адвіслымі губамі, да .. [Міколы] пацягнулася конская морда. Новікаў. // Пачаць цягнуцца ўгору, расці (пра расліны). І зямля наверх пагнала сокі З тых глыбінь, дзе дбайна берагла, І адразу ясакар высокі Пацягнуўся лісцем да святла. Кірэенка.

3. Пачаць рухацца, накіравацца ў адным напрамку цугам, чарадой. У калгасны склад паплылі цэмент, цвікі, жалеза, пацягнуліся фурманкі з лесам. Сергіевіч. Кароўкі ў парадку, адна за другою, пацягнуліся ў лес. Колас. Пераклікаючыся ў небе, роўнымі шнурамі пацягнуліся на поўдзень гусі. Скрыпка. // Павольна пайсці следам за кім‑, чым‑н., разам з кім‑н. Саўка з начальнікам пайшлі па вёсцы. Паліцэйскія пацягнуліся ўслед. Федасеенка. Табун павольна пацягнуўся за .. [Алесем]. Караткевіч. / Пра думкі, успаміны. Ну, скажы ты, якія чэпкія гэтыя ўспаміны! Успыхне ў памяці адно, за ім пацягнецца другое... Палтаран.

4. Павольна, з цяжкасцю пайсці; паплесціся. Міхал сабраўся, апрануўся і ў лес павольна пацягнуўся. Колас. // Пачаць павольна распаўсюджвацца, рухацца ў якім‑н. напрамку (пра дым, пыл і пад.). Чорныя шлейфы .. дыму [ад месераў] перакрыжаваліся і пацягнуліся да зямлі. Алешка. Гануля і не заўважыла, што не прыкруціла кноту, языкі агню пацягнуліся ўверх, пацямнела шкло. Гурскі.

5. Пачаць павольна, аднастайна праходзіць (пра дні, гадзіны, гады). Дні пацягнуліся аднастайныя, страшэнна падобныя адзін на другі. Навуменка.

6. Працягнуцца, размясціцца на вялікай адлегласці, прасторы, уздоўж чаго‑н. Абапал дарогі пацягнуліся шэрыя, апусцелыя палі. Гамолка. На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня. Шыцік. // Быць працягнутым у якім‑н. напрамку. Вакол гарнізонаў .. пацягнулася павуцінне калючых дратоў. Брыль. // Пралегчы, выдзяляючыся на чым‑н. Па лужынах пацягнуліся бліскучыя сінія пісягі — ад масла і дыму. Пташнікаў. Гусіныя лапкі маршчакоў пацягнуліся на скроні. Алешка.

7. перан. Адчуць цягу, схільнасць да каго‑, чаго‑н. Ён першы загаварыў у Руднічах пра калгас і першы ўступіў у яго. За бацькам пацягнулася ўся бедната. Курто. Калі прыйшла канчатковая перамога, дзеці былых беднякоў пацягнуліся да навукі. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Цягнучы, перамясціць у якім‑н. напрамку або на якую‑н. адлегласць. Працягнулі трохі валы дубовыя сані па пяску ды сталі, як укапаныя. Якімовіч. / у безас. ужыв. І ўсё ж удар быў нечаканы — Мікола адразу ж паваліўся і яго трохі працягнула па глыбокім снезе. Новікаў.

2. што. Выцягнуць, выпрастаць (руку, нагу і пад.). Ладуцька працягнуў руку і лёгка тузануў Зайцава за край гімнасцёркі. Кулакоўскі. // Паднесці, падаць выцягнутай рукой. — Вось, вазьмі, Андрэйка, — працягнула мне дзяўчына невялікі пакунак. Даніленка. А праз некалькі дзён, у нядзелю, прыйшоўшы з мястэчка, бацька паклікаў мяне з двара і працягнуў новенькі жоўты буквар. Ляўданскі.

3. што. Пацягнуць, расцягнуць упоперак чаго‑н. або ў якім‑н. напрамку. Мітынг адкрыў Васіль Лазавенка.. Дзяніс Гоман і Максім у гэты момант працягнулі на мастку істужку. Шамякін. // Правесці, пракласці. Працягнуць тэлефонную лінію. Працягнуць дарогу. □ Намаганні Максіма хутчэй працягнуць лінію да Лядцаў былі дарэмныя. Шамякін. Мікола зрабіў столік пад бачкі і ванначкі, выпрасіў у мамы і перанёс туды невялічкі куфэрак, працягнуў электраправодку. Шыловіч.

4. каго-што. Прапусціць, правесці праз што-н; уцягнуць у што‑н. Працягнуць нітку ў іголку. □ Не заўсёды ўдавалася працягнуць лодку цераз гэтыя заломы. Прыходзілася рассякаць бярвенні, што збіліся тут у кучу, або з дапамогай агню прапальваць у іх праходы. Гавеман. // што. Дамагчыся прыняцця недазволенымі метадамі (пастановы, рашэння і пад.). Працягнуць рэзалюцыю на сходзе. // Спец. Вырабіць, прапускаючы метал праз адтуліну патрэбнага памеру. Працягнуць дрот.

5. што. Спец. Апрацаваць дэталь працяжкай (у 2 знач.).

6. чым. Правесці чым‑н. па якой‑н. паверхні. Хомчык устаў. Па салдацкай звычцы працягнуў пальцамі па поясу і паправіў гімнасцёрку. Пестрак. Сыпаліся слёзы, Беглі над прыполам, Быццам хто па сэрцу Працягнуў нажом. Броўка.

7. што. Прымусіць доўга гучаць. Працягнуць ноту. // Працяжна вымавіць, сказаць што‑н. — Тпру-у, — працягнула Вера. Кулакоўскі. — Я хачу сма-а-ч-нага-а — працягнула .. [дзяўчынка]. Васілевіч.

8. што. Прадоўжыць, узнавіць пасля перапынку. [Ладынін:] — Таварышы, аб усім іншым пасля. Працягнем наш сход. Шамякін. Ну дык зноў працягнем наш паядынак, яшчэ і яшчэ раз уп’ёмся радасцю барацьбы. Гарбук.

9. каго-што. Разм. Раскрытыкаваць, абсмяяць (звычайна ў друку). — Кабеты, Чаго стаім? Не час, У вусную газету Яшчэ працягнуць нас. Калачынскі.

10. Пражыць, праіснаваць некаторы час. «Не працягне бацька больш дня», — падумаў Васіль і адчуў, што на вачах закіпелі слёзы. Даніленка. — На нішчымніцы доўга не працягне, ды пры такой яшчэ цяжкай рабоце... Пальчэўскі.

•••

Ногі працягнуць (выцягнуць, выпруціць, выпрастаць) — памерці.

Працягнуць руку дапамогі каму — тое, што і падаць руку дапамогі каму (гл. падаць).

Як руку працягнуць — вельмі блізка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)