Стаўпе́ц ‘брусок у граблях, куды ўстаўляюць зубы’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк., Шатал., З нар. сл., Нар. сл., Мат. Гом.), ‘прыстасаванне (слупок) для трапання льну’ (Сл. ПЗБ, Шатал., Сцяцко Сл.), ‘слуп’, ‘дэталь у калаўроце’, ‘палена, кругляк’, ‘станок, на якім рабілі ніты’ (Сл. ПЗБ), ‘прылада, пры дапамозе якой вяжуць ніцяныя петлі’ (Жд. 1), стоўпе́ц (ТС), сто́ўпец (Мат. Гом.), ‘прылада для трапання льну’, стаўпцы́ ‘стойкі варот’ (З нар. сл.), стопэ́ць ‘слупок’ (Сл. Брэс.), стоўбцы́, стоўпци́ ‘ножкі мялкі, падстаўкі ў калаўроце’ (Уладз.). Дэрываты ад стоўб, стоўп (гл.) з суф. ‑ец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дацягну́ць, -цягну́, -ця́гнеш, -ця́гне; -цягні́; -ця́гнуты; зак.

1. што. Працягнуць (у 1—3 знач.) да якой-н. мяжы.

Д. руку да паліцы.

Д. провад да вёскі.

Д. песню да канца.

2. каго-што да чаго. Цягнучы, даставіць куды-н., да чаго-н.

Д. бервяно да берага.

3. што і без дап. 3 цяжкасцю дасягнуць, даставіць да якога-н. месца (разм.).

Самалёт ледзь дацягнуў да аэрадрома.

4. што да чаго. Зацягнуць выкананне, прамарудзіць з якой-н. справай (разм.).

Д. здачу залікаў да восені.

5. Пражыць у якім-н. стане да пэўнага часу, падзеі (разм.).

Хворы дацягнуў да вясны.

Д. да зарплаты.

|| незак. даця́гваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

залаты́, -а́я, -о́е.

1. гл. золата.

2. у знач. наз. залаты́, -о́га, мн. -ы́я, -ы́х, м. Манета з золата, чырвонец.

3. Колеру золата, бліскуча-жоўты.

Залатыя валасы.

Залатая восень.

4. перан. Шчаслівы, радасны.

З. час.

З. век.

5. перан. Цудоўны, выдатны.

З. чалавек.

Залатыя рукі (умелыя).

6. перан. Дарагі, любімы.

Залатыя мае дзеткі.

○

Залатое сячэнне (спец.) — гарманічная прапорцыя, у якой адна частка адносіцца да другой, як усё цэлае да першай часткі.

◊

Залатая моладзь — пра моладзь з забяспечаных слаёў грамадства, якая вядзе марнатраўнае жыццё.

Залатая сярэдзіна — пра спосаб дзеяння, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкі, смелых рашэнняў.

Залатое вяселле (разм.) — пяцідзесяцігоддзе сямейнага жыцця.

Залатое дно — пра невычэрпную крыніцу багацця, даходу.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рух, -у, мн. -і, -аў, м.

1. У філасофіі — форма існавання матэрыі, бесперапынны працэс развіцця матэрыяльнага свету.

Няма матэрыі без руху і руху без матэрыі.

2. Перамяшчэнне каго-, чаго-н. у пэўным напрамку.

Вярчальны р.

Механізм прыйшоў у р.

Р. планет.

3. Змяненне становішча цела ці яго частак.

Р. рукі.

Танцавальныя рухі.

Ляжаць без руху.

4. перан. Унутраны штуршок, выкліканы якім-н. пачуццём, перажываннем.

Душэўныя рухі.

5. Язда, хада ў розных напрамках.

Р. транспарту.

Правілы дарожнага руху.

6. перан. Развіццё, напружанасць дзеяння.

Драматычны р. апавядання.

7. Актыўная дзейнасць многіх людзей, накіраваная на дасягненне агульнай сацыяльнай мэты.

Р. прыхільнікаў міру.

Нацыянальна-вызваленчы р.

8. Колькаснае ці якаснае змяненне; рост, развіццё.

Р. народанасельніцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сло́ўнік, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Лексіка, сукупнасць слоў той ці іншай мовы, дыялекту, якой-н. сацыяльнай групы, асобнага пісьменніка і пад.

2. Даведачна-інфармацыйнае выданне, якое змяшчае словы (або марфемы, словазлучэнні, ідыёмы і пад.), размешчаныя ў пэўным парадку, тлумачыць значэнні ўключаных адзінак, дае розную інфармацыю пра іх ці іх пераклад на іншую мову або паведамляе звесткі аб прадметах, абазначаемых словамі.

Тлумачальны с.

Беларуска-рускі с.

Дыялектны с.

С. мовы Якуба Коласа.

Энцыклапедычны с.

Этымалагічны с.

Гістарычны с. беларускай мовы.

3. Спіс слоў для слоўніка; рэестр.

○

Частотны слоўнік — тып слоўніка, у якім даюцца лічбавыя характарыстыкі ўжывальнасці слоў (словаформ, словазлучэнняў) у якой-н. мове.

|| прым. сло́ўнікавы, -ая, -ае.

Слоўнікавая работа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

РЭФО́РМЫ МО́ЎНЫЯ,

змены ў графіцы, правапісе і марфалогіі, якія абумоўлены развіццём мовы ў яе вусным і пісьмовым варыянтах, адлюстроўваюць пэўныя сацыяльныя запатрабаванні, неабходнасць якіх вызначаецца спецыялістамі-мовазнаўцамі і потым узаконьваюцца органамі ўлады. Фарміраванне бел. азбукі, норм і правіл правапісу і марфалогіі звязана са станаўленнем літаратурнай мовы. Выпрацоўка грамат. асаблівасцей і моўна-выяўленчых сродкаў новай бел. літ. мовы ў 19 ст. адбывалася ў неспрыяльных грамадска-паліт. умовах. Разам з развіццём лексікі, грамат. ладу ішла і стыхійная выпрацоўка норм і правіл пісьма; спец. Р.м. не праводзіліся. Літ.-маст., публіцыстычныя і фальклорныя творы запісваліся на роднай гаворцы аўтара. У кнігадрукаванні на бел. мове на працягу ўсяго 19 ст. выкарыстоўваліся 2 графічныя сістэмы — грамадзянскі шрыфт і лацінка (гл. Лацінскае пісьмо), што стрымлівала выпрацоўку і замацаванне правапісных норм. Дзвюма графічнымі сістэмамі друкаваліся і першыя бел. легальныя газеты «Наша доля» і «Наша ніва», прычым экзэмпляры з грамадз. шрыфтам распаўсюджваліся пераважна сярод правасл. беларусаў, а на лацініцы — сярод каталіцкага бел. насельніцтва. Аднак значныя матэрыяльныя затраты прымусілі рэдакцыю «Нашай нівы» звярнуцца да чытачоў з прапановай выказаць меркаванне пра тое, якім шрыфтам друкаваць газету ў далейшым. Разнастайныя меркаванні па гэтым пытанні змяшчаліся ў газеце ў 1912, большасць падпісчыкаў выказалася за грамадзянскі шрыфт, які і быў прыняты з канца 1912. Праведзеная рэдакцыяй дыскусія была па сутнасці першым у гісторыі бел. мовазнаўства мерапрыемствам, у якім прынялі ўдзел шырокія колы грамадскасці. Аднак выкарыстанне лацінкі ў некат. выданнях працягвалася і пазней, а ў.Зах. Беларусі ёю карысталіся да 1939. У 1917—18 пачалі з’яўляцца спец. даведнікі па бел. арфаграфіі (А.​Луцкевіча, Я.​Лёсіка, Б.​Пачопкі, Р.​Абіхта і Я.​Станкевіча), у якіх нярэдка выказваліся супярэчлівыя погляды. Найб. значнай мовазнаўчай працай таго часу была «Беларуская граматыка для школ» Б.​Тарашкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1918. Правапіс Тарашкевіча ўзаконіў асн. арфаграфічныя прыёмы, выпрацаваныя ў бел. друку перыяду «Нашай нівы»: галосныя перадаюцца па фанетычным прынцыпе, зычныя — па марфалагічным. У Сав. Беларусі правапіс Тарашкевіча папулярызаваў Лёсік у сваіх падручніках. Аднак у сувязі з беларусізацыяй і павелічэннем колькасці людзей, якія карысталіся бел. пісьмовай мовай, з сярэдзіны 1920-х г. выявіліся недахопы правапісу Тарашкевіча. Таму Навук. рада Інбелкульта прыняла рашэнне правесці навук. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу. Канферэнцыі папярэднічала выданне 9 брашур па спрэчных пытаннях правапісу, у якіх шырокія колы грамадскасці мелі магчымасць пазнаёміцца з тагачаснымі правапіснымі праблемамі і шляхамі іх вырашэння. Канферэнцыя адбылася ў Мінску 14—21.11.1926. Па сваіх маштабах і праграме яна выйшла далёка за межы тагачасных навук. канферэнцый і за ёю замацавалася назва акадэмічнай У ёй прынялі ўдзел 69 прадстаўнікоў бел. навукі і культуры, дэлегаты з мовазнаўчых устаноў Масквы, Ленінграда, Кіева і 10 замежных мовазнаўцаў і дзеячаў культуры. Работа канферэнцыі вялася ў 3 камісіях: графічнай, правапіснай і літаратурнай. У правапісную камісію ўваходзіла 30 удзельнікаў канферэнцыі. Па спрэчных пытаннях правапісу выказваліся самыя разнастайныя прапановы і рэкамендацыі, якія, аднак, не лічыліся абавязковымі, паколькі іх рэалізацыю трэба было ўзаконіць. На канферэнцыі прынята рашэнне працягваць работу ў правапіснай камісіі Інбелкульта, якая на працягу 1927—29 падрыхтавала праект новага правапісу, апублікаваны ў 1930 для шырокага абмеркавання. На аснове гэтага праекта СНК БССР 26.8.1933 зацвердзіў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». У адпаведнасці з пастановай у бел. правапіс унесены наступныя змены: чаргаванне гукаў «о»—«а» (аканне) пашыралася на ўсю лексіку («прафесар», «сакратар»), за выключэннем некат. т.зв. інтэрнац. слоў тыпу «совет», «большэвік»; рэкамендавалася не перадаваць на пісьме асіміляцыйнай мяккасці зычных («снег», «ляснік» замест «сьнег», «лясьнік»); скасоўвалася перадача мяккага «л» у запазычанай лексіцы («план», «клас» замест «плян», «кляс»); уводзілася правіла, у адпаведнасці з якім перад галоснымі пярэдняга рада зычныя вымаўляюцца мякка («сістэма», «метад» замест «сыстэма», «мэтад»); чаргаванне гукаў «э»—«а» (яканне) абмяжоўвалася толькі 1-м пераднаціскным складам («землі—зямля», «несці—нясу»); прыназоўнік «без» і адмоўе «не» прапанавана пісаць з літарай «е» («без цябе», «не было»). У галіне марфалогіі праводзілася пашырэнне канчатка «-а» ў родным склоне назоўнікаў мужчынскага роду («завода», «цэха», «правапіса»), адмяняліся паралельныя формы на «-ом», «-ох» у назоўніках мужчынскага і ніякага роду ў давальным і месным склонах мн.л. («братам», «аб братах», «гарадам», «аб гарадах»), выключаліся паралельныя формы дзеясловаў на «-яце», «-іце» 1-га спражэння цяперашняга часу 2-й асобы мн.л. («працуеце», «ідзеце», «нясеце»), уводзіліся дзеепрыметнікі незалежнага стану, асабліва калі яны азначаюць сац. сэнс («пануючы клас» замест «класа, якая пануе»). На аснове пастановы 1933 АН Беларусі ў 1934 выдадзены звод важнейшых арфаграфічных і грамат. правіл «Правапіс беларускай мовы», на якім грунтаваліся падручнікі і дапаможнікі на працягу наступных дзесяцігоддзяў.

У пасляваенны час Арфаграфічная камісія на чале з Я.​Коласам, К.​Крапівой і П.​Глебкам падрыхтавала чарговы праект змен і ўдакладненняў бел. правапісу. У 1950 і 1952 гэты праект абмяркоўваўся ў АН Беларусі і быў зацверджаны 11.5.1957 пастановай СМ БССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». У новым праекце ўдакладняўся правапіс ненаціскных «о» і «е», правапіс «д», «т» і «дз», «ц», раздзяляльных апострафа і мяккага знака, падоўжаных зычных, складаных слоў, а таксама канчаткаў некат. назоўнікаў, дзеясловаў і лічэбнікаў. На аснове гэтай пастановы складзены і выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), якія фармальна захоўваюць сваю сілу і ў наш час. Новы этап рэфармавання бел. літ. мовы пачаўся ў 2-й пал. 1980-х г. У 1993 была створана Дзярж. камісія па ўдакладненні правапісу бел. літ. мовы, якую ўзначаліў Н.​Гілевіч. У 1994 камісія рэкамендавала Нац. АН Беларусі і Мін-ву адукацыі падрыхтаваць новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У 1999 часовым навук. калектывам з членаў ранейшай Дзярж. камісіі выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі: (Праект новай рэдакцыі)*.

Літ.:

Камароўскі Я.М. Беларускі правапіс Мн., 1965.

А.​І.​Жураўскі, Я.​М.​Камароўскі.

т. 14, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дазво́ліць

1. (даць дазвол) erláuben vt, gestátten vt;

2. (дапусціць) zúlassen* vt;

дазво́ліць каму-н займа́ць якую-н паса́ду j-n zu éinem Amt zúlassen;

я ні ў які́м ра́зе не магу́ гэ́тага дазво́ліць ich kann das auf kéinen Fall zúlassen;

3. (адобрыць, згадзіцца) bewílligen vt, genéhmigen vt;

4. (даць магчымасць) ermöglichen vt; éine [die] Gelégenheit bíeten*;

дазво́льце спыта́ць gestátten Sie die Frage;

зашма́т сабе́ дазваля́ць sich (D) zu viel herausnehmen* [erlauben]

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

амфітэа́тр

(гр. amphitheatron, ад amphi = па абодва бакі + theatron = відовішча)

1) антычнае збудаванне для масавых відовішчаў, у якім месцы для гледачоў узвышаліся паўкругам;

2) месцы ў глядзельнай зале: у тэатры — за партэрам, у цырку — уступамі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ма́нія

(гр. mania = шаленства, захапленне, цяга)

1) псіхічна хваравіты стан, пры якім свядомасць і пачуцці сканцэнтроўваюцца на адной якой-н. ідэі (напр. м. вялікасці);

2) перан. моцная цяга да чаго-н. (напр. м. пісаць вершы).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

тур

(фр. tour, ад лац. tornare = кругліць)

1) адзін круг танца (напр. т. вальса);

2) асобны этап якога-н. спаборніцтва, у якім кожны яго ўдзельнік выступае адзін раз;

3) асобны этап якой-н. падзеі, з’явы.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)