ДЫЛЕ́ЦКІ (Мікалай Паўлавіч) (каля 1613, Кіеў — пасля 1680),
украінскі муз. тэарэтык, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Варшаве і Вільні, з канца 1670-х г. працаваў у Маскве. Аўтар трактата «Граматыка мусікійская», дзе найб. поўна выкладзены кампазіцыйныя асновы партэсных спеваў, вытлумачаны выразныя магчымасці музыкі ў духу тэорыі афектаў (гл.Афектаў тэорыя). Вядома некалькі рэдакцый гэтага трактата на розных мовах — польскай (1675, Вільня, не захаваўся), царк.-слав. (1677, Смаленск), рус. (1679, 1681, 1979, Масква; 1910, С.-Пецярбург), укр. (1723, Пецярбург; 1970, Кіеў). Гэта фундаментальная праца некалькі дзесяцігоддзяў была асноўнай пры вывучэнні тэорыі музыкі і кампазіцыі. Пад уплывам творчасці Д. склалася кампазітарская школа шматгалосых царк. спеваў. Яму належаць шматгалосыя хар. кампазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНІ́С,
у грэчаскай міфалогіі бог расліннасці, вінаградарства і вінаробства, сын Зеўса і фіванскай царэўны Семелы. Нарадзіўся неданошаным пасля смерці маці, але Зеўс зашыў Д. ў сваім бядры і данасіў. Спадарожнікамі Д. былі німфы, дэманы, сатыры і сілены. Першапачаткова Д. ўяўлялі сталым, барадатым мужчынам, пазней — прыгожым юнаком. Святы ў гонар Д. — дыянісіі, мелі характар оргій. Міф пра Д. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (фрэскі ў Пампеях, мазаіка з Дэласа, рэльеф на мануменце Лісікрата ў Афінах, карціны А.Альтдорфера, Тыцыяна, П.П.Рубенса, Д.Веласкеса і інш.). У рымлян вядомы пад імем Вакх (Бахус).
Дыяніс. Фрагмент размалёўкі амфары «майстра Клеафрада». Каля 500 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗІНФЕ́КЦЫЯ (ад дэз... + інфекцыя),
спосабы поўнага ці выбіральнага знішчэння патагенных для чалавека і жывёл мікраарганізмаў на шляху перадачы ад крыніцы інфекцыі да здаровага арганізма. Робяць Д. хім. рэчывамі (дэзінфетантамі), фіз. (кіпячэнне, абпальванне, ультрафіялетавым і радыяцыйным выпрамяненнем і інш.) і біял. (бактэрыяфагі, фільтры) дэзінфекцыйнымі сродкамі. У ачагах інфекцыі (бальніцы, дзіцячыя і грамадскія ўстановы) робяць прафілактычную Д., калі ёсць хворы ці бактэрыяносьбіт — бягучую Д., пасля іх выдалення з памяшкання — заключную Д. У ветэрынарыі аб’ектамі Д. з’яўляюцца жывёлагадоўчыя памяшканні, прадметы догляду за жывёлай, збруя, трансп. сродкі для перавозкі жывёл і прадуктаў жывёльнага паходжання, месцы забою жывёл, перапрацоўкі і захавання прадуктаў жывёльнага паходжання, рыбагасп. вадаёмы, гной.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ-ЛОНГ ((De Long) Джордж Вашынгтон) (22.8.1844, Нью-Йорк — 30.10.1881),
амерыканскі палярны даследчык. Скончыў марскую Акадэмію ЗША (1865). Першае плаванне здзейсніў у Бафінаў зал. (1873). У 1879 узначаліў экспедыцыю на яхце «Жанета», мэтай якой было дасягненне Паўн. полюса і пошукі экспедыцыі Н.А.Нордэншэльда. На ПнУ ад в-ва Геральд яхта ўмерзла ў ільды; у час дрэйфу адкрыты а-вы Жанеты і Генрыеты. Пасля гібелі яхты ў чэрв. 1881 экіпаж дрэйфаваў на льдзіне, адкрыў в-аў Бенета. Д.-Л. з часткай спадарожнікаў, калі вызваліўся ад дрэйфу, дасягнуў вусця р. Лена, дзе загінуў ад голаду. Імем Д.-Л. названа група астравоў ва Усх.-Сіб. моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́НСАН ((Johnson) Ліндан Бейнс) (27.8.1908, каля г. Стонуал, штат Тэхас, ЗША — 22.1.1973),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Чл.Дэмакр. партыі. Дэп. палаты прадстаўнікоў (1937—48), сенатар ад штата Тэхас (1949—60) і лідэр дэмакратаў (1953—60) у сенаце кангрэса ЗША. Віцэ-прэзідэнт (1961—63), пасля забойства Дж.Ф.Кенэдзі прэзідэнт ЗША (1963—69). Прэзідэнцтва Дж. адзначана ўцягваннем ЗША ў вайну ў В’етнаме (з 1964—65), інтэрвенцыяй у Дамініканскую Рэспубліку (1965), абвастрэннем адносін з Францыяй, падтрымкай Ізраіля ў араба-ізраільскую (Шасцідзённую) вайну 1967, унутр. расавымі і сац. хваляваннямі, спробамі сац. рэформаў. Напярэдадні адстаўкі пачаў працэс мірнага ўрэгулявання в’етн. праблемы, садзейнічаў паляпшэнню адносін з СССР (Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯСНА́,
рака, левы прыток р. Дняпро, у Расіі і на Украіне. Даўж. 1130 км. Пл.бас. 88,9 тыс.км². Бярэ пачатак на Смаленска-Маскоўскім узв., упадае ў Дняпро вышэй Кіева. У верхнім цячэнні берагі пераважна нізінныя і забалочаныя, ніжэй г. Бранск правы бераг павышаецца. Пасля ўпадзення р. Сейм даліна расшыраецца, рака ўтварае шмат рукавоў і старыц. Рэчышча пясчанае, звілістае, няўстойлівае, шмат мелей. Гал. прытокі: Судасць, Сноў (справа), Болва, Наўля, Няруса, Сейм і Асцёр (злева). Ледастаў са снеж. да красавіка. Вясной у паводку шырока разліваецца. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 360 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Ноўгарад-Северскі. Гал. прыстані: Ноўгарад-Северскі, Макошына, Чарнігаў, Асцёр, Жукін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЛУ́СКІ (Dłuski) Астап [сапр.Лангер
(Langer) Адольф; 31.10.1892, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 12.2.1964], польскі дзярж. і паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Венскі ун-т (1918). З 1911 чл. Польскай с.-д. партыі. Адзін з заснавальнікаў (1918) кампартыі Аўстрыі. З 1918 чл. кампартыі Польшчы і кампартыі Усх. Галіцыі (з 1923 кампартыі Зах. Украіны). Рэдагаваў парт. выданні. У 1929—33 у СССР, чл.ВКП(б). У 1936—45 у Францыі, у час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у Руху Супраціўлення. Пасля вяртання ў Польшчу чл.ЦК Польскай рабочай партыі (з 1948 ПАРП),
дырэктар Польскага ін-та па міжнар. справах (з 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (1853, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — ?),
удзельнік рэв. руху ў Расіі і Польшчы. У сярэдзіне 1870-х г. вучыўся ў Пецярб. медыка-хірург. акадэміі, уваходзіў у народніцкія гурткі. У 1878 перавёўся на мед.ф-т Варшаўскага ун-та. Уступіў у Варшаўскую сацыяльна-рэв. арг-цыю, вёў прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. Падтрымліваў кантакты з рэвалюцыянерамі Віцебска, Вільні, Полацка, Пецярбурга. Перапісваўся з дзеячамі польскага сацыяліст. руху В.Урублеўскім, В.Свянціцкім, І.Гласко. У 1878 арыштаваны, зняволены ў Варшаўскую цытадэль. У 1880 сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, пасля заканчэння тэрміну ссылкі застаўся ў Сібіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЧ (Фёдар Іванавіч) (28.8.1905, г. Камянец Брэсцкай вобл. — 23.12.1986),
бел. жывапісец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1938). З 1938 выкладчык у маст. вучылішчы, у 1941—45 мастак агітмайстэрні ў Пермі. З 1951 жыў у Мінску, у 1960—66 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Аўтар станковых твораў «Пасля працы» (1954), «Гарманіст ідзе» (1955), «Трывога» (1961), тэматычных карцін «Страляйце, не шкадуйце нас!» (1964), «1941 год» (1967), лірычных пейзажаў «Над Прыпяццю» (1973), «Возера Мураці» (1975) і інш. Стварыў шэраг партрэтаў.
Літ.:
Масленікаў П. Мастак жыццёвасці і праўды // Мастацтва Беларусі. 1983. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГІ́НАЎСКІ БОЙ 1943,
бой партыз. брыгады «Жалязняк» (камандзір І.П.Ціткоў) па разгроме ням.-фаш. гарнізона 26 сак. ў г.п. Даўгінава Крывіцкага р-на Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Гарнізон быў адным з апорных пунктаў, што прыкрывалі падыход да чыг. Маладзечна—Полацк, базай правядзення карных аперацый, захавання і перапрацоўкі нарабаванай сельгаспрадукцыі. ПасляБягомльскай аперацыі 1942 і Докшыцкага бою 1943 знаходзіўся ў павышанай баявой гатоўнасці. Партызаны для прыкрыцця небяспечных напрамкаў стварылі засады. У 18 гадз пры падтрымцы гармат 3 атрады атакавалі Даўгінава, уварваліся ў цэнтр, знішчылі склады і прадпрыемствы праціўніка. Раніцай 27 сак. партызаны амаль без страт вярнуліся на зборны пункт.