ВІТЭ́ЛА, Вітэлій (Witelo, Vittelio) Эразм (каля 1230, каля г. Вроцлаў, Польшча — каля 1280), польскі прыродазнавец і філосаф. Вучыўся ў Парыжы і Падуі. Філасофію трактаваў як своеасаблівую навуку аб прыродзе, яго навук. дзейнасць звязана з развіццём эмпірычнага прыродазнаўства, пачатак якому дала оксфардская школа. Аўтар вядомага ў сярэднія вякі трактата па оптыцы «Перспектыва» (1270—73), тройчы выдадзенага ў Нюрнбергу (1535, 1551, 1572). У гэтым творы выкладаюцца элементы геам. оптыкі, вядомыя Эўкліду, Пталамею і Альхазену, а таксама прыводзіцца закон абарачальнасці прамянёў пры пераламленні святла, даказваецца, што парабалічныя люстэркі маюць адзін фокус, разглядаюцца будова вока і ўласцівасці зроку, тлумачыцца прырода вясёлкі на аснове пераламлення святла ў вадзяных кроплях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦ ((Witz) Конрад) (пасля 1400, г. Ротвайль, Германія — да 1446),
швейцарскі жывапісец. З 1434 (або 1435) працаваў у Базелі і Жэневе. У сваіх творах, пераходных ад готыкі да мастацтва Адраджэння, дасягнуў вял. пластычнай дасканаласці ў адлюстраванні фігур, інтэр’ера, гар. і альпійскага пейзажаў. З яго работ захаваліся створкі трох алтароў: «Зярцала збавення чалавецтва» для сабора ў Базелі (каля 1435), св. Пятра для сабора Сен-П’ер у Жэневе (1444), часткі невядомага алтара (магчыма, «Жыццё Марыі»). Частка алтара св. Пятра «Дзівосны ўлоў» (1444) — адзін з першых пейзажаў у еўрап. жывапісе, які адлюстраваў канкрэтную мясцовасць (бераг Жэнеўскага возера).
французскі архітэктар, гісторык і тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў тэорыі і практыкі рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Рэстаўрыраваў шэраг франц. гатычных сабораў і замкаў (сабор Нотр-Дам у Парыжы, з 1845, разам з Ж.Б.Ласю; умацаванні Каркасона, замак П’ерфон і інш.). У гістарычна-тэарэт. працах імкнуўся выявіць агульныя заканамернасці архітэктуры, своеасаблівасць нац. школ, прыроду сярэдневяковага мастацтва («Тлумачальны слоўнік французскай архітэктуры», т. 1—10, 1854—68; «Гутаркі аб архітэктуры», т. 1—2, 1858—72, рус.пер. 1937—38; «Рускае мастацтва», 1877, рус.пер. 1879).
Літ.:
Pevsner N. Ruskin and Violett-le-Duk... London, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСКА-ЛА́ЎНІЦКІ СУД,
адзін з мясц. судоў для гар. насельніцтва ВКЛ. Дзейнічаў у гарадах, якія мелі магдэбургскае права. Яго юрысдыкцыі падлягалі ў асн. мяшчане. З’яўляўся асаблівай суд. калегіяй у складзе войта і лаўнікаў. Старшынёй суд. пасяджэння найчасцей быў войт ці яго намеснік — ландвойт. Колькасць лаўнікаў залежала ад памераў горада. Пасяджэнне суда адбывалася пры ўмове прысутнасці не менш як палавіны лаўнікаў. Разглядаў крымін. справы, маёмасныя спрэчкі, сведчыў дагаворы куплі-продажу, завяшчанні маёмасці і інш. Судовыя рашэнні выносіў войт. Дзейнічаў поруч з бурмістраўска-радзецкім судом. У малых гарадах і ў большасці прыватнаўласніцкіх гарадоў лаўнікі, бурмістры і радцы ўваходзілі ў склад аднаго суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСО́Н (ад грэч. axōn вось),
нейрыт, восевы цыліндр, адростак нейрона, які праводзіць нерв. імпульсы ад цела нерв. клеткі да мышачных і залозістых клетак органаў, якія інервуюцца, або да інш. нейронаў. Ад кожнай нерв. клеткі адыходзіць адзін аксон дыяметрам у некалькі мікронаў, даўж. да 1 м і больш (у некаторых жывёл трапляюцца гіганцкія аксоны таўшчынёй да дзесятых доляў міліметра). Пачатковы сегмент аксон (бугарок) найбольш узбудлівы і з’яўляецца месцам генерацыі нерв. імпульсаў. Канцавыя разгалінаванні (тэрміналі) утвараюць сінаптычныя кантакты з інш. нейронамі, мышцамі або залозістымі клеткамі. Хуткасць перадачы ўзбуджэння залежыць ад структуры і дыяметра аксона, ступені пакрыцця іх міэлінавай абалонкай. Пучкі аксона і дэндрытаў утвараюць нервы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. ad да, пры + littera літара),
адзін са спосабаў гукавой арганізацыі маўлення, паўтарэнне аднолькавых або падобных зычных гукаў. Словы, звязаныя алітэрацыяй, вылучаюцца ў моўнай плыні, набываюць пэўную інтанацыйную значнасць. Як стыліст. прыём алітэрацыі выкарыстоўваецца з даўніх часоў у вуснапаэт. і літ. разнавіднасцях маст. мовы (пераважна ў паэзіі).
На алітэрацыі пабудаваны многія прыказкі і прымаўкі («Дружба дружбай, а служба службай»), скорагаворкі («Пекар Пётр пёк пірог»). Прасцейшы від алітэрацыі — гукаперайманне, але ў чыстым выглядзе яно выступае рэдка, часцей служыць першаасновай для далейшых гукавых асацыяцый («Шурхатала трава затоеным шэптам: «Ш-ш-ш... с-с-с...» З.Бядуля). Алітэрацыя звычайна спалучаецца з асанансам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯ́Б’ЕЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (15.8.1787, г. Табольск — 6.3.1851),
рус. кампазітар, выдатны майстар раманса. У 1825 памылкова абвінавачаны і арыштаваны, у 1828—43 у ссылцы. З вак. твораў найб. папулярныя «Салавей», «Вячэрні звон». Адзін з першых інтэрпрэтатараў паэзіі А.Пушкіна ў музыцы («Я Вас любіў», «Зімовая дарога» і інш.). Аўтар 6 опер, у т. л. «Месячная ноч, або Дамавікі» (1822), «Амалат-Бек» (1847), балета «Чароўны барабан, або Вынік Чароўнай флейты» (1827), сімф. і камерна-інстр. твораў, у т. л. сімфоніі (1830), фп. трыо, музыкі да драм. спектакляў і вадэвіляў, зборнікаў апрацовак укр.нар. песень.
Літ.:
Доброхотов Б. Александр Алябьев: Творческий путь. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАРЫ́ЛІС (Amaryllis),
род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Адзін від — амарыліса красуня (A. belladonna) расце ў Паўд. Афрыцы (эндэмік Капскай біягеаграфічнай вобласці). На Беларусі вырошчваюць у пакаёвай культуры, цяпліцах і аранжарэях амарыліс гібрыдны, атрыманы ад скрыжавання амарыліса красуні з рознымі відамі гіпеаструма.
Шматгадовая травяністая расліна з буйнымі грушападобнымі цыбулінамі. Лісце скурыстае, бліскучае, рэменепадобнае. Кветкі буйныя (да 26 см у дыям.), лейкападобныя, духмяныя, сабраныя па 2—12 на канцы доўгага (да 70 см) кветканоса ў парасонік; розных колераў (белыя, чырвоныя, ружовыя, аранжавыя, крэмавыя, іншы раз стракатыя, са штрыхамі і плямамі). Цвіце зімою, ранняй вясною. Плод — каробачка з буйным чорным насеннем. Размнажаецца цыбулінамі-дзеткамі. Святлалюбны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕ́Р (А),
1) адзінка сілы эл. току; адна з сямі асн. адзінак Міжнар. сістэмы адзінак (СІ). Названы ў гонар А.М.Ампера. Ампер — сіла нязменнага току, які пры праходжанні па двух бясконцых прамалінейных паралельных правадніках з малой плошчай папярочнага кругавога сячэння, што размешчаны на адлегласці 1 мадзін ад аднаго ў вакууме, выклікае сілу ўзаемадзеяння паміж імі, роўную 2∙10−7Н на і м даўжыні (абсалютны ампер). У якасці эталона карыстаюцца міжнар. амперам: нязменны ток, які выдзяляе з воднага раствору азотнакіслага серабра за 1 с 0,00118 г серабра. Міжнар. ампер роўны 0,99985 абсалютнага.
2) Адзінка магнітарухальнай сілы замкнёнага контуру і рознасці магн. патэнцыялаў магнітастатычнага поля ў СІ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МТМАН-БРЫ́ЕДЫТ (Amtmanis-Brieditis, сапр.Амтманіс) Альфрэд Фрыцавіч (5.8.1885, сядзіба Званітаю Букас, Латвія — 15.5.1966), латышскі акцёр, рэжысёр, педагог; адзін з буйнейшых майстроў рэаліст. акцёрскага мастацтва Латвіі. Нар.арт.СССР (1953). Праф. (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1903. З 1919 у Латв. т-ры драмы імя А.Упіта, з 1944 маст. кіраўнік, з 1949 гал. рэжысёр. Сярод роляў: Улдыс («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Атвасар («Гліна і фарфор» А.Грыгуліса, Дзярж. прэмія СССР 1948). Яго пастаноўкі вызначаліся яркасцю карцін нар. побыту, эмацыянальна насычанымі характарамі: «Сын рыбака» В.Лаціса (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Зямля зялёная» Упіта (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) і інш.